Cu, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 29, ат. м. 63,546. Прыродная М. складаецца з 2 стабільных ізатопаў 63Cu (69,09%) і 65Cu. У зямной кары 4,7∙10−3% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе злучэнняў з серай, а таксама самародная М. (гл.Медныя руды). Іоны М. ўдзельнічаюць у шматлікіх фізіял. працэсах; сярэдняя колькасць М. ў жывых арганізмах 2 10−4% па масе, у крыві чалавека 10−3мг/л. Вядомая чалавецтву з глыбокай старажытнасці; лац. назва паходзіць ад назвы в-ва Кіпр, славянская — ад назвы краіны Мідыя, дзе ў старажытнасці здабывалі медную руду.
Мяккі, пластычны і коўкі метал ружова-чырвонага колеру, 1083,4 °C, шчыльн. 8920 кг/м³. Найб. важныя фіз. ўласцівасці М. — высокая цеплаправоднасць і малое эл. супраціўленне (саступае толькі серабру). Хімічна мала актыўная. У сухім паветры не акісляецца, у вільготным (у прысутнасці дыаксіду вугляроду) пакрываецца зеленаватай плёнкай асноўнага карбанату CuCO3 Cu(OH)2. Раствараецца ў азотнай і канцэнтраванай сернай к-тах. Пры награванні на паветры акісляецца з утварэннем медзі аксідаў. Узаемадзейнічае з галагенамі, серай, селенам (гл.Медзі злучэнні). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, крэмніем. Утварае комплексныя злучэнніз аміякам. цыянідамі і інш.Асн. колькасць М. атрымліваюць з сульфідных руд піраметалургічным метадам. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу правадоў, кабеляў, токавядучых частак эл. установак, як кампанент сплаваў (гл.Медныя сплавы).
Літ.:
Онаев И.А., Жакибаев Б.К. Медь в истории цивилизации. Алма-Ата, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЭЛЬСО́Н, Мендэльсон-Бартольдзі (Mendelssohn-Bartholdy) Якаб Людвіг Фелікс (3.2.1809, г. Гамбург, Германія —4.11.1847), нямецкі кампазітар, піяніст, арганіст, дырыжор, муз. дзеяч; адзін з прадстаўнікоў ням. рамантызму, заснавальнік лейпцыгскай школы. Музыцы вучыўся ў Л.Бергера (фп.) і К.Ф.Цэльтэра (кампазіцыя). З 1833 музік-дырэктар у Дзюсельдорфе, з 1835 дырыжор і кіраўнік аркестра Гевандхаўза. Заснавальнік першай ням. кансерваторыі (Лейпцыг, 1843). У творчасці спалучаў прынцыпы рамантызму з арганічным развіццём класічных традыцый. У яго музыцы яснасць і ўраўнаважанасць, элегічнасць тону, апора на быт. формы музіцыравання, інтанацыі ням. песеннасці і пратэстанцкага харалу спалучаюцца з маляўнічасцю аркестроўкі, трапяткой усхваляванасцю, прасветленай летуценнасцю. Адзін з заснавальнікаў рамант. сімфанізму, у т. л. жанру праграмнай канцэртнай уверцюры. Сярод твораў: оперы «Вяселле Камача» паводле М.Сервантэса (паст. 1827), «Вяртанне з чужыны» (паст. 1829), «Ларэлея» (паст. 1852, незак.), араторыі «Павел» (1836), «Ілія» (1846), «Хрыстос» (незак.), царк.хар. музыка, кантаты; 5 сімфоній (1824—42), у т. л. Італьянская (1833) і Шатландская (1842); 7 канцэртных уверцюр, у т. л. «Гебрыды, або Фінгалава пячора» (1830); 13 сімфоній для стр.арк. (1821—23); канцэрты зарк., у т. л. для фп. (1831, 1837), для скрыпкі (1844); камерныя ансамблі, у т. л. 4 фп., 7 стр. квартэтаў; творы для фп., у т. л. 48 «Песень без слоў» (1829—45), для аргана, у т. л. 6 санат; каля 60 хароў, больш за 100 песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да п’есы «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),
перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн.чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДЖАХІ́ДЫ, муджахіддзіны,
маджахеды (араб. тыя, хто вядзе джыхад). У новы і найноўшы час назва членаў шэрагу рухаў і арг-цый у мусульм. краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Найб. вядомыя іранскія і афганскія М. Іранскія М. — удзельнікі канстытуцыйнага руху ў час Іранскай рэвалюцыі 1905—11, у найноўшы час — чл. Арг-цыі свяшчэнных воінаў ісламу (муджахіддзінаў). Іх ідэалогія ўяўляла сабой сумесь ідэй шыізму і марксізму; барацьбу супраць класавага прыгнёту яны разглядалі як джыхад. З 1971 вялі партыз. барацьбу супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 былі адной згал.паліт. сіл Ірана. Насуперак Р.Хамейні яны адхілялі прэтэнзіі шыіцкага духавенства на ўладу, выступалі за паліт. плюралізм. У 1981—85 падвергліся рэпрэсіям, у выніку б.ч. іх арг-цый у Іране спыніла існаванне. Афганскія М. — агульная назва чл. арг-цый, якія з 1978 вялі барацьбу супраць улады Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), з 1979 і сав. войск. У 1985 арг-цыі, якія аб’ядноўвалі пераважна мусульман-сунітаў, стварылі «сяміпартыйны саюз». Найб. значныя з іх Ісламская партыя Афганістана на чале з Г.Хекмаціярам і Ісламская супольнасць Афганістана на чале з Б.Рабані. Прадстаўнікі мусульман-шыітаў аб’ядналіся ў «васьміпартыйны саюз», на базе якога ў 1990 створана Партыя ісламскага адзінства Афганістана на чале з А.Мазары. Пасля падзення ў крас. 1992 рэжыму НДПА пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі М., у якой найб. поспехаў дасягнуў рух «Талібан», які ў 1994—99 усталяваў кантроль над б.ч.тэр. Афганістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́БАКІНалібокі,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог г.п. Івянец — в. Шчорсы і г. Стоўбцы — в. Налібакі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 691 ж., 254 двары (1999).
