НАСТУПЛЕ́ННЕ,

асноўны від баявых дзеянняў войск. Вядзецца на сушы, моры, у паветры ў форме баёў, бітваў і аперацый. Гал. мэта — разгром праціўніка і авалоданне важнымі рубяжамі (аб’ектамі, раёнамі мясцовасці); дасягаецца паражэннем непрыяцеля ўсімі наяўнымі сродкамі, атакай, прарывам яго абароны, ліквідацыяй або ўзяццем у палон жывой сілы, захопам зброі, ваен. тэхнікі і інш. Можа весціся на праціўніка, што ў абароне, або які наступае (гл. Сустрэчны бой) ці адступае (гл. Праследаванне). Разнавіднасцю Н. з’яўляецца контрнаступленне. Пераход у Н. можа ажыццяўляцца з непасрэднага судакранання з праціўнікам або з ходу. Пры наяўнасці ў праціўніка адкрытых флангаў выкарыстоўваюцца абход і ахоп. У залежнасці ад маштабу, мэт і колькасці сіл і сродкаў Н. можа мець стратэгічнае, аператыўнае або тактычнае значэнне.

Спосабы Н. мяняліся пад уздзеяннем развіцця сродкаў узбр. барацьбы, якаснай змены асабовага складу і арганізацыі войск Н. як форма баявых дзеянняў вядома з глыбокай старажытнасці, калі барацьба вялася халоднай зброяй. У сярэднявеччы (11—15 ст.) адбываліся змены ў тактыцы Н.: удары з флангаў і тылу, акружэнне, выкарыстанне засадных палкоў і інш. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі і яе ўдасканаленнем (14—18 ст.) еўрап. арміі перайшлі да лінейнай тактыкі дзеянняў на полі бою. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—99 і войнаў канца 18 — пач. 19 ст. з’явілася новая тактыка Н., заснаваная на спалучэнні калон і рассыпнога строю, манеўру і агню як сродку падрыхтоўкі атакі. У 1-ю сусв. вайну ў Н. выкарыстоўвалася тактыка прарыву суцэльнага фронту абароны. У 2-ю сусв. вайну ажыццяўляліся наступальныя аперацыі груп франтоў, франтавыя. армейскія наступальныя аперацыі. З сярэдзіны 1950-х г. пасля аснашчэння ўзбр. сіл ядз. зброяй (гл. Ракетна-ядзерная зброя) значна павялічылася магчымасць адначасовага паражэння праціўніка на вял. глыбіню, выраслі размах і тэмпы Н.

У сучасных умовах са з’яўленнем высокадакладнай зброі наземнага і паветр. базіравання, удасканаленнем інш. сродкаў паражэння істотна памяняўся часавы і прасторавы размах Н., якое набыло паветр.-наземны і паветр.-касм. характар.

У.​У.​Язэпчык, В.​А.​Юшкевіч.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прам-сці па вытв-сці сінт. матэрыялаў і вырабаў з іх, заснаваная на хім. перапрацоўцы прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці і газавай прамысловасці. Асн. прадукцыя Н.п.: сінт. каўчук, хім. валокны, прадукты асн. арган. сінтэзу (этылен, прапілен, поліэтылен, спірты, альдэгіды і інш.), гумава-тэхн. вырабы (гл. Гумаазбеставая прамысловасць), розныя віды шын. Прадукцыя Н.п. выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі.

Да 1-й сусв. вайны (1914—18) вытв-сць прамысл. арган. прадуктаў грунтавалася на перапрацоўцы каксоўнага каменнага вугалю і харч. сыравіны. Выкарыстанне нафты як важнейшай крыніцы хім. сыравіны стала магчымым у пач. 20 ст. ў выніку ўкаранення ў прам-сць новых метадаў яе перапрацоўкі — крэкінгу і піролізу. Прамысл. вытв-сць нафтахім. прадуктаў з крэкінг-газаў распачалі ў ЗША: у 1918 наладжана вытв-сць ізапрапілавага спірту, у 1920 — аліфатычных хім. прадуктаў. У б. СССР станаўленне Н.п. адбывалася ў 1929—40-я г.: у 1932 упершыню ў свеце арганізавана прамысл. вытв-сць сінт. каўчуку, у 1949 — сумесная вытв-сць фенолу і ацэтону кумольным метадам. Стан і тэмпы развіцця Н.п. вызначаюць прагрэс многіх галін нар. гаспадаркі, дзе рэалізуецца прыбытак і эканомія сыравіны і энергіі за кошт выкарыстання нафтапрадуктаў. Найб. развітая Н.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Кітаі, Канадзе, Мексіцы.

