КО́НЦКІЯ (Kątscy),

польскія музыканты 19 ст., браты.

Антоній (27.10.1817, г. Кракаў, Польшча — 7.12.1889), піяніст, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Дж.​Філда ў Маскве (1829—30) і ў С.​Зехтэра ў Венскай кансерваторыі. У 1853—67 выкладаў у Пецярбургу. Выступаў з 6 гадоў. Здзейсніў канцэртнае турнэ па муз. цэнтрах усіх кантынентаў. Яго выкананне вылучалася бліскучай тэхнікай і элегантнасцю. Рэпертуар уключаў творы класікаў і ранніх рамантыкаў, салонныя п’есы, танцы, уласныя кампазіцыі. Аўтар больш як 400 фп. твораў (найб. вядомы «Абуджэнне льва»), рамансаў (у т. л. «Не, не цябе так палка я люблю») і інш. Напісаў некалькі дапаможнікаў і артыкулаў па пытаннях фп. педагогікі. Апалінарый (23.10. 1825, Варшава — 29.6.1879), скрыпач, кампазітар, педагог. Вучань Н.Паганіні. Выступаў з 4 гадоў, у т. л. з братамі Каралем (скрыпач і яго першы настаўнік), Станіславам і Антоніем (піяністы) і сястрой Эўгеніяй (спявачка). Канцэртаваў у Расіі і муз. цэнтрах Еўропы (у 1838—48 у Францыі). У 1853—60 прыдворны саліст у Пецярбургу. З 1861 у Варшаве, заснаваў Муз. ін-т (яго дырэктар да 1879). Скрыпач-віртуоз, імкнуўся выявіць новыя выразныя магчымасці скрыпкі. Аўтар транскрыпцый, варыяцый і фантазій на тэмы опер М.​Глінкі, В.​Беліні, Г.​Даніцэці, Дж.​Меербера і інш.

Літ.:

Грум-Гржимайло Т. Братья Контские и полемика о музыкально-исполнительских стилях // Вопросы музыкально-исполнительского искусства. М., 1967. Вып. 4.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НДГРЭН ((Lindgren) Астрыд Ганна Эмілія) ( н. 14.11.1907, г. Вімербю, Швецыя),

шведская дзіцячая пісьменніца. Вядомасць прынесла аповесць «Пэпі-Доўгая панчоха» (1945—52, экранізацыя 1968). Аўтар кніг «Знакаміты сышчык Кале Блюмквіст», «Мы ўсе з Бюлербю» (абедзве 1946), «Міо, мой Міо» (1954), «Тры аповесці пра Карлсана, які жыве на даху» (1955—68, экранізацыя 1974), «Расмус-бадзяга» (1956, экранізацыя 1982), «Мы на востраве Сальткрока» (1964), «Браты Львінае Сэрца» (1973, экранізацыя 1977), «Роня, дачка разбойніка» (1981), трылогіі «Эміль з Лёнебергі» (1963—70). У творах узняты праблемы дабра і зла, дэмакратыі і тыраніі, цудоўнага і рэальнага, узаемаадносін дзіцячай асобы з дарослымі. Яны поўныя гумару і ўвасабляюць дзіцячае, непасрэднае ўспрыманне людзей і свету. На бел. мову аповесць «Браты Львінае Сэрца» пераклалі С.​Лузгіна, Т.​Лукша і С.​Мураўёва (1990, 1997). На бел. сцэне ставіліся спектаклі паводле аповесцей Л.: «Малыш і Карлсан, які жыве на даху», «Пэпі-Доўгая панчоха», «Новыя прыгоды Карлсана» (абодва Бел. рэсп. т-р юнага гледача, адпаведна 1969, 1970, 1973), «Міо, мой Міо» (Магілёўскі абл. т-р лялек, 1993).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—5. СПб., 1997—99;

Пеппи Длинный чулок. Мн., 1997.

Літ.:

Брауде Л.Ю. Сказочники Скандинавии. Л., 1974;

Яе ж. Скандинавская литературная сказка. М., 1979.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.​Леантовіч (гал. мастак), І.​Алісевіч, Л.​Багданаў, В.​Данчук, Г.​Ліцвіненка, Л.​Малышаў, А.​Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел. нар. і прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», «Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».

В.​Л.​Леантовіч.

