КІБА́ЛЬЧЫЧ Мікалай Іванавіч (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Літ.:

Серпокрыл С.М. Подвиг перед казнью. Л., 1971.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯШТО́РНЫ Тодар Тодаравіч (11.3.1903, в. Парэчча Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.10.1937),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1931). Працаваў на Бел. радыё, у рэдакцыях газет і часопісаў. Чл. літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. У 1936 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб-каў вершаў «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Праз шторм, на штурм» (1934), паэмы «Палі загаманілі» (1930). Паэма «Калі асядае муць» (1927—28) як водгук на грамадскую сітуацыю канца 1920-х г. выклікала вострую палеміку. Уласцівая К. схільнасць да імпрэсіяністычнай вобразнасці захавала яго паэзію ад выраджэння ва «ўдарніцкую», не растварыла ў агульнапрынятай «пралеткультаўскай» паэтыцы непаўторнасць яго творчай індывідуальнасці і светаадчування. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.​Асеева, А.​Безыменскага, У.​Маякоўскага і інш. На вершы К. напісаны песні І.​Івановым, М.​Равенскім.

Тв.:

Залатое вязьмо: Выбр. вершы. Мн., 1960;

Выбр. вершы. Мн., 1970.

І.​Э.​Багдановіч.

Т.Т.Кляшторны.

т. 8, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОН (Kon) Фелікс Якаўлевіч (30.5. 1864, Варшава — 28.7.1941),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят». У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917—22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у т. л. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919—30 чл. Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), у ліп.—жн. 1920 чл. Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922—23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927—35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдактар газ. «Красная звезда» (1925—28), час. «Каторга и ссылка». (1927—29), «Наша страна» (1937—41) і інш. Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930—31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931—33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933—37). Быў чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗЕ́ЛЬКА Іван Фадзеевіч (12.12.1891, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. З 1914 у арміі, з сак. 1918 у Чырв. Арміі. З чэрв. 1992 працаваў на чыгунцы ў Мінску і Жлобіне. З 1925 сакратар Гарадоцкага, Глускага райкомаў КП(б)Б, старшыня Глускага райвыканкома, нам. старшыні Бабруйскага акрвыканкома. З 1930 старшыня Мазырскай акр. кантрольнай камісіі, сакратар Мазырскага РК КП(б)Б, сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б, заг. аддзелаў ЦК КП(б)Б. У 1935—37 нарком фінансаў БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—37. Канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1935—37. Чл. ЦВК БССР у 1927—29, 1931—37 і яго Прэзідыума ў 1935—37. Арыштаваны ў 1937 па справе ўдзелу ў «аб’яднанай контррэвалюцыйнай дыверсійна-шкодніцкай шпіёнскай арганізацыі». 28.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Я.​С.​Фалей.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКО́ВІЧ Васіль Пятровіч (н. 18.2. 1914, в. Франопаль Брэсцкага р-на),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1949). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў узбр. выступлення сялян в. Навасёлкі Брэсцкага пав. (1933). У ліст. 1934 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, дэп. Нар. сходу Беларусі ў Беластоку (1939). З чэрв. 1941 на фронце. У вер. 1941 рэпрэсіраваны, сасланы ў г. Омск, у крас. 1942 вызвалены. У вер. 1942 — ліп. 1944 нам. нач. асобага аддзела атрада імя Калініна партыз. брыгады «Народныя мсціўцы», нач. спецгрупы. У 1945—70 на сав. і парт. рабоце і ў органах юстыцыі ў Брэсце. У 1970—89 навук. супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Адзін з аўтараў зб-каў «У працы і баі» (1970), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973). Ганаровы грамадзянін г. Брэст (1978).

Тв.:

Тайными тропами. Мн., 1974.

М.​П.​Клімец.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМАНО́ЎСКІ (Limanowski) Баляслаў (30.10.1835, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1.2.1935),

