1) геалагічны М. — суцэльная каменная глыба; узор горнай пароды, адабраны без парушэння будовы. Памеры ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Выкарыстоўваецца для помнікаў, у будаўніцтве, лабараторных даследаваннях.
2) М. глебавы — узор глебавага профілю з непарушанай будовай. Уключае генетычныя гарызонты да мацярынскай пароды і выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі ў музеях і ў лабараторных эксперыментах.
3) М. гляцыялагічны — буйны ўзор снегу (лёду), выпілаваны са снегавой (ледзяной) тоўшчы для лабараторных даследаванняў.
4) М. будаўнічы, гл. ў арт.Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1501.
Выдадзены 25.10.1501 новаабраным каралём польскім Аляксандрам (вял. князь ВКЛ з 1492) у г. Мельнік (Падляшскае ваяв.ВКЛ, цяпер у Польшчы). Быў вымушанай уступкай Аляксандра польскай магнацкай алігархіі пры заключэнні уніі ВКЛ і Польшчы (гл.Мельніцкі акт 1501). Паводле М.п. без згоды сената дзеянні караля не мелі юрыд. сілы. Пры парушэнні дзярж. актаў каралём сенат меў права яго дэтранізаваць і абраць новага. Шырокае супраціўленне шляхты Польшчы і ВКЛ устанаўленню магнацкай алігархіі дазволіла каралю не выконваць палажэнні М.п. Скасаваны ў 1504—05.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],
арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл.Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл.Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСІ́НЫ (Myxini),
падклас пазваночных кл. кругларотых. 1 атрад, 1 сям., 4 роды, каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх водах.
Даўж. да 1 м. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Рот абкружаны некалькімі мясістымі вусікамі. Вочы зацягнуты скурай. Шчэлепных адтулін ад 1 да 15 пар. Крывяносная сістэма незамкнёная. Сэрца 1 асноўнае і 3 дадатковыя. Паразіты або драпежнікі, выядаюць унутранасці і мышцы ў рыб, угрызаюцца ў ахвяру з дапамогай моцнага языка з рагавымі зубамі; радзей кормяцца чарвямі. Адкладваюць 20—30 яец. Развіццё без ператварэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЛЁХІН (Георгій Паўлавіч) (23.16.1925, г. Ардатаў, Мардовія, Расія — 1981),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі с.-г. жывёл. Д-рбіял.н. (1961), праф. (1962). Скончыў Маскоўскую ваенна-вет. акадэмію (1948). З 1951 у Гродзенскім с.-г. ін-це (заг. кафедры), у 1969—79 у Гомельскім ун-це (з 1971 заг. кафедры). Навук. працы па марфалогіі, фізіялогіі і абмене рэчываў у с.-г. жывёл і птушак.
Тв.:
Ультрафиолетовое облучение животных и птицы. Мн., 1965 (разам з І.І.Свянціцкім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКАНАВА́ННЕ,
рэлігійнае ўяўленне аб прадвызначанасці божай воляй з’яў сусв. гісторыі, дэтэрмінаванасці жыцця і паводзін чалавека (гл.Правідэнцыялізм, Фаталізм). Канцэпцыя Н. ўступае ў процідзеянне з вучэннем аб свабодзе волі і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, без якой не можа існаваць нават рэліг. этыка. Гэта абумовіла ўзнікненне спрэчак аб Н. ў розных рэліг. кірунках. Праваслаўе і каталіцызм абгрунтоўваюць сумяшчэнне свабоды волі з божым Н. Іслам, захоўваючы арыентацыю на фаталізм, спалучае Н. з дапушчэннем свабоды волі. Сучасная тэалогія імкнецца змякчыць фаталістычны характар Н. з дапамогай мадэрнізацыі рэліг. футуралогіі і эсхаталогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ АСО́БЫ,
адно з фундаментальных і неадчужальных асабістых правоў чалавека. Мае на ўвазе недапушчальнасць адвольнасці пры выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Канстытуцыйныя гарантыі Н.а. заключаюцца ў тым, што: склад злачынства павінен быць устаноўлены раней выдадзеным законам; затрыманне можа быць абскарджана ў судзе і ўстанаўліваецца максімальны тэрмін затрымання без рашэння суда; арышт павінен рабіцца толькі на падставе суд. прыгавору або з санкцыі пракурора; пазбаўленне волі павінна быць пакараннем, якое накладаецца на чалавека пасля ўстанаўлення яго віны ў працэсе следства і суда. Права на Н.а. гарантуецца арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін PP,
цыклічная аднаасноўная кіслата, водарастваральны вітамін, які ўваходзіць у комплекс вітамінаў групы B. Вітаміннай актыўнасцю валодае таксама амід Н.к. — нікацінамід.
Белае крышт. рэчыва без паху, т-ра плаўлення 235—240 °C. Ёсць у дражджах, рысавым і пшанічным вотруб’і, нырках, печані, грыбах і інш. Неабходная для ўтварэння ў арганізме некат. акісляльных ферментаў. Сутачная патрэбнасць для дарослага чалавека — 15—20 мг. У невял. колькасці Н.к. можа ўтварацца ў печані чалавека. Ужываецца для лячэння і прафілактыкі пелагры, хвароб печані, пры спазмах сасудаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛІ́ТЫКА КАНАНЕ́РАК»,
«дыпламатыя кананерак», прымусовая дыпламатыя, выкарыстанне марской дзяржавай (часцей буйной дзяржавы супраць больш дробнай) або пагроза выкарыстаць абмежаваны атрад ВМФ (ВМС) без абвяшчэння вайны з мэтай атрымаць перавагу, пазбегнуць страт у міжнар. спрэчках і ў лакальных канфліктах; разнавіднасць палітыкі з пазіцыі сілы; адна з крайніх мер вырашэння міждзярж. спрэчак пасля эканам., фін., прапагандысцкага націску. Найб. пашырылася ў 20 ст. з-за яе больш лёгкага тэхн. ажыццяўлення. Магчымасці дзяржавы праводзіць «П.к.» залежаць ад магутнасці яе ваен. флоту, вызначаюцца эканам., паліт. і інш. фактарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫбез пазбаўлення волі,
від крымін. пакарання і адм. спагнання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Назначаецца судом (суддзёй) адпаведна на тэрміны ад 2 месяцаў да 2 гадоў і ад 15 сутак да 2 месяцаў. Адбываюцца па месцы работы або ў інш. месцах у раёне жыхарства асуджанага з утрыманнем да 20% заробку ў даход дзяржавы. Асобам, якія прызнаны непрацаздольнымі, суд можа замяніць П.р. на штраф. У выпадку злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця П.р. суд можа замяніць іх неадбыты тэрмін на пазбаўленне волі на той жа тэрмін.