Вядома з 1447. Належала Гедыголдавічам, Кезгайлам, Завішам, Шэметам, Радзівілам, якія пабудавалі тут касцёл (1636); з сярэдзіны 19 ст. — Вітгенштэйнам, Гогенлое. У 16 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 17—18 ст. вакол двара сфарміравалася вёска (у 1727 у Н. 62 двары), уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. У 1720-я г. каля Н. заснавана гута (гл.Налібоцкая шкляная мануфактура). З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 2-й пал. 19 ст. — мястэчка. У 1897 у ім 270 ж., 42 двары, у вёсцы 1519 ж., 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма. Зпач. 20 ст. Н. — вёска, 1789 ж., нар. вучылішча, касцёл. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв.З 1939 у БССР, у 1940—54 і з 1963 цэнтр сельсавета, у 1940—54 у Івянецкім р-не Баранавіцкай вобл., з 1963 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. У Вял.Айч. вайну партызаны правялі тут Налібоцкія баі 1942, 1943; ням.-фашысты ў ліп. 1943 спалілі вёску і загубілі 109 яе жыхароў.
Аграфірма «Налібокі». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІЗасн. ў 1908 як Мінскі царкоўна-археалагічны музей, з 1922 Беларускі дзяржаўны музей, з 1957 Бел.дзярж. гісторыка-краязн., з 1964 Дзярж. музей БССР, з 1992 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1415 м², больш за 260 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Працуюць экспазіцыі: «Старажытная Беларусь», «Старадаўняя геральдыка Беларусі», «З гісторыі зброі», «Беларуская сімволіка», «Гарадскі побыт 19 — пач. 20 ст.». У фондах музея зберагаюцца зборы рукапісаў і старадрукаў 16—17 ст., актаў і грамат 16—19 ст., калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі, сфрагістыкі, іканапісу, стараж. зброі, адзення, вайск. вопраткі і рыштунку, мэблі, кафлі, фарфору і шкла, ордэнаў і медалёў, муз. інструментаў, гадзіннікаў, фона- і фотаматэрыялаў, вырабаў майстроў дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтваў, у т. л. карцін 17—20 ст. Сярод унікальных каштоўнасцей: рэшткі стараж. жытла з чарапоў і касцей мамантаў, залаты бранзалет 12 ст.з Мінскага замчышча, даравальная грамата каралевы Боны Сфорца 1524, слуцкія паясы 2-й пал. 18 ст., фотаальбом сям’і Ф.Багушэвіча, асабістыя рэчы М.Багдановіча. Мае б-ку (22 тыс. тамоў), фоталабараторыю, рэстаўрацыйную майстэрню. Выдае каталогі фондавых калекцый, у т. л. старадрукаў, плакатаў першых гадоў сав. улады і перыяду Вял.Айч. вайны, ордэнаў і медалёў, археал. калекцый жал. веку. Філіял: Дом-музей I з’езда РСДРП.
Літ.:
Дзяржаўны музей БССР: [Фотаальбом]. Мн., 1986;
Гужалоўскі А. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі — у пошуках вытокаў // Бел.гіст.часоп. 1995. №4;
Герасімовіч У. Музеі Мінска: гісторыя і сучаснасць // Каштоўнасці мінуўшчыны: Прабл. зберажэння гіст.-культ. спадчыны Мінска. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБО́РШЧЫК,
прычапная машына для падбірання з поля сена, саломы, ільняной трасты і інш. пры ўборцы с.-г. культур.
