найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.
Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 102) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙102 + 7∙101 + 3∙100 = 473. Гл.таксамаЛічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ САВЕ́Т,
1) вышэйшы законадарадчы орган (1810—1906) і верхняя заканад. палата (1906—17) у Рас. імперыі. Створаны па ініцыятыве М.М.Спяранскага. Складаўся з некалькіх дэпартаментаў і Дзярж. канцылярыі і на чале з дзярж. сакратаром. Старшыня і члены Дз.с. прызначаліся царом. Разглядаў унесеныя міністрамі законапраекты да іх зацвярджэння манархам, каштарысы і штаты дзярж. устаноў, скаргі на пастановы дэпартаментаў Сената і інш. органаў. Рэарганізаваны ў 1906 у сувязі з утварэннем Дзяржаўнай думы. У яго ўваходзілі члены па прызначэнні цара і члены па выбарах (пароўну). Выбарныя праводзіліся ад духавенства, губ. земскіх сходаў, дваранскіх т-ваў, АН і ун-таў, а таксама ад прам-сці і гандлю (часткова шляхам ускосных выбараў). Разглядаў прынятыя думай законапраекты да іх зацвярджэння імператарам. Фактычна ліквідаваны ў выніку Лют. рэвалюцыі 1917 (юрыдычна скасаваны 24.12.1917).
2) Калегіяльны орган дзярж. улады, які выбіраецца вышэйшым прадстаўнічым органам на Кубе.
3) Вышэйшы выканаўчы орган дзярж. улады ў Кіт.Нар. Рэспубліцы.
4) Назва выканаўчага органа ўлады, у якім старшынствуе манарх, у Даніі, Нарвегіі і шэрагу інш. краін.
5) Вышэйшы орган адм. юстыцыі ў Францыі.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 2 изд. М., 1968.
Засн. ў Мінску ў 1945 як Бел.дзярж. харэаграфічнае вучылішча, з 1996 сучасная назва. Яго стварэнне падрыхтавана развіццём прафес. харэаграфічнай адукацыі на Беларусі, якая бярэ пачатак ад харэаграфічнага класа пры Бел.муз. тэхнікуме (з 1928), Бел. студыі оперы і балета (1930—33), балетнай школы пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР (з 1934), харэаграфічнага аддзялення ў тэатр. вучылішчы (з 1939). Арганізатар і першы маст. кіраўнік З.Васільева (да 1949). У 1996/97 навуч.г. працавала аддзяленне класічнага танца з 8-гадовым тэрмінам навучання (прымаюцца дзеці на базе 4 класаў агульнаадук. школы). Навучанне дзённае. Да 1992 існавала таксама аддзяленне нар. танца з 5-гадовым тэрмінам навучання. Сярод педагогаў: А.Калядэнка, В.Лапо, К.Малышава, Н.Нікалаева, М.Пятрова, Г.Сінельнікава, В.Швяцова. Маст. кіраўнік Ю.Траян (з 1995). У розны час у каледжы працавалі: маст. кіраўнікі А.Нікалаева, І.Савельева; педагогі Л.Бржазоўская, Я.Глінскіх, В.Давыдаў, В.Дудко, А.Карзянкова, У.Камкоў, Р.Красоўская, М.Красоўскі, Н.Малахава, Н.Младзінская, Н.Лаўлава, Р.Сінёва, Л.Чахоўскі і інш. У 1995—96 у каледжы выдаваўся час. «Вестник» (па праблемах балетнага мастацтва; выйшла 8 нумароў).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет. Мн., 1966.
А.І.Калядэнка.
