керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.
К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней звыяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.
На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст.бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст. значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.
Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;
Беларуская кафля. Мн., 1989.
А.А.Трусаў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.Кафля. Самарканд. 1340-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Засн. ў 1624 краснасельскім старостам А.Кянсоўскім, фундацыя зацверджана Я.Валовічам (1628). У 1630-я г. пабудаваны драўляныя кляштар з касцёлам (згарэлі ў 1644). Пасля пажару ўзведзены мураваныя касцёл і кляштар (згарэлі ў 1656, адноўлены ў 2-й пал. 17 ст.). У 1676 пабудавана мураваная капліца (фундатар К.Завіша). Пасля пажару 1740 будынкі рэканструяваны. У час пажару 1835 яны пашкоджаны, пазней адноўлены. У 1864 кляштар скасаваны. Цэнтр. месца ў комплексе займаў касцёлсв. Іосіфа — 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф пераходзіць у выцягнуты прэсбітэрый (накрыты агульным 2-схільным дахам) з 3-граннай алтарнай апсідай, умацаванай контрфорсамі. Гал. фасад бязвежавы, мае хвалістую паверхню, падзелены пілястрамі на 3 часткі. Цэнтральная завершана фігурным шчытом з валютамі па баках, з шырокім уваходным парталам, над ім — вял. акно з 3-лопасцевым арачным завяршэннем; у паўцыркульных нішах размяшчалася стукавая скульптура (захавалася часткова). Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны пілястрамі. Інтэр’ер упрыгожаны 9 алтарамі, аздобленымі жывапісам. ЗПнУ да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак кляштара, рытм яго фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры. У комплексе кляштара мураваны 2-павярховы флігель, гасп. пабудовы. Тэр. кляштара была абнесена мураванай сцяной (захавалася часткова) з брамамі. Зпаўд.боку да касцёла былі прыбудаваны гандл. рады. Фасады касцёла рэстаўрыраваны (1984, арх. Г.Босак). У 1872 памяшканне касцёла прыстасавана пад архіў, з 1992 у ім Архіў навук.-тэхн. дакументацыі і Архіў-музей л-ры і мастацтва Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НАК,
помнік архітэктуры барока і ракако ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 17—2-й пал. 18 ст.з цэглы на б. Рыначнай пл. Пашкоджаны пажарам у 1790, адноўлены ў 1793. Комплекс быў абнесены магутнай мураванай сцяной з барочнай уязной брамай (не захавалася).
Кляштар засн. К.Юдзіцкай-Салятыцкай, А.Юдзіцкім, пры ўдзеле братоў З. і К. Працлаўскіх. З 1696 пры кляштары існавала брацтва св. Міхаіла. У 1830 сюды пераведзены бернардзінкі з Брэста. Пасля 1905 кляштар перададзены манашкам ордэна Бязгрэшнага Зачацця Дзевы Марыі (непакалянкам).
Касцёл пабудаваны ў 1664—70 ці 1670—96 на месцы драўлянага храма, які згарэў у 1656. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з паўкруглай апсідай з рознавял. сакрысціямі і 3-яруснай чацверыковай вежай-званіцай пры ўваходзе. Верхні ярус вежы-званіцы дэкарыраваны здвоенымі лапаткамі, арачнымі нішамі, завершаны 4-схільным пакатым дахам. Сцены будынка расчлянёны масіўнымі слупамі-пілястрамі, капітэлі якіх дэкарыраваны стылізаваным расл. арнаментам. Інтэр’ер у 1751—64 упрыгожаны гал. 2-ярусным і 4 бакавымі алтарамі, амбонам, спавядальняй у стылі ракако (стукавыя арнаменты і скульптура выкананы майстрам І.Гедэлем паводле малюнкаў І.К.Глаўбіца); вылучалася барочная печ сакрысціі, абліцаваная зялёнай кафляй (17 ст., у 1970 знішчана). У 1764 да касцёла прыбудаваны 2-павярховы будынак жылога корпуса з замкнёным прамавугольным дваром (арх. І.Авадовіч). Фасады корпуса рытмічна расчлянёны пілястрамі, дэкарыраваны прафіляваным карнізам і поясам. Паўд.-зах. вугал будынка вылучаны рызалітам, умацаваным магутнымі контрфорсамі.
