ДАМІНІЁН
(англ. dominion ад лац. dominium уладанне),
аўтаномнае ўладанне ў складзе Брытанскай імперыі. Дзяржава-Д. прызнавала сваім кіраўніком брыт. манарха, якога прадстаўляў генерал-губернатар, мела ўнутр. самакіраванне (уласныя парламент і ўрад). Суверэнітэт Д. канчаткова замацаваны паводле Вестмінстэрскага статута 1931. Статус Д. атрымалі Канада (1867), Аўстрал. Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афр. Саюз (1910), Ньюфаўндленд (1917), Ірландыя (1921, без Ольстэра), Індыя, Пакістан (абое ў 1947). У 1947—52 у сувязі са станаўленнем брыт. Садружнасці паняцце Д. заменена на «член Садружнасці».
т. 6, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)