філасофія прыхільнікаў тэарэт. спадчыны Н.Макіявелі. Тэрмін вядомы з 16 ст. (Т.Кампанела і інш.), азначаў палітыку, якая пагарджае законамі маралі. Ахоплівае асобныя палажэнні вучэння Макіявелі, іх інтэрпрэтацыі, увасабленні і распрацоўкі ў творах вучоных з улікам запатрабаванняў дзярж. палітыкі, а таксама ідэйныя абгрунтаванні пэўнай сістэмы прыёмаў і метадаў рэалізацыі гэтай палітыкі. Ідэйны змест М. раскрываецца ў яго асн. палажэннях: аб недасканаласці чалавечай прыроды, што мае вырашальны ўплыў на паліт. жыццё грамадства; вяршэнстве дзяржавы і яе інтарэсаў адносна грамадзян і іх правоў; аб гал. ролі фактару сілы ў палітыцы і звядзенні яе да барацьбы за ўладу; аб падзеле палітыкі і маралі, што выражаецца ў формуле «дасягненне мэты апраўдвае любыя сродкі».
Літ.:
Степанов И.А. Макиавеллизм и политическая мысль США. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,
міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т. л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв.арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар.арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв. акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАВА,
геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыродырэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў (Васіль Васілевіч) (7.4.1893, Масква — 6.8.1963),
расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Сын В.М.Мяшкова. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Нар. мастак Расіі (1963). Правадз. член АМСССР (1958). Вучыўся ў бацькі і ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1909—17). Член Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Разані (1919—21). Афармляў спектаклі Разанскага драм.т-ра (1919—21), Новасібірскага опернага т-ра (1926—29). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «На заводзе «Серп і молат» (1923), «Шэры дзень» (1927), «Роздум» (1939) і інш. У манум. эпічных палотнах «Сказанне пра Урал» (1949), «Кама», «Прасторы Камы» (абодва 1950), «Восень у Карэліі» (1951) і інш. перадаў велічны вобраз прыродырас. Поўначы і Урала. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́СТЫІ (ад грэч. nastos ушчыльнены),
рухі (выгіны) органаў раслін у адказ на змены фактараў навакольнага асяроддзя (святло, т-ра і інш.). Напр., хуткае складанне лісця ў мімозы пры дакрананні да яго, раскрыццё кветак у залежнасці ад надвор’я, рух лісця насякомаедных раслін і інш. Пераважна абумоўлены зменай у спецыялізаваных клетках канцэнтрацый асматычна актыўных рэчываў (малату, іонаў калію, хлору), што прыводзіць да змены тургару. Адбываюцца таксама ў выніку нераўнамернага росту расцяжэннем. Напр., пры больш хуткім росце верхняга боку ліст або пялёстак выгінаецца ўніз. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка адрозніваюць тэрма-, фота-, гідра-, хема-, сейсма-; нікці- (рэакцыя на змену дня і ночы), траўма-, электранастыі. Забяспечваюць ахову органаў (зачыненне кветак, вусцейкаў, апусканне лісця), захопліванне прадметаў (рух вусікаў, залозістых валаскоў). З’яўляюцца больш дасканалай формай руху, чым трапізмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ ГУ́КУ,
з’ява неабарачальнага пераходу энергіі гукавой хвалі ў інш. віды энергіі, напр., у цеплату. Залежыць ад прыроды, вязкасці, цеплаправоднасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад частаты гукавых ваганняў. Выкарыстоўваецца для даследаванняў унутр. структуры рэчываў, а таксама ў арх. акустыцы.
Калі праходжанне гуку парушае раўнаважны стан асяроддзя, П.г. павялічваецца з-за рэлаксацыйных працэсаў (гл.Рэлаксацыя акустычная) і суправаджаецца дысперсіяй гуку (гл.Дысперсія хваль). П.г. ў газах залежыць ад ціску ў газе; цеплаправоднасць і зрухавая вязкасць даюць прыкладна аднолькавы ўклад. У вадкасцях у асн. вызначаецца вязкасцю, у цвёрдых целах — унутр. трэннем і цеплаправоднасцю, а на высокіх частотах і пры нізкіх т-рах — рознымі працэсамі ўзаемадзеяння гуку з унутр. ўзбурэннямі ў цвёрдых целах (напр, фанонамі, электронамі праводнасці, спінавымі хвалямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК КАМЯНЁЎ, Эксперыментальная база ледавіковых валуноў пры Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі,
геалагічны музей пад адкрытым небам, помнік прыродырэсп. значэння (з 1989). Прапанаваны Б.І.Гарэцкім у канцы 1970-х г. для захавання ледавіковых валуноў Беларусі, адкрыты ў 1985 у Мінску. Пл. экспазіцыі 6,5 га, больш за 2,1 тыс. экспанатаў (2000). Складаецца з 6 аддзелаў. Цэнтр. — рэльефная мадэль карты Беларусі (пл. 4,5 га; маштаб гарыз. 1:2500, верт. 1:100) з асн. ўзвышшамі, раўнінамі, нізінамі, рачной сеткай, воз. Нарач і Заслаўскім вадасх. Вакол цэнтр. экспазіцыі размешчаны аддзелы: жывільныя правінцыі, петраграфічны збор, форма валуноў, камень у жыцці чалавека, алея валуноў. У П.к. вывучаюцца ледавіковыя валуны, некат. праблемы геалогіі і інш.; праводзіцца папулярызацыя геал. і краязнаўчых ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ХІМІ́ЧНАЯ,
тэрмадынамічная раўнавага ў сістэме, у якой адбываюцца толькі абарачальныя рэакцыі.
