Публій Авідзій Назон (20.3.43 да н.э., г. Сульмона, недалёка ад Рыма — каля 18 н.э.), рымскі паэт. Раннія творы: зб-кі «Любоўныя элегіі», «Гераіні», жартоўна-парадыйныя паэмы «Майстэрства кахання», «Сродкі ад кахання». У паэме «Фасты» (незавершаная) тлумачыў паходжанне рымскіх святаў і абрадаў. Найб. вядомы твор «Метамарфозы» — маст. апрацоўка грэка-рымскіх міфаў пра пераўвасабленні людзей і багоў у жывёл, сузор’і і інш. — складаецца з асобных вершаваных навел. У 8 н.э. сасланы Аўгустам у г. Томы (цяпер Канстанца ў Румыніі), дзе напісаў поўныя тугі па радзіме «Сумныя элегіі» і «Пісьмы з Понта». Творчасць Авідзія значна паўплывала на развіццё зах.-еўрап. л-ры. Дзве навелы з «Метамарфозаў» на бел. мову пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Элегии и малые поэмы. М., 1973;
Любовные элегии. Метаморфозы. Скорбные элегии. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),
паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш.ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,
напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл.Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб.ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.
А.В.Кудзельскі.
Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; ф — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАДЫНА́МІКА (адастра... + дынаміка),
раздзел нябеснай механікі, які вывучае рух штучных нябесных целаў. Фундаментальныя законы астрадынамікі адкрыў І.Ньютан (гл.Ньютана законы механікі, Касмічныя скорасці). Значны ўклад у развіццё астрадынамікі зрабілі К.Э.Цыялкоўскі, Ф.А.Цандэр, Ю.В.Кандрацюк, В.Гоман, А.А.Штэрнфельд і інш. Ураўненні астрадынамікі, у адрозненне ад ураўненняў нябеснай механікі, улічваюць супраціўленне зямной атмасферы, магнітнае поле Зямлі, ціск сонечнага выпрамянення і інш. Асноўныя задачы астрадынамікі: вызначэнне арбіт касм. апаратаў; адпрацоўка спосабаў вызначэння, удакладнення і карэкцыі іх арбіт па выніках траекторных вымярэнняў; распрацоўка аптымальных траекторый міжарбітальных пералётаў; спосабаў знішчэння касм. апаратаў, якія адслужылі, і інш.
Літ.:
Бахшиян Б.Ц., Назиров Р.Р., Эльясберг П.Е. Определение и коррекция движения. М., 1980;
Охоцимский Д.Е., Сихарулидзе Ю.Г. Основы механики космического полета. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТУМЫ (адлац. bitumen горная смала),
агульная назва прыродных або штучных сумесяў цвёрдых, смолападобных вуглевадародаў і іх кіслародных, сярністых і азоцістых вытворных. Прыродныя бітумы змяшчаюцца ў нафце (асфальт), каменным і бурым вугалі, у невял. колькасцях у асадкавых горных пародах. Раствараюцца ў арган. растваральніках (шкіпінар, уайт-спірыт, нафтавыя і каменнавугальныя сальвенты, бензол, серавуглярод і інш.; пры гэтым атрымліваецца бітумны лак). Цвёрдыя бітумы маюць чорны колер, шчыльн. да 1000 кг/м³, размякчаюцца пры т-ры 25—90 °C. Штучныя атрымліваюць перагонкай бітумаў прыродных, напр. нафтавых астаткаў (астаткавы гудрон) або адходаў кіслотнай ачысткі змазачных маслаў (рэгенерыраваны гудрон). Бітумы выкарыстоўваюць у дарожным буд-ве, вытв-сці буд. і ізаляцыйных матэрыялаў, кампаўндаў, пластмасаў, лакаў, для стварэння воданепранікальных заслонаў у гідратэхн. збудаваннях, аховы бетонных фундаментаў ад уздзеяння грунтавых водаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЦЦІ,
1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл.Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).
Біцці пры складанні ваганняў блізкіх частот ω1 і ω2; T — перыяд біццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНЕ́З (адбія... + ...генез),
утварэнне арган. злучэнняў жывымі арганізмамі. У шырокім сэнсе біягенез — эмпірычнае абагульненне, якое сцвярджае, што ўсё жывое ўзнікае толькі ад жывога ў арган. эвалюцыі Зямлі. У аснове біягенезу проціпастаўленне жывога нежывому і адхіленая навукай ідэя вечнасці жыцця. У 18—19 ст. тэорыя біягенезу проціпастаўлялася поглядам аб самазараджэнні арганізмаў (працы франц. вучонага Л.Пастэра па мікрабіялогіі). Прыхільнікі біягенезу (ням. вучоны Г.Рыхтэр, 1865, швед. С.Арэніус, 1895) меркавалі, што зародкі жывых істот у стане анабіёзу былі занесены на Зямлю з іншых, больш стараж. нябесных целаў (гіпотэза пансперміі). Лічыцца, што верагодных доказаў магчымасці касм. пераносу формаў пераджыцця няма. Самаст. ўзнікненне жыцця на Зямлі больш верагоднае, што пацверджана эксперыментальна абіягенным сінтэзам бялковападобных і інш. злучэнняў, якія аднаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Абіягенез, Паходжанне жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,
змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).
Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЎСКІ (Іван Яўстахавіч) (? — 26.3.1664),
гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоў тэр. Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНКА,
вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 кмад Маладзечна, 38 кмад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).
Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.В.Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.А.Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.
Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.