МЕ́ЕР Андрэй Казіміравіч, (1742—1807), эканаміст, батанік. Паходзіў з Саксоніі. Чл. Вольнага эканам.т-ва і Вольнага рас. сходу пры Маскоўскім ун-це. Аўтар «Батанічнага слоўніка» (кн. 1—2, 1781—83), гіст.-гасп. апісання Смелянскага графства (1787, засталося ў рукапісе) і інш. У якасці агранома паходнай канцылярыі Р.А.Пацёмкіна ў 1785—86 склаў апісанне Крычаўскага староства Магілёўскай губ., дзе даў характарыстыку прадукцыйных сіл уладання ў цэлым і становішча сялян з мэтай пабудовы тут суднаверфі і высялення мясц. старавераў на Пд імперыі. У апісанні змясціў некалькі бел.фалькл. твораў, малюнак Крычава, выкананы пейзажыстам-баталістам М.Іванавым, і карту ўладання, складзеную каптэнармусам Рыжскага батальёна Ц.Неразуевым. Твор М. — каштоўная крыніца па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню надрукаваны са скарачэннямі Е.Раманавым у 1901.
Тв.:
Описание Кричевского графства 1786 г. // Могилевская старина. Могилев, 1901. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫЯ,
гістарычная вобласць, пазней дзяржава ў паўн.-зах. абласцях Іранскага нагор’я. Летапісныя звесткі пра мідыйцаў адносяцца да 2-й пал. 9 ст. да н.э., калі яны вялі ўпартую барацьбу з Асірыяй, якая захапіла частку іх зямель. З 770 да н.э. царства са сталіцай ў г. Экбатана. У часы праўлення Кіяксара [625 ці 624—584 да н.э.] — найвялікшая дзяржава Стараж. Усходу. Заваявала Мінейскае царства, у саюзе з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву, падпарадкавала Урарту і інш. землі. У М. вялася шырокая здабыча меднай руды (слова «Медзь» у слав. мовах паходзіць ад назвы гэтай краіны). У 550 ці 549 да н.э. заваявана персамі, у якасці сатрапіі ўвайшла ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У апошняй чвэрці 4 ст. да н.э. самастойнасць М. была адноўлена, але яна займала толькі частку б. тэрыторыі ў паўд. Азербайджане і называлася Малой М. (Мідыйскай Антрапатэнай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ РАБО́ЧАЯ ДАПАМО́ГА, Міжрабдап,
міжнародная арг-цыя рабочай салідарнасці ў 1921—35. Утворана ў вер. 1921 на Міжнар. канферэнцыі к-таў дапамогі насельніцтву галадаючых раёнаў Сав. Расіі, якая праходзіла ў Берліне. Аказвала вял. дапамогу сав. працоўным харчаваннем, медыкаментамі, машынамі, а з 1922 гал. чынам вытв.-тэхн. дапамогу (у т. л. садзейнічала перасяленню ў СССР груп замежных рабочых). Падтрымлівала класавую і нац.-вызв. барацьбу працоўных капіталіст. краін, дапамагала ахвярам стыхійных бедстваў, удзельнічала ў змаганні з фашызмам. Сярод заснавальнікаў і дзеячаў М.р.д. вядомыя паліт. дзеячы, вучоныя, пісьменнікі: К.Цэткін, А.Эйнштэйн, Р.Ралан, А.Барбюс, Б.Шоу і інш. У М.р.д. ўваходзілі нац. секцыі з індывід. і калект. членствам (у т. л.сав. прафсаюзы ў якасцікалект. члена). Дзейнасць арг-цыі каардынаваў ЦК (да 1933 — у Берліне, потым у Парыжы), які выбіраўся на кангрэсах (1921, 1922, 1925, 1927, 1929, 1931). Спыніла існаванне ў 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя ўгнаенні, якія маюць мікраэлементы, неабходныя раслінам у невял. колькасці. Пры дастатковай забяспечанасці раслін асн. пажыўнымі рэчывамі (азот, фосфар, калій) М. павышаюць ураджайнасць і ўстойлівасць раслін да захворванняў, а таксама паляпшаюць якасць с.-г. прадукцыі. Звычайна ў якасці М. выкарыстоўваюць солі мікраэлементаў, адходы прам-сці (шлакі, шламы), хелаты, што маюць мікраэлементы.
Патрэбнасць с.-г. культур у М. вызначаецца іх біял. асаблівасцямі і колькасцю мікраэлементаў у глебе, якая залежыць ад кіслотнасці глебы і колькасці гумусу ў ёй. Асн. спосабы выкарыстання М.: унясенне ў глебу да сяўбы разам з макраўгнаеннямі, апрацоўка растворамі М. раслін (апырскванне) і насення (перадпасяўное намочванне). Найб. пашыраныя М. — борныя ўгнаенні, медныя ўгнаенні, марганцавыя ўгнаенні, кобальтавыя ўгнаенні, цынкавыя ўгнаенні.
