ВАЙТО́ВІЧ (Таццяна Мікалаеўна) (н. 25.10.1949, Мінск),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1966). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1972). З 1977 працуе ў ім. Навук. працы па паталогіі бронхалёгачнай сістэмы, праблемах вострых рэспіраторных інфекцый у дзяцей, дыягностыцы, лячэнні і рэабілітацыі спадчынных і хранічных хвароб лёгкіх у іх.

Тв.:

Пневмония с затяжным течением у детей. Мн., 1989 (разам з І.​Н.​Усавым, Т.​Н.​Самаль);

Справочник участкового педиатра. Мн., 1991 (у сааўт.).

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБКО́Ў (Уладзімір Васілевіч) (н. 31.10.1936, в. Папаратнае Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вылічальнай матэматыкі. Д-р фізіка-матэм. н. (1996), праф. (1989). Скончыў БДУ (1959), дзе і працуе. Навук. даследаванні па выліч. метадах рашэння звычайных дыферэнц. ураўненняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Вычислительные методы. Т. 1—2. М., 1976—77 (разам з У.​І.​Крыловым, П.​І.​Манастырным);

Избранные численные методы решения на ЭВМ инженерных и научных задач. Мн., 1985 (разам з Л.​М.​Гарадзецкім).

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́К (Уладзімір Вікенцьевіч) (26.6.1897, в. Навасёлкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 20.9.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. Беларусі (1948). Скончыў Казанскі ун-т (1923). З 1937 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па эксперым. і клінічным лячэнні траўматычнага шоку і крывацёку, хірург. лячэнні астэаміэліту, спантаннай гангрэны. Распрацаваў метады лячэння вострай прамянёвай хваробы, апендыкулятарных інфільтратаў, апёкаў, сепсісу.

Тв.:

Травматический шок и острые кровопотери. Мн., 1953;

Оперативная хирургия. Мн., 1962.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДЗЕ́ВІЧ Антон, бел. філосаф, прадстаўнік Гродзенскай філасофскай школы 18 ст. Аўтар курса лекцый і аналагічнага трактата «Філасофія арыстоцеліка-скотаўская...» (Гродна, 1757). Дэталёва распрацаваў раздзелы фармальнай логікі (лагічны квадрат, дыз’юнкцыі, кан’юнкцыі і гэтак далей), розныя тыпы сілагізмаў. У яго натурфіласофіі зроблены крок наперад у параўнанні з папярэднікамі: лічыў філасофію Дэкарта фікцыяй, прызнаваў сістэму Ц.​Браге, не адмаўляў і вучэння М.​Каперніка.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),

бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.

Л.​У.​Языковіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЭПРЭНЁР (ад франц. entrepreneur прадпрымальнік),

уладальнік, арандатар, гаспадар прыватнага відовішчнага прадпрыемства (т-ра, цырка і інш.) — антрэпрызы або арганізатар гастрольных турнэ труп і асобных акцёраў. У Зах. Еўропе вядомыя з сярэдзіны 16 ст., на Беларусі — з 1770-х г. Апрача камерцыйных існавалі антрэпрэнёры, звязаныя з т-рам творчымі адносінамі: антрэпрэнёр-акцёр (Р.​Бёрбедж, Англія), антрэпрэнёр-рэжысёр (М.​Райнгарт, Германія), антрэпрэнёр-драматург (Ж.​Б.​Мальер, Францыя) і інш. Першым бел. антрэпрэнёрам быў І.Буйніцкі. Функцыі антрэпрэнёра выконвалі Ф.Ждановіч і У.Галубок.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЦІ́ПАЎ (Васіль Рыгоравіч) (н. 15.2.1924, в. Бокачы Палкінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія),

дэндролаг. Д-р біял. н. (1981), праф. (1983). Скончыў Леніградскую лесатэхн. акадэмію (1952). Працаваў у бат. садах Латвійскай і Беларускай АН, у Чарнавіцкім ун-це. З 1977 праф. Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па садова-паркавым і ландшафтным мастацтве, праблемах экалогіі.

Тв.:

Парки Белоруссии. Мн., 1974;

Устойчивость древесных растений к промышленным газам. Мн., 1979;

Определитель древесных растений. Мн., 1994 (разам з І.​В.​Гуняжэнкам).

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́ШКА (Ілары) (Іларыён Мацвеевіч; 25.7.1905, Мінск — 3.6.1968),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1930), Кінаакадэмію ў Маскве (1938). У 1932—36 на кінастудыі «Белдзяржкіно» ў Ленінградзе. З 1924 друкаваў апавяданні, бытавыя абразкі, нарысы (зб-кі «У прасторы», 1926, «Камунары» і «На розныя тэмы», 1931, і інш.). Аўтар аповесці «Рыгор Галота» (1929), казак і апавяданняў для дзяцей, сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў («Дняпро ў агні», 1937, з Р.​Кобецам; «Георгій Скарына», 1963, і інш.).

Тв.:

Блізкія далі: Апавяданні. Мн., 1959.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎСКІ (Дунін Альфонс) (1850, в. Плянта, Брэсцкая вобласць — 1905),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Варшаўскай рысавальнай школе, у Кракаўскай майстэрні Я.​Матэйкі (1882—85). З 1888 жыў на радзіме, стварыў шэраг пейзажаў. У 1896—98 працаваў у вёсках Быкавізна, Свілы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл., пісаў партрэты і карціны на рэліг. сюжэты для пахавальні сям’і Козел-Паклеўскіх. Найб. вядомы як аўтар жанравых карцін «Хворая жанчына» (1893), «Мыта на Беларусі» (1899), «Паляванне на мядзведзя», «Лоўля рыбы восцямі».

М.​М.​Яніцкая.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ САБРА́ННЕ,

грамадская арг-цыя, якая існавала ў г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва) у крас. 1921 — лют. 1922. Мела на мэце культ. дзейнасць сярод бел. насельніцтва ў Літве, паліт., навук., маст. і фіз. ўдасканаленне сваіх членаў. У Беларускае сабранне ўваходзілі Я.​Варонка (старшыня ўправы), В.​Ластоўскі, А.​Вальковіч, А.​Галавінскі, К.​Дуж-Душэўскі, В.​Захарка, А.​Ружанцоў, А.​Рэшка, А.​Цвікевіч, Я.​Шальмук і інш. У чэрв. 1921 пры Беларускім сабранні створаны «Беларускі клуб».

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)