род кветкавых раслін сям. грабеншчыкавых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў пустынях, паўпустынях і стэпах Паўд. Еўропы, Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: грабеншчык галінасты (T. ramosissima, расце і ў Лошыцкім парку), Гагенакера (T. hohenackeri), Меера (T. meyeri), квітучы (T. florida). У бат. садах і парках на Беларусі трапляюцца таксама грабеншчык выцягнуты (T. elongata) і рыхлы (T. laxa). Цвітуць у чэрв., ліп., магчыма другаснае цвіценне ў вер., кастрычніку.
Шматгадовазялёныя або скідваюць на зіму парасткі, кусты ці дрэвы выш. да 10 м са шматлікімі тонкімі доўгімі галінкамі і глыбокай, моцна разгалінаванай каранёвай сістэмай. Лісце сядзячае, шараватае або крыху блакітнае. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, фіялетавыя, радзей белыя, сабраныя ў доўгія гронкі. Плод — трохстворкавая каробачка. Насенне дробнае, хутка траціць усходжасць. Размнажаецца чаранкамі і каранёвымі атожылкамі. Абмярзаюць, аднак добра аднаўляюцца. Дэкар. і кармавыя расліны. Добрыя меданосы. Кара і асабліва галы на лісці багатыя дубільнымі рэчывамі (да 47—50%). Драўніну выкарыстоўваюць для такарных работ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВА-КРЭДЫ́ТНАЕ РЭГУЛЯВА́ННЕ,
сістэма мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ва ўмовах функцыянавання крэдытных грошай для падтрымання грашовай масы з мэтай забеспячэння стабільнасці нац. валюты. Права грашова-крэдытнага рэгулявання надаецца дзяржавай, як правіла, цэнтр. банку краіны.
У Рэспубліцы Беларусь грашова-крэдытнае рэгуляванне даручана Нац. банку, які мае выключнае права выпуску ў абарачэнне грашовых знакаў і рэгулявання безнаяўнай эмісіі грошай. Нац. банк рэгулюе грашовую масу ў абарачэнні шляхам устанаўлення для банкаў абавязковых эканам. нарматываў; змянення працэнтных ставак па крэдытах; змянення аб’ёму крэдытаў, што даюцца банкамі; куплі і продажу каштоўных папер і замежнай валюты; рэфінансавання банкаў; правядзення аперацый з дзярж. каштоўнымі паперамі на адкрытым рынку. Для банкаў устанаўліваюцца наступныя эканам. нарматывы: мінімальны памер статутнага фонду; гранічныя суадносіны паміж памерам уласных сродкаў і сумай яго актываў; паказчыкі ліквіднасці балансу; памер абавязковых рэзерваў, што размяшчаюцца ў Нац. банку; максімальная рызыка на аднаго пазычальніка; абмежаванне валютнай і курсавой рызыкі. Устанаўліваецца афіц. курс бел. рубля ў адносінах да інш. валют. Ужываюцца таксама адм. метады, якія абмяжоўваюць даванне крэдыту, выкарыстанне грошай для плацяжоў (мэтавыя ўстаноўкі, ліміты, нормы, санкцыі і да т.п.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 15 — 1-й пал. 20 ст.Цэнтр — г.Гродна. Утвораны пасля Гарадзельскай уніі 1413 на тэр. Гродзенскага княства ў складзе Трокскага ваяв.ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. У 2-й пал. 16 ст. ў павеце 27 валасцей. У 17 ст. плошча павета 11 505 км². З 1793 у складзе Гродзенскага ваяв., у 1795 зах. частка павета адышла да Прусіі, усх. (з г. Гродна) — да Рас. імперыі ў складзе Слонімскай (з 1795), Літоўскай (з 1797), Гродзенскай (з 1801) губ. У 1897 пл. павета 3770 кв. вёрст, нас. 206 770 чал. У 1886—1912 у павеце 21 воласць, 1 горад (Гродна), 11 мястэчак, 955 сельскіх нас. пунктаў. З 1921 у Польшчы, у Беластоцкім ваяв. У 1927 пл. павета 4743 км², 22 гміны, 4 гарады (Гродна, Друскенікі, Індура, Скідзель). З 1939 у БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на тэр. павета ўтвораны Гродзенскі раён; асобныя яго часткі далучаны да інш. раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШКАЎКА,
вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),
збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.Фіялкам (1864—1936) і У.Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, І.М.Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.
Публ.:
Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.
Літ.:
Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;
Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́СІЙ (грэч. Dionysios),
імя правіцеляў-тыранаў (гл.Тыранія) стараж.-грэч.Сіракузаў.
Д. I Старэйшы (каля 432—367 да н.э.), тыран [406—367 да н.э.]. Вылучыўся ў час вайны з Карфагенам (408—405 да н.э.). Захапіўшы ўладу, рэарганізаваў армію і флот, праследаваў паліт. праціўнікаў, разбураў грэч. гарады, прадаваў насельніцтва ў рабства, канфіскоўваў землі. У 398—367 да н.э. (з перапынкамі) вёў войны з карфагенянамі за панаванне на тэр. Сіцыліі, Корсікі, Італіі. Ператварыў Сіракузы ў гандл. і культ.цэнтр. Аўтар шэрагу трагедый, вершаў, песень.
