ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.
Тв.:
Рус.пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;
У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.
Літ.:
Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;
Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;
Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;
Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб.арт.Мн., 1992.
Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІ́Ч»,
бел.літ.-навук. і грамадскі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1923 да сак. 1927 у Коўне (сучасны Каўнас, Літва) на бел. мове. Рэдактары В.Ю.Ластоўскі і К.С.Душэўскі (Дуж-Душэўскі). Прытрымліваўся канцэпцыі самаст. шляху развіцця бел. народа, самавызначэння Беларусі ў сферы духоўнасці. Вызначаўся разнастайнасцю тэматыкі, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літ. (творы бел. пісьменства, пераклады з інш. моў), навук.-крытычны (даследаванні ў галіне беларусазнаўства), «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў, іх гіст.-культ. спадчыну), інфарм. (бібліягр. агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця беларусаў у БССР, Зах. Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і інш. Закранаў пытанні гісторыі нац. культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Ф.Скарыну, Л. і С. Зізаніяў, А.Міцкевіча, Ф.Дастаеўскага; навук. працы па мовазнаўстве Я.Станкевіча, па кнігазнаўстве А.Шлюбскага, літ.-крытычнае даследаванне А.Узнясенскага пра паэт. спадчыну М.Багдановіча; вершы Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў Ю.Аха, І.Білюнаса, Г.Гаўптмана, С.Інгмана, Р.Кіплінга, Р.Тагора, А.Талстога, О.Уайльда, А.Франса і інш. Аўтарам шматлікіх публікацый быў Ластоўскі, у іх ліку аповесць «Лабірынты», артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айч.гісторыю, успаміны пра Багдановіча, уражанні ад Акад. канферэнцыі па рэформе бел. правапісу і азбукі ў Мінску ў 1926, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-рус.-бел. слоўнік па арніталогіі (апрацаваны разам з Т.Іваноўскім, Дуж-Душэўскім). Асвятляў дзейнасць К-та паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Ю.Пілсудскага ў 1927 Бел.сял.-работніцкай грамады. Змяшчаў рэцэнзіі на кнігі і часопісы, выдадзеныя на Беларусі. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Іосіфавіч; н. 24.1.1931, в. Мокрае Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.літ.-знавец, тэкстолаг, крытык. Чл.-кар Нац.АН Беларусі (1991), д-рфілал.н. (1978). Скончыў БДУ (1955). З 1956 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі (з 1979 заг.аддз. выданняў і тэксталогіі). Друкуецца з 1955. Даследуе гісторыюбел. крытыкі і літ.-знаўства, творчасць Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Лынькова і інш. Аўтар прац «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.» (1975), «Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці» (1982), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг.» (1985), «Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі, перспектывы» (1988), «І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры» (1990) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 2—4, 1994—95), манаграфій «Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць» (1971), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972), «Інстытут беларускай культуры» (1993). Кіраваў падрыхтоўкай і выданнем навукова-каменціраваных збораў тв.. І.Мележа ў 10, П.Броўкі ў 9, М Лынькова ў 8, П.Пестрака ў 5, З.Бядулі ў 5, М.Гарэцкага ў 4, М.Зарэцкага ў 4, Поўных збораў тв. М.Багдановіча ў 3, Я.Купалы ў 9 тамах. Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар.Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦККПБ, з 1991 нам.гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз. пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;
Журавінавы востраў. Мн., 1998.
Літ.:
Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб.тв.Мн., 1983. Т. 4;
Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;
Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,
узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук.веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА І АРХІ́ЎНАЙ СПРА́ВЫ (БелНДІ ДАС) Камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, навукова-даследчая ўстанова. Створаны 11.12.1991 у Мінску на базе Ін-та гіст.-паліт. даследаванняў (да 1996 наз.Бел.н.-д. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы). Распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, крыніцазнаўства, вядзення дакументацыі ў органах кіравання, выяўляе шляхі скарачэння і аптымізацыі патокаў дзелавых папер, публікуе дакументы Нац. архіўнага фонду, даследуе на іх аснове гісторыю Беларусі. Аддзелы: дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, аўтаматыз. архіўных тэхналогій, рэдакцыйна-выдавецкі.
