БІЯЭНЕРГЕ́ТЫКА,

раздзел біялогіі, які вывучае ператварэнне энергіі ў біясістэмах: атрыманне энергіі (у першую чаргу сонечнай) з навакольнага асяроддзя, яе назапашванне і выкарыстанне для жыццядзейнасці арганізмаў.

Пачаткам біяэнергетыкі лічацца работы ням. ўрача Ю.​Р.​Маера, які адкрыў закон захавання і ператварэння энергіі (1841) на прыкладзе чалавека. Атрымала шырокае развіццё ў 2-й пал. 20 ст. Вял. ўклад зрабілі вучоныя франц. Л.Пастэр, ням. Г.​Эмбдэн, О.Меергоф, О.​Варбург (браджэнне і дыханне), рус. У.А.Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, амер. А.​Ленінджэр (акісляльнае фасфарыліраванне), англ. П.​Мітчэл (хеміасматычная тэорыя спалучэння паміж акісленнем і фасфарыліраваннем).

На Беларусі навук. даследаванні па біяэнергетыцы пачаліся ў 1960-я г., звязаны з імёнамі А.Н.Разумовіча, А.Ц.Пікулева, Ю.М.Астроўскага, В.М.Іванчанкі, Э.​П.​Цітаўца, А.​М.​Стажарава, Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайца і інш. (цыкл Крэбса, энергет. стан арганізма пры розных вонкавых, у т. л. радыяцыйных, уздзеяннях і паталогіях). У працах С.В.Конева і А.​М.​Рудэнкі даказана вырашальная роля канфармацыйнай рухомасці бялкоў унутр. мембраны мітахондрый у трансмембранным выкідзе пратонаў. Істотны ўклад у разуменне біясінтэзу фотасінт. апарату раслін і яго арганізацыі зрабілі Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, М.М.Ганчарык, Л.​І.​Фрадкін, Н.​Г.​Аверына, А.​Б.​Руды. Даследаванні па біяэнергетыцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, эксперым. батанікі), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ясайтис А.А. Молекулярная биоэнергетика. М., 1973;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (10.7.1873, Масква — 14.7.1955),

прафесійны рэвалюцыянер, сав. дзярж. і парт. дзеяч. Д-р гіст. н. (1938). Брат М.​Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). У 1884—89 вучыўся ў Маскоўскім межавым ін-це; за рэв. дзейнасць выключаны і сасланы ў Курск, дзе скончыў каморніцкае вучылішча. З 1892 у Маскве, удзельнік марксісцкіх гурткоў і прапагандыст марксізму. З 1896 у эміграцыі, вучыўся ў Цюрыхскім ун-це, наладзіў сувязь з групай «Вызваленне працы», дастаўку ў Расію рэв. л-ры і друкарскіх станкоў, супрацоўнічаў у газ. «Нскра», адзін са стваральнікаў Цэнтр. б-кі і парт. архіва ў Жэневе, удзельнік падрыхтоўкі III з’езда РСДРП. У час рэвалюцыі 1905—07 у Пецярбургу, працаваў у бальшавіцкіх газетах. З 1908 заг. бальшавіцкага выд-ва «Жыццё і веды». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Петраградскага Савета, рэдактар бальшавіцкай газ. «Рабочий и солдат». У час Кастр. ўзбр. паўстання камендант раёна Смольны—Таўрычаскі палац, чл. К-та па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У 1917—21 кіраўнік спраў СНК РСФСР. З 1921 старшыня выд-ва «Жыццё і веды», супрацоўнік выд-ваў «Камуніст», РОСТА, стварыў і 9 гадоў узначальваў доследны саўгас «Лясныя паляны». З 1933 дырэктар Дзярж. літ. музея, з 1945 — Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АН СССР. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху ў Расіі, гісторыі рэлігіі і атэізму, л-ры, этнаграфіі.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—3. М., 1959—63.

Э.​М.​Савіцкі.