На Беларусі Н.п. пачала развівацца ў пасляваен. час. Адно з першых прадпрыемстваў галіны — Барысаўскі завод «Гуматэхніка» створаны ў 1947. У 1952 у Бабруйску пабудаваны з-д па вытв-сці натуральнага каўчуку, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў (гл. «Беларусьгуматэхніка»), У 1972 засн. буйнейшы ў Еўропе Беларускі шынны камбінат, які выпускае шыны больш як 140 тыпапамераў для аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў і скрэпераў. Высакаякасны віскозны корд для шын вырабляе Светлагорскі завод сінтэтычнага валакна. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», а таксама Баранавіцкі і Брэсцкі з-ды бытавой хіміі. Гл. таксама Нафтахімія.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЦІСК, акцэнт,

выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),

сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («за⌒морам», «без⌒грошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў​⌒жа», «прачытаць​⌒бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.

Літ.:

Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;

Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;

Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;

Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРЭАЛІ́ЗМ (ад неа... + рэалізм),

кірунак у італьян. л-ры і мастацтве 1940—50-х г.; рэалізм новага часу, які новымі выяўл. сродкамі адлюстраваў тагачасную рэчаіснасць з яе супярэчнасцямі. Неарэалісты ставілі сац. праблемы ў іх нац. аспекце, імкнуліся праўдзіва апісаць сац.-гіст. зрухі, якія паўплывалі на лёс Італіі. У цэнтры іх твораў — выкрыццё сац. несправядлівасці, апісанне руху Супраціўлення, праблемы нар. жыцця. Яны звярталіся да новага кола герояў, не характэрных для л-ры «чорнага дваццацігоддзя» (просты чалавек-працаўнік пададзены не з жалем да яго горкага лёсу, а з верай і надзеяй у яго сілы і магчымасці), верылі ў высокія духоўныя якасці чалавека, засяроджвалі ўвагу на адказнасці л-ры за яго маральнае аблічча. Н. ўласцівы гуманізм і аптымізм у раскрыцці канфліктаў пасляваен. эпохі. Вытокі Н. — у рэаліст. традыцыях італьян. л-ры, у творчасці пісьменнікаў-верыстаў (гл. Верызм). Пэўны ўплыў на пісьменнікаў-неарэалістаў зрабіла сав. проза (М.​Горкі, А.​Фадзееў) і рэаліст. амер. проза 1930-х г. (Э.​Хемінгуэй, Дж.​Стэйнбек). Асн. жанр Н. — «лірычны дакумент» — спалучэнне мемуарнага аўтабіягр. матэрыялу з маст. вымыслам, дакумент. апісанне рэальных падзей і гісторыі духоўнага росту героя. Стыль і мова неарэалістаў простыя, лаканічныя, стрыманыя, шырока выкарыстоўваецца нар. лексіка. Н. у л-ры прадстаўлены творамі В.​Праталіні, Э.​Вітарыні, П.​Пазаліні, Р.​Вігано, А.​Маравія, Л.​Біджарэці і інш. Найб. поўна выявіўся ў італьян. кіно (фільм «Рым — адкрыты горад» рэж. Р.​Раселіні) і паўплываў на творчасць А.​Вісконці, Ч.​Дзаваціні, П.​Джэрмі, В. Дэ Сікі, Дж. Дэ Сантыса. Заснаваныя на дакумент. фактах фільмы рэжысёраў-неарэалістаў здымаліся пераважна на натуры з непрафес. выканаўцамі. Спад Н. ў сярэдзіне 1950-х г. абумоўлены няздольнасцю гэтай маст. сістэмы раскрыць складаныя супярэчнасці рэчаіснасці. У 1960-я г. на змену яму прыйшлі авангардныя плыні і кірункі.