Літ.:
Рекомендации по использованию микроудобрений в земледелии Белоруссии, Литвы, Латвии, Эстонии. Мн., 1987;
Федюшкин Б.Ф. Минеральные удобрения с микроэлементами: Технология и применение. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦДА́РМ (ад франц. place d’armes плошча для збору войск),
1) тэрыторыя сваёй або інш. краіны, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі ўварвання на тэр.інш. дзяржавы ў якасці базы для згрупавання і разгортвання войск (напр., тэр. Саудаўскай Аравіі была П. пры вызваленні Кувейта ў ходзе аперацыі «Бура ў пустыні», гл.Кувейцкі крызіс 1990—91).
2) Участак тэр., якім авалодалі наступаючыя войскі пры фарсіраванні воднай перашкоды або процілеглага берага, што ўтрымліваецца адступаючымі войскамі пры адыходзе [напр., у Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 сав. войскі пасля фарсіравання р. Дняпро на фронце 750 км ад Лоева (Беларусь) да Запарожжа (Украіна) занялі на правым беразе ракі больш за 20 П., з якіх потым працягвалі наступленне на З.].
3) Участак мясцовасці на марскім узбярэжжы, захоплены пры правядзенні марской дэсантнай аперацыі з мэтай забеспячэння высадкі і разгортвання гал. сіл (напр., Нармандская дэсантная аперацыя 1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды, якія маюць у сабе карысныя выкапні (рэдкія і рассеяныя элементы, соль, соду) і выкарыстоўваюцца ў якасці гідрамінеральнай сыравіны. З П.п.в. здабываюць ёд, бром, літый, стронцый, рубідый і інш., таксама кухонную і калійную солі, соду. Асн. паказчык П.п.в. — колькаснае ўтрыманне карыснага рэчыва, мінім. канцэнтрацыя якога павінна забяспечыць рэнтабельнасць здабычы і перапрацоўкі. Мінім. канцэнтрацыі карысных кампанентаў складаюць у сярэднім: стронцый — 300 мг/дм3, бром — 250, калій — 100, ёд — 18, рубідый — 1, цэзій — 0,5 мг/дм3. Звычайна прымеркаваны да глыбінных частак буйных артэзіянскіх басейнаў, якія ўмяшчаюць высокамінералізаваныя воды і расолы хларыднага натрыевага (натрыева-кальцыевага) саставу. Здабыча карысных выкапняў з П.п.в. пашырана на Украіне, у ЗША, Германіі, Японіі, Чылі, Расіі, Туркменістане. На Беларусі (Прыпяцкі прагін) падрыхтавана для распрацоўкі некалькі такіх радовішчаў па здабычы брому і ёду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СА (Panicum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.
П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.
Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.
Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.
В.У.Макрынскі.
Да арт.Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).Да арт.Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫКЕТАВА́ННЕ,
ператварэнне здробненых і парашкападобных матэрыялаў (вугаль, руда, шлакі, кокс, торф, метал. стружка і інш.) у кавалкі правільнай формы (брыкеты). Паляпшае спажывецкія якасці матэрыялаў, павышае эфектыўнасць спальвання паліва, забяспечвае ўвядзенне руднай драбязы і метал. стружкі ў плавільную печ, дае магчымасць утылізаваць адходы вытв-сці, зменшыць выдаткі на захоўванне і транспартаванне.
Працэс брыкетавання складаецца з аперацый драбнення, падзелу на фракцыі, дазіравання і перамешвання кампанентаў сумесі, сушкі і прасавання. Выконваецца прасаванне ў стужачных, вальцовых, штэмпельных, кальцавых і імпульсных прэсах. Для паляпшэння брыкетаўтварэння ўжываюцца вяжучыя дабаўкі (пек, бітум, вадкае шкло, цэмент і інш.). Брыкетаванне шырока выкарыстоўваецца таксама ў харч. Прам-сці для вытв-сці канцэнтратаў і ў сельскай гаспадарцы для вырабу канцэнтраваных кармоў і подсцілу ў выглядзе плітак. На Беларусі вырабляюцца тарфяныя, тарфяна-вугальныя і тарфяна-вугальналігнінавыя паліўныя брыкеты (каля 2 млн.т за год) цеплатворнай здольнасцю да 17 МДж/кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы судовы орган Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1923. Складаецца з 45 суддзяў, у т. л. Старшыні, яго намеснікаў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і выконваюць свае абавязкі бестэрмінова. Дзейнічае ў складзе калегій па цывільных справах, крымін. справах, Ваен. калегіі, Прэзідыума і Пленума. У межах сваіх паўнамоцтваў суд разглядае справы ў касацыйным і наглядным парадках і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда 1-й інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законам; вывучае і абагульняе суд. практыку, аналізуе суд. статыстыку і дае тлумачэнні па пытаннях выкарыстання заканадаўства; уносіць прапановы ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Вярх. суда вызначаны Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.