галіна геранталогіі і ўзроставай псіхалогіі, якая выкарыстоўвае агульнапсіхал. сродкі і методыкі для вывучэння асаблівасцей псіхікі і паводзін асоб пажылога і старога ўзросту. Як асобная дысцыпліна пачала складвацца ў 2-й пал. 20 ст. Яе з’яўленне абумоўлена павелічэннем (абсалютным і адносным) колькасці людзей старога ўзросту, праблемамі іх працаздольнасці і жыццёвага ладу. Герантапсіхалогія вывучае ўзаемасувязь агульных псіхал. і псіхафіз. характарыстык пры старэнні, а таксама асобасныя зрухі, што з’яўляюцца ў выніку змены характару дзейнасці і каштоўнасных арыентацый. Мэта герантапсіхалогіі — пошук сродкаў для працягу актыўнага і паўнакроўнага жыцця чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,
ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж. або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНКСССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВКБССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБСІ́Т (ад прозвішча амер. мінералога Дж.Гібса),
гідраргіліт, мінерал падкласа гідраксідаў, аксігідраксід алюмінію Al(OH)3. Мае 65,4% гліназёму Al2O3, 34,6% H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе прамянёва-ліставатых, нацечных агрэгатаў, канкрэцый. Колер белы, шараваты. Празрысты. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца пры выветрыванні алюмасілікатаў, іншы раз гідратэрмальнага паходжання. Адзін з гал. кампанентаў баксітаў. Гідраргілітавыя баксіты — важная алюмініевая руда. На тэр. Беларусі трапляецца ў верхнепратэразойскіх і верхняюрскіх корах выветрывання крышт. фундамента, у пясчана-гліністых карбанатных ніжнекаменнавугальных пародах Прыпяцкага прагіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГА́НТЫ,
у грэчаскай міфалогіі пачварныя волаты са змяіным целам. Гіганты нарадзіла Гея з кропель крыві, што пралілася пры лягчанні бога неба Урана. Яны паўсталі супраць алімп. багоў, у бітве (гігантамахія) багі з дапамогай Геракла перамаглі гігантаў і скінулі іх у змрочную бездань тартар. Бітва гігантаў з багамі — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (размалёўка храмаў, скульптуры, творы вазапісу), л-ры (эпас Клаўдзіяна), музыцы (опера К.В.Глюка) і інш.
Да арт.Гіганты. Бітва багоў і гігантаў. Фрагмент паўночнага фрыза Пергамскага алтара. 180—160 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г.вытв-сць.
2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.
3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,
прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл.Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЭНБРА́НТЫЯ (Hildenbrandtia),
манатыпны род чырвоных водарасцей сям. гільдэнбрантыевых. Вядомы 1 від — гільдэнбрантыя рачная (H. rivularis). Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы, а таксама на Пн Беларусі, дзе трапляецца рэдка на паўд.-ўсх. мяжы арэала ў чыстых водах рэк і ручаёў. Расце на камяністых субстратах пад вадой. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Прэснаводная эпілітная водарасць. Утварае плевачнае шчыльнакоркавае слаявішча (талом) кармінавага колеру з цёмна-чырвонай аблямоўкай. Таломы акруглыя, дыям. да 2,5 см; пры разрастанні зліваюцца. Вертыкальныя ніткі простыя, зрэдку разгалінаваныя. Размнажаецца вегетатыўна. Індыкатар чыстых вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРДЫМА́Н,
старажытнае княства на тэр.Албаніі Каўказскай, паміж рэкамі Аракс і Кура ў 4—8 ст. Спрыяльнае геагр. становішча на месцы перасячэння гандл. шляхоў адыгрывала важную ролю ў развіцці Гірдымана. У 5—6 ст. Гірдыман залежаў ад Сасанідаў. У канцы 6 — пач. 7 ст.пры кіраўніках з дынастыі Мехранідаў адбылося ўзвышэнне Гірдымана: пабудавана крэпасць Гірдыман, якая стала сталіцай княства, потым далучаны г. Барда і туды перанесена сталіца. Значны след у гісторыі Гірдымана пакінуў кн. Джаваншыр (638—670). Яго нашчадкі насілі тытул араншахаў. У пач. 8 ст. Гідыман заваяваны араб. халіфатам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАГРА́МА (ад грэч. histos, тут слупок + ...грама),
слупковая дыяграма, від графічнага адлюстравання статыстычнага размеркавання якой-небудзь велічыні па колькаснай прыкмеце. Будуецца як сукупнасць сумежных прамавугольнікаў на адной прамой, плошча кожнага з якіх прапарцыянальная частаце знаходжання дадзенай велічыні ва ўсёй сукупнасці. У некаторых выпадках гістаграму можна лічыць шуканай функцыяй шчыльнасці размеркавання імавернасцей (гл.Матэматычная статыстыка). Выкарыстоўваецца ў апрацоўцы фіз. інфармацыі для выдзялення сігналу з шуму, прыаўтам. распазнаванні вобразаў, для скарачэння аб’ёму даных і інш.
С.У.Доўнар.
Гістаграма размеркавання дыяметра дэталей: а — інтэрвал групоўкі 0,05 мм; б — інтэрвал групоўкі 0,25 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́, аксівоцатная кіслата,
HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адносна вял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш. прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.