Да арт. Мінскі фарфоравы завод. І.​Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.
Да арт. Мінскі фарфоравы завод. В.​Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАНІ́НІ ((Paganini) Нікало) (27.10.1782, г. Генуя, Італія —27.5.1840),

італьянскі скрыпач, гітарыст, кампазітар. Вучыўся пераважна самастойна, напачатку — у бацькі. З 11-гадовага ўзросту выступаў у Італіі, з 1828 у інш. краінах Еўропы, хутка заваяваў сусв. вядомасць. Мастак-наватар, прадстаўнік муз. рамантызму, фенаменальны віртуоз, П. зрабіў карэнны пераварот у культуры і тэхніцы скрыпічнага выканальніцтва, узбагаціў і расшырыў магчымасці скрыпкі, увёў у свае скрыпічныя п’есы новыя каларыстычныя і тэхн. эфекты (выкарыстоўваў тэхніку двайных нот, ігру на адной струне, pizzicato, флажалеты). Некаторыя яго творы з-за іх складанасці доўгі час лічыліся не прыдатнымі для выканання. Творчасць П. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: 6 канцэртаў (1815—30), «Вечны рух» для скрыпкі з арк.; 24 капрысы для скрыпкі сола (1807, выд. 1820), цыклы варыяцый, санаты для скрыпкі і гітары, камерна-інстр. ансамблі, каля 200 п’ес для гітары, вак. творы і інш. Своеасаблівае дэманічнае аблічча П., вулканічны тэмперамент, некат. эпізоды біяграфіі спарадзілі вакол яго імя фантаст. легенды. З 1954 у Генуі штогод праводзіцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя П.

Літ.:

Ямпольский И.М. Н.​Паганини: Жизнь и творчество 2 изд. М., 1968;

Тибальди-Кьеза М. Паганини: Пер. с итал. М., 1986;

Григорьев В.Ю. Н.​Паганини: Жизнь и творчество. М., 1987.

Н.Паганіні.

т. 11, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн. га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв. аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн. га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш. Гл. таксама Меліярацыя.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́МЕНАЎ (Юрый) (Георгій) Іванавіч (26.11.1903, Масква — 6.9.1977),

расійскі жывапісец і графік. Нар. маст. СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1962). Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1925). Выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінамастацтва ў Маскве (1945—72; з 1947 праф.). Чл.-заснавальнік Т-ва мастакоў-станкавістаў (з 1925). Раннія творы вызначаюцца манументальнасцю, дынамічнасцю кампазіцыі, аскетызмам каларыту («Даеш цяжкую індустрыю!», 1927, і інш.). З пач. 1930-х г. працаваў пераважна ў жанравым жывапісе. Творам уласціва паэтызацыя паўсядзённага жыцця, своеасаблівая манера пісьма дробнымі, паўпразрыстымі мазкамі, якія ствараюць эфект вібрыруючай жывапіснай паверхні: «Новая Масква» (1937), «Сляды шын» (1944), «Маруся, пара абедаць!» (1951—56), серыя «Новыя кварталы» (1962—67) і інш. Пісаў партрэты, нацюрморты (серыя «Рэчы кожнага дня», 1959, і інш.). Аформіў спектаклі «За тых, хто ў моры!» Б.​Лаўранёва ў Малым т-ры (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Стэп шырокі» М.​Віннікава ў Цэнтр. т-ры Сав. Арміі (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) і інш. Ленінская прэмія 1967.

Тв.:

Искусство жизни или искусство «ничего». 2 изд. М., 1964;

Необыкновенность обыкновенного. М., 1964;

Таинственный мир зрелищ. М., 1974.

Літ.:

Логинова Е. Ю.​Пименов. 2 изд. М., 1970;

Барабанова Н. Ю.​Пименов: [Альбом]. Л., 1972;

Кириллова Г.С. Ю.​Пименов. Л., 1980.

Ю.Піменаў. Новая Масква. 1937.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАФІЗІ́ЧНАЯ ПРАБЛЕ́МА,

