КРАДЗЕ́Ж у крымінальным праве,
тайнае выкраданне чужой маёмасці, адно са злачынстваў супраць уласнасці. Яго кваліфікуючыя прыкметы: паўторнасць, учыненне К. па папярэдняй змове групай асоб або з пранікненнем у жыллё, памяшканне ці інш. сховішча, з нанясеннем значнай страты пацярпеламу. Да асабліва кваліфікуючых відаў адносіцца К., учынены ў буйных памерах або арганізаванай групай, або асабліва небяспечным рэцыдывістам. Караецца папраўчымі работамі, штрафам або пазбаўленнем волі на пэўныя тэрміны, а пры абцяжваючых адказнасць акалічнасцях — пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 8, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НЬЯ ((Cunha) Эўклідыс да) (20.1.1866, г. Кантагалу, Бразілія — 15.8.1909),
бразільскі пісьменнік. Чл. Браз. акадэміі л-ры (з 1903). Па адукацыі ваен. інжынер. Удзельнічаў у выступленнях рэспубліканцаў супраць манархіі. Кн. «Сертаны» (1902) — спалучэнне навук. даследавання, публіцыстыкі з дакумент. апавяданнем пра задушэнне сял. паўстання 1896—97 у Канудусе. Аўтар кнігі аб збіральніках каўчуку «Страчаны рай» (1904, не завершана), зб-каў артыкулаў і нарысаў «Кантрасты і супастаўленні» (1907), «На палях гісторыі» (1909). Паўплываў на развіццё рэгіяналізму і крытычнага рэалізму ў браз. і лацінаамер. л-ры.
І.Л.Лапін.
т. 9, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБРА́КІС ((Lamprakēs) Грыгорыс) (3.4.1912, Керасіца, Грэцыя — 27.5.1963),
дзеяч грэч. і міжнар. руху прыхільнікаў міру. Па прафесіі ўрач. Удзельнік грэч. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. З 1961 дэп. парламента Грэцыі. Выступаў за мір і ўсеагульнае раззбраенне, супраць атамнага ўзбраення. З 1963 нам. старшыні Усягрэч. к-та барацьбы за аслабленне міжнар. напружанасці і за мір. 22.5.1963 смяротна паранены паліт. праціўнікамі ў час сходу грэч. прыхільнікаў міру ў г. Салонікі. Сусв. Савет Міру засн. у 1963 Міжнар. прэмію Міру імя Г. Ламбракіса.
т. 9, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны гарадоў Лацінскага саюза супраць панавання ў ім Стараж. Рыма. 1-я Л.в. (496—493 да н.э.; гал. бітва адбылася ў 496 да н.э. каля Рэгільскага воз. і не прынесла перавагі ніводнаму з бакоў) завяршылася аднаўленнем саюза на чале з Рымам. Эканам. і паліт. ўмацаванне рымлян парушыла раўнавагу ў саюзе і выклікала 2-ю Л.в. (340—338 да н.э., перамаглі рымляне), якая прывяла да скасавання Лац. саюза, уключэння лацінаў і іх зямель у склад Рым. дзяржавы, узнікнення т.зв. лац. права.
т. 9, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУТУ́ЛІ ((Luthuli) Альберт Джон) (Мвумбі; 1898, каля г. Булавайо, Зімбабве — 21.7.1967),
дзеяч нац.-вызв. руху Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў настаўніцкую школу ў Івепдэйле і настаўніцкі каледж Адамса. З 1945 чл. Афрыканскага нацыянальнага кангрэса, у 1952—60 яго прэзідэнт. Арганізаваў некалькі кампаній пратэсту супраць палітыкі апартэіду, якую ажыццяўляў урад ПАР. У 1956—57 зняволены, з 1959 пад хатнім арыштам. Прыхільнік мірных, ненасільных метадаў барацьбы. Загінуў у выніку няшчаснага выпадку. Аўтар аўтабіягр. кн. «Адпусці народ мой!» (1962). Нобелеўская прэмія міру 1960 (упершыню прысуджана афрыканцу).
т. 9, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМА́Й (? — 1380),
татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.
т. 10, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЕВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 28.6.1941 да 13.6.1942 у в. Мікалаевічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Налічвала 14 чал. (кіраўнік Я.Я.Васіленка). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі сабатаж мерапрыемстваў акупантаў, двойчы разбурылі чыгунку на ўчастку Слабада — Смалявічы, падарвалі на ўчастку Загор’е—Смалявічы. Наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, арганізавалі з імі ўцёкі ваеннапалонных. У чэрв. 1942 пайшлі ў партызаны. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 5 падпольшчыкаў.
т. 10, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў 1941—43 на тэр. Мотальскага с/с Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Аб’ядноўвала больш за 60 чал. (кіраўнік І.М.Калілец). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі зброю і боепрыпасы, учынялі дыверсіі, у т. л. ў канцы жн. 1941 разграмілі Мотальскую гміну, у маі 1942 сарвалі вываз моладзі на работы ў Германію. Летам 1942 частка падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, удзельнічала ў стварэнні партыз. атрада. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 12 падпольшчыкаў.
т. 10, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМЕ́Д РЭЗА́ ПЕХЛЕВІ́ (26.10.1919, Тэгеран — 27.7.1980),
шах Ірана [1941—79]. Стаў шахам пасля адрачэння ў вер. 1941 свайго бацькі Рэза-шаха Пехлеві. Выступіў супраць палітыкі прэм’ер-міністра М.Масадыка, быў вымушаны ў 1953 на кароткі час пакінуць Іран. Вярнуўся пасля ваен. перавароту 19.8.1953. У 1963 абвясціў шэраг рэформ (аграрную, адукацыйную і інш.), якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны ў 1960—70-я г. У 1975 увёў у Іране аднапарт. сістэму. Пад націскам Іранскай рэвалюцыі 1978—79 16.1.1979 пакінуў краіну. Пазбаўлены ўлады. Памёр у Егіпце.
т. 11, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЦЕ́Ж,
узброенае выступленне ваен. і інш. апазіц. груповак супраць існуючай у краіне ўлады з мэтай ажыццяўлення дзярж. перавароту альбо далучэння краіны ці часткі яе тэрыторыі да інш. дзяржавы. Захоп улады мяцежнікамі звычайна суправаджаецца ўстанаўленнем адкрытай дыктатуры, разгромам дзярж. устаноў, адменай дэмакр. правоў і свабод насельніцтва, тэрорам у адносінах да паліт. апанентаў, апазіцыйных партый і арганізацый. Тыповыя прыклады М. — Карнілава мяцеж 1917 у Расіі, захоп улады ваен. хунтай у Чылі ў 1973. Гл. таксама Глінскіх мяцеж 1508, Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918.
т. 11, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)