антысавецкае сялянскае паўстанне ва ўмовах грамадзянскай вайны. Адбылося ў ліст. 1918 у Веліжскім пав. Віцебскай губ. (цяпер пераважна ў Смаленскай вобл., Расія). Узначальвалі Веліжскае паўстанне выхадцы з мясц. святароў (афіцэры А. і К.Жыгалавы) і мясц. сялян (браты Бараняты, І. і П.Нілёнкі і інш.). Выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне Устаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай вол. Пачалося 11 ліст. ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях. 15 ліст. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак гісторыка А.Г.Хахлова, колькасць узбр. сялян складала 1 тыс.чал. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 ліст., але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925.
Літ.:
Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии. Смоленск, 1957;
Почанин С.З. Историей обреченные. Мн., 1977;
Хохлов А.Г. Крах антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг.Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Wiener Staatsoper),
буйнейшы аўстр. оперна-балетны тэатр. Пачаў дзейнічаць у сярэдзіне 17 ст. (да 1918 наз. Венская прыдворная опера) пастаноўкамі італьян. опер пры венскім двары (першая — «Арыядна і Тэзей» Ф.Банакосі, пастаўлена ў 1641). З 2-й пал. 17 ст. оперныя спектаклі ў выкананні аўстр. прыдворнай трупы ішлі спачатку ў «Бургтэатры», з 1763 — у «Кернтнертортэатры». З сярэдзіны 18 ст., пасля опернай рэформы К.В.Глюка, ставяцца аўстр.нац. оперы (І.Умлаўфа, В.А.Моцарта, К.Дзітэрсдорфа і інш.). У 1794 адкрыўся т-р Венскай прыдворнай оперы (з 1869 у сучасным будынку). З канца 19 ст. павялічылася цікавасць да балета. У 19—20 ст. на сцэне т-ра пастаўлены лепшыя ням., аўстр., італьян., франц. оперы, а таксама балеты, у т. л. рускіх класікаў і сучасных кампазітараў. Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра — Г.Рыхтэр, Г.Малер, Р.Штраус, Г.Караян.
Літ.:
Die Wiener Oper. 350 Jahre Glanz und Tradition. Wien, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,
ступень насычанасці паветра вадзяной парай; паказчык надвор’я і клімату. Залежыць ад шыраты мясцовасці (у палярных шыротах вадзяной пары 0,2% аб’ёму паветра, у экватарыяльных 2,5—4%), сезона года, т-ры паветра і інш. Уплывае на транспірацыю і рост раслін, выпарэнне з глебы і вадаёмаў, цеплаабмен і самаадчуванне чалавека, лячэнне хвароб; улічваецца пры буд-ве, захоўванні твораў мастацтва, кніг і інш. Характарызуецца абсалютнай вільготнасцю паветра (на Беларусі вагаецца ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ і больш летам) і адноснай вільготнасцю (ад 10—20% у сухія дні летам да 88—90% у вільготныя дні ў ліст.—снеж. і 100% у тумане), пругкасцю вадзяной пары (ад 5 гПа у снеж.—лют. да 14—15 гПа у ліп.), дэфіцытам вільготнасці або недахопам насычэння (ад 0,4—0,7 гПа у снеж.—лют. да 6—7,8 гПа у чэрв.), а таксама пунктам расы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,
сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.
Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ПУКЛАЕ ЦЕ́ЛА,
геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл.Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.
Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст.ням. матэматыкі Г.Брун і Г.Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.Д.Аляксандраў, А.В.Пагарэлаў і інш.Гл.таксамаМнагаграннік, Мноства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАДЖАНЫ ГАЗ,
квантавы газ, уласцівасці якога істотна адрозніваюцца ад уласцівасцей класічнага газу пры пэўных умовах. Гэта абумоўлена тоеснасцю аднолькавых часціц у квантавай механіцы (гл.Тоеснасці прынцып). Запаўненне часціцамі магчымых узроўняў энергіі залежыць ад наяўнасці на зададзеным узроўні інш. часціц. Таму залежнасць цеплаёмістасці і ціску выраджанага газу адрозніваецца ад ідэальнага класічнага газу; інакш выражаюцца патэнцыялы тэрмадынамічныя і інш. параметры.