Будынак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКІ КАНА́Л,
частка Дняпроўска-Бугскага воднага шляху ў Кобрынскім, Драгічынскім і Іванаўскім р-нах Брэсцкай вобл. Звязвае р. Піна (бас.р. Прыпяць) з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг). Агульная даўж. 95 км. Ў навігацыю глыб. канала да 1,6 м, шыр. ад 22 да 28 м. Вытокам канала ўмоўна лічыцца водападзел каля в. Селішча (у вусці Белаазерскага канала). Складаецца з 2 частак: Бугскай (ад вусця Белаазерскага канала да ўпадзення ў р. Мухавец каля г. Кобрын, даўж. 50 км) і Прыпяцкай (ад вусця Белаазерскага канала да ўпадзення ў р. Піна каля в. Перадуб, даўж. 45 км). Канал праходзіць па забалочанай нізіне. Асн. прытокі Бугскай ч. канала — Арэхаўскі, Валавельскі, Каралеўскі, Павіццеўскі каналы, Прыпяцкай ч. — Ляхавіцкі, Жыроўскі, Белаазерскі, Залядынскі, Зуброўскі каналы і р. Сасновіца. Асн. крыніцы жыўлення — перакід вады з Прыпяці праз азёры Святое, Валянскае (у межах Украіны) і Белае. Узроўневы рэжым канала рэгулюецца гідратэхн. збудаваннямі. Пабудаваны ў 1775—1848; у 1940 рэканструяваны. У Вял.Айч. вайну разбураны. У 1945—46 Д.-Б.к. адноўлены, пазней рэканструяваны. Суднаходны. Перавозяць пераважна мінер. сыравіну, буд. матэрыялы. лес. Выкарыстоўваецца таксама як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЖДЖ,
від атмасферных ападкаў у выглядзе кропель вады дыяметрам 0,5—7 мм. Утвараецца ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ў паветры і зліцця дробных кропель у больш буйныя або раставання крышталёў, што выпадаюць з воблакаў.
Аблажныя Д. працяглыя. раўнамернай інтэнсіўнасці, выпадаюць са слаіста-дажджавых або высокаслаістых воблакаў на вял. плошчы; ліўневыя Д. кароткачасовыя, маюць хутказменлівую і часта вял. інтэнсіўнасць, выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў (гл.Лівень). Д. з дыяметрам кропель менш за 0,5 ммназ.імжой. Бывае ледзяны Д. у выглядзе дробных празрыстых ледзяных шарыкаў дыяметрам 1—3 мм, што ўтвараюцца пры замярзанні кропель Д. ў паветры з адмоўнай т-рай, і пераахалоджаны Д., кроплі якога застаюцца вадкімі пры адмоўнай т-ры і замярзаюць у выглядзе галалёду на паверхні Зямлі.
На Беларусі выпадзенне Д. часцей звязана з цыкланічнай дзейнасцю. Вадкія ападкі (пераважна Д.) даюць ад 75% на У да 80% на 3 гадавой сумы ападкаў. За год бывае каля 110 сут з Д. Летам пераважаюць ліўневыя Д., найб. дажджлівы месяц ліпень (13—16 сут з Д.). У халодны перыяд года акрамя снегу выпадаюць аблажныя Д. і імжа (да 8 сут з ападкамі за месяц). Гл.таксамаАпадкі атмасферныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖА́БЛЬ (ад франц. dirigeable кіроўны),
кіроўны аэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.
Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс.м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс.м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс.м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен. мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.Ф.Андэрс. Гл.таксамаПаветраплаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́ЦЫЯ (ад позналац. deviatio адхіленне),
1) адхіленне рухомых цел (карабля, самалёта, снарада, кулі і інш.) ад зададзенага (вызначанага) напрамку руху (разліковай траекторыі). Напр., Д. снарада, кулі выклікаецца мех. парушэннямі руху ў канале ствала (зрыванне снарада з нарэзкі) ці ў паветры (няспраўнасць апярэння стабілізатара, выпадковыя рэзкія змены кліматычных умоў у час палёту, гл.таксамаДэрывацыя).
2) Адхіленне рухомай сістэмы компаса ад напрамку на магн. (у магн. компаса) ці геагр. (у гіракомпаса) полюс Зямлі. Узнікае пад уплывам магн. і эл. палёў, паскоранага руху, гайданкі і інш. Кампенсуецца з дапамогай адпаведна дадатковых магнітаў ці карэктараў.