У.​Дз.Бонч-Бруевіч.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙЛО́ (сапр. Калечыц) Канстанцыя Антонаўна

(14.1.1893, Вільня — 4.6.1986),

бел. паэтэса. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Настаўнічала на Лідчыне, загадвала бел. кнігарняй у Полацку (1915—16). З 1923 жыла ў Маскве. З 1933, пасля незаконнага арышту мужа В.​А.​Калечыца, працавала на з-дзе. Друкавалася з 1909 у газ. «Наша ніва». Першы зб. «Курганная кветка» (Вільня, 1914, факсімільнае выд. Мн., 1989) адрэдагаваў Я.​Купала. Шырока выкарыстоўвала Фалька, матывы. Эмацыянальны пачатак, вобразна-экспрэсіўныя элементы нар. паэтыкі выразна выступаюць у рамант. вершах, інтымнай і патрыят. лірыцы («Люблю», «Беларусі», «Звон», «Курганная кветка», «Ляці, думка», «Ці помніш ты?»). Аўтар вершаваных драм «Кветка папараці» (1914), у якой выкарыстаны нар. міфалагічныя вобразы, звязаныя з купальскай абраднасцю, «Сённяшнія і даўнейшыя» (1914, паст. 1917) пра абуджэнне моладзі да новага жыцця. Пісала і апавяданні («Русалкі», 1910). Роздум над доляй селяніна, героіка вайны, працоўныя будні, матывы любові да Бацькаўшчыны, праблемы сучаснасці, лёс чалавека і роднага народа, яго мовы і культуры, прыроды, інтымны свет чалавека — асн. тэмы яе паэзіі (зб. «Світанне», 1950; «На адноўленай зямлі», 1961; «Май», 1965; «Роднаму краю», 1973; «Вясной», 1984, і інш.). Для дзяцей выдала зб. «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968). Шчырасць, задушэўнасць, лірызм абумовілі меладычнасць яе твораў. Верш «Люблю» (муз. М.​Равенскага) стаў папулярнай нар. песняй. Пахавана ў в. Вішнева Валожынскага р-на.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981.

Літ.:

Чаркасава Дз. Люблю. Мн., 1978.

І.​У.​Саламевіч.

К.Буйло.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСАРЫЁН (Bessarion; 2.1.1403?, г. Трабзон, Турцыя — 18.11.1472),

візантыйскі царк. дзеяч, гуманіст. У 1423 прыняў манаства пад імем Вісарыён. Вывучаў філасофію і інш. навукі пад кіраўніцтвам Пліфана. З 1437 епіскап Нікеі (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Прымкнуў да лацінафільскай групоўкі візант. знаці, лічыў неабходным саюз Візантыі з Захадам у мэтах сумеснай барацьбы супраць туркаў. На Фларэнційскім саборы 1438—45 спрыяў заключэнню уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі (1439). Перайшоў у каталіцтва, у 1439 прызначаны кардыналам. Пасля правалу уніі ў Візантыі вымушаны перасяліцца ў Італію (1440). Пасля падзення Канстанцінопаля (1453) быў адным з ініцыятараў крыжовага паходу супраць туркаў, дзеля чаго ездзіў з пасольствам да германскага імператара Фрыдрыха III і франц. караля Людовіка XI. Беспаспяхова выстаўляў сваю кандыдатуру на папскі прастол. У 1463 прызначаны патрыярхам Канстанцінопаля. У філас. поглядах быў паслядоўнікам Платона. У працы «Супраць паклёпніка на Платона» сцвярджаў, што ў трыядзе Платона (Бог, розум, сусветная душа) ужо быў зародак хрысц. вучэння аб Тройцы. На думку Вісарыёна, у канцэпцыі паходжання свету Платон таксама блізкі да хрысціянства, бо вучыў пра ўзнікненне «ўсяго з нічога». Значная роля Вісарыёна ў прапагандзе грэч. культуры ў Італіі. Пераклаў з грэч. мовы на латынь 14 кніг «Метафізікі» Арыстоцеля, «Метафізіку» Тэафраста, творы Ксенафонта, прамовы Дэмасфена. У 1468 перадаў у дар Венецыянскай рэспубліцы сваю унікальную бібліятэку грэч. рукапісаў.

