РАДО́Н (лац. Radon),
Rn, радыеактыўны хім. элемент VIII перыяд. сістэмы, ат. н. 86, ат. м. 222,0176, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў (α-выпрамяняльнікі) з масавымі лікамі 218—220 і 222, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы 222Rn (перыяд паўраспаду 3,824 сут). Утвараецца пры распадзе радыю (адсюль назва). У атмасферы 6∙10−20% па аб’ёме (адзін з самых рэдкіх элементаў); вызначае прыродную радыеактыўнасць паветра.
Аднаатамны газ без колеру і паху, шчыльн. 9,73 кг/м³ (0 °C), L -61,9 °C. Добра раствараецца ў этаноле, бензоле, гексане, адсарбіруецца сілікагелем і актываваным вугалем. Пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, утварае дыфтарыд RiiF, — бясколернае нелятучае крышт. рэчыва. Выкарыстоўваюць у медыцыне (радонавыя ванны) і навук. даследаваннях. Намнажаецца ў памяшканнях (пераважна з буд. матэрыялаў); дапушчальная канцэнтрацыя ў паветры 55,5 Бк/л.
т. 13, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁФІ́ЗІКА,
галіна фізікі, што вывучае працэсы, звязаныя з узбуджэннем, узмацненнем і пераўтварэннем эл.-магн. ваганняў радыёдыяпазону (радыёхваль), а таксама працэсы іх выпрамянення, распаўсюджання і прыёму. Цесна звязана з матэм. фізікай, радыётэхнікай, электронікай і інш. З Р. вылучыліся радыёастраномія, радыёметэаралогія, радыёспектраскапія.
Радыёфіз. метады даюць магчымасць рашаць задачы аптымізацыі прыёмных, перадавальных і пераўтваральных радыёсістэм, шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне, эксперым. фізіцы, радыё- і гідралакацыі. Асн. кірункі даследаванняў: дыфракцыя і распаўсюджванне радыёхваль, узаемадзеянне радыёхваль з электроннымі патокамі, радыёгалаграфія, радыёінтраскапія, тэорыя і тэхніка антэн і інш. Значны ўклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Л.Л.Мандэльштам, М.Дз.Папалексі і інш.
На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
М.А.Вількоцкі, П.Дз.Кухарчык.
т. 13, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОГ,
старажытны нар. духавы сігнальны амбушурны муз. інструмент Вядомы многім народам свету. Вырабляецца з рагоў і біўняў жывёл, а таксама з ракавін, дрэва, металу. У залежнасці ад памераў і формы, наяўнасці ці адсутнасці ігравых адтулін Р. дазваляе здабываць адзін або некалькі тонаў абертонавага ці паступеннага гукарадаў. Моцнае, далёка чутнае гучанне Р. спрыяла выкарыстанню яго як камунікатыўнага сродку ў абрадах, рэліг. цырымоніях, паляўнічай, пастухоўскай, вартаўнічай і ваен. практыцы. На Беларусі пашыраны Р. розных памераў (30—50 см), робіцца з пустацелых рагоў быка, каровы, барана, з дрэва (бярозы, алешыны, клёну формай, блізкай да натуральнага рога жывёлы), часам з бляхі; ігравых адтулін не мае.
У муз. мастацтве Р. — папярэднік разнастайных духавых інструментаў (валторны. трамбона і інш.), а таксама аснова рагавога аркестра.
Літ.:
Pawłowski J. Róg od a do z. Kraków, 1972.
І.Дз.Назіна.
т. 13, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАНАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (29.9.1894, Масква — 9.1.1957),
рускі пісьменнік, рэжысёр, педагог. Займаўся тэорыяй і практыкай маст. выхавання дзяцей (кн. «Тэатр для дзяцей», 1925, з Н.Сац, і інш.). Аўтар п’ес «Будзь гатоў» (паст. 1924), «Негрыцяня і малпа» (паст. 1927, з Сац), аповесцей «Прыгоды Траўкі» (1928), «Неспакойны характар» і «Ізумрудныя берагі» (1942) і інш. У 1928—30 маст. кіраўнік БДТ-2 і педагог студыі пры т-ры. Зрабіў значны ўплыў на развіццё т-ра ў перыяд яго станаўлення, паставіў спектаклі: «Разлом» Б.Лаўранёва (1928), «Рэйкі гудуць» (1929, з Саннікавым), «Горад вятроў» (1930, з М.Міцкевічам), «Цудоўны сплаў» (1934) У.Кіршона, а таксама «Авангард» В.Катаева (1930, з Саннікавым), «Гонар» А.Траецкага і Р. (1934); у БДТ-3 — «Рыкашэт» У.Галубка (1935).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.
т. 13, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БКА,
традыцыйная беларуская нар. страва. Драную бульбу заскварваюць салам, мясам з цыбуляю і інш. спецыямі і запякаюць. Гатовую бабку падаюць з малаком або смятанай. Вядома ўсюды ў наш час.
т. 2, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАКА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА жалезаруднае,
на Пд Краснаярскага краю Рас. Федэрацыі. Распрацоўваецца з 1867. Кантактнае радовішча (скарны) магнетытавых руд. Разведаныя запасы 160 млн. т з 42,2% жалеза. Цэнтр здабычы — г. Абаза.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫГЕ́СТЫ (лац. digesta),
зборнік сістэматычна сабраных і тэматычна аднародных вытрымак з твораў рымскіх класічных юрыстаў. Вядомы з 533 як асн. частка кадыфікацыі Юстыніяна. Найважнейшая крыніца звестак пра рымскае права.
т. 6, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАЦІ́Н (ад грэч. dermatinos скураны),
баваўняная тканіна з пакрыццём з нітрацэлюлозы (гл. Нітраты цэлюлозы) на адным ці абодвух баках; штучная скура. Выкарыстоўваюць для абіўкі мэблі, пераплёту кніг і інш.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЛЬФАКА́Р,
праход паміж Туркмена-Харасанскімі гарамі і Парапамізам. Злучае паўд. раёны Туркменістана з суседнімі часткамі Ірана і Афганістана. Даўж. 14 км. Па З. ў цясніне цячэ р. Герыруд (Тэджэн).
т. 7, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЫМА́НІ (Illimani),
горны масіў у хр. Кардыльера-Рэаль (Цэнтр. Анды) на З Балівіі. Выш. да 6462 м. Складзены з гранітаў. На паўн.-ўсх. схілах І. шматгадовыя снягі і ледавікі.
т. 7, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)