Ін-т правёў міжнар.навук. канферэнцыі: «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы» (1993, Мінск), «Армія Краёва на тэрыторыі Заходняй Беларусі (чэрв. 1941 — ліп. 1944 гг.)» (1994, Гродна), «М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі (да 90-х угодкаў вучонага)» (1996, Мінск). Выдаў кнігі «І верш і эпас тэлеграфным радком...» А.М.Міхальчанкі, «Рассакрэчаныя архівы» (абедзве 1993), «Расстраляныя, замучаныя, павешаныя: Аб фашысцкім генацыдзе ў Брэсце» У.П.Самовіча, «Агнём і мячом: Хроніка польскага нацыяналістычнага падполля ў Беларусі (1939—1953 гг.)» В.І.Ермаловіча і С.У.Жумара (абедзве 1994), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941 — 1944)», «Бібліяграфія акупацыйных перыядычных выданняў, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.» Жумара, «У фонд Перамогі: патрыятычны рух працоўных Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945 гг.)» А.Ф.Макарэвіча, «Рабочы рух у Беларусі (чэрв. 1907 — люты 1917 гг.)» Э.М.Савіцкага, «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» І.М.Ігнаценкі, «Дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы і музеях сістэмы Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь: Даведнік» (усе 1995), «Архіўная справа на Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1921—1995)», «Альбом формаў арганізацыйна-распарадчых дакументаў» (абедзве 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ РАСЛІ́Н, фітагеаграфія,
раздзел батанічнай і фіз. геаграфіі (біягеаграфіі), які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым асобных відаў раслін і іх сістэматычных груп па паверхні Зямлі і заканамернасці іх пашырэння. Цесна звязана з геабатанікай, палеабатанікай, геалогіяй і інш. Даследуе сучасныя арэалы відаў, родаў, сямействаў раслін (фітахаралогія) і іх гістарычна складзеныя комплексы — геагр. элементы флоры (фларыстычная геаграфія раслін), высвятляе залежнасць пашырэння раслін ад умоў навакольнага асяроддзя (экалагічная геаграфія раслін), гісторыю развіцця флоры зямнога шара і асобных фларыстычных комплексаў, рассяленне і ўзнікненне відаў і інш. таксонаў раслін (флорагенетыка). Практычнае значэнне геаграфіі раслін звязана з пошукам магчымасцей расшырэння асартыменту неабходных для чалавека раслін, з рашэннем пытанняў іх інтрадукцыі і акліматызацыі.
Развіццё геаграфіі раслін як навукі пачалося з даследаванняў ням. вучонага А.Гумбальта і швейц. батаніка К.Дэкандоля. Вял. значэнне для развіцця гіст. эвалюцыйнага прынцыпу ў геаграфіі раслін мелі вучэнне Ч.Дарвіна, работы рус. Вучоных М.Бякетава, А.М.Краснова, М.І.Кузняцова, У.Л.Камарова і інш., а таксама вучэнне В.В.Дакучаева пра зоны прыроды.
На тэр. Беларусі даследаванні па геаграфіі раслін вядуцца з канца 18 — пач. 19 ст. (В.Бесэр, Э.Ліндэман, Р.Пабо, К.Чалоўскі, Р.Траўтфетэр і інш.). Шырокую вядомасць мелі фларыстычныя і фітагеагр. працы І.К.Пачоскага і В.С.Палянскай. Н.-д. работа вядзецца ў НДІАН Беларусі (Ін-тэксперым. батанікі, Ін-тгеал. навук), Цэнтр.бат. садзе, БДУ і інш. Вывучаюцца гіст. і фітагеагр. Сувязі флоры Беларусі з флорамі інш. рэгіёнаў, праводзіцца аналіз уздзеяння чалавека і тэхнагенных фактараў на працэсы флорагенезу, распрацоўваюцца тэарэт. пытанні фітахаралогіі (Н.В.Казлоўская, В.І.Парфёнаў, І.Д.Юркевіч, В.С.Гельтман, Г.У.Вынаеў і інш.).
