архейская эра і група, самая стараж. эра ў геал. гісторыі Зямлі і адпаведная група парод дакембрыю. Пачалася пасля завяршэння фарміравання Зямлі і доўжылася да 2,5 млрд. гадоў назад (працягласць каля 2 млрд. гадоў). Назву ўвёў амер. геолаг Дж.Дана ў 1872. У археі ўтварылася складана пабудаваная і перапрацаваная магматычнымі і метамарфічнымі працэсамі тоўшча горных парод, сабраная ў складкі і перарваная інтрузіямі. Пароды архея ўваходзяць у склад крышт. фундамента старадаўніх платформаў, выходзяць на паверхню Зямлі на іх шчытах (Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт, Канадскі, Бразільскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах геасінклінальных паясоў. Сярод метамарфічных парод архея пашыраны гнейсы, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, у т. л. жалезістыя, мармуры і слабаметамарфізаваныя зялёнасланцавыя пароды; сярод магматычных — граніты, гранадыярыты, дыярыты, габра, таматыіты і інш. У пародах архея трапляюцца рэшткі аднаклетачных водарасцяў (узрост каля 3 млрд. гадоў). Тыповымі рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі архея для Усходне-Еўрапейскай платформы прыняты саамскі (беламорскі) і лопскі комплексы. На Беларусі вылучаюць шчучынскую і кулажынскую серыі. Пароды архея залягаюць на рознай глыбіні: 80—160 м на Беларускай антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. З археем звязаны радовішчы храмітаў і жалеза, медна-нікелевых і медна-калчаданавых рудаў, марганцу, золата, карунду, графіту і інш., на Беларусі — ільменіт-магнетытавыя руды Навасёлкаўскага радовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Віцебскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сярод гал. прапагандыстаў і дзеячаў падрыхтоўкі паўстання ў Віцебску былі бел. пісьменнік А.І.Вярыга-Дарэўскі, М.Карафа-Корбут і інш. 25.4.1863 у Дынабургскім пав. выступіла група Л.Плятэра, якая захапіла пад Крэслаўкай транспарт са зброяй, але паўстанцы былі рассеяны; Плятэр па загадзе М.Мураўёва расстраляны ў Дынабургу. У Аршанскім пав. дзейнічаў атрад І.М.Будзіловіча. На Дзісеншчыне быў сфарміраваны паўстанцкі атрад Г.М.Дмахоўскага, які рушыў на Кублічы і Докшыцы, але 26.5.1863 быў разбіты, яго камандзір загінуў. У Лепельскім пав. О.Грабніцкім створаны паўстанцкі атрад, які таксама быў рассеяны. У раёне Бешанковічы—Бачэйкава дзейнічала паўстанцкая група, якая была разбіта, яе кіраўнік Дык сасланы на катаргу. На мяжы Себежскага і Дрысенскага пав. дзейнічаў атрад Б.М.Кульчыцкага, які 6.5.1863 быў разбіты; Кульчыцкі, каб пазбегнуць палону, застрэліўся. Паўстанцы Себежскага, Полацкага, Віцебскага, Веліжскага і Лепельскага пав. меркавалі злучыцца і рушыць на Полацк і Віцебск, а таксама захапіць Дынабург з багатымі арсеналамі зброі. Але гэтыя планы не ажыццявіліся. Паўстанцкія атрады і групы Віцебшчыны гінулі або рассейваліся, не паспеўшы разгарнуць дзейнасць. Сяляне не падтрымалі паўстаўшых. Атрады фарміраваліся пераважна са шляхты, разначынцаў, дробных чыноўнікаў, навучэнцаў. Пасля задушэння паўстання многія ўдзельнікі віцебскіх паўстанцкіх атрадаў былі пакараны ці перайшлі на нелегальнае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),
адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.Гаазе, В.Дзітман, Э.Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв.група «Спартак» (гл.«Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб. колькасць членаў — больш за 900 тыс.чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.
Літ.:
Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЧКІ (Ribes),
род кветкавых раслін сям. агрэставых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Еўразіі, Амерыкі і ў Афрыцы (Атласкія горы). На Беларусі 6 дзікарослых і культурных відаў П.: альпійскія (R. aiplinum), залацістыя (R. aureum), пушыстыя (R. spicatum), светлыя (R. lucidum), чорныя (R. nigrum), чырвоныя (R. rubrum). Трапляюцца ў вільготных лясах, сярод хмызнякоў, ускрай балот і па берагах рэк; культывуюцца ў прамысл. і аматарскім садаводстве. 14 відаў інтрадукавана ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Лістападныя, радзей вечназялёныя кусты выш. да 2 м. Парасткі гладкія, часам шыпаватыя. Лісце простае, чаргаванае, голае або апушанае, бывае з залозкамі. Кветкі ў гронках, двух- ці аднаполыя. Плод — ягада. Віды П. аб’ядноўваюць у 3 групы. Для П. чорных характэрны спецыфічны пах з-за наяўнасці залозак на ніжняй паверхні лісця. Вядомыя сарты: Беларускія салодкія, Галубка, Мінай Шмыроў, Кантата-50, Паўлінка. Група П. чырвоных як лек. расліна вядомая з 14 ст., як ягадная — з 16 ст. Сарты: Галандскія чырвоныя, Вялікія белыя, Ненаглядныя. Група П. залацістых эндэмічная для Паўн. Амерыкі. Харч., лек., дэкар. расліны.
