ФАНТЭНБЛО́ (Fontainebleau),

горад у Францыі, на Пд ад Парыжа. Каля 40 тыс. ж. (2000). Вытв-сць фарфоравых вырабаў.

Засн. ў 16 ст. як загарадная рэзідэнцыя франц. каралёў. Комплекс палацавых пабудоў размяшчаецца ў вял. маляўнічым парку. Гал. збудаванне — рэнесансавы палац (з 1527, арх. Ж.​Лебрэтон, П.​Шамбіж-старэйшы і інш.), узведзены на месцы паляўнічага павільёна 12 ст. Вылучаюцца двары — «Белага каня» (з 1527); «Авальны» (з 1528, арх. Лебрэтон) з «Залатой брамай» (будынак з 3-яруснай лоджыяй і багатым дэкорам, 1535—44, Ф.​Прымаціча, Н. дэль Абатэ), капэлай Сен-Сацюрнен (1545) і інш.; «Фантана» (фантан са статуяй Уліса, 1812, Л.М.​Л.​Петыто); галерэя Францыска I (1528—41, дэкар. ўбранне, 1533—44, Роса Ф’ёрэнціна, Прымаціча). Буд-ва і пераробка інтэр’ераў вяліся пры Францыску I, Генрыху II (арх. Ф.​Дэлорм і інш.), Карле IX, Напалеоне I і інш. З паўд. боку палаца партэрны парк (17 ст.); на месцы сярэдневяковага саду Дыяны — англ. (пейзажны) парк (19 ст.) з фантанам Дыяны (1684). У палацы размяшчаюцца музеі Р.​Бакёр і кітайскі, у яго крыле — Цэнтр амер. мастацтва (з 1921). У Ф. ў 1560 каралева Медычы Кацярына склікала сход натабляў, каб прымірыць католікаў і гугенотаў. У 1685 Людовік XIV указам адмяніў Нанцкі эдыкт 1598. У 1809—14 зняволены рым. папа Пій VII. У 1814 Напалеон I адрокся ад трона.

Цяпер Ф. — нац. музей. Каля Ф., у в. Барбізон, цэнтр Барбізонскай школы жывапісу. Комплекс Ф. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Н.​К.​Мазоўка (архітэктура).

Да арт. Фантэнбло. Агульны выгляд замкавага комплексу.
Фантэнбло. Галерэя Францыска I.

т. 16, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)