ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).

Агульная пл. ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн. км² (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн. км³. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн. км², з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).

2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.

З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.

На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл. Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФІЛАСО́ФІІ І ПРА́ВА Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т філасофіі АН БССР. У 1935 аб’яднаны з Ін-там сав. буд-ва і права АН БССР і перайменаваны ў І.ф. і п. У гады Вял. Айч. вайны не працаваў. З 1946 у АН БССР існаваў сектар філасофіі, у 1947 адноўлены як І.ф. і п., у 1958—65 з ін-та быў вылучаны сектар права ў самастойны ін-т. Аспірантура з 1931. Аддзелы: логікі і метадалогіі навук. пазнання (з сектарам філас. праблем прыродазнаўства і тэхнікі), філас. праблем чалавека, філас. праблем міжнац. і міжнар. адносін, гісторыі філасофіі; тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, дзярж. права і кіравання, прац. і гасп. права, с.-г. і экалагічнага права; сектар сац. экалогіі.

Асн. кірункі даследаванняў: аналіз сутнасці дзяржавы, яе структуры і гіст. форм, заканамернасцей сац.-культ. развіцця, гуманізацыі грамадскіх адносін, метадалогіі пазнання; гісторыя філас. думкі Беларусі; тэндэнцыі паліт.-прававога абнаўлення рэспублікі; складанне заканадаўства, канстытуцыйных прынцыпаў арганізацыі і функцыянавання суд. улады і інш. Выдадзены працы: «Дыялектычны матэрыялізм як метадалогія прыродазнаўчанавуковага пазнання» (1965), «Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі» Дз.​І.​Шыраканава (1969), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973), «Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты» А.​С.​Майхровіча (1977), «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі» С.​А.​Падокшына (1990), «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст» (1991), «Прававая рэформа: Павышэнне дзейнасці заканадаўства» (1992), «Стэрэатыпы і дынаміка мыслення» (1993), «Земскае самакіраванне па Беларусі (1905—1917 гг.)» В.​П.​Слабажаніна (1994) і інш. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі С.​Я.​Вальфсон (першы дырэктар ін-та), В.​А.​Сербента, К.​П.​Буслаў, акад. АН СССР Г.​Ф.​Аляксандраў, чл.-кар. АН Беларусі І.​М.​Ільюшын, І.​М.​Лушчынскі, С.​П.​Маргунскі; працуюць акад. Нац. АН Беларусі Дз.​І.​Шыраканаў, чл.-кар. А.​С.​Майхровіч (дырэктар з 1994), А.​І.​Савасцюк, В.​І.​Семянкоў, М.​І.​Сторажаў, В.​І.​Шабайлаў.

А.​А.​Лазарэвіч.

т. 7, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕР (лац. color),

1) уласцівасць прадметаў ці фіз. з’яў, якая ацэньваецца зрокавым адчуваннем. У пераважнай большасці выпадкаў колернае адчуванне ўзнікае пры ўздзеянні на вока бачнага выпрамянення (эл.-магн. выпрамянення з даўжынямі хваль ад 400 да 750 нм); часам узнікае пры націсканні на вока, эл. раздражненні і інш., а таксама па мысленнай асацыяцыі з інш. адчуваннямі (напр., гуку, цяпла) і ў выніку работы ўяўлення.

К. падзяляюцца на ахраматычныя (чорны, белы і прамежкавыя паміж імі шэрыя) і храматычныя (усе астатнія); характарызуюцца чысцінёй, насычанасцю, тонам і яркасцю. Адрозніваюць К. крыніц святла (вызначаецца спектрам крыніцы) і аб’ектаў, якія не свецяцца ўласным святлом. Прадмет мы бачым белым, калі ён аднолькава адбівае ўсе прамяні бачнага спектра, чорным — цалкам паглынае іх, шэрым — аднолькава, але не поўнасцю паглынае ўсе прамяні, каляровым — паглынае толькі некаторыя з іх. Успрыманне К. абумоўлена рознай рэакцыяй святлоадчувальных элементаў вока на святло рознай даўжыні хвалі і інтэнсіўнасці, але сігналы, што паступаюць у цэнтр. нерв. сістэму, успрымаюцца з улікам раней атрыманай інфармацыі, якая зберагаецца ў памяці чалавека. Гл. таксама Колернасці тэорыя.

