АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А
(Altamira y Crevea) Рафаэль (10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),
іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.Франка (1939) у эміграцыі.
т. 1, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎ Анатоль Мікалаевіч
(25.5.1888, Масква — 16.4.1982),
рускі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1916), з 1923 выкладаў у ёй (праф. з 1926). Працаваў у многіх жанрах, найб. плённа ў вакальным. Аўтар цыклаў рамансаў «З Александрыйскіх песень М.Кузьміна» (4 сш.), «Вернасць» (Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш., опер «Бэла» (1941), «Дзікая Бара» (1957), «Ляўша» (1975), сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Літ.:
Кокушкин В. Анатолий Александров. М., 1987.
т. 1, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ Мікалай Міхайлавіч
(н. 2.5.1935, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1989), д-р фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1991). Скончыў БДУ (1957). З 1968 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1994 яго дырэктар. Навук. працы па хім. сувязі ў цвёрдых целах, рэнтгенаўскім аналізе рэальных крышталёў, фазавых пераходах пры высокіх цісках і т-рах, высокатэмпературнай звышправоднасці.
Тв.:
Интегральные характеристики дифракции рентгеновских лучей в монокристаллах с хаотическим распределением дислокаций // Металлофизика. 1986. № 1.
т. 1, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРУ́САЎ Мікалай Іванавіч
(19.12.1861, Адэса — 27.4.1924),
рускі геолаг і палеантолаг, адзін з заснавальнікаў палеаэкалогіі. Акад. Пецярбургскай АН, чл.-кар. (1910). Праф. Юр’еўскага (1896) і Кіеўскага (1905) ун-таў, Вышэйшых жаночых курсаў у Пецярбургу (1912). Працаваў у Геал. к-це (Пецярбург). Навук. працы па стратыграфіі і палеанталогіі неагену Понтакаспійскага бас., тэктоніцы і палеагеаграфіі Альпійскай зоны Еўразіі, выкапнёвых рыфах, арганагенных вапняках. Даследаваў трацічныя адклады Паўн. Каўказа і Закаўказзя. Удзельнічаў у акіянаграфічных экспедыцыях на Чорным (1890) і Мармуровым (1894) морах, у заліве Кара-Багаз-Гол (1897).
т. 1, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЮ́К Георгій Аляксандравіч
(н. 13.11.1942, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1974 у Ін-це філасофіі і права, з 1980 на кафедры філасофіі АН Беларусі. Аўтар прац па праблемах сац. кіравання, сац. праектавання і міжэтнічных адносін: «Сацыяльнае праектаванне: (некаторыя метадалагічныя аспекты)» (1978), «Сацыяльнае праектаванне і кіраванне грамадскім развіццём: Тэарэтыка-метадалагічны аспект» (1986). Адзін з аўтараў кн. «Сацыяльна-філасофскія праблемы вытворчасці і выкарыстання навуковых ведаў» (1992) і інш.
т. 1, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНА́К Віктар Валяр’янавіч
(22.9.1891, Масква — 11.4.1979),
рускі антраполаг. Д-р біял. н. (1935), праф. (1925). З 1923 у Маскоўскім ун-це, з 1948 у Ін-це этнаграфіі імя М.М.Міклухі-Маклая АН СССР. Распрацаваў методыку асн. прынцыпаў антрапал. даследаванняў. Арганізоўваў і прымаў удзел у антрапал. даследаваннях у паўд. і паўд.-зах. раёнах Беларусі. Сабраў даныя па размеркаванні груп крыві на тэр. Усх. Еўропы, у т. л. Беларусі. Аўтар падручніка па антрапалогіі.
Тв.:
Антропологические исследования в южной Белоруссии // Антропологический сборних. М., 1956.
Л.І.Цягака.
т. 3, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́КАН
(Bacon) Роджэр (каля 1214, Ілчэстэр, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 11.6.1294),
англійскі філосаф, прыродазнавец. Манах-францысканец. Праф. Оксфардскага ун-та. Выступаў супраць схаластыкі і сляпога пакланення перад царк. аўтарытэтамі. У 1257 адхілены ад выкладання, у 1278 асуджаны і зняволены на 14 гадоў у манастырскую турму. Абстрактным і неправераным тэарэт. меркаванням супрацьпастаўляў прынцып канкрэтных доследных ведаў. Матэматыку лічыў «дзвярыма і ключом» да інш. навук. У тэорыі пазнання быў прыхільнікам наміналізму. Займаўся оптыкай і астраноміяй, прадбачыў многія пазнейшыя адкрыцці (тэлескоп, лятальныя апараты і інш.).
т. 3, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТСАН,
Бейтсан (Bateson) Уільям (8.8.1861, г. Уітбі, Вялікабрытанія — 8.2.1926), англійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1892), з 1908 праф. у ім. З 1910 дырэктар Ін-та садовых культур у Мертане. Навук. працы па вывучэнні генетычных высноў спадчыннасці. Тлумачыў узнікненне новых прыкмет у арганізмаў выпадзеннем тармозячых фактараў (тэорыя «прысутнасці — адсутнасці»; 1905). Аўтар многіх генетычных тэрмінаў, у т. л. і тэрміна «генетыка» (1906). Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1894).
т. 3, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР Ягор Ягоравіч
(9.12.1849, г. Казань, Расія — 27.11.1903),
рускі хімік-арганік. Праф. (1882). Скончыў Казанскі ун-т (1874). З 1875 у Пецярбургскім, з 1886 у Варшаўскім ун-тах. Навук. працы па арган. сінтэзе. Адкрыў спосаб атрымання другасных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні цынку (1875, разам з А.М.Зайцавым), рэакцыю акіслення этыленавых злучэнняў (цыклаалефінаў, тэрпенаў, стэроідаў) 1%-ным растворам перманганату калію (1888, рэакцыя Вагнера), камфенавую перагрупоўку першага роду (1899, перагрупоўка Вагнера — Меервейна).
Літ.:
Старосельский П.И., Никулина Е.П. Е.Е. Вагнер, 1849—1903. М., 1977.
т. 3, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР-Я́ЎРЭГ
(Wagner-Jauregg) Юліус (7.3.1857, г. Вельс, Аўстрыя — 27.9.1940),
аўстрыйскі псіхіятр. Д-р філасофіі (1880). Скончыў Венскі ун-т (1880). З 1881 у Ін-це агульнай і эксперым. паталогіі Венскага ун-та, з 1883 дырэктар клінікі нерв. і псіхічных хвароб, з 1889 праф. ун-та ў г. Грац, у 1893—1928 у Венскім ун-це. Навук. працы па інфекц. псіхозах, праблемах спадчыннасці і суд. псіхіятрыі. Абгрунтаваў і ўкараніў піратэрапію ў лячэнні прагрэс. паралічу (1918). Сфармуляваў навук. прынцыпы раздражняльнай тэрапіі. Нобелеўская прэмія 1927.
т. 3, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)