сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙104. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.
Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМА́Я МО́ВА,
спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць. Асн. сфера ўжывання — гутарковая мова.
Літ.:
Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.Орды 1864—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКЛА́ДАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел аперацый даследавання, дзе будуюцца і аналізуюцца матэм. мадэлі каляндарнага планавання (упарадкавання і ўзгаднення ў часе пэўнай сукупнасці дзеянняў, падзей, аперацый, работ і інш.). Асн. мэта Р.т. — распрацоўка метадаў рашэння аптымізацыйных задач, што ўзніклі пры гэтым (гл.Аптымізацыі задачы і метады).
У задачах Р.т. зыходныя даныя звычайна дэтэрмінаваныя, у адрозненне ад задач масавага абслугоўвання тэорыі. Таму разглядаецца клас задач абслугоўвання канечнага мноства патрабаванняў адной ці некалькімі прыладамі ў дэтэрмінаванай абслуговай сістэме. Вывучаюцца таксама выліч. складанасць задач, магчымасці пабудавання набліжаных алгарытмаў рашэння, устойлівасць рашэнняў, многакрытэрыяльныя задачы. Выкарыстоўваецца ў кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы графікаў руху транспарту, праграмна-мэтавым планаванні і кіраванні буйнымі праектамі, пабудаванні раскладаў заняткаў у навуч. установах, дыспетчарызацыі інфармацыйна-выліч. працэсаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це матэматыкі і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: Одностадийные системы. М., 1984;
Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: Многостадийные системы. М., 1989;
іх жа. Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКІ Канут Іванавіч (1801, в. Сцебекяй каля, г. Паневяжыс, Літва — 21.8.1860),
жывапісец, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1818—21), у АМ у Парыжы (1821—22) і Рыме (1823—25), там жа стыпендыят Віленскага ун-та (1826—31). З 1831 у Вільні, з 1834 выкладчык жывапісу і малюнка ў шляхецкім пансіёне, у 1839—48 — шляхецкім ін-це. У 1840-я г. на Беларусі. Пісаў партрэты, пейзажы, працаваў у акварэлі. Сярод твораў: «Італьянец усміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Егіпет» (1828), аўтапартрэт, партрэт сына (1843), «Жняя», «Партрэт бацькі» (абодва 1845), «Літоўка з вербамі» (1847), «Паляванне на зуброў» (1844—51), «Панарама горада Вільні» (1850), «Селянін з мётламі» (1851), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Паплавах» (1855), «Пейзаж са скачкамі», «Вербная нядзеля» і інш. Аўтар шэрагу пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнагр. дакладнасць выдатна спалучаецца з выразнай манерай пісьма.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭНДЭ́НЦЫЯ (сярэднелац. tendentia накіраванасць),
накіраванасць развіцця пэўнай з’явы ці працэсу. У развіцці адной і той жа з’явы могуць назірацца розныя і нават процілеглыя Т. Развіццё падобных ці роднасных па паходжанні сістэм характарызуецца наяўнасцю падобных Т. Адрозніваюць Т.: лінейныя, пры якіх узровень змен мае пастаянны характар і ў графічным выглядзе ўтварае прамую лінію; нелінейныя, калі інтэнсіўнасць змен не пастаянная на розных этапах развіцця; рацыянальныя, якія выяўлены шляхам навук. аналізу, маюць лагічнае і тэарэт. абгрунтаванне; эмпірычныя, якія выяўлены на аснове эмпірычных звестак, але не атрымалі тэарэт. тлумачэння. Вылучэнне гал. Т. развіцця — адзін з найважнейшых элементаў навук. аналізу працэсаў у прыродзе і грамадстве. Да сац. Т. адносяць паступовыя і ўстойлівыя змены ў сац. сістэме, слоі ці групе (напр., змена памеру сям’і, скарачэнне ці павелічэнне нараджальнасці і інш.). У сац.-паліт. і духоўна-культ. працэсах Т. звязана з паслядоўным правядзеннем індывідам ці сац. групай пэўнай ідэі, што часам прыводзіць да з’яўлення тэндэнцыйнага ў культуры і палітыцы — перадузятага ажыццяўлення пэўных ідэй без уліку сац. абставін і грамадскай думкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІХААКІЯ́НСКІЯ ЭСКА́ДРЫ 1904—05,
злучэнні ВМФ Расіі, якія дзейнічалі на Д. Усходзе ў руска-японскую вайну 1904—05. 1-я Ц.э. (63 караблі, у т. л. 7 эскадраных браняносцаў і 10 крэйсераў; камандуючыя О.В.Старк, С.В.Макараў, В.К.Вітгефт, Р.М.Вірэн) складала гал. сілы рас.ВМФ на Ціхім ак.; базіравалася ў р-не Порт-Артура і ўдзельнічала ў Порт-Артура абароне 1904—05, дзе і загінула. 2-я Ц.э. адпраўлена ў кастр. 1904 з Балт. мора для ўзмацнення 1-й Ц.э. У лют. 1905 з той жа мэтай з Балт. мора рушыла 3-я Ц.э. пад камандаваннем М.І.Небагатава. Злучыўшыся ў крас. 1905 у Індыйскім ак., яны (33 караблі, у т. л. 10 эскадраных браняносцаў і 10 крэйсераў; каманд. З.П.Ражэственскі) удзельнічалі ў Цусімскім баі 1905, у ходзе якога разгромлены.
