ВО́ЛКАЎ Аляксандр Мяленцьевіч (14.7.1891, г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 3.7.1977),
рускі пісьменнік. Аўтар твораў для дзяцей (аповесці-казкі «Чараўнік Ізумруднага горада», 1939; «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты», 1963; «Сем падземных каралёў», 1964; «Вогненны бог Маранаў», 1968; «Жоўты туман», 1970, і інш.), кніг займальных апавяданняў па геаграфіі і астраноміі («Зямля і неба», 1957), пра гісторыю навукі («У пошуках праўды», апубл. 1980). У гіст. рамане «Дойліды» (1954) маст. асэнсаванне жыцця і дзейнасці рус. дойлідаў 16 ст., у «Блуканні» (1963) перыпетыі асабістага лёсу італьян. філосафа і паэта Дж.Бруна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ Міхаіл Аляксеевіч (17.9.1840, г. Ялта, Украіна — 31.1.1873),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім і Пецярбургскім ун-тах. У 1858 пазнаёміўся з М.Г.Чарнышэўскім (да 1861 быў яго асабістым сакратаром і даверанай асобай). Дэбютаваў аўтабіягр. дылогіяй «Маё дзяцінства» (1861) і «Маё юнацтва» (1862). Друкаваўся ў час. «Время», «Современник», «Русское слово», «Колокол», «Будильник» і інш.
У 1863 пераехаў у Маскву. Асн. тэмай яго творчасці стала жыццё люмпен-пралетарыяту, сац. «дна»: зб. «Маскоўскія норы і трушчобы» (т. 1—2, 1866—69, з А.І.Левітавым), «Багна» (1870).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЛО́ВІЧ Яўген Іосіфавіч (29.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.12.1993),
рускі кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Герой Сац. Працы (1979). Праф. (1962). Літ. дзейнасць пачаў у 1921 як навеліст. У кіно з 1937. Для яго творчасці характэрна ўвага да псіхал. раскрыцця характару персанажа, да лёсу чалавека на фоне гіст. падзей. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Машачка» (1942), «Два байцы» (1943), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Камуніст» (1958), «Твой сучаснік» і «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1979, разам з Г.Панфілавым) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1943, 1967,1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІ́ (сапр.Мінгазееў) Ібрагім Зарыфавіч
(4.2.1907, в. Старыя Карамалы, Татарстан — 21.2.1971),
татарскі пісьменнік. Пісаў на рус., тат. і башк. мовах. Першыя творы ў друку з’явіліся ў 1930-я г. У апавяданнях і аповесцях жыццё рабочай моладзі і калгаснай вёскі, падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі «Іх было трое», 1945; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1947, і інш.). Працоўныя будні, разнастайныя аспекты жыцця сучаснікаў адлюстраваны ў аўтабіягр. трылогіі «Незабыўныя гады» («Дзяцінства», «Хлеб, вінтоўка і каханне», «Калі мацнеюць крылы», 1949—66), рамане «Звычайныя людзі» (1955). Выступаў як літ. крытык, перакладчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́НКА Вячаслаў Андрэевіч (н. 17.12.1941, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел.пісьменнік. Скончыў Чарнавіцкі тэхнікум чыг. транспарту (1961). Працаваў на будоўлі, фотакарэспандэнтам. З 1981 у час. «Беларусь». Аўтар фотанарысаў, апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, эсэ, фотаальбомаў «Бабруйск» (1968), «Нясвіж» (1968), «Магілёў» (1971), «Брэст» (2 выд., 1979), кніг прозы і публіцыстыкі «Паплач ля роднае крынічкі» (1981), «Не плач, душа мая» і «Ой, зялёны дубочак...» (1983), «Браты святой ночы» (1986), «Развітальная песня» (1989), «Сіндыкат Мані Дулі» (1992). Зрабіў літ. запіс дакумент. аповесці П.