мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.
Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл.таксамаПсіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ГАЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўна-энергетычнага комплексу па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты вуглёў выкапнёвых. Уключае шахты, разрэзы, абагачальныя і брыкетныя ф-кі. Вугаль (каменны, антрацыт, буры) здабываецца ў 60 краінах свету падземным і адкрытым спосабам. Асн. від вугалю, які здабываецца, — каменны, спосаб здабычы — падземны. Сусв. рэсурсы вугалю ацэньваюцца амаль у 15 трлн. т (паводле некат. звестак, у 30 трлн. т), разведаныя запасы — у 1,7 трлн. т. Найб. рэсурсы маюць (трлн. т): Расія — 5 (разведаныя запасы 201 млрд.т), ЗША — 3,6 (445 млрд.т) і Кітай — 1,5 (272 млрд.т). Асн. сферы выкарыстання вугалю ў свеце (1990): вытв-сць электраэнергіі (61%), прам-сць (26%), вытв-сць доменнага і ліцейнага коксу (11%). З вугалю атрымліваюць таксамахім. сыравіну (300 найменняў), у нязначнай колькасці ажыццяўляецца яго газіфікацыя (гл.Газіфікацыя паліва).
Прымітыўная здабыча вугалю на паліва вядомая ў стараж. Грэцыі і Італіі з 4 ст. да н.э., Кітаі з 2 ст. да н.э. У Зах. Еўропе вугаль выкарыстоўваўся як хатняе паліва з 9—12 ст., а з 16 ст. ў Англіі, напр., увесь здабыты вугаль ішоў на выплаўку чыгуну. У Расіі здабываць вугаль пачалі з 18 ст. пры Пятру I. Вугальная прамысловасць як самастойная галіна аформілася ў 2-й пал. 18 ст., калі для выплаўкі чыгуну ў доменных печах сталі выкарыстоўваць вугальны кокс.
У свеце вядома каля 3000 вугальных радовішчаў і басейнаў. Буйнейшыя ў краінах СНД басейны (больш за 5 млрд.т паводле разведаных запасаў на 1988, у млрд.т): у Расіі Канска-Ачынскі (83), Кузнецкі (63), Пячорскі (8,2), Іркуцкі (7,5), Мінусінскі (5); на Украіне (часткова ў Расіі) Данецкі (50); у Казахстане Экібастузскі (8,7), Карагандзінскі (8,2), Тургайскі (6) (пра кожны гл. асобны артыкул). Вугаль здабываюць таксама ва Узбекістане, Кыргызстане, Грузіі, Таджыкістане. Найбольшыя басейны, якія распрацоўваюцца і маюць перспектыву ў інш. краінах: Апалачскі вугальны басейн у ЗША, Альберта ў Канадзе, Цэнтр. і Паўд. групы басейна ў Вялікабрытаніі, Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны, Ніжнярэйнскі буравугальны басейн і Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн у Германіі, Астурыйскі каменнавугальны басейн у Іспаніі, Вітбанк у ПАР, Сіднейскі вугальны басейн, Боўэн, Латроб-Валі ў Аўстраліі, Ісікары ў Японіі і інш. Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі ў Еўропе значныя запасы вугалю маюць Польшча (Верхнесілезскі каменнавугальны басейн і інш.), Украіна (Данецкі і Львоўска-Валынскі басейны) і Чэхія (Паўн.-Чэшскі буравугальны, Астраўска-Карвінскі каменнавугальны, гл.Верхнесілезскі—Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн) і інш.
Аб’ёмы сусветнай здабычы вугалю пастаянна растуць (млн.т): 1810 у 1950, 3740 у 1980, 4500 у 1993 (толькі таварны вугаль). На каменныя вуглі і антрацыт прыпадае каля 75% здабычы, на бурыя вуглі — 25%. Вугаль здабываюць больш за 60 краін свету (гл.табл.). <TABLE>
Аб’ёмы сусветнага гандлю вугалем таксама растуць (млн.т): 100 у 1975, 270 у 1980, 399 у 1990. Больш як палавіну іх складае энергетычны вугаль (1990). Асн. краіны-экспарцёры вугалю (1990, млн.т): Аўстралія — 106, ЗША — 90, ПАР — 49; краіны-імпарцёры: Японія — 107, Паўд. Карэя — 25, Італія — 20, Тайвань — 19.
Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту (1994, тыс.т): з Расіі — 504, Украіны — 294, Казахстана — 102. У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы 71,9 млн.т), Брынёўскае (запасы 38,5 млн.т) і Тонежскае (44 млн.т) радовішчы (пра кожнае гл. асобны артыкул). Для адкрытай распрацоўкі даступнае Жыткавіцкае радовішча, поўнасцю падрыхтаваны да прамысл. асваення Паўночны і Кольненскі паклады (прамысл. запасы 46,7 млн.т). Агульныя запасы вугалю на ўсіх радовішчах 152 млн.т.
В.М.Сасноўскі.
Буйнейшыя вытворцы вугалю (таварнага), 1994
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Кітай
1291
1059
Канада
74
2500
ЗША
933
3548
Чэхія
72
6963
Індыя
280
243
КНДР
72x)
4216
Расія
263
1773
Турцыя
58
928
Германія
251
3073
Грэцыя
54
5138
Аўстралія
244
13536
Вялікабрытанія
50
861
Польшча
200
5126
Румынія
38
1653
ПАР
195
4730
Інданезія
33
169
Украіна
84
1623
Іспанія
30x)
752
Казахстан
83
5010
Балгарыя
28
2790
x) 1994.
Да арт.Вугальная прамысловасць. Здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам на разрэзе Белхатаў у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксамакапішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,
тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксамамаст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.
Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш.Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл.Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.Ларчанка, Ю.Любімаў і інш.
Літ.:
Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;
Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.
Я.М.Сахута, А.І.Сямёнаў.
Да арт.Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.Да арт.Ліццё мастацкае. А.Чохаў. Цар-гармата. 1586.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМІ́РАВАНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, узмоцненыя іншымі, больш трывалымі матэрыяламі. Найб. пашыраныя арміраваныя матэрыялы: жалезабетон (узмоцнены арматурай), матэрыялы на аснове металаў, керамікі, пластычных масаў, шкла (гл.Арміраванае шкло), арміраваныя ніткі, валакністыя кампазіцыйныя матэрыялы. З буд. матэрыялаў арміраваннем атрымліваюць арміраваныя буд. канструкцыі (гл.Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі).
Металічныя арміраваныя матэрыялы бываюць: гарачатрывалыя (напр., нікель, хром, кобальт і іх сплавы, арміраваныя тугаплаўкімі валокнамі вальфраму, малібдэну, карбідаў, аксідаў і нітрыдаў); нізкатэмпературныя канструкцыйныя (алюміній, магній, тытан і іх сплавы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі сталі, бору, берылію, карбіду і двухаксіду крэмнію); са спец.фіз. ўласцівасцямі (электракантактныя матэрыялы на аснове серабра і медзі, арміраваныя валокнамі вальфраму). З метал. арміраваных матэрыялаў робяць пасудзіны ціску, абалонкі, элементы самалётаў і суднаў, дэталі машын і прылад. Керамічныя арміраваныя матэрыялы — матэрыялы на аснове аксідаў, нітрыдаў, барыдаў і інш. тугаплаўкіх злучэнняў, арміраваныя валокнамі вальфраму, малібдэну, сталі і ніобію, а таксама ніткападобнымі крышталямі аксідаў і карбідаў. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя і канструкцыйныя матэрыялы. Арміраваныя пластыкі (шклапластыкі, тэксталіт, вуглепласты, азбапластыкі, гетынакс, метала- і борапластыкі і інш.) маюць у сабе ў якасці ўмацавальнага напаўняльніка валакністыя матэрыялы — сечаныя валокны, жгуты, тканіны, паперу, драўляную шпону. Арміраваныя ніткі складаюцца з асяродкавых (каркасных) нітак (надаюць трываласць), абвітых інш. матэрыяламі (для вонкавага эфекту, гіграскапічнасці, паветрапранікальнасці і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