2) К. у выяўленчым мастацтве, мастацкі сродак адлюстравання рэчаіснасці ва ўсім багацці яе фарбаў; важны элемент маст. твора, які выконвае ў ім выяўл. і выразныя функцыі і неадрыўна звязаны з інш. элементамі — кампазіцыяй, малюнкам, фактурай і інш.; аснова каларыту. К. розняцца паводле тону, насычанасці, светлаты, падзяляюцца на «цёплыя» і «халодныя». У працэсе развіцця мастацтва склалася багатая сімволіка К., якая мае гіст. і нац. абумоўлены характар, звязана з асаблівасцямі маст. стылю эпохі, відам мастацтва, творчымі задачамі. К. — асн. структурны элемент жывапісу, дзе найб. яскрава праяўляюцца яго выразныя магчымасці: перадача матэр. якасці асобных аб’ектаў (лакальны К.), іх размяшчэнне ў прасторы карцін (гл. Перспектыва), паветр. асяроддзя, асветленасці, сувязі з інш. аб’ектамі і навакольным асяроддзем. З’яўляецца асновай маст. вобраза твора, сродкам псіхал. характарыстыкі, перадачы эмац. стану персанажаў і інш. У манум. мастацтве выконвае дэкар. функцыі і аб’ядноўвае асобныя аб’екты ў адзіны ансамбль; выкарыстоўваецца ў графіцы, скульптуры (паліхромная скульптура), дэкар.-прыкладным мастацтве.

Я.​Г.​Міляшкевіч, Т.​В.​Пешына.

т. 8, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ музычная,

1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.

2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец. муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.

Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.​Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.​Ж.​Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш. Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.​Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.​Грова (т. 1—4, 1879—1889).

У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.​Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.​Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.​Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані і Р.​Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.​Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).

Т.​А.​Цітова.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НІЯ Старажытная

(грэч. Makedonia, лац. Macedonia),

дзяржава ў 5—2 ст. да н.э. на ПнУ Балканскага п-ва. Да ўтварэння макед. дзяржавы яе тэрыторыю з пач. 1-га тыс. да н.э. насялялі плямёны фракійцаў і ілірыйцаў, якіх у 7 ст. да н.э. падпарадкавалі роднасныя стараж. грэкам макед. плямёны (паходзілі з тэрыторыі ў басейне р. Аліякман). У ходзе некалькіх войнаў цар Пердыка I [правіў каля 700 да н.э.] і яго пераемнікі аб’ядналі макед. плямёны і заснавалі самаст. царства. У 6—5 ст. да н.э. цары з дынастыі Аргеадаў пашырылі сваю ўладу на ўнутр. тэрыторыю п-ва, але былі адцеснены ад Эгейскага м. грэкамі. Ва ўмовах унутр. крызісу ў Стараж. Грэцыі Філіп II заваяваў шэраг грэч. полісаў і пасля перамогі каля Херанеі (338 да н.э.) усталяваў свой пратэктарат над усёй Грэцыяй. Яго сын Аляксандр Македонскі працягваў заваяванні і стварыў вялізную дзяржаву з цэнтрам у М., што дало пачатак эпохі элінізму. Пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) М. падзелена паміж яго паплечнікамі, якія вялі бесперапынныя міжусобныя войны. Магутнасць М. адноўлена пры Антыгоне II Гонаце [277—239 да н.э.], які заснаваў устойлівую дынастыю Антыганідаў. У 277—168 да н.э. М. была адной з вядучых дзяржаў Міжземнамор’я, але сутыкненні са Стараж. Рымам (т.зв. Македонскія войны) прывялі да яе хуткага заняпаду. Пры. Філіпе V [221—179 да н.э.] у выніку паражэння ў 2-й Макед. вайне (200—196 да н.э.) М. страціла кантроль над Грэцыяй. 3-я Макед. вайна (171—168 да н.э.) завяршылася разгромам македонцаў у бітве каля Підны (168 да н.э.). Апошні макед. цар Персей [179—168 да н.э.] трапіў у палон і адпраўлены ў Рым, а М. падзелена на 4 рэспублікі пад пратэктаратам Рыма. Пасля ліквідацыі рымлянамі паўстання пад кіраўніцтвам Андрыска (148 да н.э.) М. канчаткова страціла незалежнасць і ператворана ў рым. правінцыю.