Падборшчык-капаклад выкарыстоўваецца для падбірання сена або саломы з валкоў і ўкладкі копаў. Рабочыя органы — падборшчык барабаннага тыпу, транспарцёр і камера-капноўшчык. Падборшчык-стогаскладальнік прызначаны для падбірання сена або саломы з валкоў і ўтварэння стога. Мае падборшчык барабаннага тыпу, вентылятар-шпурлялку, прасавальную камеру, падпрасоўваючы апарат. Падборшчык-ушчыльняльнік падбірае з валкоў салому, сена, правяленую траву і грузіць яе ў трактарны прычэп з адначасовым ушчыльненнем масы. Мае барабанны падборшчык, біцер з зубамі, загружальны механізм грабельнага тыпу, загружальны канал. Прэс-падборшчык падбірае з валкоў сена або салому, прасуе іх у цюкі прамавугольнай ці цыліндрычнай формы, абвязвае цюкі шпагатам або дротам Выкарыстоўваецца і ў стацыянарных умовах пры падачы сена (саломы) уручную. Аснашчаны падборшчыкам барабаннага тыпу, двума ўпакоўшчыкамі (механізмамі падачы масы), прасавальнай камерай, вязальным апаратам. Падборшчыкі трасты падбіраюць з рассцеленай на зямлі стужкі льняную трасту або абмалочаную салому і вяжуць яе ў снапы; падборшчык бавоўны падбірае бавоўну-сырэц, якая ўпала на зямлю, і часткова ачышчае яе, збірае ў бункер і перагружае ў трансп. сродак.
В.М.Кандрацьеў.
Тэхналагічныя схемы падборшчыкаў: а — прэс-падборшчык сена поршневага тыпу (1 — падборшчык, 2 — загрузчык, 3 — поршань, 4 — вязальны апарат, 5 — механізм ушчыльнення цюка); б — прэс-падборшчык сена барабаннага тыпу (1 — падборшчык, 2 — вязальны апарат, 3 — прасавальны механізм — транспарцёр, 4 — вальцы); в — падборшчык ільносаломы і трасты (1 — падбіральны барабан, 2 — комлепадбівальнік, 3 — Вязальны апарат, 4 — сноп).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКА,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Змейка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 236 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 647 ж., 283 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль, Паланэчкаўскі Юр’ёўскі касцёл.
Вядома з 16 ст. як мястэчка ў Навагрудскім пав. Належала Рудамінам-Дусяцкім, потым Радзівілам, пры якіх пабудаваны палац. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Жухавіцкай вол. Навагрудскага пав. У 1845 пад апякунствам К.Радзівіла ў П. знаходзілася рэдакцыя час. «Народ і час», які выдаваў Я.Філіповіч (выйшаў 1 нумар). У час паўстання 1863—64 у наваколлі П. дзейнічалі паўстанцкія атрады. У сярэдзіне 1880-х г. пад назвай П. былі 3 нас. пункты: мястэчка (454 ж., 62 двары, касцёл, капліца, земскае нар. вучылішча, вадзяны млын, крама), вёска (9 двароў) і маёнтак. У пач. 20 — сяло (459 ж., 89 двароў) і маёнтак (29 ж.). З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка (523 ж., 99 двароў, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.) і фальварак (77 ж., 9 дамоў). З 1939 у БССР, вёска. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім р-не. З 14.4.1960 у Савіцкім с/с, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не. З 12.9.1986 зноў цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),
атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн.г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.
Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл.Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-r. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМАРФІ́ЗМ (ад полі... + морфа) у біялогіі, наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл двух (дымарфізм) ці больш вельмі непадобных груп асобін. Уключае адрозненні ў знешнім выглядзе асобін з адной ці розных папуляцый. Характэрны для многіх відаў флоры і фауны, у т. л. на Беларусі.
Унутры папуляцый адрозніваюць некалькі тыпаў П. Узроставы П. звязаны з чаргаваннем пакаленняў (напр., у ржаўных грыбоў, прахадных рыб, насякомых, якія развіваюцца зметамарфозам). Палавы П. звязаны з неаднолькавай марфалогіяй і экалогіяй асобін рознага полу (у насякомых, птушак, млекакормячых). Функцыянальны П. адлюстроўвае ўзроставыя палавыя адрозненні і найб. выразны ў жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам (напр., маляўкі рыб, лічынкі земнаводных і насякомых, функцыянальна нераўнацэнныя дарослым). Фазавы П. абумоўлены шчыльнасцю папуляцый, якая выклікае т.зв. фазавую зменлівасць (напр., у асобін адзіночнай і статкавай фаз у саранчовых). Генетычны П. звязаны з вар’іраваным уздзеяннем натуральнага адбору ў розных умовах, і з павышанай адноснай жыццяздольнасцю геннай структуры арганізма. Розныя тыпы ўнутрыпапуляцыйнага П. могуць быць узаемазвязаныя і сумяшчальныя ў часе. П. ускладняе і робіць больш разнастайнымі сувязі арганізма з асяроддзем, стварае аснову для відаўтварэння шляхам дывергенцыі ў працэсе эвалюцыі.
Полімарфізм у біялогіі: 1 — у розных папуляцыях хвой (хвоі, якія раслі ў розных умовах: а — у лесе, б — на адкрытым месцы, в — на балоце); у межах адной папуляцыі: 2 — генетычны (спадчынныя формы мухі дразафілы: а — самец, б — самка, в, г, д, е — розныя формы патомства); 3 — палавы (мурашка рыжая лясная: а — самка, б — самец, в — рабочая асобіна).