экспедыцыя, якая накіроўваецца для выяўлення і збору гіст. крыніц. Адну з першых экспедыцый у 1809 арганізавала Рас.АН у гарады паўн. Расіі і на Украіну. У час экспедыцый 1817—18 (М.П.Румянцаў) і 1820 (П.М.Строеў) абследаваны архівы Масквы, б-кі манастыроў Маскоўскай, Наўгародскай і Разанскай губ. (выяўлены Ізборнік Святаслава 1073, Судзебнік 1497 і інш.). У 1829—34 археаграфічная экспедыцыя на чале са Строевым даследавала каля 200 архіваў і б-к Паўн. Расіі, сабрала каля 3 тыс. актаў, летапісаў і інш. дакументаў 14—17 ст. (многія з іх выдала Археаграфічная камісія). Шэраг крыніц, у т. л. 14 ст., выявіла ў 1852—54 археаграфічная экспедыцыя М.В.Калачова, якая працавала ў Цэнтр. Расіі. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. экспедыцыі арганізоўвалі Віленскія археал. і археаграфічная камісіі, навуч. акруга. Іх праводзілі М.К.Баброўскі, І.І.Грыгаровіч, А.І.Мілавідаў і інш. Матэрыялы, сабраныя на Беларусі, захоўваюцца таксама ў рас. б-ках (АН, Маскоўскага ун-та і інш.). У 1970—80-я г.гіст. крыніцы збіралі Нац.б-ка Беларусі, Цэнтр.навук.б-ка імя Я.Коласа АН Беларусі, Рэсп. музей гісторыі рэлігіі, Веткаўскі музей нар. творчасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЯТРЫ́ (Acipenser),
род прахадных, паўпрахадных і прэснаводных рыб сям. асятровых. 17 відаў, водзяцца ў морах і рэках басейнаў Атлантычнага, Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Да роду асятроў адносяцца сцерлядзь, сяўруга, шып, асетр рускі (Acipenser güldenstädti), якія жывуць у басейнах Азоўскага, Каспійскага і Чорнага мораў, асетр сібірскі (Acipenser baeri) — у рэках Сібіры, азёрах Байкал і Зайсан, асетр амурскі (Acipenser schrencki) — у бас. Амура, рэдкі від асетр атлантычны, або асетр балтыйскі (Acipenser sturio), — у басейнах Балтыйскага, Міжземнага і Чорнага мораў. Іншыя віды асятра жывуць у прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў Паўн. Амерыкі, у Вялікіх азёрах, Кітаі (р. Янцзы), у водах паўд.ч. Японскага м., у Адрыятычным м. У рэкі Беларусі раней заходзілі асетр атлантычны і асетр рускі. З пабудовай плацін на рэках міграцыі іх спыніліся.
Даўж. да 3 м, маса да 200 кг. Асятры — вельмі каштоўныя прамысл. рыбы, маюць чорную ікру (далікатэсны прадукт). Найб. колькасць асятроў вылоўліваецца ў Каспійскім м. Асётр рускі і сяўруга — аб’екты штучнага развядзення. 3 паўночнаамерыканскія віды асятра занесены ў Чырв. кнігу МСАП, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі (раней у ёй былі таксама асетр атлантычны і асетр рускі, выключаныя з кнігі з прычыны поўнага знікнення з іхтыяфауны Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНЕТЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н,
1) у біялогіі — закон, паводле якога арганізм у індывід. развіцці (антагенезе) паўтарае ў скарочаным выглядзе некаторыя фазы гіст. (эвалюцыйнага) развіцця свайго віду (філагенез). Сфармуляваў ням. біёлаг Э.Гекель (1866) на аснове працы Ф.Мюлера (1864), таму біягенетычны закон часам называюць законам Мюлера—Гекеля. Закон пацвярджаецца наяўнасцю ў лічынак і зародкаў шматклетачных жывёл правізарных, а ў дарослых — рудыментарных органаў.
Паводле Гекеля эмбрыянальнае развіццё не заўсёды ўзнаўляе пачатковы шлях філагенетычнага развіцця, у ім могуць быць прагрэсіўныя адхіленні з’яў адаптацыі (цэнагенезы) у адрозненне ад кансерватыўных прыкмет і працэсаў — палінгенезаў. Больш познія даследаванні паказалі, што эвалюцыя арганізмаў адбываецца на аснове спадчынных змен любых стадый антагенезу (тэорыя філэмбрыягенезу А.М.Северцава), філагенез ёсць генетычны рад вядомых антагенезаў, а біягенетычны закон — прыватны выпадак спалучэнняў анта- і філагенезу.