А.М.Кулагін, А.А.Ярашэвіч.
Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак. Выгляд касцёла збоку апсіды.Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак. Галоўны алтар касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЭ́РАВА ПРАСПЕ́КТу Мінску.
Знаходзіцца ў цэнтр. частцы горада. Былая Паркавая магістраль, з 1980 сучасная назва. З 12 ст. на гэтым месцы было стараж. гарадзішча зМінскім замкам, з 16 ст. побач размяшчалася Татарская слабада (Татарскі канец, Пятніцкі канец). Забудова М.п. пачалася ў 1960-я г. Фарміруецца як састаўная ч. 2-га гар. дыяметра. Працягласць каля 9 км ад пуцеправода цераз вул. Няміга да кальцавой аўтадарогі. Зпаўн.-ўсх.боку праспекта цячэ р. Свіслач. Жылыя і грамадскія комплексы з глыбіннымі кампазіцыйнымі прыёмамі забудовы спалучаюцца з зялёнымі масівамі і вадаёмамі. На левым баку М.п. будынак Дома мадэлей (1967, арх. С.Замараеў), комплекс вышынных грамадскіх будынкаў, аб’яднаных 2-павярховым стылабатам, гасцініцы «Юбілейная» (1968, арх. Г.Бенядзіктаў), «Планета», кінатэатр «Масква» (абодва 1980). У ансамблі забудовы гэтага ўчастка — скульпт. групы «Вясна», «Лета», «Восень» і «Зіма» (1982, скульпт. А.Шатэрнік, Л.Давідзенка, Ю.Палякоў, В.Занковіч). Вылучаюцца пабудовы: Мінскі завод халадзільнікаў (1968—75), Дом праектных арганізацый, Мінскі палац тэніса (абодва 1978), Дом прафесіянальных саюзаў (1982), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» (1988). На правым баку праспекта ўздоўж Свіслачы знаходзяцца рэканструяваны фундамент храма 12 ст., спарт. комплекс «Дынама» (1934), Мінскі палац спорту (1966), парк Перамогі (закладзены ў 1945), добраўпарадкоўваецца набярэжная (арх. С.Баткоўскі, Ю.Градаў, Л.Левін). У 1983 на М.п. створаны жылы раён з групы 9—16-павярховых дамоў блок-секцыйнага тыпу (арх. Н.Шпігельман, В.Крусь), у 1985 — арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», у 1987 у раёне вадасховішча Дразды пабудаваны гал. і спарт. карпусы Акадэміі фіз. выхавання і спорту (арх. У.Афанасьеў, у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТЭНБЛО́ (Fontainebleau),
горад у Францыі, на Пд ад Парыжа. Каля 40 тыс.ж. (2000). Вытв-сць фарфоравых вырабаў.