Літ.:

Удальцова З.В. Жизнь и деятельность Виссариона Никейского // Византийсккй временник. 1976. Т. 37;

Яе ж. Византийская культура. М., 1988.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ КА́ФЛЯ,

арх.-дэкар. кераміка 14—18 ст., выяўленая ў час археал. раскопак у Віцебску. Знойдзена больш за 3 тыс. фрагментаў. Адрозніваюць чырвона-гліняныя гаршковыя кафлі з крыжападобным (14—15 ст.) і з прамавугольным вусцем, арнаментаваным дном, пакрытым палівай (16 ст.); каробчатыя рэльефныя кафлі — тэракотавыя і мураўленыя (з зялёнай палівай, канец 16—17 ст.); каробчатыя эмалевыя размаляваныя кафлі (18 ст.).

На кафлях канца 16 — пач. 17 ст. пашыраны раслінны і геам. арнамент, геральдычныя матывы. Для віцебскай кафлі 2-й пал. 17 ст. характэрныя рамка па краі пласціны, запоўненая стылізаваным раслінным і геам. узорамі; «дывановы» від арнаменту (малюнак размяшчаўся на некалькіх пласцінах). У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся кафлі, пакрытыя пераважна сінімі і белымі эмалямі (зрэдку карычневымі) з геам. і раслінным арнаментам. У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся кафлі са шматколернай размалёўкай эмалямі на белым фоне. У канцы 18 ст. пераважалі гладкія белыя кафлі з вузкай рамкай па краі пласціны. Прыёмы вырабу віцебскай кафлі адпавядалі тагачаснаму еўрап. ўзроўню тэхналогіі. Некаторыя матывы арнаментацыі віцебскай кафлі сустракаюцца ў Літве, на Смаленшчыне і Пскоўшчыне. Калекцыі віцебскай кафлі знаходзяцца ў Віцебскім абл. краязнаўчым музеі і ў архіве Ін-та гісторыі АН Беларусі.

Літ.:

Левко О.Н. Витебские изразцы XIV—XVIII вв. Мн., 1981.

В.​М.​Ляўко.

Віцебская кафля: 1 — фрагмент паліванай кафлі з геральдычнай выявай; 2 — тэракотавая кафля з малюнкам дывановага тыпу; 3 — тэракотавая кафля (матыў букета); 4 — паліхромная кафля з малюнкам дывановага тыпу (усе 17 ст.); 5 — тэракотавая кафля з малюнкам дывановага тыпу (18 ст.).

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.

Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст. арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт. Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,

інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.

Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.

Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.

Літ.:

Технология СБИС: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1986;

Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.

В.​У.​Баранаў, А.​П.​Дастанка.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНА́ДСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (20.8.1887, С.-Пецярбург — 12.6.1973),

расійскі гісторык. Сын У.І.Вярнадскага. Праф. Пермскага (1917—18), Таўрычаскага (1918—20, Сімферопаль), Карлава (1922—27, Прага) і Іельскага (1927—56, з 1957 ганаровы праф., ЗША) ун-таў. Член Амер. акадэміі сярэдніх вякоў. Вучань В.В.Ключэўскага, С.Ф.Платонава, А.А.Кізеветэра, Дз.​М.​Петрушэўскага. Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). У 1920 эмігрыраваў. З 1922 у Празе, удзельнічаў у працы Семінара (пазней Ін-та) імя Н.​П.​Кандакова. З 1927 у ЗША, выкладаў у Іельскім, Гарвардскім, Калумбійскім, Чыкагскім ун-тах. Адзін з аўтараў гіст. канцэпцыі еўразійства (асн. ідэя — узаемасувязь прыроды і грамадства як гал. рухавіка сусв.-гіст. працэсу). Своеасаблівасць нац. развіцця рус. народа бачыў у самаразвіцці сац. арганізма і ўплыве на грамадства прыродна-геагр. фактараў. Гэтаму прысвечаны яго працы «Нарысы рускай гісторыі» (Прага, 1927), «Пра гісторыю Еўразіі з сярэдзіны VI ст. да гэтага часу» (Берлін, 1934), «Звёны рускай культуры» (т. 1, Брусель, 1938), «Гісторыя Расіі» (т. 1—5, Нью-Хейвен, 1943—69).

Тв.:

Русское масонство в царствование Екатерины II. Пг., 1917;

Очерк истории права Русского государства XVIII—XIX вв. Прага, 1924;

Political and diplomatic history of Russia. Boston, 1936;

Рус. пер. — Древняя Русь. Тверь;

М., 1996;

«Соединение церквей» в исторической действительности // Вопр. истории. 1994. № 7;

Из воспоминаний // Там жа. 1995. №1,3.