Літ.:

Шофман А.С. История античной Македонии. Ч. 1—2. Казань, 1960—63;

Арриан. Поход Александра: Пер. с др.-греч. М., 1993;

Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1997.

Я.​У.​Новікаў.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕР ((Mahler) Густаў) (7.7.1860, в. Каліштэ, Чэхія—8.5.1911),

аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, оперны рэжысёр; буйнейшы еўрап. кампазітар канца 19 — пач. 20 ст. З 1875 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў Ю.​Эпштэйна (фп.), кампазіцыі — у А.Брукнера. З 1880 оперны рэжысёр у т-рах Прагі, Вены, Лейпцыга і інш. З 1888 дырэктар Каралеўскай оперы ў Будапешце, з 1891 першы дырыжор Гар. т-ра ў Гамбургу. З 1897 дырэктар Венскай прыдворнай оперы. З 1907 у ЗША, дырыжор т-ра «Метраполітэн-опера», з 1909 адначасова кіраўнік Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Для яго музыкі характэрны тэндэнцыі позняга рамантызму і адначасова рысы экспрэсіянізму, што абумоўлена трагічным асэнсаваннем сац. супярэчнасцей эпохі. Аўтар 9 сімфоній (1888—1909; 10-я не скончана), першыя 4 з якіх спалучаюць эмац. непасрэднасць і трагічную іронію, жанравыя замалёўкі і сімволіку; 5—7-я сімфоніі складаюць трагічна афарбаваную інстр. трылогію, інтанацыйна звязаную з песеннымі цыкламі (пераважна на словы Ф.​Рукерта і нар. тэксты з «Чароўнага рога хлопчыка»). Творы позняга перыяду прасякнуты тэмай развітання з жыццём. Асаблівасці яго сімфанізму выяўляюцца ў адмаўленні ад класічнай 4-часткавай будовы ў большасці сімфоній, пераўтварэнні структуры ўсяго цыкла. Каб зрабіць больш даступнымі свае ідэйна-гуманіст. канцэпцыі і складаную манумент. форму сімфоній, ён дэмакратызаваў меладычную мову, уводзіў у іх вак.-хар. эпізоды. М. павялічыў склад аркестра, развіў мастацтва аркестроўкі, узбагаціў лада-гарманічныя сродкі. Сярод інш. твораў: сімфонія-кантата «Песня аб зямлі» для салістаў і арк. (1909); вак. цыклы — «14 песень і напеваў юнацкіх гадоў» для голасу з фп. (1880—90), «Песні вандроўнага чалядніка» (1883—85), «12 песень з «Чароўнага рога хлопчыка» (1892—98), «Сем песень апошніх гадоў» (1899—1902), «Песні аб памерлых дзецях» (1904; усе для голасу з арк.), «Жаласная песня» для салістаў, хору і арк. (1-я рэд. 1880). Творчасць М. значна паўплывала на музыку кампазітараў 20 ст.

Літ.:

Густав Малер: Письма. Воспоминания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1968;

Барсова И.А. Симфонии Густава Малера. М., 1975;

Тараканов М. Малер // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;

Mitchell D. G. Mahler songs and symphonies of life and death. London, 1985.

Т.​А.​Шчарбакова.

Г.Малер.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦТВА КНІ́ГІ,

адзіны комплекс творчай дзейнасці па праектаванні, маст. вырашэнні і паліграф. ўзнаўленні кніжнага выдання — кнігі. Сінтэт. мастацтва, якое арганічна ўключае літаратуру, маст. афармленне (гл. Кніжная графіка), паліграф. працэсы і з’яўляецца вынікам шматграннага творчага працэсу спецыялістаў рознага профілю (выдаўцоў, рэдактараў, фатографаў, мастакоў, паліграфістаў), накіраванага на высокамаст. вырашэнне кніжнага блока і знешняга выгляду кнігі, эстэт. дапасаванне яе формы і літ. зместу. Кожны з элементаў афармлення адыгрывае спецыфічную ролю ў стварэнні маст. ансамбля кнігі, што адлюстроўвае змест і форму літ. твора, нясе стылявыя рысы эпохі, твора, індывід. творчай манеры мастака. Асаблівасці задач маст. афармлення кнігі вызначаюцца спецыфікай віду л-ры (навуковая, навучальная, навукова-папулярная, маст., дзіцячая і інш.). Стварэнне кнігі ўключае этапы: выдавецкі (вызначэнне агульнай задумы, ідэі выдання, тэхнал. асаблівасцей і матэрыялаў), маст. (распрацоўка сістэмы афармлення, у т. л. стварэнне ілюстрацый, макетавання, канструкцыі выдання і інш.), вытворчы (паліграф. працэс). Творчыя вынікі М.к. разглядаюцца на перыядычных нац. і міжнар. конкурсах кнігі і выстаўках.

Вытокі М.к. ў афармленні рукапіснай кнігі, у якім пераважалі абклад, мініяцюра, малюнак, каліграфія. Як самаст. галіна мастацтва склалася ў 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Новы этап М.к. пачаўся ў 19 ст. з пераводам ручных рамесніцкіх паліграф. працэсаў на машынныя (наборная машына, лінатып, фотамеханічнае ўзнаўленне выяў) і выкарыстаннем паперы на цэлюлознай аснове. У сярэдзіне 20 ст. кардынальныя змены ў тэхніцы набору, узнаўлення ілюстрацый і друку ўнеслі сродкі электронікі і ЭВМ (камп’ютэрны дызайн і інш.). Гл. таксама Выдавецкая справа, Паліграфічная прамысловасць. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Кніжная графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Ляхов В.Н. Искусство книги. М., 1978;

Герчук Ю.Я. Художественная структура книги. М., 1984;

Лазурский В.В. Путь к книге. М., 1985;

Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Мастацтва кнігі. Вокладка і разварот кнігі А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мінск. 1998.
Да арт. Мастацтва кнігі. Евангелле. Рукапіс. 1-я пал. 16 ст. Беларусь—Украіна.
Да арт. Мастацтва кнігі. Замежныя выданні 15—16 ст.
Да арт. Мастацтва кнігі. Абклад напрастольнага евангелля. 16 ст.
Да арт. Мастацтва кнігі. Выданні «Беларускай Энцыклапедыі».

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.

Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.​Д.​Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст. навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).

На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.​Р.​Брэжга, А.​П.​Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.​Ю.​Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст. бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літ.:

Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);

Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРОДАНАСЕ́ЛЬНІЦТВА, насельніцтва,

сукупнасць людзей, якія жывуць на зямным шары (чалавецтва) ці ў межах канкрэтнай тэрыторыі, кантынента, краіны. У адрозненне ад універсальнага тэрміна «насельніцтва» тэрмін «Н.» часцей выкарыстоўваецца пры сац.-эканам. характарыстыцы насельніцтва. Н. характарызуюць паказчыкі: колькасць насельніцтва і яе дынаміка, інтэнсіўнасць асобных дэмаграфічных працэсаў — нараджальнасць, смяротнасць, натуральны прырост, працягласць жыцця, узростава-палавы склад і сямейнае становішча, нацыянальны склад насельніцтва, рассяленне, міграцыя насельніцтва, урбанізацыя, расавы, этн. і рэліг. склад. Паказчыкі, якія адлюстроўваюць сац.-эканам. структуру Н., — эканамічна актыўнае насельніцтва, яго прафесійны і класавы склад, занятасць. Арыенціровачна да канца эпохі палеаліту (каля 15 тыс. г. да н.э.) колькасць насельніцтва дасягала 3 млн. чал., да канца неаліту (2 тыс. г. да н.э.) — 50 млн. чал., на пач. нашай эры — 230 млн. чал., у 1650—550 млн. чал., у 1750—725, у 1850—1175, у 1900—1600, у 1950—2556, у 1980—4458 млн. чал.; па разліках ААН на 12.10.1999 у свеце налічвалася 6 млрд. чалавек.

Для найлепшага спалучэння росту насельніцтва з эканам. развіццём асобных краін і свету ў цэлым вял. значэнне мае нацыянальная дэмаграфічная палітыка (сац., эканам., юрыд. і інш. мерапрыемствы, накіраваныя на змену працэсаў узнаўлення пакаленняў, міграцыі і інш.). З краін Еўропы найбольш актыўную дэмаграфічную палітыку праводзіць Францыя. Шырокая праграма планавання велічыні сям’і ажыццяўляецца ў Японіі. Кітаі і Індыі (скарачэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва). Буйнейшыя па колькасці Н. краіны (1998, млн. чал.): Кітай (1236,9), Індыя (984), ЗША (270,3), Інданезія (212,9), Бразілія (169,8), Расія (146,9), Пакістан (135,1), Бангладэш (127,6), Японія (125,9), Нігерыя (110,5). Н. зямнога шара размяшчаецца нераўнамерна — на 7% сушы жыве 70% усіх людзей, 37% сушы не заселена. Н. свету складаецца з прыкладна 2 тыс. народаў, частка з іх склалася ў нацыі, інш. ўяўляюць сабой народнасці або групы плямён. Даследаваннямі Н. займаецца навука дэмаграфія. Паводле перапісу 1999 на Беларусі Н. складае 10203,8 чал.

Літ.:

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;

Валентей Д.И. Проблемы народонаселения. М., 1961;

Народонаселение. Соврем. состояние науч. знания. М., 1991.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ ПО́МНІКАЎ АРХІТЭКТУ́РЫ,

галіна археалогіі, якая вызначае месцазнаходжанне рэшткаў загінулых або значна пераробленых помнікаў архітэктуры, вывучае іх, аднаўляе планы і, па магчымасці, рэканструюе фасады і асн. аб’ёмы помнікаў у цэлым.

Да 19 ст. манум. архітэктуру вывучалі гісторыкі архітэктуры і мастацтвазнаўцы, археал. даследаванні мелі дапаможны характар. У 1820—40-я г. ў Зах. Еўропе, у канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі пачаліся навук. даследаванні арх. помнікаў. У 1930—40-я г. вылучылася ў асобную галіну археалогіі. У пасляваен. гады распрацавана методыка археал. вывучэння арх. аб’ектаў, праводзіцца сумеснае іх даследаванне аб’яднанымі экспедыцыямі археолагаў, архітэктараў-рэстаўратараў, гісторыкаў архітэктуры і мастацтвазнаўцаў.

На Беларусі першыя археал. даследаванні арх. помніка зроблены невяд. археолагам у 1790-я г. ў Полацку, у выніку якіх раскапаны падмуркі храматрыконха Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра 12 ст. У 1-й пал. 19 ст. праводзілася візуальнае мастацтвазнаўчае і гіст. архіўнае вывучэнне помнікаў архітэктуры. Рус. і польск. даследчыкі абследавалі шмат помнікаў, зрабілі іх пач. абмеры, вывучалі буд. матэрыялы і сістэмы муровак, сабралі вял. факталагічны матэрыял па гісторыі бел. архітэктуры і спрабавалі яго крытычна асэнсаваць. Часам даследаванні спалучаліся з рамонтна-рэстаўрацыйнымі работамі. Археалогія помнікаў архітэктуры актывізавалася ў канцы 1920—1-й пал. 1930-х г. (працы І.​Хозерава, М.​Шчакаціхіна). На высокім навук. узроўні праведзены раскопкі полацкіх арх. помнікаў 12 ст., што дазволіла вылучыць іх у самастойную Полацкую школу дойлідства. У пасляваенны перыяд раскопкі М.​Вароніна, М.​Каргера, П.​Рапапорта, В.​Булкіна далі магчымасць па-новаму ўбачыць і растлумачыць складаныя працэсы станаўлення і развіцця архітэктуры зах. зямель Стараж. Русі. З канца 1960-х г. пачаліся раскопкі помнікаў 13—18 ст., вынікі іх надрукаваны ў працах М.​Ткачова і М.​Малеўскай. У апошні час шырока вывучаецца культавая і грамадзянская архітэктура эпохі Адраджэння і барока (раскопкі І.​Чарняўскага, З.​Пазняка, А.​Кушнярэвіча і інш.).

Літ.:

Михайловский Е.В. Реставрация памятников архитектуры. М., 1971;

Раппопорт П.А. О методике археологических раскопок памятников древнерусского зодчества // Краткие сообщения Ин-та археологии АН СССР. М., 1973. Вып. 135;

Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв.: Архит.-археол. Анализ. Мн., 1988.

А.​А.​Трусаў.

Да арт. Археалогія помнікаў архітэктуры. Муроўка Гродзенскай Барысаглебскай царквы. 12 ст.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)