Літ.:
Волузнев А.Г. Ягодный сад. Мн., 1970;
Валягина-Малютина Е.Т. Деревья и кустарники Средней полосы Европейской части России. СПб., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФЛАВАНО́ІДЫ, вітамін P,
група біялагічна актыўных арган. рэчываў — флаваноідаў (катэхіны, кверцэцін і яго глюказід — руцін, гесперыцін і інш.). Большасць біяфлаваноідаў — жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў арган. растваральніках. Актыўныя ў прысутнасці аскарбінавай к-ты. Многія біяфлаваноіды — пігменты, якія надаюць афарбоўку кветкам і пладам раслін. Найб. біяфлаваноідаў у пладах цытрусавых, ароніі, чорных парэчак, шыпшыны, у лісці чаю (асабліва зялёнага). Пры недахопе біяфлаваноідаў парушаецца пранікальнасць капіляраў, развіваецца гемарагія. Сутачная норма біяфлаваноідаў для дарослага чалавека 25—50 мг. Ужываюцца як капіляраўмацавальныя сродкі, харч. антыаксіданты, фарбавальнікі і дубільныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАМІКО́ЗЫ (ад бласта... + мікозы),
група хранічных, некантагіёзных мікозаў, якія пашкоджваюць скуру, лёгкія і інш.ўнутр. органы чалавека і некаторых жывёл (сабак, радзей коней). Распаўсюджаны ў ЗША, Канадзе, адзінкавыя выпадкі зарэгістраваны ў інш. краінах. Адрозніваюць: паўночна-амерыканскі (хвароба Гілкрыста), еўрапейскі (крыптакакоз), паўднёваамерыканскі (паракакцыдыяідоз), келоідны (хвароба Лабо) бластамікоз. Узбуджальнік бластамікозу — дражджавыя і дрожджападобныя паразітычныя грыбкі (Blatomyces dermatitidis і інш.), якія размнажаюцца пачкаваннем. Заражэнне адбываецца пры ўдыханні спораў грыбка з пылам. Першасны ачаг Лакалізуецца ў лёгкіх, потым пашкоджваецца скура. Пры лакалізаваных пашкоджаннях прагноз спрыяльны, пры пашкоджаннях унутр. органаў — высокая смяротнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЯ́КЛЫЯ РУ́ДЫ,
група мінералаў падкласа складаных сульфідаў медзі, якія ўтвараюць ізаморфны рад тэнантыт Cu12As4S13 (мыш’яковістая разнавіднасць) — тэтраэдрыт Cu12Sb4S13 (сурмяністая разнавіднасць). Прымесі серабра (фрайбергіт да 17%), цынку, жалеза, ртуці і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтраэдрычнага, радзей кубічнага і октаэдрычнага выгляду. Часцей зерні і зярністыя агрэгаты. Колер сталёва-шэры да жалезна-чорнага. Бляск металічны. Цв. 3—4,5. Шчыльн. 4,6—5,4 г/см³. Бляклыя руды — гідратэрмальныя мінералы. Лёгка выветрываюцца і замяшчаюцца малахітам, азурытам, купрытам і інш. Другарадныя медныя руды, з іх здабываюць таксама сурму, серабро, ртуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЖУ́ (Пётр Фёдаравіч) (15.2.1796, Вышні Валачок, Расія — 12.10.1869),
даследчык Арктыкі, адмірал рус. флоту. У 1821—23 з памочнікамі апісаў паўн. берагі і а-вы паміж рэкамі Алянёк і Індыгірка, склаў карту Новасібірскіх а-воў. У 1825—26 удзельнічаў у апісанні паўн.-ўсх. берага Каспійскага м. і зах. берага Аральскага м. У 1827 вызначыўся ў Наварынскай бітве руска-англа-франц. флоту з тур.-егіп. флотам на лінейным караблі «Гангут». Займаў камандныя пасады ў марскім ведамстве. Імем Анжу названа паўн.група Новасібірскіх а-воў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),
дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.