Засн. ў 16 ст. як загарадная рэзідэнцыя франц. каралёў. Комплекс палацавых пабудоў размяшчаецца ў вял. маляўнічым парку. Гал. збудаванне — рэнесансавы палац (з 1527, арх. Ж.Лебрэтон, П.Шамбіж-старэйшы і інш.), узведзены на месцы паляўнічага павільёна 12 ст. Вылучаюцца двары — «Белага каня» (з 1527); «Авальны» (з 1528, арх. Лебрэтон) з «Залатой брамай» (будынак з 3-яруснай лоджыяй і багатым дэкорам, 1535—44, Ф.Прымаціча, Н. дэль Абатэ), капэлай Сен-Сацюрнен (1545) і інш.; «Фантана» (фантан са статуяй Уліса, 1812, Л.М.Л.Петыто); галерэя Францыска I (1528—41, дэкар. ўбранне, 1533—44, Роса Ф’ёрэнціна, Прымаціча). Буд-ва і пераробка інтэр’ераў вяліся пры Францыску I, Генрыху II (арх. Ф.Дэлорм і інш.), Карле IX, Напалеоне I і інш.Зпаўд.боку палаца партэрны парк (17 ст.); на месцы сярэдневяковага саду Дыяны — англ. (пейзажны) парк (19 ст.) з фантанам Дыяны (1684). У палацы размяшчаюцца музеі Р.Бакёр і кітайскі, у яго крыле — Цэнтр амер. мастацтва (з 1921). У Ф. ў 1560 каралева Медычы Кацярына склікала сход натабляў, каб прымірыць католікаў і гугенотаў. У 1685 Людовік XIV указам адмяніў Нанцкі эдыкт 1598. У 1809—14 зняволены рым. папа Пій VII. У 1814 Напалеон I адрокся ад трона.
Цяпер Ф. — нац. музей. Каля Ф., у в. Барбізон, цэнтр Барбізонскай школы жывапісу. Комплекс Ф. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Н.К.Мазоўка (архітэктура).
Да арт.Фантэнбло. Агульны выгляд замкавага комплексу.Фантэнбло. Галерэя Францыска I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.
Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст.арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш.Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт.Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратушазВіцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся збоку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРА́МЕНТ (ад лац. temperamentum належныя суадносіны частак, суразмернасць),
характарыстыка індывіда збоку яго дынамічных асаблівасцей: інтэнсіўнасці, хуткасці, тэмпу і рытму псіхічных працэсаў і станаў. Актыўнасць і эмацыянальнасць — кампаненты, якія прысутнічаюць у большасці класіфікацый і тэорый Т. Актыўнасць паводзін характарызуе ступень энергічнасці, імклівасці, хуткасці, а таксама маруднасці, інертнасці; эмацыянальнасць характарызуе асаблівасці працякання эмоцый, пачуццяў, настрояў і іх якасць. Адрозніваюць уласна Т. як пэўнае ўстойлівае спалучэнне псіхадынамічных якасцей, што праяўляюцца ў дзейнасці і паводзінах, і яго арганічную аснову. Вядомы 3 асн. сістэмы тлумачэнняў сутнасці Т. Першая (гумаральная) звязвае стан арганізма з суадносінамі розных вадкасцей, у выніку чаго вылучаюцца 4 тыпы Т.: сангвінічны, халерычны, меланхалічны, флегматычны (Гіпакрат, К.Гален і інш.). Другая (канстытуцыянальная) грунтуецца на адрозненнях у канстытуцыі арганізма (Э.Крэчмер, У.Шэлдан і інш.). Трэцяя звязвае Т. з дзейнасцю цэнтр.нерв. сістэмы Паводле вучэння І.П.Паўлава вылучаюцца 3 асн. ўласцівасці нерв. сістэмы (сіла, ураўнаважанасць, рухомасць узбуджальнага і тармазнога працэсаў) і 4 асн. іх спалучэнні (4 тыпы вышэйшай нерв. дзейнасці): моцны, ураўнаважаны, рухомы; моцны, ураўнаважаны, інертны; моцны, неўраўнаважаны; слабы. Першаму тыпу адпавядае Т. сангвініка, другому — флегматыка, трэцяму — халерыка, чацвёртаму — Т. меланхоліка. Даследаванні Б.