КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭ́ННЯХ,
адзіны сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адм. правапарушэннямі і прыцягненнем за іх да адказнасці. Прыняты Вярх. Саветам БССР 6.12.1984 і ўведзены ў дзеянне з 1.6.1985. Дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Складаецца з 5 раздзелаў (32 главы, больш за 300 артыкулаў). У Кодэксе выкладзены задачы заканадаўства аб адм. правапарушэннях і мерах па іх прадухіленні; сфармуляваны паняцці адм. правапарушэння і адм. спагнання, вызначаны ўмовы і акалічнасці, пры якіх настае адм. адказнасць; пералічаны канкрэтныя віды адм. правапарушэнняў і адм. спагнанняў за кожнае з іх у розных сферах дзярж., грамадскай і гасп. дзейнасці; вызначаны органы і службовыя асобы, правамоцныя разглядаць справы аб адм. правапарушэннях, іх падведамаснасць і кампетэнцыя; рэгулююцца пытанні вытворчасці па справах аб адм. правапарушэннях і выканаўчага вядзення іх; вызначаны парадак і формы фіксацыі фактаў адм. правапарушэнняў, службовых асоб, правамоцных гэтым займацца, і меры, з дапамогай якіх забяспечваецца вытворчасць па справах аб адм. правапарушэннях; рэгламентуюцца правы і абавязкі правапарушальнікаў і інш. асоб, якіх прыцягваюць да разгляду спраў, і парадак іх разгляду адпаведнымі органамі, замацоўваюць права на абскарджанне і апратэставанне іх рашэнняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙБАРЫ́СЦКАЯ ПАРТЫЯ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (Labour Party Рабочая партыя),
адна з дзвюх гал. партый краіны. апанент Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Засн. ў 1900 (да 1906 наз.К-т рабочага прадстаўніцтва) на базе чартысцкага руху (гл.Чартызм). Паводле складу пераважна партыя рабочых і часткова сярэдніх слаёў. Ідэалогія — рэфармісцкі сацыялізм (гл.Рэфармізм); пасля 2-й сусв. вайны выступала за дэкаланізацыю Брыт. імперыі (у т. л. наданне незалежнасці Індыі, Бірме, Цэйлону), да 1989 і супраць уцягвання Вялікабрытаніі ў зах.-еўрап. інтэграцыйны працэс. У 1924 і 1929—31 (прэм’ер-міністр Дж.Р.Макдональд), 1945—51 (прэм’ер-міністр К.Р.Этлі), 1964—70, 1974—79 (прэм’ер-міністры Дж.Г.Вільсан і Л.Дж.Калагэн) і з 1997 (прэм’ер-міністр Э.Блейр) кіруючая партыя. У сярэдзіне 1990-х г. разам з падкантрольнымі прафсаюзамі мела больш за 5 млн. членаў. Кіруючыя органы — штогадовы парт. з’езд, паміж з’ездамі — нац. выканаўчы к-т.
Літ.:
Виноградов В.Н. У истоков лейбористской партии (1889—1900). М., 1965;
Перегудов С.П. Лейбористская партия в социально-политической системе Великобритании. М., 1975;
Рыжиков В.А. Британский лейборизм сегодня: теория и практика: Политика послевоен. лейборист. правительств Великобритании. М., 1984;
Осадчая Ж.Ф. Лейбористская партия Великобритании: лицом к будущему. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),
род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА САВЕ́ТА МІНІ́СТРАЎ БССР ПРЫ САВЕ́ЦЕ МІНІ́СТРАЎ СССР (Пастпрэдства БССР),
орган сувязі БССР з урадам СССР. Знаходзілася ў Маскве. Створана паводле пастановы ВЦВК РСФСР у ліп. 1923. Палажэнне аб Пастпрэдстве БССР прынята ЦВК і СНКБССР у кастр. 1924 (новае Палажэнне — у 1948). Асн. задачы Пастпрэдства — правядзенне ў вышэйшых органах СССР прапаноў БССР, забеспячэнне ўдзелу БССР у дзейнасці органаў Саюза, абарона інтарэсаў рэспублікі ў складзе СССР, расшырэнне і ўмацаванне сувязей БССР з саюзнымі рэспублікамі і інш. Функцыі органа абмяжоўваліся пытаннямі, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыямі СССР і БССР знаходзіліся ў распараджэнні БССР ці ў сумесным распараджэнні Саюза і рэспублікі (з 1924 т.зв. аб’яднаныя, з 1936 саюзна-рэсп. галіны кіравання). Аб’ём паўнамоцтваў Пастпрэдства ў розныя гады мяняўся ў залежнасці ад аб’ёму правоў БССР як саюзнай рэспублікі (іх звужэння або пашырэння). Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) прадстаўніцтва стала называцца Пастаянным прадстаўніцтвам СМБССР (з вер. 1991 Рэспублікі Беларусь) пры Кабінеце Міністраў СССР. Спыніла існаванне ў снеж. 1991 у сувязі з распадам СССР.
