СТА́РЫЦА, старарэчча, старык,

участак былога рэчышча, які поўнасцю ці часткова аддзяліўся ад ракі. Утвараецца ў выніку прарыву ракой шыйкі меандра або пры драбленні рэчышча на рукавы ў выніку яго блукання на алювіяльнай пойме. Мае падкова ці дугападобную, радзей прамалінейную форму. Найб. спрыяльныя ўмовы ўтварэння С. у рачных далінах з добра развітым свабодным меандраваннем рэчышча, плоскім шырокім дном і стабільным падоўжным профілем ракі, блізкім да профілю раўнавагі. На Беларусі найб. колькасць С. у далінах р. Прыпяць і яе прытокаў першага парадку.

т. 15, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́НГАВАЯ ГАСПАДА́РКА,

сажалкавая рыбная гаспадарка, у якой вырошчваюць холадалюбівых рыб — радужную і ручаёвую стронгу. У С.г. ствараюць спрыяльныя для іх умовы: халодная вада (12—15 °C), добры гідрахім. рэжым (колькасць кіслароду 7—8 см³/л), высокая праточнасць (500—1500 л/с на 1 га пл. вадаёма), камяністае дно. Стронга ў сажалках не размнажаецца, яе ікру штучна апладняюць і інкубіруюць. Адрозніваюць С.г. поўнасістэмныя, рыбагадавальнікі і нагульныя гаспадаркі. На Беларусі стронгу вырошчваюць у гаспадарцы «Стронга» Лагойскага р-на Мінскай вобл. і інш.

т. 15, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАРЫСТЫ́ЧНЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак аб сукупнасці відаў раслін. якая эвалюцыйна-гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі. Аб’екты ўліку — дзікарослыя расліны, што растуць у натуральных умовах. Уключае звесткі пра склад флоры, сістэматычны стан відаў, іх навук. назву, паказчыкі пашырэння, колькасць, тэндэнцыі змянення стану, гасп. выкарыстанне раслін. Прызначаны для інфармавання пра аб’екты расл. свету з мэтай захавання іх біял. разнастайнасці, кантролю за зменамі ў расл. свеце, арганізацыі ўзнаўлення рэдкіх і знікаючых відаў, эканам. ацэнкі расл. рэсурсаў, іх рацыянальнага выкарыстання і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАЭЛЕКТРО́ННЫ ПАМНАЖА́ЛЬНІК (ФЭП), фотапамнажальнік,

узмацняльнік слабых фотатокаў, прынцып дзеяння якога заснаваны на другаснай электроннай эмісіі, адна з фотаэлектронных прылад.

Асн. вузлы ФЭП: фотакатод (вылучае электроны пад уздзеяннем аптычнага выпрамянення — фотаток), сістэма дынодаў (павялічвае колькасць электронаў за кошт другаснай электроннай эмісіі) і анод (калектар другасных электронаў). Каэфіцыент узмацнення ФЭП да 10​8. Выкарыстоўваецца ў лічыльніках элементарных часціц, перадавальных тэлевізійных камерах, факсімільных апаратах і інш.

Схема фотаэлектроннага памнажальніка: 1 — светлавы паток; 2 — фотакатод; 3 — факусавальныя электроды катоднай камеры; 4 — дыноды; 5 — анод.

т. 16, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНДА́ЛЬНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ (ад лац. fundus дно), донныя залозы,

залозы слізістай абалонкі страўніка пазваночных жывёл і чалавека.

Трубчастыя залозы, размешчаныя ў слізістым слоі дна і сценак страўніка. Складаюць асн. ч. яго залоз, таму іх наз. галоўнымі залозамі. Ф.з. ўяўляюць сабой неразгалінаваныя на канцах трубачкі, якія выпрацоўваюць страўнікавы сок, саляную к-ту і гарманальныя рэчывы, напр., гармон гастрын. У страўніку чалавека колькасць Ф.з. дасягае 35 млн., сярэдняя даўж. кожнай залозы 0,65 мм, дыям. каля 30—50 мкм, сакраторная пл. каля 3,5 м².

