ПЕ́РВЕНЦАЎ (Аркадзь Аляксеевіч) (26.1.1905, с. Нагуцкае Стаўрапольскага краю, Расія — 30.10.1981),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым тэхн. вучылішчы імя Баўмана (1929—33). У Вял. Айч. вайну карэспандэнт газ. «Известия». Друкаваўся з 1937. Першы раман «Качубей» (кн. 1—2, 1937, аднайм. фільм 1958) — рамантызаваны расказ пра героя грамадз. вайны. Раманы «Вогненная зямля» (1945), «Чэсць змоладу» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), зб-кі апавяданняў «Гвардзейскія вышыні» (1944), «Людзі аднаго экіпажа» (1954), «Дзяўчына з Тамані» (1959) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар раманаў «Матросы» (1961), «Аліўкавая галіна» (1965), аповесцей «Багіня Ізіда» (1961), «Каляндар прыроды» (1966), п’есы «Малодшы партнёр» (1951), кінасцэнарыяў «Трэці ўдар» (1948, Дзярж. прэмія 1949, перапрацаваны варыянт «Паўднёвы вузел»), «Героі Шыпкі» (1955), кніг падарожных нататак, публіцыст. артыкулаў і інш. На бел. мову раман «Чэсць змоладу» пераклаў Я.​Шарахоўскі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1977—80;

Бел. пер. — Чэсць змоладу. Мн., 1951.

Літ.:

Золотов А.М. Аркадий Первенцев. Краснодар, 1960.

т. 12, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)