БА́АС,

гл. Партыя арабскага сацыялістычнага адраджэння.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКА́ТА, Партыя свабоды Інката,

палітычная партыя ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Створана ў 1975 як грамадска-культ. арг-цыя зулусаў. Да 1990 наз. Рух Інката (Inkhata inkululeko ye sizwe — Рух культурнага вызвалення нацыі). Змагалася з апартэідам, пасля яго скасавання — гал. паліт. канкурэнт Афрыканскага нацыянальнага кангрэса. На выбарах 1994 І. заваявала 10,5% галасоў выбаршчыкаў.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБІ́СТЫ,

украінская партыя левых эсэраў у 1918—20. Узнікла ў маі 1918 у выніку расколу Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Назва ад парт. газ. «Боротьба». З сак. 1919 наз. Укр. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў-камуністаў, са жн. 1919 — Укр. камуніст. партыя (барацьбістаў). Прадстаўнікі барацьбістаў уваходзілі ў сав. ўрад Украіны, Усеўкр. рэўком. Выступалі за незалежнасць Украіны, нац. характар укр. рэвалюцыі і інш., вялі паліт. барацьбу з бальшавікамі, але па шэрагу пытанняў падтрымлівалі іх. Сац. базу партыі складалі сяляне і інтэлігенцыя. Кіраўнікі: В.​М.​Блакітны (сапр. Яланскі), Р.​Ф.​Грынько, А.​П.​Любчанка, І.​В.​Міхайлічэнка, А.​Я.​Шумскі. У 1920 левае крыло барацьбістаў дамаглося самароспуску партыі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т (БЦВК),

каардынацыйны орган бел. паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.​І.​Луцкевіч (старшыня), Б.​А.​Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.​В.​Станкевіч, М.​С.​Кахановіч, Л.​І.​Родзевіч і інш. Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУСАВА́Т»

(цюрк. роўнасць),

азербайджанская нац. партыя ў пач. 20 ст. Створана ў 1911 у Баку М.​Расул-задэ і А.​Кязім-задэ пад назвай Мусульм. дэмакр. партыя «М.». Моцны ўплыў на яе ідэалогію аказалі ідэі панцюркізму і панісламізму, адначасова выступала за мадэрнізацыю азерб. грамадства. У чэрв. 1917 «М.» аб’яднаўся з Цюркскай партыяй федэралістаў у Цюркскую дэмакр. партыю федэралістаў «М.», якая выступала за нац.-тэр. аўтаномію Азербайджана. У маі 1918 лідэры «М.» ўзначалілі ўрад Азерб. Дэмакр. Рэспублікі (А.​М.​Тапчыбашаў — спікер парламента; Ф.​Хойскі, потым М.​Г.​Гаджынскі — старшыні савета міністраў). Пасля заняцця Баку Чырв. Арміяй і абвяшчэння Азерб. ССР б.ч. кіраўніцтва «М.» эмігрыравала і партыя некаторы час дзейнічала як эмігранцкая арг-цыя.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАЧЭ́ХІ (афіц. назва Narodní strana svobodomyslná Нац. свабодамысная партыя),

неафіцыйная назва чэш. партыі ліберальна-дэмакр. кірунку ў 1863—1918. Сфарміраваліся як плынь у межах Нац. партыі (гл.Старачэхі), з 1874 самаст. партыя. Арыентаваліся пераважна на гар. дробную буржуазію і заможнае сялянства, дамагаліся ліквідацыі феад. перажыткаў на вёсцы і пашырэння кампетэнцыі абшчыннага самакіравання. Пасля ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867) выступалі за яе пераўтварэнне ў аўстра-венг.-чэш. манархію з аўтаноміяй для чэш. зямель у яе складзе, забеспячэнне чэш. мове роўных правоў з нямецкай у адм. і суд. органах і сістэме нар. адукацыі, увядзенне ўсеагульнага і роўнага выбарчага права, забеспячэнне свабоды слова, сходаў і друку, стымуляванне дзейнасці чэш. прадпрымальнікаў і гандляроў, падтрымку сялян і інш. У 1891 перамаглі старачэхаў на выбарах у рэйхсрат. З 1894 перайшлі ад апазіцыі да кампрамісу з аўстр. ўладамі. У пач. 20 ст. М. — вядучая чэш. партыя. Лідэры — браты Э. і Ю. Грэгры, К.Сладкоўскі, у пач. 20 ст. К.​Крамарж. Цэнтр. друкаваны орган — газ. «Narodni listy» («Народныя лісты»). У 1918 разам з інш. чэш. партыямі аб’ядналіся ў партыю Чэш. дзярж.-прававой дэмакратыі (з 1919 Чэхаславацкая нац.-дэмакр. партыя).

