ІНГРЭСІ́ЙНЫЯ БЕРАГІ́,

марскія і азёрныя берагі са зрэзанай берагавой лініяй, якія ўтварыліся ў выніку інгрэсіі. Паводле паходжання паніжэнняў рэльефу прыбярэжнай сушы бываюць ледавіковага (фіёрдавага, шхернага), эразійнага (рыясавага, ліманнага), эолавага (аральскага), структурна-дэнудацыйнага (далмацінскага) тыпаў расчлянення. Гл. таксама Бераг, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІО́ПА (грэч. цудоўнагалосая),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі старэйшая з дзевяці алімпійскіх муз, апякунка эпічнай паэзіі і навукі. Паводле міфаў, К. — дачка Зеўса і багіні памяці Мнемасіны, маці знакамітых спевакоў Арфея і Ліна. Яе звычайна малявалі з навошчанымі дошчачкамі і стылом (палачкай для пісання).

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Беларусі ў 15—16 ст. Цэнтр — г. Камянец. Утвораны ў 1413 у складзе Трокскага ваяводства, з 1520 — Падляшскага ваяводства. У выніку ўзбуйнення паветаў паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшоў у склад Брэсцкіх павета і ваяводства.

т. 7, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНО́ГА РЭГІ́СТРА БЕЛАРУ́СКАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ,

дзяржаўная ўстанова, якая ажыццяўляе класіфікацыю, тэхн. нагляд за суднамі ўнутр. воднага рачнога і мараплавання транспарту, класіфікацыю ўнутр. водных шляхоў паводле ўмоў плавання. Засн. ў 1957. Уваходзіць у склад упраўлення рачнога флоту Мін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Гумбальта, адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1810 у Берліне па ініцыятыве і паводле канцэпцыі В.​Гумбальта як Фрыдрых-Вільгельм ун-т. З 1949 сучасная назва. Працэс адукацыі быў пабудаваны паводле прынцыпу адзінства даследаванняў і навучання. Хутка дасягнуў сусв. значнасці і паўплываў на перабудову інш. універсітэцкіх сістэм. У 19 — пач. 20 ст. быў адзін з вядучых цэнтраў навукі. З ун-там звязана дзейнасць братоў Я. і В.​Грым, Ф.​Бопа, Г.​Гегеля, І.​Фіхтэ, Р.​Коха, Г.​Гельмгольца; у ім працавалі М.​Планк, В.​Нернст, А.​Эйнштэйн і інш. Ф-ты і аддзяленні: філас., юрыд., эканам., пед., тэалагічны, мед., прыродазнаўча-матэм., вет., сельскай гаспадаркі і садоўніцтва, тэорыі і арганізацыі навукі. Пры ун-це працуюць НДІ генетыкі і эксперым. псіхалогіі, абсерваторыя, б-ка і інш.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГО́ЎСКІ (Іван Яўстахавіч) (? — 26.3.1664),

гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоў тэр. Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.​Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.​Цяцеры.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 19.10.1936, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл. драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.​Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.​Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.​Ібсена).

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў 1801—1921. Утворана 21.9.1801 у выніку падзелу Літоўскай губерні на Віленскую і Слонімскую, якая 9.9.1802 перайменавана ў Гродзенскую губерню. Цэнтр — г. Гродна. Падзялялася на 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі. У 1843 да губерні далучаны Беластоцкі, Бельскі, Саколкаўскі пав. са скасаванай Беластоцкай вобласці, Навагрудскі пав. перададзены Мінскай, Лідскі — Віленскай губ. Знаходзілася ў складзе Віленскага генерал-губернатарства. Пл. губерні 33 979 кв. вёрст (1891), нас. 1617,8 тыс. чал. (1897). Паводле веравызнання: правасл. 827 724, католікаў 384 496, іудзеяў 282 303, пратэстантаў 13 067, магаметан 3238. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. Гродзенская губерня скасавана, яе тэр. ўвайшла ў Беластоцкае (Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Саколкаўскі пав.), Палескае (Брэсцкі, Кобрынскі, Пружанскі пав.) і Навагрудскае (Слонімскі пав.) ваяводствы.

т. 5, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШЫФРА́ТАР (ад франц. dēchiffrer разбіраць, разгадваць),

прылада для аўтам. расшыфроўкі кода (дэкадзіравання) паведамленняў. Пераўтварае даныя ў зыходную форму, якую яны мелі да кадзіравання (шыфравання).

Інфармацыя. што паступае на ўваходы Д., пераўтвараецца і на адпаведным выхадзе (ці групе выхадаў) вылучаецца сігнал, які паказвае прыкмету (або змест) уваходнага сігналу, напр. код прынятага ліку пераўтварае ў сігнал кіравання пэўным каналам сувязі (калі лік мае n двайковых разрадаў, Д. можа мець да 2​n выхадаў), код аперацыі — у кіроўны сігнал, код адраса — у сігнал выбаркі адпаведнай ячэйкі памяці запамінальнага прыстасавання ЭВМ і інш. Бываюць патэнцыяльныя, імпульсныя і патэнцыяльна-імпульсныя; паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць паралельныя, паслядоўныя і паралельна-паслядоўныя, паводле будовы — лінейныя, пірамідальныя і прамавугольныя. Выкарыстоўваюцца ў радыё-, выліч. і вымяральнай тэхніцы, тэлеф. і тэлегр. сувязі, тэлекіраванні і інш. Гл. таксама Дэкодэр, Дэтэктар.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІ́ТЫ, іонаабменнікі,

цвёрдыя, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках рэчывы, здольныя да іоннага абмену.

Маюць іанагенныя (дысацыіруючыя на іоны) групы, якія замацаваны на палімернай матрыцы. Паводле тыпу іанагенных груп адрозніваюць катыяніты (полікіслоты), аніяніты (поліасновы) і амфатэры (поліамфаліты). Паводле хім. прыроды матрыцы падзяляюць на арган., неарган. і мінеральна-арган., па паходжанні — на прыродныя і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. арган. І. (гл. Іонаабменныя смолы), з неарган. — алюмасілікаты. Асн. ўласцівасці — абменная ёмістасць (колькасць мг-экв іонаў, якія паглынаюцца адзінкай масы ці аб’ёму І.) і селектыўнасць (характарызуецца каэф. селектыўнасці, які паказвае ступень абагачэння І. пэўным іонам у параўнанні з растворам). Выпускаюць у выглядзе гранул, парашкоў, валакністых матэрыялаў, мембран. Выкарыстоўваюць для дэмінералізацыі і змякчэння вады, выдалення ўрану і медзі з руд, раздзялення рэдказямельных элементаў, у вытв-сці антыбіётыкаў і інш.

У.​С.​Салдатаў.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)