Літ.:

Потапова З.М. Неореализм в итальянской литературе. М., 1961;

История итальянской литературы XIX—XX вв. М., 1990.

А.​У.​Вострыкава.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСАПРА́ЎДНАЯ ГО́ТЫКА, псеўдаготыка,

умоўная назва кірунку ў архітэктуры 18—19 ст., які пераймаў формы, а часам і канструкцыі сярэдневяковай готыкі.

Зараджэнне Н.г. ў зах.-еўрап. архітэктуры звязана з росквітам садова-паркавага мастацтва, з ідэалізацыяй сярэднявечча, характэрнай рамантызму. Выяўлялася ў культавых і вял. грамадскіх збудаваннях. Часам узнаўляліся помнікі сярэдневяковай архітэктуры, часцей будынкі мелі толькі гатычны дэкор. Для еўрап. Н.г. сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. характэрна шырокае выкарыстанне чыгунных канструкцый і паліхроміі. У Расіі Н.г. пашырылася спачатку ў сядзібным буд-ве, у творчасці В.​Бажэнава і М.​Казакова спалучаліся з некат. матывамі сярэдневяковай рус. архітэктуры.

На Беларусі першыя ўзоры Н.г. паявіліся ў палацавым буд-ве (Крычаўскі палац, Косаўскі палац). У сядзібным буд-ве 19 ст. выяўлялася ў асобных гасп. і службовых пабудовах (капліца сядзібы ў в. Закозель Драгічынскага р-на). Рысы Н.г. мелі шматлікія станцыйныя будынкі 1-й пал. — сярэдзіны 19 ст., у якіх выкарыстоўваліся псеўдагатычныя стральчатыя аконныя праёмы і парталы ўваходаў (паштовыя станцыі ў г. Крычаў, в. Кузьміно Гарадоцкага р-на). З сярэдзіны 19 ст. Н.г. стала адной з найб. значных плыней архітэктуры эклектыкі, узорным стылем у культавым дойлідстве (Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл). Найб. дасканалыя кампазіцыйна-пластычныя магчымасці Н.г. выявіліся ў збудаваннях 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Некат. будынкі набылі рысы Н.г. пасля перабудовы (Віцебскі Варварынскі касцёл). У драўляным дойлідстве Н.г. выявілася ў распрацоўцы вытанчанага па форме сілуэта, шырокім выкарыстанні прыёмаў кантрастнага спалучэння ашаляваных паверхняў зруба і высокіх пластычных дахаў, вежаў-званіц і г.д. (касцёлы ў вёсках Мяжаны Браслаўскага, Лінава Пружанскага р-наў). У пач. 20 ст. псеўдагатычныя збудаванні характарызуюцца адраджэннем маст. цэласнасці готыкі і эстэтызацыяй каркаснай канструкцыі. Н.г. паўплывала на станаўленне стылю мадэрн, неарамантычных кірункаў і зараджэнне функцыяналізму.

В.​М.​Чарнатаў.

Да арт. Несапраўдная готыка. Мост у Царыцыне (Масква). Арх. В.​Бажэнаў. 1776—85.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ (Сяргей Піліпавіч) (13.7.1889, Масква — 26.6.1973),