М.Цяплова і У.Дз.Небыліцына паказалі, што колькасць камбінацый значна большая. Аднак 4 тыпы Т. як найб. абагульненыя выкарыстоўваюцца для вывучэння індывідуальнасці. Т. адносна ўстойлівы і амаль не мяняецца пад уздзеяннем асяроддзя і выхавання, аднак ён мяняецца ў антагенезе. Уласцівасці Т. могуць спрыяць або процідзейнічаць фарміраванню пэўных рыс асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1945,
ваенныя дзеянні 9.8—2:9.1945 савецкіх узбр. сіл па разгроме войск Японіі на Д.Усходзе ў час 2-й сусв. вайны; працяг Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР Японія, нягледзячы на наяўнасць дагавора аб нейтралітэце (падпісаны 13.4.1941) дапамагала Германіі (на граніцы зСав. Саюзам мела вял. групоўку войск, што вымушала СССР трымаць на Д.Усходзе значныя вайск. сілы, парушала граніцу, перашкаджала сав. суднаходству). Пасля разгрому фаш. Германіі ў маі 1945 яе саюзніца Японія працягвала вайну супраць Кітая, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. 5.4.1945 Сав. Саюз дэнансаваў сав.-яп. дагавор аб нейтралітэце і, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, пасля адмовы Японіі выканаць патрабаванні саюзнікаў СССР па антыфаш. кааліцыі аб безумоўнай капітуляцыі 8.8.1945 абвясціў вайну Японіі. У ноч на 9 жн. войскі Забайкальскага (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.А.Мерацкоў) і 2-га (ген. арміі М.А.Пуркаеў) Далёкаўсходніх франтоў, караблі Ціхаакіянскага флоту (адмірал І.С.Юмашаў) і Амурскай ваен. флатыліі (контр-адм. А.В.Антонаў), а з 10 жн. таксама войскі Манг. Нар.-Рэв. Арміі (Маршал Х.Чайбалсан) пад агульным кіраўніцтвам Маршала Сав. Саюза А.М.Васілеўскага пачалі наступленне. Сав. войскі налічвалі больш за 1,5 млн.чал., 26 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 5500 танкаў і самаходна-артыл. установак, каля 3800 самалётаў, Ціхаакіянскі флот і Амурская флатылія — каля 600 караблёў і падводных лодак і больш за 1500 самалётаў. Ім процістаялі яп. сілы ў Маньчжурыі, Карэі, на Паўд. Сахаліне і Курыльскіх а-вах (1,2 млн.чал., каля 1200 танкаў, 5400 гармат і каля 1800 самалётаў). Сав. войскі атакавалі праціўніка па ўсёй граніцы з Маньчжурыяй і ўзбярэжжы Паўн. Карэі. Да 14 жн. Забайкальскі і 1-ы Далёкаўсходні франты прасунуліся ўглыб на 150—450 км, у Маньчжурыі расчлянілі Квантунскую армію японцаў, штаб якой адмаўляўся ад капітуляцыі. 19 жн.яп. войскі пачалі капітуляцыю (гл.Маньчжурская аперацыя 1945), але сав. войскі працягвалі наступленне: вызвалены 11—25 жн.Паўд. Сахалін, 18 жн.—1 вер. Курыльскія а-вы (гл.Паўднёва-Сахалінская аперацыя 1945, Курыльская дэсантная аперацыя 1945). 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Страты сав.боку: 36 456 чал., у т. л. незваротныя (забітыя, памерлыя ад ран) 12 031 чал.; зяп.боку 803 269, у т. л. незваротныя 83 717. Скончылася 2-я сусв. вайна. СССР вярнуў Паўд. Сахалін, яму адышлі і Курыльскія а-вы. За баявыя подзвігі ў С.-я.в. 87 воінам прысвоена званне Герояў Сав. Саюза, сярод якіх беларусы М.У.Барташоў, Г.С.Здановіч, В.А.Кот, М.А.Ласкуноў, Ц.А.Пачтароў.
