род кветкавых раслін сям. ружавых. 12 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 4 віды: вятроўнік вязалісты (Filipendula ulmaria), аголены (Filipendula denudata), звычайны, або земляныя арэшкі (Filipendula vulgaris), і стэпавы (Filipendula stepposa) — рэдкі від, адзначаны ў паўд. раёнах. У Цэнтр, бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны вятроўнік далонепадобны (Filipendula palmata).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом выш. 2—20 см і моцным карэнішчам. Лісце перарывіста-перыстае, перыстарассечанае, пальчатае або суцэльнае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя (часта з жаўтаватым ці ружаватым адценнем), ружовыя, чырв., духмяныя, у густых шматкветных шчытападобна-мяцёлчатых або мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак ці шматлістоўка. Лек., меданосныя, перганосныя, кармавыя, фарбавальныя і дэкар.расліны. Каранёвыя клубянькі, маладое лісце і сцёблы ядомыя, з кветак і лісця вырабляюць духмяны лячэбны чай.
Вятроўнікі: вязалісты (злева) і звычайны (з коранем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛА́ЧЫК (Nymphaea),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічным і ўмераным паясах. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык чыста-белы (N. candida) і больш рэдкі гарлачык белы, або белая вадзяная лілея (N. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.
Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным гарызантальным карэнішчам і плаваючым на паверхні вады круглавата-авальным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, рознага колеру (белыя, ружовыя, блакітныя, ліловыя і інш.), дыяметрам да 30 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва роду) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Харч., кармавыя, дубільныя, лек. і дэкар.расліны. Карэнішча мае крухмал, алкалоід німфеін, дубільныя і інш. рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛА́ЧЫК ЖО́ЎТЫ (Nuphar),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык жоўты жоўты, або жоўтая вадзяная лілея (N. lutea), і вельмі рэдкі гарлачык жоўты малы (N. pumila), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.
Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным тоўстым гарыз. карэнішчам і плаваючым на паверхні вады авальна-эліптычным, глыбока-сэрцападобным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, жоўтыя ці аранжавыя, з моцным пахам, дыяметрам да 2—5 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Лек., кармавыя і дэкар.расліны. Карэнішча мае ядавіты алкалоід нуфарын, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧЫ́ЦА (Sinapis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі як пустазелле на палях, агародах, каля дарог трапляюцца гарчыца палявая, або дзікая (S. arvensis), і гарчыца белая, або англійская (S. alba). Гарчыцу белую культывуюць як кармавую, алейную і вострапрыпраўную расліну. Гарчыцай таксама называюць некат. віды капусты, марской гарчыцы.
Адна-, рэдка двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце суцэльнае ці лірападобна-надрэзанае, чаргаванае, апушанае. Кветкі невялікія, двухполыя, жоўтыя ці белавата-жоўтыя, у доўгіх гронках. Плод — двухстворкавы стручок з доўгім носікам. Вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны, некаторыя віды — пустазелле. Насенне мае да 40% тлустага алею, гліказід сінігрын, фермент міразін. З яго робяць харч. гарчычны і эфірны алеі, сталовую гарчыцу, мед. гарчычнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЦА (Sagina),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, у гарах Паўд. і Усх. Афрыкі, Паўд. Амерыкі, на в-ве Новая Гвінея. На Беларусі трапляюцца гарыца вузлаватая (S. nodosa) і гарыца ляжачая, або макрэц (S. procumbens). Растуць на поймавых і вільготных лугах, грунтавых агаленнях, сырых пясках, на ўскрайках балот і пустках, па берагах рэк і вадаёмаў. Як дэкар. расліну вырошчваюць гарыцу шылападобную (S. subulata).
Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны з тонкімі распасцёртымі або прыўзнятымі галінастымі сцёбламі даўж. 4—25 см, якія часта ўтвараюць дзярнінкі і ўкрываюць глебу шчыльнымі маленькімі падушкамі накшталт моху. Лісце дробнае, суцэльнае, супраціўнае, лінейна-ланцэтнае, вузкалінейнае або шылападобнае. Кветкі дробныя, адзіночныя пазушныя або ў суквеццях, двухполыя, белыя або зеленаватыя, рэдка жоўтыя і інш. колеру. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюць у нар. медыцыне), кармавыя і дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар.расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАЗІ́ХА, ваўчок (Orobanche),
род кветкавых раслін сям. заразіхавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляюцца 9 відаў: З. галінастая (O. ramosa), белая (O. alba), эльзаская (O. alsatica), гваздзіковая (O. caryophyllacea), блакітнаватая (O. coerulescens), парэзнікавая (O. libanotidis), кумская, або сланечнікавая (O. cumana), высокая (O. elatior), бледнакветкавая (O. pallidiflora).
Адна-, двух- і шматгадовыя бесхларафільныя травяністыя расліны. Сцёблы тоўстыя, мясістыя, простыя або галінастыя, каля асновы звычайна клубне- ці булавападобнапатоўшчаныя, з прысоскамі (гаўсторыямі) — відазмененымі каранямі, якімі З. прысмоктваецца да каранёў раслін, на якіх яна паразітуе. Лісце чаргаванае або супраціўнае, лускападобнае. Кветкі з трубчастым, двухгубым вяночкам рознага колеру, сабраны ў коласа- ці гронкападобныя суквецці. Плод — 2—3-створкавая шматнасенная каробачка. Лек. і харч.расліны, некат. віды (напр., З. галінастая) — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́КТУСЫ,
кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.
Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар.расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.
Літ.:
Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́ЛІЯ (Lobelia),
род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕО́ПСІДЫ, аднадольныя,
аднасемядольныя (Liliopsida),
клас кветкавых раслін, зародак якіх мае адну, у адрозненне ад двухдольных, семядолю. Каля 20 парадкаў, больш за 60 тыс. відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе, складаюць значную ч. травастою лугоў, стэпаў, саваннаў. На Беларусі 11 парадкаў: асакакветныя, ароннікакветныя, жабнікакветныя, касачакветныя, лілеякветныя, метлюжкакветныя, наядакветныя, рагозакветныя, сітакветныя, шальнікакветныя, ятрышнікакветныя; больш за 350 відаў. Гал. кампанент расліннага покрыва балот, лугоў і лясоў.
Пераважна травяністыя расліны. Дравяністыя Л. трапляюцца ў тропіках, радзей у субтропіках. У траў сцябло ў таўшчыню не расце. Лісце з паралельным або дугавым жылкаваннем, звычайна без чаранка і прылісткаў. Кветкі пераважна трохчленныя. Каранёвая сістэма валасніковістая, часта бывае змена падземных парасткаў (карэнішча, клубні, цыбуліны). Харч., кармавыя, тэхн., дэкар., лек. і прыпраўныя расліны.
Літ.:
Флора Европейской части СССР. Т. 1—2. Л., 1974—76;
Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978.