расійскі і бел. тэатр. мастак. Засл. арт. Расіі (1932). Нар. маст. Беларусі (1949). Скончыў Строганаўскае маст. вучылішча ў Маскве (1912, вучань К.Каровіна). У 1910—17 працаваў у тэатрах Масквы, у 1938—59 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго дэкарацыі адметныя высокім жывапісным майстэрствам, арганічным адзінствам муз. і зрокавых вобразаў, выразнасцю пабудовы сцэн. прасторы, глыбокім веданнем перспектывы. У Вялікім тэатры ў Маскве аформіў дэкарацыі да оперы «Дэман» А.​Рубінштэйна (1936). У дэкарацыях да бел. нац. спектакляў выявіў веданне нар. архітэктуры і нац. касцюма. Сэнсавую і эмац. нагрузку атрымаў сцэн. пейзаж, які стаў арган. звяном падзей у операх «У пушчах Палесся» (1939), «Надзея Дурава» (1956) А.​Багатырова, «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Я.​Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (1947), балетах «Князь-возера» (1949), «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова. Дэкарацыям да спектакляў рус. класікі ўласцівы гарманічнае ўзаемадзеянне колеру з характарам вобразаў, гіст. дакладнасць: оперы «Царская нявеста» (1938), «Садко» (1957) М.​Рымскага-Корсакава, «Пікавая дама» (1941, 1948), «Чаравічкі» (1949), «Мазепа» (1952) П.​Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.​Напраўніка (1948), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1949), «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1950), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954). Маштабнасцю вобразаў і лірызмам вызначаюцца дэкарацыі да балетаў «Лебядзінае возера» (1948), «Спячая прыгажуня» (1954) Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні (1949). Аформіў дэкарацыі да опер і балетаў «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1943), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1945), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) Дж.​Вердзі, «Фауст» Ш.​Гуно (1950), «Эсмеральда» Пуні, «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага, «Марозка» М.​Красева (усе 1951), «Аіда» (1953, 1970) Вердзі. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Карнач П.А. С.​Ф.​Нікалаеў. Мн., 1970.

П.​А.​Карнач.

С.П.Нікалаеў.
С.Нікалаеў. Дэкарацыя да оперы «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага. 1953.

т. 11, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае рух цел Сонечнай сістэмы ў іх агульным гравітацыйным полі. У шэрагу выпадкаў (у тэорыі руху камет, ШСЗ і інш.), акрамя гравітацыйных сіл, улічваюцца рэактыўныя сілы, ціск выпрамянення, супраціўленне асяроддзя, змена масы і інш. фактары. Задачы Н.м.: вывучэнне агульных пытанняў руху нябесных цел і канкрэтных аб’ектаў (планет, ШСЗ і інш.); вылічэнне значэнняў астр. пастаянных, састаўленне эфемерыд і інш. Рух штучных нябесных цел вывучае раздзел Н.м. — астрадынаміка. Н.м. з’яўляецца вынікам дастасавання законаў класічнай механікі да руху нябесных цел. Тэарэт. асновы сучаснай Н.м. закладзены І.Ньютанам. Значны ўклад у развіццё Н.м. зрабілі Ж.Л.Лагранж, П.С.Лаплас, У.Ж.Ж.Левер’е, С.Ньюкам і інш. Адно з дасягненняў Н.м. — адкрыццё планеты Нептун, існаванне якой разлічана па адхіленнях руху планеты Уран.

Асн. задача Н.м. — вызначэнне каардынат планет як функцый часу. Пры вял. адлегласцях паміж Сонцам і планетамі іх можна лічыць матэрыяльнымі пунктамі, паміж якімі дзейнічаюць гравітацыйныя сілы паводле сусветнага прыцягнення закону (задача n цел). Агульнае рашэнне гэтай задачы не знойдзена. Строгае рашэнне мае толькі двух цел задача. Агульнае рашэнне трох цел задачы вельмі складанае, таму карыстаюцца толькі яе частковымі рашэннямі. Н.м. вывучае таксама восевае вярчэнне і фігуры нябесных цел, праблему ўстойлівасці Сонечнай сістэмы, рух Месяца, прыліўнае ўзаемадзеянне; развіццё касманаўтыкі патрабуе высокай дакладнасці ў вылічэнні арбіт планет. Н.м., якая грунтуецца на законе прыцягнення Ньютана, дастаткова дакладна апісвае рух цел Сонечнай сістэмы, але некаторыя з’явы, напр. рух перыгеліяў арбіт Меркурыя і інш. планет, поўнасцю растлумачыць не можа. Гэтыя з’явы знаходзяць тлумачэнне ў рэлятывісцкай Н.м., якая ўлічвае ў руху нябесных цел эфекты адноснасці тэорыі. Метадамі Н.м. карыстаюцца пры вывучэнні зорак і зорных сістэм (зорная астраномія), галактык (пазагалактычная астраномія).

