ДО́ПІНГ (англ. doping ад dope даваць наркотык),
стымуляцыя псіхафіз. актыўнасці спартсмена з дапамогай фармакалагічных сродкаў і метадаў. прызнаных Мед. камісіяй Міжнар. алімп. к-та (МАК) допінгавымі. У спіс допінгавых сродкаў уваходзяць: узбуджальныя (амфетамін, эфедрын, кафеін); абязбольваючыя наркатычныя (марфін, кадэін, какаін і інш.); андрагенна-анабалічныя стэроіды (метанабол. 19-нортэстастэрон, станазалол, тэстастэрон); мачагонныя (фурасемід, гідрахлоратыязід, ацэтазаламід, аміларод і інш. для хуткага штучнага зніжэння масы цела, прыспешваюць працэс выдзялення мачы, што зніжае канцэнтрацыю ў ёй допінгавых субстанцый і перашкаджае іх выяўленню); пептыдныя гармоны і іх аналагі (плацэнтны ганадатрапін, кортыкатрапін, самататрапін, эрытрапаэтын). Д. з’яўляюцца таксама сродкі, выкарыстанне якіх не забаронена, але мае пэўныя абмежаванні; алкаголь, марыхуана, сродкі мясц. абязбольвання. У абгрунтаваных мед. паказаннямі выпадках дазваляецца выкарыстанне пракаіну, лідакаіну (ксілакаіну), карбакаіну. Кортыкастэроіды могуць выкарыстоўвацца толькі мясцова пры захворваннях вушэй, вачэй, скуры, пры інгаляцыйнай тэрапіі (астма, алергічны насмарк) і бэта-адрэналітыкі (прапраналол і інш.). Допінгавымі метадамі лічацца аўтатрансфузія (пераліванне ўласнай крыві), гетэратрансфузія (пераліванне донарскай крыві), пераліванне прэпаратаў, які маюць эрытрацыты (з уласнай або донарскай крыві), фармацэўтычныя, хім., фіз. маніпуляцыі з мэтай падмены саставу пробы біял. вадкасці.
Пошукі пазатрэніровачных спосабаў стымуляцыі псіхафіз. магчымасцей чалавека вяліся яшчэ ў старажытнасці. З канца 19 ст. ў спарт. дысцыплінах, што патрабуюць доўгатэрміновага напружання (напр., веласіпедны спорт), выкарыстоўвалі кафеін, алкаголь, эфір, стрыхнін і абязбольваючыя наркатычныя сродкі. Першыя антыдопінгавыя даследаванні (пачынальнік польскі фармацэўт А.Букоўскі) праведзены ў пач. 20 ст. на скакавых конях на іпадромах Будапешта, Варшавы, Вены. У 1950—60-я г. фармацэўтычныя сродкі пачалі шырока выкарыстоўваць у многіх відах спорту. Першы смяротны выпадак зафіксаваны ў час Алімп. гульняў у 1960 у Рыме (у выніку злоўжывання амфетаміну і вял. напружання пры высокай тэмпературы паветра памёр дацкі веласіпедыст К.Енсен). У 1967 МАК стварыў Мед. камісію, якая распрацавала правілы антыдопінгавага кантролю. На 94-й сесіі МАК (1988, Сеул) прыняты тэкст Міжнар. алімп. антыдопінгавай хартыі, якая вызначае прынцыпы барацьбы з Д., ролю і задачы ў ёй спарт і ўрадавых арг-цый. У 1989 Антыдопінгавая хартыя прынята Саветам Еўропы.
т. 6, с. 183