ДЗІРЫХЛЕ́ ((Dirichlet) Іаган Петэр Густаў) (13.2.1805, г. Дзюрэн, Германія — 5.5.1859),
нямецкі матэматык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1837) і чл. Парыжскай (1854) АН, чл. Берлінскай АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1855). Праф. Берлінскага (1831—55), Гётынгенскага ун-таў (з 1855). Навук. працы па тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, матэм. фізіцы. Даказаў тэарэму пра існаванне бясконца вялікай колькасці простых лікаў у кожнай арыфметычнай прагрэсіі з цэлых лікаў, першы член і рознасць якой — лікі ўзаемна простыя. Сфармуляваў і даследаваў паняцце ўмоўнай збежнасці шэрагу, устанавіў прыкмету збежнасці шэрагу (прыкмета Дз.); даказаў магчымасць раскладання ў шэраг Фур’е функцыі, якая мае канечную колькасць максімумаў і мінімумаў (інтэграл Дз.).
Літ.:
Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЧУ́К (Міхаіл Іванавіч) (н. 28.6.1946, в. Дзевяткі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік, дзярж. дзеяч Беларусі. Чл.-кар.АН Беларусі (1986), д-рфіз.-матэм.н. (1983), праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1968). З 1970 у БДУ і НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. У 1985—88 заг. аддзела навукі і навуч. устаноў ЦККПБ. З 1988 міністр нар. адукацыі, з 1991 нам. старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 1994 рэктар БПА. Навук. працы па квантавай электроніцы і навук. прыладабудаванні (статыстычных метадах часавага аналізу хуткапераменных патокаў светлавога выпрамянення). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Статистический одноквантовый метод в оптико-физическом эксперименте. Мн., 1981 (разам з М.А.Івановым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕНІКАЛО́ПАЎ (Мікалай Сяргеевіч) (13.3.1924, г. Сцепанакерт, Азербайджан — 22.1.1993),
савецкі фізікахімік. Акад.АНСССР (1976, чл.-кар. з 1966). Скончыў Ерэванскі політэхн.ін-т (1945). У 1949—80 у Ін-це хім. фізікі, з 1985 дырэктар Ін-та сінт. палімерных матэрыялаў АНСССР, адначасова (з 1961) праф. Маскоўскага фізіка-тэхн. ін-та. Навук. працы па кінетыцы і механізме іоннай полімерызацыі, тэхналогіі палімерных кампазіцыйных матэрыялаў. Адкрыў новы элементарны акт полімерызацыі — перадачу ланцуга праз палімер (1961), магчымасць полімерызацыі пры высокім ціску ў спалучэнні з дэфармацыяй зруху рэчываў, якія цяжка ператварыць у палімеры інш. метадамі. Прапанаваў метады напаўнення тэрмапластаў мінер. напаўняльнікамі непасрэдна ў ходзе полімерызацыі. Ленінская прэмія 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (2.7.1841, г. Казань, Татарстан — 1.9.1910),
рускі хімік-арганік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Скончыў Казанскі ун-т (1862), дзе і працаваў з 1865. Вучань А.М.Бутлерава. Навук. працы па арган. сінтэзе і развіцці тэорыі хім, будовы Бутлерава. Адкрыў рэакцыю атрымання другасных і трацічных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні (альдэгіды, кетоны і інш.) цынку і алкілгалагенідаў (1875, рэакцыя З.), новы клас арган. злучэнняў — лактоны (1873). Устанавіў правіла адшчаплення галагенавадародаў ад другасных і трацічных галагенідаў і вады ад спіртоў (правіла З.) і далучэння пратонных кіслот да несім. ненасычаных вуглевадародаў (правіла З. — Вагнера). Сінтэзаваў дыэтылкарбінол, шэраг ненасычаных і мнагаатамных спіртоў, арган. аксідаў, аксікіслот.
Літ.:
Ключевич А.С., Быков Г.В. А.М.Зайцев, 1841—1910. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Аляксандр Яфімавіч) (н. 17.1.1939, Мінск),
бел. матэматык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1991), д-рфіз.матэм.н. (1978), праф. (1986). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі. З 1997 праф. ун-та ў Вялікабрытаніі (г. Новіч). Навук. працы па тэорыі лінейных і алгебраічных груп, тэорыі кольцаў, тэорыі інварыянтаў. Вырашыў праблему Капланскага пра групавыя кольцы, праблему Фейса пра нётэравыя кольцы. Даследаваў уласцівасці асобных элементаў у камплексных прадстаўленнях канечных груп тыпу Лі і ідэалах групавых кольцаў лакальна канечных груп.