Літ.:
История Великой Отечественной войны Советского Союза, 1941—1945 гг.Т. 5. М., 1963;
Финал: Ист.-мемуарный очерк о разгроме империалистической Японии в 1945 году. 2 изд. М., 1969;
Яковлев Н.Н. 3 сентября 1945. М., 1971;
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 11. М., 1980;
По дорогам Китая, 1937—1945: Воспоминания. М., 1989. С. 281—361;
Хаттори Т. Япония в войне, 1941—1945: Пер. с яп. [2 изд.] СПб., 2000.
Ю.В.Бажэнаў, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Савецка-японская вайна 1945. Жыхары кітайскага г. Далянь (Дальні) вітаюць савецкіх воінаў. Жнівень 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХАЛО́ДНАЯ ВАЙНА́»,
тэрмін, якім абазначаецца стан ваен.-паліт. канфрантацыі дзяржаў (груп дзяржаў), калі адкрытых ваен. сутыкненняў не адбываецца, але вядзецца гонка ўзбраенняў, ужываюцца спробы эканам. націску (эмбарга, блакада эканамічная і інш.), арганізуюцца ваен.-паліт. блокі і саюзы, ствараюцца ваен.-стратэг. плацдармы і базы. «Х.в.» паміж СССР і яго саюзнікамі з аднаго боку і ЗША і іх саюзнікамі з другога пачала выспяваць неўзабаве пасля 2-й сусв. вайны і набыла канкрэтныя рысы каля 1948. Гал. яе прычыны — несумяшчальнасць геапаліт. мэтаў ЗША і СССР, процілегласць іх сац. сістэм, засн. на ідэалогіях, якія ўзаемавыключалі адна адну. Кожная з дзвюх звышдзяржаў мела на мэце пашырэнне адпаведнага грамадскага ладу на цэлы свет. Моцным фактарам разгортвання «Х.в.» стала ядзерная зброя, манапольнае валоданне якой у першыя пасляваен. гады ЗША імкнуліся выкарыстаць як сродак паліт. націску на СССР. Адказам стала стварэнне ў СССР уласнай ядзернай зброі (1949). Гэтыя падзеі сталі пачаткам гонкі ядзерных узбраенняў. Ядзерны фактар даваў палітыкам магчымасць ствараць у сваіх краінах уяўленне аб знешняй пагрозе збоку праціўніка і тым самым забяспечваць магчымасць некантралюемага нарошчвання ваен. патэнцыялу, якое само стала мэтай палітыкі. Першым адкрытым ідэалаг. маніфестам «Х.в.» лічыцца прамова (5.3.1946, г. Фултан, ЗША) б. прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыляз заклікам стварыць англа-амер. саюз для барацьбы супраць пагрозы «сусв.камуніст. тыраніі», што нібыта зыходзіла ад СССР. ЗША і іх саюзнікі ўтварылі ваен.-паліт. блокі: Арганізацыя паўночна-атлантычнага дагавору (НАТО, з 1949), Арганізацыя дагавору Паўднёва-Усходняй Азіі (СЕАТО, 1954—77), Арганізацыя цэнтральнага дагавору (СЕНТО, 1955—79) і інш.СССР і яго саюзнікі праз 6 гадоў пасля НАТО стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавору 1955 (АВД, 1955—91). Ідэалаг. праявай «Х.в.» была вострая канфрантацыя ў сферы прапаганды, якая вялася ў сродках масавай інфармацыі. Кожны з бакоў абвінавачваў іншы ў агрэсіўных намерах і дзеяннях, недэмакратызме паліт. сістэмы, парушэннях правоў чалавека, прапагандаваў перавагі свайго ладу жыцця. Спецслужбы вялі разведвальную і падрыўную дзейнасць на тэр. дзяржаў — магчымых праціўнікаў. «Х.в.» адбывалася на фоне нац.-вызв. барацьбы народаў свету супраць каланіялізму і неакаланіялізму. СССР звычайна падтрымліваў нац.-вызваленчыя і левыя сілы, ЗША — празаходнія, т.зв. праімперыялістычныя рэжымы і рухі. Не ўступаючы паміж сабой у адкрытую вайну, СССР і ЗША (з саюзнікамі) фактычна ўдзельнічалі на баку розных дзяржаў, ваен. і паліт. сіл у лакальных і грамадз. войнах: у Кітаі (1946—49), Карэі (гл.