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСАВІ́ЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978 у Афганістане,

гл. ў арт. Народна-дэмакратычная партыя Афганістана.

т. 8, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ППС-ЛЯВІ́ЦА, Польская сацыялістычная партыя-лявіца (PPS-Lewica, Polska Partia Socjalistyczna-Lewica),

рабочая партыя ў Каралеўстве Польскім у 1906—18. Утворана на 9-м з’ездзе (ліст. 1906) Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) у выніку разрыву левай большасці (М.​Бялецкі, В.​Костшэва, Ф.Кон і інш.) з прыхільнікамі Ю.Пілсудскага. У 1908—10 дзейнічала гал. чынам праз легальныя прафсаюзныя, культ.-асв. і інш. арг-цыі. У 1-ю сусв. вайну стаяла на пазіцыях рэв. інтэрнацыяналізму, прымала ўдзел у Цымервальдскай канферэнцыі (1915) і Кінтальскай канферэнцыі (1916), вітала Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. 16.12.1918 аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы у Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы).

Літ.:

Краткая история Польши. М., 1993. С. 202—204, 238, 246—248.

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ.

сацыял-дэмакратызм, сукупнасць уяўленняў, поглядаў і дзеянняў, скіраваных на пабудову сацыяльна арыентаванага дэмакр. грамадства; плынь у міжнар. рабочым руху. Паводле прынятай у паліталогіі класіфікацыі належыць да левага кірунку (левага паліт. спектра). Для С.-д. характэрны: арыентацыя пераважна або выключна на эвалюц. формы грамадскага развіцця, на паступовае і мірнае пераўтварэнне капіталізму ў сацыялізм шляхам рэформ (гл. Рэфармізм), на супрацоўніцтва класаў грамадства і інш. Папярэднікамі ідэй С.-д. былі Ж.Ж.​Л.​Блан, П.​Ж.​Прудон. Негвалтоўныя метады С.-д. (кампраміс, пагадненне і інш.) вядомы з часоў дзейнасці Ф.​Ласаля, пасібілістаў і інш. Развіццё ідэй С.-д. ішло ў бок трансфармацыі канцэпцый марксізму і камунізму. Аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ўзніклі Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Швецыі і інш. У пач. 20 ст. засн. Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, у Расіі дзейнічалі меншавікі. У 1-ю сусв. вайну многія с.-д. партыі на хвалі патрыятызму падтрымлівалі ваен. палітыку ўрадаў сваіх краін. Сярод тэарэтыкаў С.-д. Э.​Бернштэйн, К.​Каўцкі, О.​Баўэр, Ф.​Адлер, Л.​Мартаў, Л.​Блюм, Э.​Вандэрвельдэ і інш. (гл. таксама Апартунізм, Рэвізіянізм). Погляды С.-д. адстойвалі Бернскі інтэрнацыянал, «Інтэрнацыянал 2 ​1/2, Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал, Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі, а з 1951 — Сацыялістычны інтэрнацыянал. У ходзе эвалюцыі с.-д. руху дамінуючае становішча ў ім занялі цэнтрысты (гл. Цэнтрызм). На працягу 20 ст. с.-д. партыі неаднаразова ўзначальвалі ўладу ў шэрагу краін, асабліва ў скандынаўскіх. На тэр. Беларусі дзейнічалі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і інш., у 1990-я г. створаны Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сацыялістычная партыя і інш.

Літ.:

Самарская Е.А. Социал-демократия в начале века. М., 1994;

Миронов Д.А., Перцев А.В. Австромарксизм, позитивизм и рабочее движение. Свердловск, 1990;

Салычев С.С. В поисках «третьего пути»: Эволюция идеологии социал-демократии в современ. эпоху. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФЕДЭРАЛІ́СТЫ (англ. Antifederalists),

палітычная партыя ў ЗША ў 1787—91. Створана пад кіраўніцтвам Т.​Джэферсана ў перыяд распрацоўкі і прыняцця канстытуцыі 1787 у процівагу федэралістам. Сац. база — фермеры, сельскія прадпрымальнікі, гар. дробная буржуазія, плантатары. Антыфедэралісты кіравалі барацьбой за прыняцце «Біля аб правах», выступалі супраць моцнай улады федэральнага ўрада — за прыярытэт правоў асобных штатаў і грамадзян, дэмакратызацыю канстытуцыі; у знешняй палітыцы падтрымлівалі рэв. Францыю. Пасля 1791 на базе антыфедэралістаў створана Дэмакр.-рэсп. партыя.

т. 1, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)