Тв.:
Об одном предположении Капланского // Докл.АНСССР. 1972. Т. 203, № 4;
Фрагмент матрицы разложения специальной унитарной группы над конечным полем // Изв. АНСССР. Сер. мат. 1990. Т. 54, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЯЦ (Мікалай Емяльянавіч) (н. 4.1.1943, в. Страдзечы Брэсцкага р-на),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1991), праф. (1993), чл.-кар. Акадэміі агр.н. (1996). Скончыў Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1969). Працаваў у Мінфіне, Бел.НДІ эканомікі сельскай гаспадаркі. З 1978 у Бел.эканам. ун-це, з 1991 прарэктар і заг. кафедры фінансаў. Даследуе праблемы рэгулявання эканам. адносін АПК, функцыянавання фін. і цэнавага механізмаў, рэнтных даходаў, бюджэтна-фін. і падатковага рэгулявання. Аўтар падручнікаў па тэорыі фінансаў, дзярж. бюджэту, міжнар. валютна-фін. адносін.
Тв.:
Экономические взаимоотношения колхозов и совхозов в межхозяйственных объединениях. Мн., 1982 (разам з Г.З.Захаравым);
Управление хозрасчетно-финансовым механизмом в сельском хозяйстве. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНКЕ́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (16.6.1889, г. Ленінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1970),
савецкі акіянолаг, гідрабіёлаг. Акад.АНСССР (1968; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (юрыд.ф-т, 1912; фіз.-матэм.ф-т, 1916). З 1930 заг. кафедры ў Маскоўскім ун-це і адначасова ў 1936—47 заг. кафедры ў БДУ. Узначальваў комплексныя марскія экспедыцыі на суднах «Персей», «Віцязь», «Акадэмік Курчатаў». Пад яго кіраўніцтвам закладзены асновы комплексных экспедыцыйных даследаванняў вадаёмаў Беларусі (1936—47), па яго ініцыятыве створана Нарачанская біял. станцыя (1946). Асн. працы па марфалогіі і параўнальнай анатоміі беспазваночных, зоагеаграфіі, вывучэнні марской і акіянічнай фауны, біял. структуры акіяна і марской біяцэналогіі. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Вадзім Ціханавіч) (н. 18.9.1937, г. Феадосія, Украіна),
расійскі хімік-арганік. Акад. Расійскай АН (1987; чл.-кар. 1976). Скончыў Маскоўскі ун-т (1960). З 1963 у Ін-це біяарган. хіміі Рас.АН (з 1988 дырэктар). Навук. працы па хіміі фізіялагічна актыўных злучэнняў і бялкова-пептыдных рэчываў. Распрацаваў агульныя метады атрымання дэпсіпептыдаў, ажыццявіў хім. сінтэз шэрагу прыродных дэпсіпептыдаў і іх аналагаў (1970—75). Адкрыў здольнасць мембранна-актыўных комплексаў (іанафораў) утвараць ліпафільныя комплексы з іонамі металаў, расшыфраваў іх структуры, устанавіў прычыны іоннай селектыўнасці іанафораў. Вызначыў прасторавую будову антыбіётыку граміцыду C, тканкавага гармону брадыкініну. Ленінская прэмія 1978. Дзярж. прэмія СССР 1985.
Тв.:
Путь к синтезу белка. Л., 1982 (разам з А.Н.Шаміным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Яўген Аляксеевіч) (18.12.1924, г. Арэнбург, Расія — 3.7.1985),
бел. матэматык. Чл.-кар.АН Беларусі (1977), д-рфіз.-матэм.н. (1969), праф. (1970). Скончыў Пінскі настаўніцкі ін-т (1950), БДУ (1956). З 1959 у Мінскім дзярж.пед. ін-це, з 1962 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1970 у БДУ. Навук. працы па тэорыі дыфракцыі эл.-магн. хваль. Распрацаваў метад строгага рашэння задач дыфракцыі хваль на некалькіх целах правільнай геам. формы. Пабудаваў алгарытмы лікавага рашэння задач, якія рэалізуюцца на ЭВМ па стандартных праграмах.
Тв.:
Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;
Таблицы сфероидальных волновых функций и их первых производных. Т. 1—2. Мн., 1973—76 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВІ́ЦКІ (Андрэй Ігнатавіч) (13.6.1904, в. Светазер’е Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 3.5.1992),
бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар.АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. навук БССР (1959—61), д-ртэхн.н. (1958), праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Горацкі с.-г.ін-т (1925). З 1931 ва Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі ў Мінску, з 1948 у Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. Устанавіў залежнасць выпарэння тарфяной глебы ад кліматычных і інш. фактараў, распрацаваў метад вызначэння часу наступлення перадпасяўнога перыяду і метад разліку перадпасяўнога сцёку, прынцыпы асушальнай меліярацыі, прапанаваў новы падыход да ўстанаўлення норм (інтэнсіўнасці) асушэння балот.
Літ.:
Библиография научных трудов члена-корреспондента АНБССР А.И.Ивицкого. Мн., 1979.