3) Адхіленне частаты ваганняў ад сярэдняга значэння (найб. пры частотнай мадуляцыі). Уплывае на склад і значэнні амплітуд складальных спектра частотна мадуляваных ваганняў, перашкодаўстойлівасць радыёсістэм і інш. 4) У біялогіі — эвалюцыйнае адхіленне ў развіцці органа на сярэдніх этапах яго фарміравання (у час эмбрыянальнага развіцця); разнавіднасць філэмбрыягенезу. Прыводзіць да змены будовы гэтага органа ў дарослага арганізма ў параўнанні з продкамі. Напр., эпідэрмальная частка зачаткаў лускі ў паўзуноў на сярэдніх стадыях яе развіцця падвяргаецца арагавенню, а не акасцяненню, як у акул. У раслін прыклад Д. — клубні і цыбуліны, якія сфарміраваліся з першаснай эмбрыянальнай расліннай пупышкі. Тэрмін увёў ням. вучоны Ф.Мюлер (1864).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ КАСТЭ́Р ((De Coster) Шарль) (20.8.1827, г. Мюнхен, Германія — 7.5.1879),
бельгійскі пісьменнік. Пісаў на франц. мове. Скончыў Брусельскі ун-т (1855). Першыя паэт. творы з’явіліся ў канцы 1840-х г. Аўтар зборнікаў «Фламандскія легенды» (1858), «Брабанцкія апавяданні» (1861), гіст. драмы «Стэфанія» (нап. 1853—55), псіхал. рамана «Вясельнае падарожжа» (1872), паэм, літ.-крытычных артыкулаў. Самы вядомы яго твор — «Легенда пра Уленшпігеля і Ламэ Гудзака, пра іх доблесныя, забаўныя і найславуцейшыя справы ў Фландрыі і іншых землях» (1867). Прысвечаны падзеям Нідэрландскай бурж. рэвалюцыі 16 ст., нар. руху гезаў у барацьбе Фландрыі з Іспаніяй за сваю незалежнасць, гэты твор стаў своеасаблівай «нацыянальнай бібліяй Бельгіі». Выразныя рэаліст. тэндэнцыі спалучаюцца ў творы з элементамі рамантызму, глыбокі гістарызм, тыпізацыя — з фалькл. матывамі, мяккім лірызмам. У перакладзе на бел. мову раман выд. ў 1940. Бел. кампазітар Я.Глебаў паводле рамана напісаў музыку да балета «Тыль Уленшпігель» (паст.Бел.дзярж. т-рам оперы і балета ў 1974, 2-я рэд. 1978), а таксамасімф. паэму «Успаміны пра Тыля» (1977).
Тв.:
Рус.пер. — Легенда об Уленшпигеле и Ламме Гудзаке... Мн., 1984;
Фламандские легенды. М., 1975.
Літ.:
Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),
атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл.Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл.таксамаГусі свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,
навуковая дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці складання дакументаў, распрацоўвае спосабы іх стварэння, прынцыпы арганізацыі дакументаабарачэння і пабудовы сістэм дакументацыі. Вылучылася з архівазнаўства і архіўнай службы. Звязана з крыніцазнаўствам, якое таксама мае аб’ектам даследавання дакумент. Задачы Д.: павышэнне эфектыўнасці дакументацыйнага забеспячэння аператыўнага кіравання, барацьба з ростам выдаткавання паперы і павелічэння плошчаў, занятых пад сховішчы інфармацыі. Д. выконвае канкрэтныя патрэбы грамадства ў дакументальнай сферы: паляпшэнне якасці дакумента і прыстасаванне яго да ўмоў машыннай апрацоўкі інфармацыі; стварэнне машыначытальных дакументаў, мініяцюрызацыя носьбітаў і пераход да бездакументных камунікацый; забеспячэнне выкарыстання дакументаў у аўтаматызаваных банках даных; стварэнне інфармацыйна-пошукавай сістэмы (ІПС) па дакументах, што функцыяніруюць у апараце, і яе сумяшчальнасць з ІПС дзярж. архіваў; распрацоўка рацыянальнай сістэмы ўліку і захоўвання дакументаў; наданне юрыд. сілы інфармацыі, запісанай на машынных носьбітах. З 1966 даследаваннямі ў галіне Д. займаўся Усесаюзны НДІ Д. і архіўнай справы; у якасці сураспрацоўшчыкаў тэм выступалі цэнтр.дзярж. архівы Беларусі. Пытаннямі Д. займаюцца аддзел справаводства і фарміравання Нац. архіўнага фонду Дзярж.к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Бел.НДІ Д. і архіўнай справы (у 1992—95 Бел.н.-д. цэнтр Д., археаграфіі і архіўнай справы).