у шырокім сэнсе — пытанне пра суадносіны псіхічных і фізічных з’яў; у вузкім — пра суадносіны псіхічных і фізіялагічных (нервовых) працэсаў. Думка пра залежнасць псіхікі (душэўных выяўленняў) ад прыроды і цела з’явілася ўжо ў стараж.-грэч. натурфіласофіі. Навук. распрацоўка П.п. пачалася ў філасофіі 17 ст., калі ўсталявалася механіст. карціна свету і псіхічныя з’явы разглядаліся як неаддзельныя ад цела і падпарадкаваныя законам сусвету. Узніклі 2 процілеглыя варыянты вырашэння П.п.: псіхафізічнае ўзаемадзеянне (Р.​Дэкарт) і псіхафізічны паралелізм (Г.​Лейбніц). Паводле Дэкарта, свядомасць з’яўляецца субстанцыяй, якая адрозніваецца ад цела, але, з аднаго боку, залежыць ад яго (пры афектах, адчуваннях і інш.), з другога — уздзейнічае на цела (напр., пры валявым намаганні). Прыхільнікі псіхафіз. паралелізму сцвярджалі, што псіхічныя і фіз. працэсы працякаюць паралельна, без узаемадзеяння (Н.​Мальбранш, Д.​Гартлі). Ідэя псіхафіз. паралелізму набыла папулярнасць у 19 ст. Але вучэнне Ч.​Дарвіна патрабавала разумець псіхіку як актыўны рэгулятар жыццёвых працэсаў. Узніклі новыя канцэпцыі П.п.; атаясамліванне псіхічнага і фізічнага і іх адрозненне толькі па функцыях, «комплексных адчуваннях» (У.​Джэмс, Э.​Мах); сцвярджэнне невырашальнасці П.п. навук. сродкамі (гл. Неапазітывізм). На стыку псіхалогіі і нейрафізіялогіі вылучылася псіхафізіялогія, якая вывучае розныя формы залежнасці псіхічных актаў ад іх фіз. субстрату і ролю гэтых актаў у арг-цыі і рэгуляцыі жыццядзейнасці.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЛО́ННЫХ ДА́ХАВЫХ І ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вытворчасці ўсіх відаў мяккіх дахавых (руберойду, пергаміну, толю і інш.) і гідраізаляцыйных матэрыялаў.

На Беларусі руберойд і пергамін пачалі вырабляць з 1961 на Мінскім камбінаце буд. матэрыялаў (з 1994 адкрытае акц. т-ва «Керамін»), дзе пабудаваны спец. цэх на адну тэхнал. лінію магутнасцю 21 млн. м² за год. У 1973 завершана буд-ва Асіповіцкага кардонна-руберойдавага завода (з 1994 акц. т-ва «Дах») магутнасцю 50 тыс. т дахавага кардону і 125 млн. м² мяккага крыцця за год. Тэхнал. абсталяванне для вырабу кардону пастаўлена фірмай «Фампа» (Польшча), усё астатняе абсталяванне — айч. прам-сцю. Для вырабу кардону выкарыстоўваюць рыззё, макулатуру, драўніну. Адкрытае акц. т-ва «Дах» — прадпрыемства з поўным закончаным тэхнал. цыклам вытв-сці мяккіх дахавых матэрыялаў. На ім асвоены выпуск новых відаў дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў на аснове бітумнага і бітумна-палімернага кампанентаў (біпалікрын і бікрын) з палепшанымі трываласнымі і эксплуатацыйнымі паказчыкамі. У якасці асновы гэтых матэрыялаў выкарыстоўваюць новыя імпартныя і айч. поліэфірныя і шкляныя палотны, тканіны. Вытв-сць гідрашклоізолу ў Рэспубліцы Беларусь наладжана ў адкрытым акц. т-ве «Гідрашклоізол» (пас. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1994 уведзена тэхнал. лінія магутнасцю 3 млн. м² за год. Выпушчана 1,45 млн. м² гідрашклоізолу (1998).

М.​Ф.​Грынько.

т. 13, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСЮ́РА (Уладзімір Мікалаевіч) (6.1.1898, г. Дзябальцава Данецкай вобл., Украіна — 8.1.1965),

украінскі паэт. Вучыўся ў харкаўскіх Камуніст. ун-це імя Арцёма (1922—23) і Ін-це нар. асветы (1923—25). Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў паэзіі «Чырвоная зіма» (1922), «Юнацкасць» (1927), «Днепральстан» (1930), «Новыя вершы» (1937), «Жураўлі прыляцелі» (1940), «У гадзіну гневу» (1942), «Каб сады шумелі» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «За мір» (1953), «На струнах сэрца» (1955), «Так ніхто не кахаў» і «Ластаўкі на сонцы» (абодва 1960), «Шчасце сям’і працоўнай» (1962, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1963), «Асеннія мелодыі» (1964). Паэзіі С. ўласцівы глыбокая лірычнасць, філас. скіраванасць, дакладнасць і выразнасць. На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Александровіча, А.​Астрэйкі, П.​Броўкі, К.​Буйло, В.​Віткі, П.​Глебкі, М.​Лужаніна, П.​Панчанкі, П.​Пестрака, М.​Танка, В.​Таўлая. На бел. мову творы С. перакладалі Броўка, Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, А.​Вялюгін, М.​Лужанін, Я.​Семяжон, М.​Танк. Пра яго творчасць пісалі Броўка, А.​Куляшоў, М.​Аўрамчык, Вялюгін, М.​Лужанін, М.​Танк.