Выраджаны газ існуе пры т-рах, меншых за тэмпературу выраджэння. Уплыў тоеснасці часціц больш істотны, пры меншай адлегласці паміж імі ў параўнанні з даўжынёй хвалі дэ Бройля. Т-ра выраджэння, што вызначае меры прыдатнасці класічнай тэорыі, вышэйшая пры меншай масе часціц газу і большай іх канцэнтрацыі. Напр., т-ра выраджэння электроннага газу ў металах каля 10000 К і таму гэты газ выраджаны пры ўсіх т-рах, пры якіх метал застаецца ў цвёрдым стане. Гл.таксамаКвантавая вадкасць, Бозе-газ, Фермі-газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы судовы орган Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1923. Складаецца з 45 суддзяў, у т. л. Старшыні, яго намеснікаў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і выконваюць свае абавязкі бестэрмінова. Дзейнічае ў складзе калегій па цывільных справах, крымін. справах, Ваен. калегіі, Прэзідыума і Пленума. У межах сваіх паўнамоцтваў суд разглядае справы ў касацыйным і наглядным парадках і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда 1-й інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законам; вывучае і абагульняе суд. практыку, аналізуе суд. статыстыку і дае тлумачэнні па пытаннях выкарыстання заканадаўства; уносіць прапановы ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Вярх. суда вызначаны Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАВО́Д,
комплекс трубаправодаў і дапаможных збудаванняў (газакампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, газавыя сховішчы і інш.) для транспартавання і размеркавання газаў прыродных гаручых. Бываюць магістральныя (са стальных труб, якія злучаюцца зваркай) і размеркавальныя (са стальных і поліэтыленавых труб).
Магістральныя газаправоды служаць для падачы газу ад месца здабычы да размеркавальных станцый. Пракладваюцца падземным (у траншэях), надземным (на апорах, жалезабетонных або метал. эстакадах) спосабамі, у насыпе, пад вадой (у дзюкерах). Працягласць да некалькіх тысяч кіламетраў, дыяметр труб звычайна 1420 мм, рабочы ціск 5,5 або 7,5 МПа. Абсталёўваюцца тэлемех. апаратурай для кантролю і кіравання ціскам і расходам газу. Размеркавальныя газаправоды прызначаны для транспартавання і размеркавання газу ў горадзе або на прадпрыемстве праз газавую сетку. Бываюць вонкавыя (вулічныя, унутрыквартальныя, дваровыя, міжцэхавыя) і ўнутраныя (унутрыдамавыя, унутрыцэхавыя); нізкага (да 0,005 МПа), сярэдняга (0,005—0,3 МПа) і высокага (0,3—1,2 МПа) ціску. Гл.таксамаГазавая прамысловасць, Трубаправодны транспарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДРЫХ, Гейдрых (Heydrich) Рэйнгард (7.3.1904, г. Гале, Германія — 4.6.1942), адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі (1941). У 1922—31 афіцэр флоту. З 1931 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Арганізатар (1931) і кіраўнік (з 1932) СД — службы бяспекі СС. Пасля 1933 адзін з гал. арганізатараў (разам з Г.Гімлерам і інш.) сістэмы нацысцкага тэрору: нач. упраўлення гестапа Прусіі (з 1934), «шэф паліцыі бяспекі і СД» (з 1936), кіраўнік Гал. імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА; з 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў на акупіраванай тэр.СССР (1941); з вер. 1941 таксаманам. імперскага пратэктара Багеміі (Чэхіі) і Маравіі, дзе развязаў тэрор супраць мясц. насельніцтва. Забіты ў Празе чэш. байцамі руху Супраціўлення, пасля чаго гестапаўцы ўчынілі акцыю ў Лідзіцэ.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991. С. 103, 108—118.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Андрэй Дзмітрыевіч) (22.7.1903, Масква — 1979),
рускі графік. Нар. мастак РСФСР (1973). Вучыўся ў Маскве ў прыватных студыях, у Дзярж. вольных маст. майстэрнях і Вышэйшым дзярж.маст.-тэхн. ін-це (1918—27) у І.Машкова, А.Шаўчэнкі, У.Фаворскага. Выкладаў у Маск. паліграфічным ін-це (1930—34, 1948—79). Адзін з заснавальнікаў т-ва станкавістаў (1925). Для графікі Ганчарова (у асн. ксілаграфіі) характэрны цесная ўзаемасувязь усіх элементаў маст. афармлення кнігі, напружаная эмацыянальнасць зрокавага вобраза ілюстрацый, сакавітасць чорна-белых тонаў (іл. да «Прыгоды Перыгрына Пікля» Т.Смолета, 1934—35, 1955, твораў У.Шэкспіра, 1953—64; раманаў і аповесцей Ф.М.Дастаеўскага, 1969—71, і інш.). Працаваў таксама ў галіне станковага («С.Корань у ролі Меркуцыо», 1947), манум., тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу. Дзярж. прэмія СССР 1973.