МЕ́ТА (Meta),
рака ў Калумбіі (у нізоўях служыць мяжой паміж Калумбіяй і Венесуэлай), левы прыток р. Арынока. Даўж. больш за 1000 км, пл. басейна 104 тыс. км². Вытокі ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна па раўнінах Льянас-Арынока. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Бурныя летнія паводкі. Ніжэй г. Пуэрта-Лопес суднаходная. Найб. гарады: Пуэрта-Карэньё (у вусці) і Аракуэ.
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКІ КАНА́Л,
суднаходны канал у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Злучае р. Прыпяць з рачным портам Мікашэвічы (ніжэй упадзення р. Лань, за 6 км на З ад р.п. Мікашэвічы). Даўж. 7 км. Праходзіць па забалочанай левабярэжнай пойме р. Прыпяць. Пабудаваны ў 1974—78, рэканструяваны ў 1979—80. Служыць для вывазу прадукцыі Мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» (друз, штучны пясок і інш.).
т. 10, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЧ,
вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Нача. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км па ПнУ ад горада і чыг. ст. Ганцавічы, 274 км ад Брэста. 352 ж., 135 двароў (2000). Малое прадпрыемства «Рытас». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Міхайлаўская Свята-Праваслаўная царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 11, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВО́ЛЬНІЦКІ БЕ́РАГ,
устарэлая назва нізіннага ўзбярэжжа Гвінейскага зал. (зал. Бенін) у Афрыцы, паміж вусцямі рэк Нігер і Вольта. Бераг нізінны, забалочаны, з лагунамі і пратокамі. У вусцях рэк і па берагах лагун — мангравыя зараснікі, за імі паўторныя саванны (на 3) і вечназялёныя лясы (на У). У 16—18 ст. Н.б. — адзін з гал. раёнаў гандлю рабамі (адсюль назва).
т. 11, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСЕ́ТА,
рака ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 346 км². Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Куцін, вусце ў в. Бацэвічы. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. 0,1—0,3 км. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—12 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
т. 11, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КРА, Стараруднянскі канал,
рака ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 293 км². Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Кірава, вусце за 3 км на З ад в. Баравуха. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна на вял. працягу адкрытая, трапецападобная. Рэчышча на працягу 14,5 км (ад вытоку да вусця р. Рудзенка) каналізаванае.
т. 11, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА,
вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., па аўтадарозе Слонім—Дзятлава. Да 1964 наз. Пузавічы.
Цэнтр сельсавета. За 22 км на Пн ад горада і 23 км ад чыг. ст. Слонім, 170 км ад Гродна. 190 ж., 94 двары (2000). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНА́ЛЬЦІ (ад англ. penalty пакаранне, штраф),
пакаранне ў спарт. гульнях за парушэнне правіл у штрафной пляцоўцы. У футболе ўведзены ў 1891 як штрафны ўдар, што прабіваецца па варотах каманды, якая правінілася, з адлегласці 11 м. Назначаецца суддзёй. П. выкарыстоўваецца таксама ў водным пола (з 4 м), гандболе (з 7 м), хакеі на лёдзе і на траве.
т. 12, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫТ,
1) транспартная адзінка пры сплаве лесу. Складаецца з пучкоў бярвён. Аб’ём рачных і азёрных П. (звычайна чатырохвугольных) больш за 25 тыс. м³, марскіх (цыгарападобных) — каля 1,5 тыс. м³.
2) Прымітыўнае судна са звязаных бярвён. Звычайна мае насціл з дошак. Выкарыстоўваюць для суднарамонтных работ, наплаўных мастоў, прычалаў, паромаў і інш., а таксама плавання па рэках і ў моры.
т. 12, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІСТАЯ́ННІ ПЛАНЕ́Т,
становішчы планет, у якіх яны відаць з Зямлі ў напрамках, процілеглых Сонцу. Маюць месца толькі для т.зв. верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, — Марса, Юпітэра і інш. Пры П.п. назіраецца адваротны рух планет з прычыны іх меншай, чым у Зямлі, вуглавой скорасці ў адносінах да Сонца. Гл. таксама Канфігурацыі планет, Вялікае процістаянне Марса.
т. 13, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)