Карэйская вайна 1950—53), В’етнаме (1964—75), на Б. Усходзе (гл.Блізкаўсходні канфлікт), у Афрыцы (Эфіопія, Ангола і інш.) і Лац. Амерыцы (Куба, Нікарагуа) і інш. Аднак сама вастрыня гэтай барацьбы часам дыктавала неабходнасць супрацоўніцтва для прадухілення перарастання яе ў сапраўдную глабальную вайну. СССР і ЗША разам выступілі супраць спроб Вялікабрытаніі і Францыі блакіраваць Суэцкі канал у час Суэцкага крызісу 1956, садзейнічалі ўрэгуляванню становішча ў Конга ў 1960—63, здолелі мірным шляхам пераадолець Карыбскі крызіс 1962, рабілі захады па абмежаванні выпрабаванняў ядзернай зброі, з 1970-х г. удзельнічалі ў правядзенні палітыкі разрадкі і ядзернага раззбраення. Гэта, аднак, не азначала спынення «Х.В.». Яна асабліва ўзмацнілася па ініцыятыве ЗША пасля ўводу сав. войск у Афганістан (снеж. 1979) і спынілася толькі ў канцы 1980 — пач. 90-х г. у сувязі з роспускам АВД і распадам СССР. Кіраўніцтва ЗША (прэзідэнты Р.Рэйган, Дж.Буш, нам. прэзідэнта па дзярж. бяспецы З.Бжазінскі) расцэньвала гэтыя падзеі як перамогу ЗША і НАТО у «Х.в.». Пасля заканчэння «Х.в.» ў свеце пачала фарміравацца новая сістэма міжнар. адносін.
Літ.:
Степанова О.Л. Холодная война: Ист. ретроспектива. М., 1982;
Батюк В.И., Евстафьев Д.Г. Первые заморозки: Сов.-американ. отношения в 1945—1950 гг.М., 1995;
Бжезинский З. Великая шахматная доска: Пер. с англ.М., 1999;
Кальвокоресси П. Мировая политика после 1945 г.: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ ЦАРКВА́ ПЯТРА́ І ПА́ЎЛА І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры барока ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Мураваны храм пабудаваны пры базыльянскім манастыры ў 1762—79 (арх. Я.С.Бекер) на месцы уніяцкай царквы 1568 па фундацыі Хрысціны Масальскай з Сапегаў. У 1839 перададзена праваслаўным. Будынак 1-нефавы звял. паўкруглай апсідай, над якой пакаты 2-схільны дах пераходзіць у конусападобнае пакрыццё, завершанае галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы пад 3-схільнымі дахамі. Гал. фасад па цэнтры вылучаны рызалітам, які завершаны развітым антаблементам і 2-ступеньчатым атыкам з трохвугольным франтонам. Над атыкам узвышаецца 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з галоўкай на барабане. Барочны пластычны характар фасаду надаюць шматлікія крапоўкі слаістымі пілястрамі, прафіляванымі цягамі, нішамі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах і пілястрамі ў прасценках, апяразаны паддахавым карнізам.
Зала царквы перакрыта люстэркавым скляпеннем, плафон якога пакрыты размалёўкай «Праабражэнне» (пашкоджана пажарам у 1895, адноўлена ў пач. 20 ст.). На плафоне апсіды размалёўка «Бог Саваоф». Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Захаваўся абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (каля 1648), якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару.
Корпус манастыра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. Бекер) зпаўд.боку царквы па фундацыі А.Сапегі. Будынак прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм гал. фасада ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, завершанымі трохвугольнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на 1-м паверсе), пілястрамі. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам.
В.В.Калнін, В.В.Церашчатава.
Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян.