ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ НАРО́ДНІЦКІ ГУРТО́К.

Дзейнічаў у 1879—80 у мяст. Горкі (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўваў вучняў земляробчага, землямерна-таксатарскага і рамеснага вучылішчаў. Створаны вясной 1879 па ініцыятыве выпускніка Магілёўскай гімназіі Э.​Ф.​Акушкі; кіраўнік — вучань рамеснага вучылішча М.​Л.​Выржыкоўскі. Гурток меў нелегальную б-ку, падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-народнікамі Магілёва, Віцебска, Гродна, Пскова, Кіева, Пецярбурга і інш. З лета 1879 гурткоўцы вялі прапагандысцкую работу, але з-за недахопу канспіратарскага вопыту арыштаваны. Паліцыі не ўдалося высветліць маштабы дзейнасці гуртка і справа была спынена. Над Выржыкоўскім і Акушкам быў устаноўлены тайны нагляд паліцыі.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́ЎНЯ,

вёска ў Беларусі, у Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад г. Капыль, 120 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Цімкавічы, на скрыжаванні аўтадарог Капыль—Узда і Асіповічы—Баранавічы. 491 ж., 173 двары (1995). Пачатковая школа, бальніца, аддз. сувязі.

Вядома з 17 ст., калі вёсцы нададзены правы мястэчка і штотыднёвых кірмашоў. У 1769—1806 працавала Бабаўнянская суконная мануфактура. На пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав., 196 ж, у аднайменным маёнтку 407 ж, вінакурны з-д. З 1924 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САВЫ КАМЯНІ́,

манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял. валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн. Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).

Барысаў камень каля Сафійскага сабора ў Полацку.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБА́НАЎ Барыс Мяфодзьевіч (н. 18.7.1938, г. Пракоп’еўск Кемераўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1985). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1965). З 1974 у Мінскім аддзеле Цэнтр. НДІ сувязі, з 1988 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па аўтам. распазнаванні і сінтэзе мовы. Распрацаваў тэарэт. асновы і метады аналізу і сінтэзу мовы, прыстасаванні сінтэзу рус. і бел. моў, прылады распазнавання моў.

Тв.:

Синтезированная речь в системах массового обслуживания. М., 1983 (разам з В.​Я.​Кучаравым);

Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1. М., 1990 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГА́НДЫ (ад лац. ligo звязваю),

малекулы ці іоны, непасрэдна злучаныя з цэнтр. атамам у комплексных злучэннях.

Звычайна Л. з’яўляюцца аніёны (напр., гідраксіл OH​−, астачы азотнай NO3​−, салянай Cl, сінільнай CN​− кіслот) ці нейтральныя малекулы, якія маюць атамы кіслароду, азоту, фосфару, крэмнію, мыш’яку або кратныя сувязі (напр., неарган. малекулы — аксід вугляроду CO у карбанілах металаў, аміяк NH3; арган. злучэнні — аміны, спірты, алефіны). У каардынацыйнай сферы комплексаўтваральніка Л. можа займаць адно (т.зв. монадэнтатныя Л.) ці некалькі месцаў (полідэнтатныя Л., якія злучаны з цэнтр. атамам праз некалькі атамаў Л.). Комплексы з полідэнтатнымі Л. наз. хелатнымі (гл. Хелатныя злучэнні).

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

горад у Стаўрапольскім краі Расіі, цэнтр Мінералаводскага р-на, за 170 км на ПдУ ад Стаўрапаля. Размешчаны ў Перадкаўказзі, на паўд.-ўсх. ускраіне Стаўрапольскага ўзв., у даліне р. Кума. Засн. ў 1878 у сувязі з буд-вам Растова-Уладзікаўказскай чыгункі як пас. Султанаўскі. З 1920 горад. Нас. 75,1 тыс. ж. (1996). Трансп. вузел. Чыг. станцыя (электрыфікаваныя чыгункі на курорты Пяцігорск, Есентукі, Кіславодск, Жалезнаводск). Аэрапорт, які абслугоўвае курорты Каўказскіх Мінеральных Вод. Прадпрыемствы па абслугоўванні чыг. транспарту, грамадз. авіяцыі, быт. абслугоўванні насельніцтва. Харч. прам-сць (маслазавод, з-д па вытв-сці жэлаціну, спіртзавод, мясакамбінат); вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КТАРАЎ Яўген Уладзіміравіч (н. 2.9.1946, г. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1971). З 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэарэт. фізіцы і фізіцы салітонаў. Распрацаваў метады дакладнага інтэгравання нелінейных эвалюцыйных ураўненняў і з іх дапамогай даследаваў дынаміку салітонавых імпульсаў у валаконна-аптычных лініях сувязі.

Тв.:

Некоторые геометрические и групповые методы в теории вполне интегрируемых нелинейных уравнений // Теория групп, гравитация и физика элементарных частиц: Тр. Физического ин-та АН СССР. М 1986 Т 167.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕ́ШНЯЕ І ЎНУ́ТРАНАЕ,

узаемазвязаныя філасофскія катэгорыі, у якіх знешняе адлюстроўвае ўласцівасці прадмета як цэлага і спосабы яго ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, а ўнутранае — будову самога прадмета, яго склад, структуру і сувязі паміж элементамі. У працэсе пазнання знешняе перадае паверхневы бок прадмета, даступны пачуццям, або рэчаіснасць, што існуе па-за прадметамі; унутранае — тое, што схавана ад непасрэднага назірання і можа быць выяўлена тэарэт. даследаваннем. Узаемасувязь З. і ў. выступае як рух ад знешняга да ўнутранага, ад назіраемага да нябачнага, але мысленнага; прычым унутранае раскрываецца праз знешняе.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЛЬДА (ням. Mulde літар. карыта) у геалогіі, чашападобная разнавіднасць сінклінальнай складкі або тэктанічная ўпадзіна ізаметрычнай ці авальнай формы. Памеры М. ад некалькіх дзесяткаў метраў да соцень кіламетраў. Вылучаюць: М. накладзеныя, што запоўнены адкладамі, якія залягаюць паката або гарызантальна рэзка нязгодна з дыслацыраванымі горнымі пародамі (часта змяшчаюць буравугальныя радовішчы); М. асядання — зніжэнне паверхні над падземнымі горнымі вырабаткамі або ў выніку распрацоўкі нафтавых і газавых радовішчаў; М. ўціснутыя — прагінанне паверхні над ачагамі гразевых вулканаў; М. кампенсацыйныя — паніжэнні ў надсалявых адкладах вакол саляных купалаў у сувязі з адтокам пластычнай солі.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАПО́ПАЎ Алег Георгіевіч (н. 3.10.1938, Краснаярскі край, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Канд. тэхн. н. (1986). Скончыў Томскі ун-т (1960). З 1973 у Мінскім НДІ сродкаў аўтаматызацыі. З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па апрацоўцы відарысаў, лічбавых картаграфічных сістэмах. Распрацаваў метады, алгарытмы, сродкі стварэння і кантролю лічбавых карт мясцовасці і аўтаматызаваных комплексаў для іх вытв-сці; адаптыўныя метады павышэння імавернасці перадачы тэлекодавай інфармацыі па каналах сувязі. Дзярж. прэмія СССР 1985.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)