Д. II Малодшы, тыран [367—357 і 346—344 да н.э.]. Старэйшы сын Д. I. Праводзіў курс на ліквідацыю органаў нар. дэмакратыі. Спыніў вайну з Карфагенам, якую вёў яго бацька. Каля 357 змагаўся ў Паўд. Італіі з грэч. гарадамі і плямёнамі луканаў, але ўладу ў Сіракузах захапіў сваяк Дыён. У 346 да н.э. зноў авалодаў Сіракузамі, у 344 да н.э. здаў горад карынфскаму палкаводцу Тымалеёну. Быў жрацом багіні Кібелы. Памёр у выгнанні.
Літ.:
Фролов Э.Д. Сицилийская держава Дионисия (IV в. до н.э.). Л., 1979.
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Кітая. На пач. 1920-х г. вучыўся і працаваў у Францыі. З 1924 чл. Кампартыі Кітая. У 1925—27 вучыўся ў СССР. Удзельнік Вялікага паходу Кітайскай Чырв. арміі (1934—36). У час антыяпонскага супраціўлення (1937—45) кіраваў баявымі аперацыямі. З 1952 неаднаразова займаў пост нам. прэм’ера Дзярж. савета КНР. У 1977—80 нач. Генштаба Народна-вызв. арміі. У 1983—90 Старшыня Цэнтр.ваен. савета КНР (фактычна галоўнакамандуючы арміяй). З 1945 чл.ЦККПК, у 1956—66 ген. сакратар ЦК партыі. Рэпрэсіраваны ў перыяд «культурнай рэвалюцыі». Пасля 1978 фактычна вызначаў палітыку краіны, быў ініцыятарам курсу на правядзенне эканам. рэформ, буд-ва сацыялізму з кіт. спецыфікай. Вывеў Кітай з руін «культурнай рэвалюцыі», добраахвотнай самаізаляцыі, садзейнічаў прытоку зах. інвестыцый, нармалізацыі адносін Кітая з СССР і ЗША, паставіў краіну на рэйкі рыначных рэформ ва ўмовах захавання сацыяліст. ідэалогіі і дзярж. кантролю, што прывяло краіну да эканам. буму. У 1990 пакінуў дзярж. пасады, але захаваў ролю духоўнага лідэра КНР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (17.1.1847, г. Арэхава-Зуева Уладзімірскай вобл., Расія — 17.3.1921),
рускі вучоны, заснавальнік сучаснай гідра- і аэрамеханікі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Маск. ун-т (1868). Праф. Маск. ун-та (з 1886) і Маск. вышэйшага тэхн. вучылішча (з 1887). Арганізатар і першы кіраўнік (з 1918) Цэнтр. аэрагідрадынамічнага ін-та (ЦАГІ). Навук. працы па тэорыі авіяцыі, механіцы цвёрдага цела, гідрадынаміцы, гідраўліцы, астраноміі, матэматыцы і інш. Стварыў тэорыю гідраўлічнага ўдару (1898), адкрыў закон, які вызначае пад’ёмную сілу крыла самалёта (гл.Жукоўскага тэарэма), тэарэтычна прадказаў шэраг магчымых траекторый лёту (напр., «мёртвую пятлю», якую выканаў рус. лётчык П.М.Несцераў, 1913). У 1912—18 распрацаваў віхравую тэорыю паветр. вінта; вызначыў найб. прыдатныя профілі крылаў і лопасцей вінта самалёта. Прапанаваў тэорыю ўтварэння каметных хвастоў, метад вызначэння элементаў планетных арбіт, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў па тэорыі механізмаў, тэорыі ўстойлівасці руху і інш. Стварыў некалькі навук. школ у галіне дастасавальнай механікі.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М.; Л., 1948—50.
Літ.:
Космодемьянский А.А. Н.Е.Жуковский. М., 1969;
Н.Е.Жуковский — библиография печатных трудов. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТАВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,
афіцыйныя запасы золата і замежнай валюты ў цэнтр. банку і фін. органах краіны, а таксама ў міжнар. валютна-крэдытных арганізацыях. У склад афіц. З.р. уключаюцца замежныя валюты, якія выконваюць ролю міжнар. плацежных сродкаў, калект. рэгіянальныя і міжнар. валютныя адзінкі (СДР, ЭКЮ), правы на аўтам. атрыманне сродкаў у МВФ, а таксама афіц. залатыя запасы, якія ўлічваюцца асобна. Сусв. З.р. (млрд. долараў): у 1980 валютныя рэзервы — 409,8, золата (рыначная ацэнка) — 563,3, у 1990 — адпаведна 907,3 і 361,5, у 1994—1186,4 і 348,7. Гал. ўладальнікамі З.р. (на канец 1994) з’яўляюцца прамыслова развітыя краіны — 927,6 млрд. долараў (у т. л. ЗША — 163,6, Японія — 135,2, Германія — 113,9); краіны, якія развіваюцца, маюць З.р. на суму 607,5 млрд. долараў. У складзе валютных рэзерваў асн. ролю адыгрываюць нац. валюты (асабліва рэзервовыя). Сярод рэзервовых валют на канец 1994 амер. долар (585,2 млрд.), марка ФРГ (151,1 млрд.), японская іена (83,4 млрд.), брытанскі фунт стэрлінгаў (37,2 млрд.). У апошнія гады залатыя запасы амаль не выкарыстоўваюцца, а ў міжнар. разліках выкарыстоўваюцца ў асноўным валютныя рэзервы.