2) У псіхалогіі і педагогіцы — мех. перанясенне біягенетычнага закону з прыроды на чалавечае грамадства, спроба растлумачыць псіхічнае развіццё дзіцяці як працэс, асобныя ступені якога з’яўляюцца паўтарэннем асн. ступеняў гіст. развіцця псіхікі чалавецтва. Пры гэтым сцвярджаецца, што ў антагенезе дзіцячай псіхікі ўзнаўляюцца асн. стадыі біял. эвалюцыі і этапы культ.-гіст. развіцця чалавецтва (амер. псіхолагі Дж.Болдуін, С.Хол, ням. К.Бюлер і В.Штэрн, рус. П.П.Блонскі і інш.). Гл.таксамаУзроставая псіхалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,
тэрыторыі, вылучаныя з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных, а таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін і жывёл. На Беларусі 52 біялагічныя заказнікі агульнай пл. 412,5 тыс.га (1995). Падзяляюцца на батанічныя і заалагічныя заказнікі: у Брэсцкай вобл. — Баранавіцкі, Борскі, Міхалінска-Бярозаўскі, Радастаўскі, Спораўскі, Ялоўскі, Лукава, Тырвовічы і інш., у Віцебскай — Асвейскі, Вялікае Балота, Забалацце, Запольскі, Казьянскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, у Гомельскай — Бабінец, Буда-Кашалёўскі, Букчанскі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Струменскі, Чачэрскі, Чырковіцкі, Шабрынскі, Нізоўе Случы (ч. ў Брэсцкай вобл.), у Гродзенскай — Гожаўскі, Дубатоўскае, Парэцкі, Сапоцкінскі, Слонімскі, Дакудаўскі і інш., у Мінскай — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Ленінскі (ч. ў Брэсцкай вобл.), Мацеевіцкае, Налібоцкі (ч. ў Гродзенскай вобл.), Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, Антонава, Кайкаўскі, Лебядзіны і інш.
У біялагічных заказніках вызначаны спец. рэжым прыродакарыстання, які забяспечвае ахову асобных відаў, груп ці згуртаванняў раслін і жывёл з мэтай захавання генафонду, стварэння аптымальных умоў іх існавання або рацыянальнага выкарыстання пэўных раслінных і жывёльных рэсурсаў. У розных зонах рэспублікі створаны заказнікі-журавіннікі пераважна на вярховых балотах (каля 20) і заказнікі лек. раслін (каля 10). Адметныя біял. аб’екты ахоўваюцца і ў інш. заказніках (гідралагічных, ландшафтных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКГА́ЎЗА ВЫДАВЕ́ЦТВА (Brockhaus),
нямецкая кнігавыдавецкая і кнігагандлёвая фірма. Засн. ў 1805 Ф.А.Бракгаўзам у Амстэрдаме (з 1811 у Альтэнбургу, з 1817 у Лейпцыгу). Спецыялізуецца на выпуску універсальных энцыклапедый. З 1984 у складзе акц.т-ва Бібліяграфічны інстытут і Ф.А.Бракгаўз.
У 1808 Ф.А.Бракгаўз выкупіў права на выданне універсальнай энцыклапедыі «Konversations Lexikon» («Гутарковы слоўнік», выходзіла з 1796) і выдаў заключны 6-ы том (1811). Для падрыхтоўкі 2-га выдання Слоўніка былі прыцягнуты лепшыя інтэлектуальныя сілы тагачаснай Германіі. У 1986—94 выйшла 18-е выданне гэтай энцыклапедыі ў 24 тамах [з 13-га выдання называецца «Brockhaus’Konversations-Lexirkon» («Гутарковы слоўнік Бракгаўза»); з 15-га — «Der Grosse Brockhaus» («Вялікі Бракгаўз»); з 17-га — «Brockhaus Enzyklopädie» («Энцыклапедыя Бракгаўза»)]. Бракгаўза выдавецтва выдала таксама «Allgemeine Enzyklopädie der Wissenschaften und Künste» («Універсальную энцыклапедыю мастацтваў і навук», т. 1—167, 1818—89, не завершана), «Der Neue Brockhaus» («Новы Бракгаўз», т. 1—5, 1958—60); «Der Volks-Brockhaus» («Народны Бракгаўз», 1959); «Der Kleine Brockhaus» («Малы Бракгаўз», т. 1—2, 1961—62) і інш. Бракгаўза выдавецтва выдае кніжную прадукцыю амаль на ўсіх еўрап. мовах і мае аддзяленні ў многіх сталіцах свету. У Расіі выд-ва Бракгаўза і Эфрона (пазней акц. выдавецкае т-ва «Выдавецкая справа») працавала ў 1889—1930 у Пецярбургу. На ўзор энцыклапедый Бракгаўза выдаваўся Бракгаўза і Эфрона энцыклапедычны слоўнік.