ПРЭЗІНДЖА́НТРАП (ад лац. prae перад + зінджантрап),
выкапнёвы прымат, рэшткі якога (маленькі раструшчаны чэрап) разам з груба абабітымі галечнымі прыладамі знойдзены англ. археолагам Л.С.Б.Лікі ў цясніне Олдувай у 1960. Частка даследчыкаў лічыць П. найстаражытнейшым чалавекам пад назвай Homo habilis (чалавек умелы) і адносіць яго да аўстралапітэкаў. Існаваў каля 2 млн.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАГО́СТ,
вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст.пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж.З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв.З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУСКНЫ́ КАЛО́ДЗЕЖ,
полая замкнёная звычайна жалезабетонная канструкцыя, якая апускаецца ў грунт ад уласнай вагі і агароджвае грунтавую выпрацоўку. Бывае круглай (дыяметрам да 80 м), эліптычнай ці прамавугольнай у плане формы. Грунт унутры апускнога калодзежа распрацоўваецца пераважна грэйферам, таксама экскаватарам, гідраэлеватарам. У малазвязных грунтах і пясках апусканне калодзежа паскараюць вібраўстаноўкамі, у гліністых — напампоўваннем паміж сценкамі калодзежа і грунтам гліністай суспензіі. Выкарыстоўваюцца апускныя калодзежы пры збудаванні глыбокіх масіўных фундаментаў (70 м і болей), падземных памяшканняў, рэзервуараў і інш. Калі апускны калодзеж прызначаецца пад фундамент, то запаўняецца бетонам ці замуроўваецца, калі пад памяшканне (напр., помпавую станцыю) — робіцца днішча.
Апускны калодзеж: 1 — цалкам запоўнены бетонам (калодзеж-апора); 2 — часткова запоўнены бетонам (калодзеж—заглыбленае збудаванне).Выманне грунту запускнога калодзежа грэйферам.
французскі жывапісец і графік. Прадстаўнік фавізму. Самавучка, фарміраваўся пад уплывам В. ван Гога і П.Сезана. Раннія творы (пач. 20 ст.) дынамічныя па кампазіцыі, напружана-кантрастныя і крыкліва-зыркія па колеры і пейзажы: «Чырвоныя дрэвы», «Дом пад дрэвам», «Цырк», «Нацюрморт з яблыкамі» (усе 1906), «Баркі на Сене» (1907), «Буксір каля Шату» (1908), «Кветкі» (1909); партрэт «А.Дэрэна» (1905), «Аўтапартрэт» (1912) і інш. Творам 1920—30-х г. («Руэй-ла-Гадэльер», «Царква ў Аверсюр-Уаз. Памяці ван Гога») уласціва драм. экспрэсія, змрочны каларыт. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі (гравюры на дрэве «Жаночая галава», «Аржэнтоль», літаграфія «Сен-ле-Таверні» і інш.).
рускі скульптар. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1785). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—79) у Н.Жыле і Ф.Гардзеева, у 1784—1828 выкладаў у гэтай акадэміі. Пенсіянер Пецярбургскай АМ у Парыжы (1779—84), дзе працаваў пад кіраўніцтвам П.Жульена. Раннія творы, якія ствараў пад уплывам ракако, вызначаюцца дынамікай кампазіцыі і вытанчанасцю сілуэтаў («Актэон, якога праследуюць сабакі», 1784, і інш.). Пазней працаваў у рэчышчы класіцызму. Аўтар рэльефаў у будынку Пецярбургскай АМ (1785—86), у Паўлаўскім палацы (1785—87), на атыку Казанскага сабора ў Пецярбургу («Пакланенне меднаму змію», 1805—06), дэкар. статуй і груп для фантанаў Пецяргофа («Трытоны», 1800), скульптурнай кампазіцыі «Нява і Волхаў» (1801), партрэтаў (А.Ф. і А.Я. Лабзіных, 1802) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Аляксандр Карпавіч) (12.9.1904, г. Рэчыца — 23.4.1956),
поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1942. Камандзір сапёрнага аддзялення ст. сяржант Васільеў вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: з групай сапёраў размініраваў 2 мінныя палі, зняў 75 мін; пад агнём праціўніка пераправіў на лодцы цераз Одэр 250 пехацінцаў; у баях за расшырэнне плацдарма зрабіў 5 праходаў у мінных палях, зняў 65 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙДА́К,
пласкадоннае драўлянае грузавое судна з 2-схільным дахам і мачтай. Бытаваў на Беларусі ў 16—19 ст.Даўж. 25—53 м, шыр. 4—10 м, грузападымальнасць 80—250 т. Па канструкцыі самае вузкае, адносна сваёй даўжыні, і непаваротлівае судна. На байдаках хадзілі ўверх і ўніз па цячэнні ракі пад ветразем у басейнах Дняпра і Прыпяці. З сярэдзіны 19 ст. выцеснены больш зручнай берлінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РМЫ, барма,
шыйныя каралі або круглы каўнер на ўрачыстым убранні візант. імператараў 10—15 ст., рус.вял. князёў і цароў (14—пач. 18 ст.). Вырабляліся з золата, серабра, парчы і інш. тканіны, упрыгожваліся жэмчугам, самацветамі, выявамі святых. Надзяваліся на каранацыі і ўрачысты выхад. На Русі бармы ўпершыню згадваюцца ў духоўнай грамаце Івана Каліты, пад назвай «оплечья» вядомы з 1216.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА»,
часопіс інспектарыята бел. школ пры генеральным камісары Беларусі. Выдаваўся ў студз.—снеж. 1942 у Мінску (друкаваўся кірыліцай і лацінкай у Вільні) на бел. мове пад кантролем герм. улад. Выходзіў раз у 2 месяцы. Складаўся з 2 частак — для настаўнікаў і вучняў. Друкаваў пераважна метадычныя і вучэбныя матэрыялы. Выйшла 6 нумароў. З 1943 замест «Беларускай школы» выдаваўся час. «Школа і жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ КЛУБ МЕТАЛІ́СТАЎ,
помнік архітэктуры 1930-х г. Пабудаваны ў Віцебску ў 1932 (арх. А.Васільеў). Мае складаную канфігурацыю плана. Вонкавы выгляд і інтэр’еры вызначаюцца строгасцю арх. формаў. Складаецца з 2 груп памяшканняў з асобнымі ўваходамі. Першая — для відовішчаў (вестыбюль, фае, універсальная глядзельная і спарт. залы), другая — клубная (у 2-павярховай частцы, якая пад прамым вуглом прылягае да асн. аб’ёму).