Літ.:
Крохоткин А.М. Постоянные представительства — органы связи Советов Министров союзных республик с Советом Министров СССР // Сов. государство и право. 1962. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б Існавала з сак. 1925 замест Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі ў сувязі з утварэннем у КПЗБсэцэсіі і неабходнасцю яе ліквідацыі. У розны час Прадстаўніцтва ўзначальвалі А.С.Славінскі
(Качароўскі),
С.Т.Мілер, М.А.Блінчыкаў, А.У.Канчэўскі, Г.М.Дуа, Ю.Брун, Р.Д.Вольф, С.А.Мергэнс, Е.І.Шоламаў, І.Ф.Сяменікаў. Працавала пад кіраўніцтвам Прадстаўніцтва КПП пры Выканкоме Камінтэрна ў Маскве і фактычна лічылася яго філіялам у Мінску. Рэгулярна інфармавала кіруючыя органыКП(б)Б пра дзейнасць і мерапрыемствы ЦККПЗБ, стан рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, вяло перапіску па паліт. і арганізац. пытаннях з Бюро і Краявым сакратарыятам ЦККПЗБ, якія знаходзіліся ў падполлі, дапамагала ім рыхтаваць кадры для падп.парт. работы, выдаваць парт. л-ру, займалася справамі паліт. эмігрантаў і асоб, што прыбылі нелегальна з Зах. Беларусі, рыхтавала з’езды КПЗБ і КСМЗБ, кіравала Мінскай школай КПЗБ, часткай Цэнтр. рэдакцыі КПЗБ, якая выдавала л-ру для Зах. Беларусі, Камісіяй па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР і Зах. сектарам Гістпарта. Функцыянавала да лета 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦАЎЛАДКАВА́ННЕ,
сістэма арганізацыйных, эканам. і прававых мер, накіраваных на забеспячэнне прац.занятасці насельніцтва У шырокім сэнсе П. аб’ядноўвае ўсе формы прац. дзейнасці, у т. л. прадпрымальніцтва, індывід.прац. дзейнасць і да т.п. У вузкім сэнсе пад П. разумеецца працэс пошуку адпаведнай работы і ўладкаванне на ёй, а таксама працэс прафес. падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі грамадзян для атрымання наяўных прац. месцаў. У забеспячэнні занятасці насельніцтва ўдзельнічаюць агульныя і спец.дзярж.органы. Агульнае кіраванне П. у Рэспубліцы Беларусь ускладзена на Мін-ва працы, якое нясе адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю дзярж. палітыкі ў галіне працы і занятасці. Спец. органам П. з’яўляецца дзярж. служба занятасці, у якую ўваходзяць Гал. ўпраўленне дзярж. службы Мін-ва працы, абл. ўпраўленні службаў занятасці, гар. і раённыя цэнтры занятасці, інфарм. цэнтры, цэнтры па прафес. падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы беспрацоўных (гл.Беспрацоўе), іх філіялы і аддзяленні. Дзярж. служба занятасці з’яўляецца пасрэднікам паміж беспрацоўнымі і наймальнікамі. Падставай ўзнікнення праваадносін паміж імі з’яўляецца рашэнне службы занятасці аб прызнанні грамадзяніна беспрацоўным. Прававое рэгуляванне адносін, звязаных з П., ажыццяўляецца законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.12.1991 і інш. нарматыўнымі актамі.
падклас бруханогіх малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн.г. назад). Паводле розных класіфікацый, ад 2 да 24 атр., каля 500 сям., больш за 50 тыс. відаў. Жывуць у морах, прэсных водах і на сушы. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. На Беларусі 14 відаў, найб. трапляюцца бітыніі, жывародкі, вальваты.
Памеры ад 1 мм да 1 м, маса ад доляў міліграма да некалькіх кілаграмаў. Цела асім., звычайна ўкрыта ракавінай спіральнай. сподачкападобнай і інш. формы; складаецца з галавы, вантробнага мяшка з мантыяй і «нагі». Дыхае шчэлепамі, якія размешчаны перад сэрцам (адсюль назва). Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. вузлоў і перакрыжаваных нерв. ствалоў. Ёсць органы стрававання, зроку, раўнавагі, дотыку, хім. пачуцця. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Развіццё з ператварэннем або прамое. Водныя П.м. — корм для рыб і птушак. Некат. віды (літарыны, рапаны, марскія вушкі, трубачы і інш.) — аб’екты промыслу і марыкультуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ, ВРК Заходняга фронту,
часовы рэв. орган па правядзенні ўзбр. паўстання на Беларусі і Зах. фронце ў кастр.—ліст. 1917. Утвораны 8.11.1917 бальшавікамі Мінска. Старшыня бюро ВРК К.І.Ландар, чл. І.Я.Алібегаў, С.І.Берсан, М.І.Калмановіч, В.В.Каменшчыкаў, В.Г.Кнорын, М.І.Крывашэін, А.Ф.Мяснікоў, М.У.Рагазінскі і інш. Выдаваў «Бюллетень Военно-революционного комитета Западного фронта». Меў аддзелы: грамадз., ваен., гасп., забеспячэння, арганізац. і сувязі, мандатны, інфармацыйны. 17.11.1917 ВРК распусціў эсэра-меншавіцкі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, арыштаваў ваен. камісара Часовага ўрада на Зах. фронце, зняў галоўнакамандуючага Зах. фронту ген. П.С.Балуева, які адмовіўся падпарадкавацца сав. уладзе, і назначыў на яго месца Каменшчыкава, удзельнічаў у ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве, накіраваў у штаб герм.Усх. фронту дэлегацыю, якая 4.12.1917 падпісала ў мяст. Солы дагавор пра перамір’е на Зах. фронце. Падрыхтаваў і склікаў з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. Вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, якія выбралі органысав. улады. Спыніў дзейнасць 9.12.1917 пасля стварэння Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту і Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш.органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.