Літ.:
Золотарев В.А., Козлов И.А. Русско-японская война 1904—1905 гг.: Борьба на море. М., 1990;
Доценко В.Д. Морские битвы России, XVIII—XX вв. СПб., 1999;
Куропаткин А.Н. Русско-японская война, 1904—1905: Итоги войны. СПб., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРЫДЫ́КІ (ад лац. jurisdictio судаводства),
у феадальнай Польшчы і ВКЛ (з 15 ст.) адміністрацыйна адасобленыя часткі гарадоў ці прадмесцяў, якія былі пад уладай феадала, царквы або манастыра і на жыхароў якіх не пашыралася суд. і адм. ўлада гар. самакіравання. Узніклі ў выніку перасялення прыгонных на ўчасткі ці ў дамы, якія належалі феадалам у гарадах, або перасялення саміх гараджан у межах гар. уладанняў феадала. У кожнай Ю. яе ўласнік прызначаў старасту або войта, засноўваў суд. орган на ўзор гар. рады. Гар. самакіраванне дамагалася скасавання Ю., забараняла мяшчанам пераход на Ю. пад пагрозай выгнання з горада. Пасля Люблінскай уніі 1569 пашырэнню Ю. на Беларусі садзейнічала ўмацаванне пазіцый і рост уладанняў каталіцкай царквы. Ю. паскорылі працэс канцэнтрацыі ў гарадах рамесніцтва і гандлю, што спрыяла пашырэнню іх ролі як цэнтраў дробнатаварнай вытв-сці і абмену. У той жа час пашырэнне Ю. узмацняла ўплыў феад. анархіі на гарады, што перашкаджала іх эканам. развіццю і працэсу саслоўнай кансалідацыі гараджан. Ю. скасаваны сеймамі 1764 і 1791.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЗЫКО́ВІЧ Віктар Робертавіч (н. 8.5.1955, Мінск),
бел. вучоны ў галіне рэлігіязнаўства і культуралогіі. Канд.філас.н. (1983). Скончыў БДУ (1977). З 1981 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1985 у Бел. ун-це культуры. У 1998—99 заг. кафедры этыкі і рэлігіязнаўства БДУ, у 2000 заг.н.-д. аддзела Бел. ун-та культуры. З 2000 нач. аддзела гуманіт. навук Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь. З 2003 заг. кафедры Бел.агр.тэхн. ун-та. Навук. працы па тэорыі і метадалогіі рэлігіязнаўства, культуралогіі, ментальных асаблівасцях рэліг.-культ. традыцый, праблемах пратэстантызму ў кантэксце сучаснага сацыякульт. развіцця.
Тв.:
Социально-психологическое влияние иеговистской идеологии на верующих // Иеговизм. Мн., 1981;
Студенчество и религия: проблема мировоззренческого выбора. Мн., 1999 (разам з М.Я.Ленсу, К.С.Пракошынай);
Протестантизм (разам з Л.В.Бароўка) // Традиционные вероисповедания и новые религиозные движения в Беларуси. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРО́МІН Ігар Пятровіч (18.4.19.04, Талін — 17.9.1963),
рускі літаратуразнавец. Д-рфілал.н. (1937). Праф. (1938). Скончыў Ленінградскі ун-т (1924), выкладаў у ім стараж.-рус., укр. і бел. л-ры. Даследаваў стараж.-рус. л-ру, яе жанравыя асаблівасці, маст. спецыфіку, праблемы ўсх.-слав. публіцыстыкі 16—17 ст., гісторыю нар. тэатра. Падрыхтаваў і апублікаваў тэксты твораў Сімяона Полацкага (1953), Івана Вішанскага (1955) і Кірылы Тураўскага (1955—58, 1962) з навук. каментарыямі, даў характарыстыку іх літ. стылю і паэт. майстэрству. Высока ацэньваў пераклады Я.Купалы «Слова аб паходзе Ігаравым». Рэдактар «Хрэстаматыі па старажытнай беларускай літаратуры» (Мн., 1959). Асабістая бібліятэка Я. паводле яго завяшчання перададзена ў Цэнтр.навук. б-ку імя Я.Коласа АН Беларусі.
Тв.:
Литература древней Руси: (Этюды и характеристики). М.; Л., 1966;
Лекции по древней русской литературе. Л., 1968.
Літ.:
Дмитриев Л.А. Игорь Петрович Еремин // Актуальные задачи изучения русской литературы XI—XVII вв. Л., 1964;
Демкова Н.С. Хронологический список научных трудов И.П.Еремина (1904—1963) // Там жа;