т. 16, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛВА́ (араб.),

цукрысты кандытарскі выраб слаіста-валакністай будовы; від усх. прысмакаў. Вырабляюць вымешваннем гарачай карамелістай масы, узбітай з пенаўтваральнікам (адвар мыльнага кораня ці салодкі), з масай абсмажаных і расцёртых ядзер алейных зерняў ці арэхаў. У залежнасці ад выкарыстаных алейных зерняў бывае кунжутная, арахісавая, арэхавая, сланечнікавая і інш. Выпускаюць Х. з дабаўкамі ваніліну, какосавай стружкі, какава-парашку, разынак, глазураваную шакаладам. Мае вял. колькасць тлушчу (25—30%), цукру (25—45%), бялку (8—10%) і нізкую вільготнасць. Энергет. каштоўнасць 100 г Х. — 545 ккал.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХРАМАМЕ́РЫ (ад храма... + грэч. meros частка),

патоўшчаныя, шчыльна спіралізаваныя ўчасткі дэзоксірыбануклеапратэідных нітак храмасомы, што ўтвараюцца ў выніку мясц. скручвання. Афарбоўваюцца ядзернымі фарбавальнікамі. Выяўляюцца пад мікраскопам у прафазе меёзу, маюць выгляд цёмнаафарбаваных гранул, размешчаных як пацеркі па даўж. храмасомы. У Х. сканцэнтравана да 95% усёй ДНК храмасомы. Форма, памеры, колькасць Х. пастаянныя; яны ўтвараюць храмамерны малюнак, які мае відавую, тканкавую, узроставую спецыфічнасць і выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі храмасом пры цытагенет. даследаваннях. Генетыч. значэнне Х. і міжхрамамерных участкаў застаецца не вызначаным.

Р.​Г.​Заяц.

т. 17, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭ́ГОРЫІ (ад грэч. katēgoria выказванне, вызначэнне),

найбольш агульныя і фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць самыя істотныя і заканамерныя сувязі, адносіны рэчаіснасці і працэсу пазнання ў філасофіі і навуцы. Існуюць К. агульнанавук. (інфармацыя, сіметрыя), прыродазнаўчыя (напр., від, арганізм у біялогіі), філас. (адлюстроўваюць фарміраванне і гіст. развіццё структуры чалавечага мыслення). Пачынальнікам філас. вучэння пра К. лічаць Арыстоцеля, хаця ўжо ў Платона сустракаюцца К. ідэнтычнасці, адрознення, пастаянства, зменлівасці. Арыстоцель адрозніваў 10 К. (сутнасць, колькасць, якасць, час, дзея і інш.). І.​Кант, які разумеў пад К. апрыёрныя формы розуму, выявіў 12 К., звёў іх у 4 групы: К. колькасці (адзінства, мноства, цэльнасць); якасць (рэальнасць, адмаўленне, абмежаванне); стаўлення (прыналежнасць, прычыннасць, узаемадзеянне); мадальнасці (магчымасць, рэчаіснасць, неабходнасць). Г.​Гегель распрацаваў больш складаную сістэму К. у дыялект. трактоўцы: быццё (якасць, колькасць, мера), сутнасць (аснова, з’ява, рэчаіснасць, у якую ўваходзяць субстанцыя, прычына і ўзаемадзеянне), паняцце (суб’ект, абсалютная ідэя, аб’ект). У далейшым К. ў філас. трактоўцы інтэрпрэтаваліся як духоўныя трансцэндэнтныя сутнасці (неатамізм, персаналізм), або як вынік практычнага чалавечага вопыту (пазітывізм, неапазітывізм), ці як вынік прадметнай дзейнасці чалавека (марксізм). Філас. метадалогія садзейнічала з’яўленню ў навуцы 20 ст. катэгарыяльнага аналізу (вучэнне аб К.).

Літ.:

Категории диалектики как ступени познания. М., 1971;

Сагатовский В.Н. Основы систематизации всеобщих категорий. Томск, 1973;

Тузов Н.В. Философия теории Единой идеи. М., 1994;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

В.​А.​Салееў.

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.

Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.

На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац. АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.

Літ.:

Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;

Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.

А.​Ф.​Бубліеўскі.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,

свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн. т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн. т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн. т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, украпанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)