польскі гісторык, сацыёлаг, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім (1854—58), Дэрпцкім (1858—60), Львоўскім (1872—73) ун-тах. За арганізацыю антыўрадавай маніфестацыі ў Вільні (1861) арыштаваны, у 1861—67 у ссылцы. З 1870 у Львове, устанавіў сувязь з першымі сацыяліст. гурткамі. З 1878 у эміграцыі, пераважна ў Швейцарыі. У 1881 заснаваў арг-цыю «Люд польскі». Адзін з ідэолагаў і арганізатараў (1892) Польскай сацыяліст. партыі (ПСП). Пасля расколу ў партыі (1906) падтрымаў яе рэв. фракцыю. У 1-ю сусв. вайну падтрымліваў дзейнасць легіёнаў польскіх і Ю.​Пілсудскага. У 1922—35 сенатар. Даследаваў гісторыю польскага нац.-вызв. руху 19 ст. Сярод прац: «Аб рабочым пытанні» (1871), «Гісторыя польскай дэмакратыі...» (1901), «Гісторыя паўстання польскага народа 1863 і 1864 г.» (2-е выд. 1909), «Стодваццацігадовая барацьба польскага народа за незалежнасць» (1916), «Сацыялогія» (ч. 1—2, 1919—21).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУЛА́ЙЦІС Станіслаў Юр’евіч (12.10.1866, в. Сцябулішкі Марыямпальскага пав., Літва — 10.4.1956),

дзеяч рэв. руху ў Літве, гісторык. Акад. АН БССР (1928). Д-р гіст. навук. Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). Адзін з заснавальнікаў с.-д. партыі Літвы (1896). У 1906—07 разам з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам выдаваў у Вільні сацыяліст. газ. «Naujoji gadyne» («Новы час»). У 1917—18 рэдагаваў у Маскве літоўскую газ. «Socialdemokratas» («Сацыял-дэмакрат»). У 1918 вярнуўся ў Вільню, рэдагаваў газ. «Tiesa» («Праўда»). У 1925 эмігрыраваў у СССР. З 1927 кіраўнік літ. сектара Інстытута беларускай культуры, з 1929 заг. кафедры гісторыі, з 1931 дырэктар Ін-та гісторыі, у 1935—37 дырэктар Ін-та нац. меншасцей АН БССР. У снеж. 1937 арыштаваны, у 1939 высланы ў Казахстан. З 1945 у Літве, супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Літвы. Працы па гісторыі Літвы і Беларусі, у т. л. пра паўстанне 1863—64, падзеі 1905—07. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР Саламон Танхелевіч (22.12.1889, г. Кнышын Падляскага ваяв., Польшча — 1.9.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэвалюцыю 1905—07 камандзір атрада самаабароны ў Беластоку, потым у арміі. У 1910 арыштаваны за арганізацыю салдацкага бунту. З турмы ўцёк, эмігрыраваў у ЗША, дзе ўдзельнічаў у левым прафс. руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. З 1919 чл. РКП(б), заг. секцыі па рабоце сярод яўр. насельніцтва Смаленскага гаркома РКП(б). З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Беластоцкага акруговага к-та КПРП. Удзельнік 6-га кангрэса Камінтэрна. З 1923 чл. ЦК, з 1926 чл. Бюро ЦК КПЗБ. У 1932—33 узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ. З 1933 на парт. рабоце ў БССР, з 1936 — у Омскай вобл. Аўтар брашуры «Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі» (1935, пад псеўд. І.​Р.​Валевіч). Скончыў самагубствам.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЬ Піліп Дзям’янавіч (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУ СССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУС СССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ Уладзімір Іванавіч (14.4.1888, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — сак. 1938),

рускі паэт. Брат Г.І.Нарбута. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1906—12). Уваходзіў у аб’яднанне акмеістаў «Цэх паэтаў». У 1922—28 на парт. і выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1908. У першым зб. «Вершы» (1910) пераважае тэма прыроды. У паэт. зб-ках «Алілуя» (1912, арыштаваны цэнзурай; 2-е выд. 1922), «Вій» (1915), «Верацяно» (1919), «Плоць», «У вогненных слупах», «Вершы пра вайну» (усе 1920), «Вялікдзень» (1922) і інш. тэмы адчаю і надзеі, спалучэнне розных стылістычных і моўных пластоў — ад біблейскага да вясковага. Аўтар паэмы «Аляксандра Паўлаўна» (1922), апавяданняў, этнагр. нарысаў, артыкулаў пра М.​Гумілёва, С.​Гарадзецкага, М.​Клюева, М.​Цвятаеву, В.​Мандэльштама і інш. Творчасці Н. ўласціва сувязь з укр. фальклорам, выкарыстанне ўкраінізмаў, царкоўнаславянізмаў, інтэнсіўнасць фарбаў, натуралізм.

Тв.:

Избр. стихи. Париж, 1983;

Стихотворения. М., 1990.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)