Літ.:

Пашуто В.Т. Русские историки-эмигранты в Европе. М., 1992;

Раев М. Россия за рубежом: Исторня культуры рус. эмиграции, 1919—1939. М., 1994.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАМБЁЎСКІ ((Gołębiowski) Лукаш Іосіфавіч) (13.10.1773, в. Пагост Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.1.1849),

польскі гісторык, этнограф, архівіст. Скончыў манаскую школу ў Дубровіцы на Палессі. Працаваў бібліятэкарам у гісторыка Т.Чацкага. Удзельнік паўстання ў 1794. У 1818—23 бібліятэкар у Пулавах. З 1818 чл. Т-ва сяброў навук, у 1824—31 яго сакратар (звольнены пасля задушэння паўстання 1830—31). З 1827 праф. л-ры пед. ін-та. Аўтар адной з першых прац па гісторыі Варшавы «Гістарычна-статыстычнае апісанне горада Варшавы» (1826). У кн. «Люд польскі, яго звычаі, забабоны» (1830) змясціў свае назіранні над адзеннем беларусаў, апісанні вяселля, радаўніцы, інш. абрадаў і звычаяў, узятыя з прац З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Чарноўскай і інш. Бел. матэрыялы і ў кн. «Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях» (1831). Упершыню ў этнагр. л-ры апісаў абрад «Куста» на Палессі, апублікаваў забаўлянку «Сарока-варона», дажынкавую песню, легенды пра папараць-кветку, ноты бел. купальскай і русальнай песень. З працы Чарноўскай запазычыў апісанні святкавання купалля і русалак. Апісваў побыт, нар. абрады, звычаі, святы, фальклор палякаў, беларусаў, украінцаў, рускіх. Аўтар прац «Гісторыя Польшчы» (т. 1—3, 1846—48), «Кабінет польскіх медалёў з часу панавання Станіслава Аўгуста» (1843; змешчана ў кн. Э.​Рачынскага «Кабінет польскіх медалёў»), «Гісторыя польскай ваеннай справы» і інш. (многія ў рукапісах).

Літ.:

Васілевіч У.А. [Лукаш Галамбёўскі] // Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 61—64.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЛЕ́Й ((Galilei) Галілео) (15.2.1564, г. Піза, Італія — 8.1.1642),

італьянскі фізік, механік і астраном, адзін з заснавальнікаў дакладнага прыродазнаўства. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1611). Вучыўся ў Пізанскім ун-це. У 1589 атрымаў кафедру матэматыкі ў Пізе, а ў 1592 — у Падуі. Адкрыў законы свабоднага падзення цел, руху іх па нахільнай плоскасці, устанавіў закон інерцыі, ізахроннасць вагання маятніка і інш., што дало пачатак развіццю дынамікі. Выказаў ідэю пра адноснасць руху (гл. Галілея прынцып адноснасці). Сканструяваў тэрмометр (1597), гідрастатычныя вагі, маятнікавы гадзіннік, мікраскоп (1610 — 14). У 1609 пабудаваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў горы на Месяцы, 4 спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры, плямы на Сонцы, зорную будову Млечнага Шляху, пацвердзіўшы гэтым праўдзівасць вучэння М.​Каперніка пра будову свету. У кн. «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету — пталамееву і капернікаву» (1632) абгрунтаваў геліяцэнтрычную сістэму свету, за што ў 1633 аддадзены пад суд інквізіцыі, дзе на допыце фармальна адмовіўся ад вучэння М.​Каперніка. У 1992 папа Іаан Павел II абвясціў рашэнне суда інквізіцыі памылковым і рэабілітаваў Галілея. У філасофіі быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, даказваючы, што свет існуе аб’ектыўна, ён бясконцы, матэрыя вечная; адзіная, універсальная форма яе руху — мех. перамяшчэнне. У адрозненне ад схаластаў Галілей распрацаваў і палажыў у аснову пазнання прыроды эксперым. метад, усталяванне якога дало пачатак развіццю дакладнага прыродазнаўства.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964.

Літ.:

Бублейников Ф.Д. Галилео Галилей. М., 1964;

Седов Л.И. Галилей и основы механики: К 400-летию со дня рождения. М., 1964.

Г.Галілей.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)