Тв.:

Твори. Т. 1—10. Київ, 1970—72;

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1960;

Рус. пер. — Избранное. М., 1978;

Стихотворения и поэмы. Л., 1982.

Літ.:

Бурляй Ю.С. Володимир Сосюра. Київ, 1959;

Радченко Е. Володимир Сосюра: Літ.-критич. нарис. Київ, 1967.

В.​А.​Чабаненка.

У.М.Сасюра.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯГРАФІ́ЧНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ,

перыядычныя выданні, у якіх вядзецца ўлік і рэферыраванне твораў друку і аўдыёвізуальных матэрыялаў, асвятляюцца пытанні гісторыі, тэорыі, методыкі і арганізацыі бібліягр. дзейнасці. Падзяляюцца на міжнар. і нац., універсальныя і галіновыя.

Бібліяграфічныя часопісы, якія адлюстроўваюць нац. друк, выдаюцца ў большасці краін свету: у Францыі («Bibliographie de la France», «Бібліяграфія Францыі», з 1811), Італіі («Bibliografia nationale Italiana», «Нац. бібліяграфія Італіі», з 1886), ЗША («Cumulative Book Index», «Кумулятыўны паказальнік кніг», з 1898), Расіі («Книжная летопись», з 1907), на Украіне («Літопис книг», «Летапіс кніг», з 1924), у Польшчы («Przegodnik bibliograficzny», «Бібліяграфічны даведнік», з 1946), Кітаі («Цюаньго сінь шуму», «Усекітайскі паказальнік новых кніг», з 1951) і інш. сярод міжнародных бібліяграфічных часопісаў выданні ЮНЕСКА «Index translatonum» («Паказальнік перакладаў», з 1949), «Библиография, документация, терминология» (з 1961). Акрамя універсальных выходзяць галіновыя бібліяграфічныя часопісы: «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА з 1980), «Humanities index» («Паказальнік па гуманітарных навуках», ЗША з 1975), «British technology index» («Паказальнік брытанскай тэхналогіі», Вялікабрытанія, з 1962) і інш.

У СССР выходзілі бібліяграфічныя часопісы, у якіх адлюстроўваліся друкаваныя творы на ўсіх мовах народаў СССР: «Нотная летопись» (з 1931), «Летопись периодических и продолжающихся изданий» (з 1933), «Летопись изоизданий» (з 1934) і інш., а таксама бібліяграфічныя часопісы з інфармацыяй (у т. л. і бел.) аб матэрыялах з часопісаў і газет на рус. мове: «Летопись газетных статей» (з 1936), «Летопись рецензий» (з 1935) і інш. Цяпер гэтыя выданні, у т. л. і тэарэтыка-метадычны час. «Библиография», працягваюць выдавацца ў Расіі з расійскімі матэрыяламі. На Беларусі з 1924 Нац. кніжнай палатай Беларусі выдаецца «Летапіс друку Беларусі», які складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў: «Кніжны летапіс» (з 1924), «Летапіс нотаў» (з 1924), «Летапіс рэцэнзій» (з 1932), «Беларусь у сусветным друку» (з 1946), «Летапіс выяўленчага мастацтва» (з 1955), «Летапіс нарматыўна-тэхнічнай, тэхнічнай дакументацыі і выданняў вузкага прызначэння» (з 1985), «Летапіс картаграфічных выданняў» (з 1994). З 1995 з «Летапісу друку Беларусі» ў самастойныя выданні вылучаны «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца» (з 1925), «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934) і «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937). У 1932 у БССР выходзіў штомесячны час. «Кніга масам». Нац. б-ка Беларусі (да 1992 Дзярж. б-ка БССР) у 1934 выдала 10 нумароў «Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня», у 1954—55 і 1958—59 — бюлетэнь «Новыя кнігі». Выдае штомесячны бюлетэнь «Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку» (з 1960), шматгаліновыя бібліяграфічныя часопісы: «Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных бібліятэкамі Рэспублікі Беларусь на... год» (з 1945), «Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у ... годзе» (з 1969), «Грамадскія навукі» (з 1969), «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (з 1970), «Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі» (з 1972), «Новая літаратура па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1972), «Сістэматычны паказальнік неапублікаваных дакументаў па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1978), «Штотыднёвы агляд літаратуры па культуры і мастацтву» (з 1986), «Чарнобыль» (з 1991).

В.​Е.​Лявончыкаў.

т. 3, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)