МІКУ́ЛЬЧЫК (Аляксандр Андрэевіч) (14.8.1882, в. Шацк Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 1918),
бел.паэт. Пісаў на бел. і рус. мовах. Працаваў перапісчыкам, грузчыкам, матросам і інш. У снеж. 1905 — чэрв. 1906 зняволены ў Мінску па падазрэнні ў прыналежнасці да «анархістаў-камуністаў». У 1906—07 у Пецярбургу, потым працаваў у тэатры ў Кіеве. Быў знаёмы з М.Горкім, падтрымліваў творчыя сувязі з У.Дз. Бонч-Бруевічам. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», «Северо-Западный край», «Белорусское слово» (Кіеў), у калектыўным «Зборніку вершаў» (Кіеў, 1913, на рус. мове). Найб. вядомы яго верш «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905), вядомы таксама пад назвай «Беларуская марсельеза». Верш стаў папулярнай рэв. песняй, доўгі час лічыўся народным або ананімным творам, пазней памылкова прыпісаны У.Галубку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬ (Міхаіл Лявонавіч) (22.11.1909, г. Іркуцк, Расія — 31.1.1970),
расійскі вучоны і канструктар верталётаў. Д-ртэхн.н. (1945), праф. (1967). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Новачаркаскі авіяц.ін-т (1931). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАГІ) імя М.Я.Жукоўскага. У 1936 інжынер КБ па вінтакрылых апаратах, потым нам.гал. канструктара М.І.Камава. У 1943—47 навук. супрацоўнік, нач. лабараторыі ў ЦАГІ. Са снеж. 1947 гал. канструктар КБ верталётабудаўніцтва, з 1964 ген. канструктар. Пад яго кіраўніцтвам у 1951 створаны першы сав. серыйны 3-месны верталёт Мі-1; у далейшым верталёты Мі-2, -4, -6, -8, -10, -10К, В-12 і інш. На верталётах канструкцыі М. ўстаноўлена 60 афіц.сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэмія СССР 1968.
Літ.:
Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІМУМУ ЗАКО́Ну аграхіміі,
папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.
У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.—вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц.сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл.Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧРаманаў
(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),
расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.М.Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 3.11.1936, в. Індыкава Віцебскага р-на),
бел. вучоны ў галіне прамянёвай дыягностыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рмед.н. (1974), праф. (1980). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1961). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1977 заг. кафедры). Навук. працы па візуалізацыйнай дыягностыцы (з выкарыстаннем рэнтгеналагічнага і ультрагукавога даследаванняў, камп’ютэрнай, магнітна-рэзананснай тамаграфій і інш.) у распазнаванні захворванняў органаў стрававання, руху, сардэчна-сасудзістай сістэмы, ахове ад іанізацыйнага выпрамянення. Вызначыў асн. заканамернасці ў развіцці парушэнняў функцый стрававальнага тракту, распрацаваў спосабы даследавання кішэчніка і ягофункцыян. стану, вывучыў механізмы развіцця дыскінезій і прапанаваў шляхі іх лек. карэкцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;
Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн., 1994;
Руководство по медицинской визуализации. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЭТ ((Mowat) Фарлі Мак-Гіл) (н. 12.5.1921, г. Белвіл, Канада),
канадскі пісьменнік. Скончыў ун-т у Таронта. Піша на англ. мове. Першы яго твор — «Людзі Аленевага краю» (1952) пра трагічны лёс эскімосаў. Аўтар кніг пра жыхароў і прыроду Поўначы — «Народ у адчаі» (1959), «Выпрабаванне лёдам» (1960), «Трагедыі мора» (1984), пра жывёл — «Не крычы, ваўкі!» (1963), «Кіт на пагібель» (1972), аповесцей для дзяцей «Сабака, які не хацеў быць проста сабакам» (1957), «Лодка, якая не плыве» (1969), аўтабіягр.кн. «І птушкі не спяваюць» (1979) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Вперед, мой брат, вперед! М., 1983;
В стране снежных бурь. Л., 1984;
Следы на снегу. М., 1985;
Мое открытие Америки. М., 1987;
Трагедии моря. М., 1988;
Проклятие могилы викинга. М., 1990;
Собака, которая не хотела быть просто собакой. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц (разам з гравітацыйным, эл.-магн. і слабым). Абумоўлівае ўзаемадзеянні паміж адронамі (па аналогіі з Ван-дэр-Ваальса сіламі ўзаемадзеяння паміж эл. нейтральнымі аб’ектамі ў электрадынаміцы), у т. л. ў атамных ядрах і паміж ядрамі.
Асн. ўласцівасці М.ў. апісваюцца квантавай хромадынамікай, паводле якой бясколерныя адроны складаюцца з каляровых кваркаў, а сілы ўзаемадзеяння паміж імі абумоўлены абменам глюонамі. М.ў. інварыянтнае адносна прасторавага і часавага адбіццяў, зарадавага спалучэння. Пераўзыходзіць па інтэнсіўнасці эл.-магн. ўзаемадзеянне прыкладна ў 100 разоў, яго радыус дзеяння каля 10−11м, элементарныя працэсы, абумоўленыя М.у., працякаюць за час каля 10−23с. У М.у. выконваюцца законы захавання ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.квантавых лікаў, характэрных для адронаў. Гл. таксама «Вялікае аб’яднанне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТО́ДЗІЕЎ (Дзімітр Хрыстаў) (н. 11.9.1922, г. Гара-Бялова, Балгарыя),
балгарскі паэт, грамадскі дзеяч. Засл. дз. культ. Балгарыі (1969). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1953). Друкуецца з 1939. Паэт.зб-кі «Пра час і пра сябе» (1963), «Вершы і маленькія паэмы» (1968), «Вялікае перасяленне» (1970), «Час восеньскай яснасці» (1977), «І пах салодкі» (1980), раман у вершах «Дзімітроўскае племя» (1951) прасякнуты грамадз. пафасам. Перакладае рус., бел. і інш. паэтаў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклаў Н.Гілевіч. Дзімітроўская прэмія 1952, 1964. Міжнар. прэмія «Салензара» (1982).
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ад стром балканскіх: Вершы сучасных балг. паэтаў. Мн., 1965;
У кн.: Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень. Мн., 1978;
У кн.: Гілевіч Н. Роднасць: Выбр.пер. са слав. паэтаў. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГА́ЦЫЯ КАСМІ́ЧНАЯ,
кіраванне рухам касмічнага апарата. Уключае вызначэнне траекторыі, прагназаванне руху, правядзенне разлікаў, неабходных для карэкцыі ці змены траекторыі касм. апарата, а таксама кіраванне яго рухам (аўтаматычнае або непасрэдна касманаўтамі) пры стыкоўцы, пасадцы, узлёце і інш.
У залежнасці ад тыпу навігацыйных прылад Н.к. падзяляецца на астранамічную навігацыю, радыёнавігацыю і інерцыяльную навігацыю (вызначэнне руху касм. апарата на актыўным участку палёту пры дапамозе ўстаноўленых на ім акселерометраў). Бывае неаўтаномная (праводзіцца пры дапамозе наземных сродкаў) і аўтаномная (праводзіцца на борце касм. апарата; яе роля павялічваецца з ростам працягласці і далёкасці палётаў). Асаблівасць Н.к. у тым, што месца старту (Зямля, Месяц і інш.) і месца прызначэння (планеты і іх спадарожнікі, каметы, астэроіды і інш.) з’яўляюцца рухомымі целамі, якія абарачаюцца па сваіх арбітах.
Літ.:
Шебшаевич В.С. Введение в теорию космической навигации. М., 1971.