Літ.:

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Новые качественные методы в небесной механике. М., 1971;

Брумберг В.А. Релятивистская небесная механика. М., 1972.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ СФЕ́РА,

уяўная сфера адвольнага радыуса, на якую праектуюцца нябесныя свяцілы. Служыць для зручнасці вызначэння нябесных каардынат свяціл і вуглавых адлегласцей паміж імі.

На Н.с. і ўнутры яе фіксуюцца гал. лініі і пункты, адносна якіх праводзяцца ўсе вымярэнні вуглавых велічынь. Звычайна цэнтр Н.с. змяшчаюць у пункт знаходжання вока назіральніка. Прамая ZOZ′, якая праходзіць праз цэнтр O Н.с. і супадае з напрамкам ніткі адвеса ў месцы назірання, наз. вертыкальнай лініяй. Яна перасякае Н.с. ў пунктах зеніту (Z) і надзіра (Z′). Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна вертыкальнай лініі, перасякае Н.с. па акружнасці SWNE, якая наз. матэматычным ці сапраўдным гарызонтам. Ён падзяляе Н.с. на бачную і нябачную паўсферы. Дыяметр РР’, вакол якога адбываецца вярчэнне Н.с., наз. воссю свету. Яна перасякае Н.с. ў Паўночным (P) і Паўднёвым (P′) полюсах свету. Вугал φ паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта роўны геагр. шыраце месца назірання. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна восі свету, перасякае Н.с. па акружнасці QWQ′E, якая наз. нябесным экватарам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Нябесны экватар перасякаецца з матэм. гарызонтам у 2 пунктах — пункце ўсходу (E) і пункце захаду (W). Плоскасць, што праходзіць праз вось свету і вертыкальную лінію, перасякае Н.с. па акружнасці PZQSP′Z′Q′N, якая наз. нябесным мерыдыянам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на ўсходняе і заходняе паўшар’і. Нябесны мерыдыян перасякаецца з матэм. гарызонтам у пункце поўначы (N) і пункце поўдня (S); прамая NS — паўдзённая лінія. Вялікі круг Н.с., які праходзіць праз зеніт, свяціла М і надзір, наз. кругам вышыні, ці вертыкалам свяціла. З прычыны сутачнага вярчэння Зямлі становішча свяціл на Н.с. зменьваецца: яны апісваюць паралельныя нябеснаму экватару акружнасці — нябесныя, ці сутачныя паралелі свяціл. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с., полюсы свету і свяціла, перасякае Н.с. па акружнасці, якая наз. гадзінным кругам ці кругам схілення свяціла.

А.​А.​Шымбалёў.

Нябесная сфера.

т. 11, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́З [польск. polonez ад франц. (danse) polonaise польскі танец],

старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула , каданс . Папярэднік П. —4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у 17 ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У 18 ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы 18 ст. атрымаў назву «П.» Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нац. аблічча польскай прафес. музыкі. З 1790-х г., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М.​К.​Агінскага, і ў 19 ст., у перыяд рамантызму, П. узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмац. дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф.​Шапэна. Да П. звярталіся І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, К.​М.​Вебер, М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін, А.​Лядаў і інш.

Найб. раннія звесткі пра П. на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я.​Д.​Голанда (арыя Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780, Нясвіж) і Р.​Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», паст. ў школьным т-ры Забельскага дамініканскага калегіума, Верхнядзвінскі р-н). У 19 ст. вядомы П. для канцэртнага выканання І.​Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фп.), Міхала Клеафаса Агінскага і В.​Казлоўскага (для арк.), Н.​Орды, А.​Абрамовіча, С.​Манюшкі, К.​Ельскага, Ф.​Міладоўскага (для фп.) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў П. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. З сучасных бел. кампазітараў П. пісалі Дз.​Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю.​Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польск. нар. танцаў), Г.​Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,

забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)