Макраскапічныя параметры стану сістэмы (т-ра, ціск, канцэнтрацыя рэчываў) пры Р.х. не залежаць ад часу. Устанаўліваецца, калі скорасці прамой і адваротнай рэакцый становяцца роўнымі (гл.Дзейных мас закон). Умова раўнавагі любой хім. рэакцыі паказваецца суадносінамі
(μi — хім. патэнцыял рэчываў, што ўдзельнічаюць у рэакцыі, νi — стэхіяметрычныя каэф. — дадатныя для зыходных рэчываў і адмоўныя для прадуктаў) і выводзіцца з любой умовы раўнавагі тэрмадынамічнай. Суадносіны паміж канцэнтрацыямі рэчываў у сістэме пры Р.х. вызначаюцца канстантай раўнавагі, якая залежыць ад прыроды рэчываў, што рэагуюць, і ад т-ры. Якасная залежнасць Р.х. ад знешніх умоў апісваецца Ле Шатэлье — Браўна прынцыпам. Гл. таксама Тэрмадынаміка хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».
Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз.прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз.прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.
У.М.Сацута.
Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАНАЛО́ГІЯ (ад дэман + ...логія),
рэлігійнае вучэнне пра злых духаў, заснаванае на першабытнай веры ў духаў (нячысцікаў), а таксама пра спосабы пазбаўлення ад іх людзей, апанаваных д’яблам. Такімі спосабамі хрысціяне лічаць малітвы, заклінанні і пэўныя культавыя дзеянні па выгнанні д’ябла (экзарцызм). Гіст. Д. бярэ пачатак у першабытнай веры ў духаў. Найб. значэнне мае ў рэлігіях з дуалістычным падзелам Сусвету на свет дабра і зла (зараастрызм і маніхейства). У больш позніх рэлігіях, на якія паўплываў зараастрызм (іудаізм, хрысціянства, іслам і інш.), Д. з’яўляецца таксама важнай састаўной ч. веравучэння. Большасць вобразаў бел.нар. Д. дахрысціянскага паходжання. У Д., як і ў міфалогіі, з’явы навакольнага свету, адухоўленыя нар. фантазіяй, адлюстраваны ў выглядзе фантаст. істот. Дэманалагічныя ўяўленні звязваліся з прыроднымі з’явамі (духі прыроды), гаспадаркай і хатнім побытам (хатнія духі), нягодамі, хваробамі, прычым пераважалі вобразы злой сілы. Нар. фантазія надзяляла іх чалавечымі рысамі, знешне падобнымі да чалавека (пераважна на старога дзядка з сівой барадой). Сярод духаў прыроды вылучаліся лясун — гаспадар лесу, вадзянік — дух вады, палявік, жыцень — духі палёў; вылучалі лазавіка, багніка, што нібыта жылі ў лазняку, багне. Большасць павер’яў пра хатніх духаў звязана з уяўленнямі пра «апекуна» дома і гаспадаркі дамавіка; бытавалі таксама ўяўленні пра хлеўніка, гуменніка, лазніка, ёўніка (апошняму часта ахвяроўвалі сноп жыта, каб не спаліў ёўню). Хваробы, паводле павер’яў, чынілі цётухны (увасаблялі ліхаманку), крыксы, начніцы (увасаблялі дзіцячыя хваробы), маровая панна (увасабляла мор, эпідэмію). Увасабленнем трывожнага сну была мара. Найб. пашыраным у нар. Д. быў вобраз чорта, які лічыўся прычынай усякай бяды, няшчасця, зла; быў падобны на д’ябла і служыў яго сінонімам. У канцы 19 — пач. 20 ст. вобразы нар. Д. страцілі рэліг. значэнне і засталіся ў фальклоры як персанажы нар.маст. фантазіі (трапляюцца пераважна ў былічках і чарадзейных казках).