ПА́НТЫ,

маладыя, растучыя, неакасцянелыя рогі дарослых самцоў аленя плямістага і сібірскіх падвідаў аленя высакароднага (ізюбр, марал). Укрыты скурай з кароткім, мяккім, аксаміцістым воласам. Знімаюць з жывых або забітых жывёл, кансервуюць варкай і сушкай. Сыравіна для атрымання лек. сродку — пантакрыну. Для атрымання П. з канца 19 ст. пантавых аленяў гадуюць у няволі.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ЛКА,

прылада працы першабытнага чалавека для праколвання адтуліны ў скуры жывёл з мэтай пашыву з яе адзення, абутку і інш. З’явілася ў эпоху мусцье. Выраблялася з дробных крамянёвых пласцін ці адшчэпаў з вузкім і вострым канцом; рабілі таксама з косці і дрэва. З пашырэннем жалеза П. саступілі месца шылу з жалеза.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАТУБЕРКУЛЁЗ (ад псеўда... + туберкулёз),

інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Крыніца ўзбуджальніка П. — грызуны (мышы, пацукі, зайцы), узбуджальнік — бактэрыі. Людзі заражаюцца пры спажыванні садавіны і гародніны, забруджанай фекаліямі і мачой грызуноў, жывёлы — пры паяданні інфіцыраваных кармоў. Клінічныя праявы: лімфадэніт, пашкоджанні страўніка і інш. П. характарызуецца зімова-веснавой сезоннасцю. Лячэнне людзей тэрапеўтычнае.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРЭ́ЎСКІ (Міхаіл Фаўсцінавіч) (1817, Віленская губ. — 1872),

бел. вучоны ў галіне ўнутр. хвароб. Д-р медыцыны (1863). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1843). У 1843—60 працаваў ваен. урачом. З 1863 старшы ўрач Магілёўскай бальніцы прыказа грамадскай апекі. Навук. працы па дыфтэрыйных паралічах, значэнні кухоннай солі ў харчаванні жывёл і інш.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСТАМО́З (ад грэч. anastomōsis адтуліна, выхад) у жывёл — злучэнне паміж двума крывяноснымі або лімфатычнымі сасудамі або двума нервамі. У клініцы чалавека анамастозам наз. штучнае або патагеннае злучэнне паміж трубчастымі органамі. У вышэйшых раслін — злучэнне паміж трубчастымі структурамі, напр. паміж жылкамі ў ліста, разгалінаваннямі млечнікаў і інш. У грыбоў — злучэнне або зрастанне двух гіфаў міцэлію.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКАЯ ХВАРО́БА,

захворванне, што ўзнікае ад дэфіцыту сонечнай энергіі, неабходнай для сінтэзу ў арганізме чалавека і жывёл вітаміну D. Пры першым апісанні ўрачы звязалі яе з вял. воблачнасцю над Брытанскімі а-вамі, асабліва над Лонданам (адсюль назва). Садзейнічае ўзнікненню англійскай хваробы таксама смог, які памяншае празрыстасць атмасферы (назіраецца над буйнымі гарадамі і прамысл. цэнтрамі).

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫЯ́ЛЬ (ад грэч. bathys глыбокі),

батыяльная зона, зона марскога дна, якая ахоплівае глыб. 200—3000 м на мацерыковым схіле. Знаходзіцца паміж абісаллю і сублітараллю (гл. ў арт. Літараль). Характарызуецца слабай асветленасцю, нязначнымі ваганнямі т-ры і салёнасці вады. Сярод жывёл пераважаюць прадстаўнікі бентасу, шмат рыб. Расліннасць бедная. У батыялі намнажаюцца батыяльныя адклады.

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАВІ́РУСЫ (ад адэна... + вірусы),

сямейства ДНК-змяшчальных вірусаў, якія выклікаюць у чалавека і жывёл адэнавірусныя хваробы. Маюць адзінкавую лінейную двухланцужковую малекулу ДНК. У заражаных клетках прыгнятаюць сінтэзы ДНК, РНК і бялкоў. Размнажаюцца ў клетачных ядрах пазваночных. Распаўсюджваюцца без пераносчыкаў. Пашкоджваюць розныя органы млекакормячых (у т. л. чалавека), птушак; могуць выклікаць утварэнне пухлін.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІТАЦЫ́Н,

гармон пазваночных жывёл і чалавека, які ўтвараецца ў гіпаталамусе (паравентрыкулярным ядры), пераносіцца ў заднюю долю гіпофіза, потым выдзяляецца ў кроў. Пептыд складаецца з 9 амінакіслотных астаткаў. Стымулюе скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і малочных залозаў. Выдзяляецца ў перыяд лактацыі пры раздражненні саскоў, пры расцяжэнні маткі ў познія тэрміны цяжарнасці. Выкарыстоўваецца ў акушэрстве.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛФАКСВЫДАТГРУ́П,

недзяржаўнае выдавецтва. Засн. ў 1990 у Мінску. Выдавала календары-альбомы, тэматычныя календары, маст., мед., тэхн. л-ру. З 1993 у супрацоўніцтве з выд-вамі Еўропы і Амерыкі выдае замежную л-ру для дзяцей у перакладзе на рус. мову (у т. л. серыі «Энцыклапедыя залатых казак», «Міфалогія», «Свет жывёл», «Як стаць дарослым» і інш.).

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)