Ратайкі «На жыццёвых кручах» (1985). Майстар выцінанак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗІ́НЦАЎ Уладзімір Дзмітрыевіч (н. 29.7.1918, г. Купянск, Украіна),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі юрыд.ін-т (1940). Друкуецца з 1933. Аўтар зб-каў апавяданняў «У сям’і асілкаў» (1952), аповесцей «На сваім месцы» (1953), «Навагодняя казка» (1960). Раман «Не хлебам адзіным» (1956) пра вынаходніка ў сутыкненні з бюракратамі і прыстасаванцамі незаслужана крытыкаваўся за т. зв. ачарненне рэчаіснасці. Вострасюжэтны раман «Белае адзенне» (1987) пра самаадданую барацьбу вучоных за выратаванне генетыкі як навукі ў канцы 1940-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́БЕС (Delibes) Мігель (н. 17.10.1920, г. Вальядалід, Іспанія),
іспанскі пісьменнік. Акад. (з 1975). Іспанскай рэчаіснасці 1940-х г. прысвечаны раманы «Кіпарыс кідае доўгі цень» (1947), «Пакуль яшчэ дзень» (1949). У сац.-псіхал. творах адлюстраваў трагічны лёс асобы ў свеце сучаснай цывілізацыі. Гораду Д. проціпастаўляе прыроду і поўнае цяжкасцей сялянскае жыццё, якое, на думку пісьменніка, з’яўляецца апорай чалавечнасці: аповесць «Дарога» (1950), раманы «Пацукі» (1962), «Пяць гадзін з Марыо» (1966), «Войны нашых бацькоў» (1975) і інш. Аўтар зб-каў апавяданняў «Сіеста пры паўднёвым ветры» (1957), дарожных нарысаў «Раманіст адкрывае Амерыку» (1956) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ФЕАДО́СІЯ ПЯЧЭ́РСКАГА»,
адзін з самых ранніх помнікаў стараж.рус. агіяграфічнай л-ры. Напісана каля 1091 Нестарам, надрукавана ў 1635 у «Патэрыконе...» С.Косава. У творы ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра пісьменнік-палеміст Феадосій паказаны як актыўны праціўнік феад. міжусобіц, імкненняў Візантыі падпарадкаваць свайму ўплыву Кіеўскую Русь. Дзейнасць Феадосія, які выкрываў своекарыслівасць і прагнасць манахаў, патрабаваў ад іх аскетычнага і працоўнага жыцця, ладу, імпанавала аўтару. Мова твора эмац. насычаная, лаканічная, ёсць дакладнае апісанне значных гіст. падзей, названы імёны многіх рэальных асоб. Твор быў шырока вядомы на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́РА (Żera) Караль Антоні (1.9.1743, в. Тварогі Выпыхі, Бельскае ваяв., Польшча — пасля 1798),
польскі пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Драгічыне над Бугам (Польшча), потым у Пінску, дзе ў 1765 прыняў духоўны сан. Доўгі час жыў у Сянно. Аўтар зборніка бел., польскіх і лац. фацэцый (анекдотаў) «Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» (распаўсюджваўся ў рукапісах). Многія анекдоты, пераважна антыпрыгонніцкага і антыклерыкальнага зместу, запісаны на Беларусі і бел. мове. Па розных копіях зборнік Ж. выдадзены З.Глогерам у Варшаве (1893).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАР’Я́Н (сапр.Аракелян) Стафан
(16.9.1890, с. Каракліс, Арменія — 15.10.1968),
армянскі пісьменнік. Друкаваўся з 1909. У зб. апавяданняў «Сумныя людзі» (1918), апавяданнях і аповесцях 1918—25 паказаў духоўны свет суайчыннікаў, складаныя сац. працэсы тагачаснасці. Гераічнаму мінуламу Арменіі прысвяціў гіст. трылогію «Цар Пап» (1944), «Армянская крэпасць» (1959), «Вараздат» (1968). Аўтар аўтабіягр. рамана «Гісторыя аднаго жыцця» (т. 1—2, 1934—38). Пераклаў на арм. мову раман Л.Талстога «Вайна і мір», творы І.Тургенева і інш. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі М.Татур, М.Гіль.