ДРА́ЙЗЕР ((Dreiser) Тэадор) (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),
амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.
Адбылася нелегальна 30.11.1924 у Вільні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічала 17 дэлегатаў, з іх 14 з рашаючым голасам ад Баранавіцка-Слонімскай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акруг, ЦККПЗБ, ЦК КСМЗБ. Парадак дня: справаздача ЦККПЗБ; даклад аб V кангрэсе Камінтэрна; пытанні тактыкі; арганізац. і бягучыя пытанні; выбары ЦККПЗБ, дэлегатаў на III з’езд Кампартыі Польшчы. Канферэнцыя адзначала, што за перыяд ад Першай канферэнцыі КПЗБ (1923) партыя вырасла колькасна, умацавалася арганізацыйна, стала сур’ёзнай паліт. сілай у Зах. Беларусі і Польшчы. Паставіла перад партыяй нерэальную задачу «пачаць арганізацыйную і палітычную падрыхтоўку ўзброенага паўстання». Адхіліла лозунг аўтаноміі для Зах. Беларусі ў межах Польшчы, выстаўлены ППС і інш. партыямі, і проціпаставіла яму лозунг уз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Асудзіла сэцэсію як антыпарт. групоўку. У склад ЦККПЗБ абраны Л.Н.Аранштам, А.П.Данялюк, А.Р.Капуцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, Л.І.Родзевіч, В.З.Харужая і інш., дэлегатамі на III з’езд КПРП — Аранштам, Данялюк, Лагіновіч, Мертэнс, Харужая.
Літ.:
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́КІ МО́ВЫ,
найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.
У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт.Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ (Арцямоўскі) Сямён Сцяпанавіч
(16.2.1813, г. Гарадзішча, Украіна — 17.4.1873),
украінскі і рускі спявак (барытон), кампазітар, драм. акцёр, драматург. Вучыўся ў кіеўскіх духоўным вучылішчы (1824—30) і духоўнай семінарыі (1835—38), удасканальваў майстэрства ў Прыдворнай пеўчай капэле (Пецярбург) пад кіраўніцтвам М.Глінкі. У 1842—64 саліст імператарскай оперы ў Пецярбургу (перыядычна выступаў у спектаклях італьян. оперы і драматычных). У 1864—65 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным прыгожым голасам і драм. талентам. Выканаў больш за 50 оперных партый, у т. л. Руслан («Руслан і Людміла» Глінкі), Мазета («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Антоніо, лорд Генрых Эштан («Лінда ды Шамуні» і «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці). Яго творчасць як кампазітара прасякнута ўкр. нац.-песенным каларытам. Аўтар 1-й укр. оперы «Запарожац за Дунаем» на ўласнае лібрэта (паст. 1863; партыя Карася), тэкстаў і музыкі вадэвіля «Ноч на Івана Купалу» (1852), вак.-харэаграфічнага дывертысмента «Украінскае вяселле» (1851; партыя запарожца-бандурыста), драмы «Караблеразбуральнікі» (1853), рамансаў, песень, у т. л. «Стаіць явар над вадою», прысвечанай яго сябру Т.Шаўчэнку. Як драм. акцёр выступаў у п’есах І.Катлярэўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Віктар Яўгенавіч) (н. 2.5.1918, г. Марыупаль, Украіна),
рускі фалькларыст-славіст. Акад. Расійскай АН (1994). Д-ргіст.н. (1966), праф. (1971). Старшыня камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў. З 1921 жыў у Гомелі, дзе скончыў муз. тэхнікум. Пад уплывам выкладчыкаў — кампазітараў Р.Пукста і А.Туранкова — запісваў бел.нар. песні ад маці і бабулі, ураджэнкі Гродзеншчыны. Працаваў у Чэлябінскім пед. ін-це (1945—54). З 1955 у Ін-це рус. л-ры Рас.АН (Пушкінскі дом). З 1969 у Ін-це тэатра, музыкі і кіно (С.-Пецярбург). Аўтар прац па гісторыі і тэорыі фальклору, эстэтыцы, нар. т-ры, параўнальным вывучэнні нар. творчасці славян. Найб. вядомая манаграфія «Эстэтыка фальклору» (1967). У многіх працах цікавасць да бел. фальклору (цыкл арт. пра бел. веснавы абрад «Пахаванне стралы»).
Тв.:
Восточно-славянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНЕ́КА (Аляксандр Аляксандравіч) (20.5.1899, г. Курск, Расія — 12.6.1969),
рускі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1936). Правадз.чл.АМСССР (1947, у 1962—66 віцэ-прэзідэнт АМСССР). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—25) у У.Фаворскага, І.Нівінскага. Выкладаў у Маскве ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), паліграф. ін-це (1928—34), маст. ін-це імя Сурыкава (1934—46, 1957—63). Адзін з заснавальнікаў Т-ва станкавістаў. Яго жывапісныя творы 1920—30-х г. («У Данбасе», «Тэкстыльшчыцы», «Абарона Петраграда», «Бег», «Будучыя лётчыкі» і інш.) вылучаюцца выразнасцю формы, дынамізмам рытмічнай кампазіцыі, кантрастным спалучэннем прасторавых планаў, лаканізмам колеравых спалучэнняў. Адначасова выяўляецца і інтымная, лірычная лінія («Маці»). У гады Вял.Айч. вайны Д. стварыў гераічную карціну «Абарона Севастопаля» (1942) і шэраг суровых драм. пейзажаў. Сярод твораў манум. жывапісу пано і размалёўкі Цэнтр.т-раСав. Арміі (1940), мазаічныя плафоны станцый Маск. метрапалітэна «Маякоўская» (1938—39) і «Новакузнецкая» (1943), мазаікі «Добрая раніца» і «Хакеісты» (1959—60) і інш. Аўтар станковых твораў «Каля мора» (1956—57) і інш. Ленінская прэмія 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКІ ((Dąbrowski) Яраслаў) (13.11.1836, г. Жытомір, Украіна — 23.5.1871),
дзеяч польск. і міжнар.рэв. руху. Вучыўся ў кадэцкіх карпусах у Брэсце (1845—53) і Пецярбургу (1853—55), Акадэміі генштаба ў Пецярбургу (1859—61). З 1855 у рас. арміі. Удзельнік Каўказскай вайны 1817—64. Разам з З.Серакоўскім узначальваў рэв. арг-цыю ў Пецярбургу (у яе ўваходзілі браты К. і В.Каліноўскія і інш. выхадцы з Беларусі і Літвы), прапагандаваў ідэі рус.-польск. рэв. саюзу. З 1862 у Варшаве, кіраўнік «чырвоных». Чл.Цэнтр.нац.к-та. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. Правёў нарады ў Вільні з рэвалюцыянерамі Літвы і Беларусі, абавязаўся прадстаўляць іх інтарэсы ў Варшаве. Разлічваючы на спрыяльную сітуацыю і падтрымку рас.рэв. сіл, распрацаваў план неадкладнага ўзбр. паўстання, які адхілілі правыя. У жн. 1862 арыштаваны, з турмы кіраваў падрыхтоўкай паўстання 1863—64. У канцы 1864 уцёк па дарозе на катаргу, выехаў за мяжу. Адзін з лідэраў польск. дэмакр. эміграцыі, кантактаваў з А.І.Герцэнам, Дж.Гарыбальдзі. Генерал і галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Парыжскай камуны 1871, загінуў у баі з версальцамі. Аўтар шэрагу ваен.-тэарэт.прац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЦЦА́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 20—23.9.1952 у Мінску. Прысутнічала 711 дэлегатаў з рашаючым і 145 з дарадчым голасам ад 127 436 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (М.С.Патолічаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); абмеркаванне праектаў ЦКВКП(б) «Дырэктывы XIX з’езда партыі па пяцігадоваму плану развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1951—1955 гг.» (М.В.Зімянін) і «Тэкст змененага Статута партыі» (Ц.С.Гарбуноў); выбары ЦККП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б, дэлегатаў на XIX з’езд ВКП(б). З’езд адобрыў дырэктывы XIX з’езда партыі па 5-му пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР і «Тэкст змененага Статута партыі». Выбраў ЦККП(б)Б у складзе 127 чл. і 65 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 34 чл., 32 дэлегатаў з рашаючым і 6 з дарадчым голасам на XIX з’езд ВКП(б).
Літ.:
Патолічаў М.С. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі на XX з’ездзе КП(б)Б. Мн., 1952;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ДРУГІ́ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 24—27.1.1956 у Мінску. Прысутнічала 809 дэлегатаў з рашаючым і 76 з дарадчым голасам ад 145 069 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (М.С.Патолічаў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.Я.Сядых); абмеркаванне праекта ЦККПСС «Дырэктывы XX з’езда КПСС па шостаму пяцігадоваму плану развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1956—1960 гады» (К.Т.Мазураў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ, дэлегатаў на XX з’езд КПСС. З’езд адзначыў поспехі ў выкананні 5-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР, ухваліў праект ЦККПСС «Дырэктывы XX з’езда КПСС па шостаму пяцігадоваму плану развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1956—1960 гады» і абавязаў ЦККПБ і СМБССР на аснове дырэктыў ЦККПСС распрацаваць 6-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі БССР. Выбраў ЦККПБ у складзе 127 чл. і 76 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 37 чл., дэлегатаў на XX з’езд КПСС.
Літ.:
Патолічаў М.С. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXII з’езду КПБ. Мн., 1956;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 5. 1956—1965. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬТЭБРА́НТ (Пётр Андрэевіч) (8.5.1840, в. Пер’і Разанскай вобл., Расія — 12.12.1905),
рускі археограф, этнограф, фалькларыст, гісторык. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1861—62). Працаваў у пецярбургскай газ. «Голос», з 1895 пам. архіварыуса Віленскага цэнтр. архіва стараж. актавых кніг, заг. аддзела рукапісаў Віленскай публічнай б-кі, з 1871 у Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу, з 1884 у сінадальнай друкарні, з 1897 у Мін-ве асветы. Арганізаваў шэраг экспедыцый на Беларусь для выяўлення рукапісных матэрыялаў і рэдкіх кніг. Пры абследаванні нясвіжскага архіва Радзівілаў выявіў урывак Слуцкага летапісу 16 ст. У 1869 упершыню надрукаваў з каментарыямі Тураўскае евангелле. У «Виленском вестнике» і «Литовских епархиальных ведомостях» змяшчаў артыкулы па нар. творчасці, музейнай і бібліятэчнай справе, археалогіі. З матэрыялаў, сабраных навучэнцамі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, выдаў «Зборнік помнікаў народнай творчасці ў Паўночна-Заходнім краі» (Вільня, 1866; 300 песень, 151 прыказка, 93 загадкі), у прадмове да якога выявіліся шавініст. і антысеміцкія настроі аўтара. Бел. фальклорны матэрыял, які Гільтэбрант збіраўся выдаць у 2-м выпуску зборніка, зберагаецца ў Нац.Рас. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 37—38;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.