Літ.:
Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;
Парфенов В.И., Ким Г.А., Рыковский Г.Ф. Антропогенныя изменения флоры и растительности Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 19.3.1931, г. Каломна Маскоўскай вобл.),
бел. гісторык, літ.-знавец, пісьменнік, археограф. Канд.гіст.н. (1964), д-рфілал.н. (1994). Скончыў Маск. гісторыка-архіўны ін-т (1953). У 1953—56, 1960—71 працаваў у архіўных установах Вільнюса. З 1971 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Даследуе гісторыю грамадскай думкі і нац.-вызв. руху на Беларусі 19 ст., жыццё, дзейнасць К.Каліноўскага і яго паплечнікаў: «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі» (1994). Аўтар прац па гісторыі бел. культуры 19—20 ст., напісаных у жанры займальнага літ.-знаўства, у т. л. «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Расшукваецца класік...» (1989) пра аўтарства ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Даследуе жыццё і творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, П.Шпілеўскага і інш. Распрацаваў тэарэт. асновы археаграфіі і літ. крыніцазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны («Ад Чачота да Багушэвіча», 1993). Складальнік і рэдактар зб-каў гіст.-архіўных дакументаў «Рэвалюцыйны пад’ём у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965), зб-каў па гісторыі бел. л-ры 19—20 ст. «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982). Распрацаваў канцэпцыю і склаў гіст.-літ.зб. «Шляхам гадоў» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990.
Тв.:
Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982;
Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988;
На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.
Літ.:
Александровіч С. Плён навуковага пошуку // Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981;
Мальдзіс А. У пошуках залатых самародкаў // Мальдзіс А.І. ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994;
Батвіннік М.Б. Г.В.Кісялёў — даследчык жыцця, дзейнасці і светапогляду К.Каліноўскага // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1995. № 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Пётр Лаўравіч) (14.6.1823, в. Меліхава Пскоўскай вобл., Расія — 6.2.1900),
рускі філосаф і сацыёлаг, публіцыст, ідэолаг рэв.народніцтва. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1842), выкладаў у ім (1844—66), потым у Пецярбургскай артыл. акадэміі. З 1852 выступаў як публіцыст. З 1862 у т-ве «Зямля і воля». У 1866 арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ., адтуль уцёк у Парыж (1870). Быў чл. Парыжскага антрапалагічнага т-ва, чл. 1-га Інтэрнацыянала. Выдаваў час. «Вперёд!» (1873—77), газ. «Вперёд!» (1875—76). У 1883—86 Л. адзін з рэдактараў «Вестника Народной воли». Яго філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам сенсуалізму, пазітывізму, неагегельянства, неакантыянства, але ён не стаў прыхільнікам гэтых плыняў. Сваю філас. пазіцыю вызначаў як «антрапалагічны пункт погляду», філасофію ўяўляў як філасофію прыроды, духу і гісторыі. Лічыў, што філасофія павінна грунтавацца на тых жа рацыянальных асновах, што і прыродазнаўства. З яго імем звязаны т. зв. суб’ектыўны кірунак у сацыялогіі. Лічыў, што грамадства, у адрозненне ад прыроды, развіваецца па сваіх спецыфічных законах. Гал. асоба гісторыі — чалавек. Гісторыю і яе законы разглядаў праз прызму чалавечай свядомасці, функцыянавання «крытычнай думкі». Чалавек свабодны ў дзеяннях і ўчынках найперш з-за сваёй мэтанакіраванасці, наяўнасці пэўнага ідэала. З гэтага рабіў высновы пра ролю крытычна мыслячых асоб, паліт. партый у прагрэс. пераўтварэнні грамадства. Грамадскі ідэал Л. — «царства справядлівасці», заснаванае на прынцыпах салідарнасці і «ўсеагульнай працы на ўсеагульнае шчасце»; дасягнуць яго магчыма шляхам сацыяльнай рэвалюцыі.
Тв.:
Философия и социология. Т. 1—2. М., 1965.
Літ.:
Богатов В.В. Философия П.Л.Лаврова. М., 1972;
Лукин В.Н. П.Л.Лавров как эстетик и литературный критик. Саратов, 1979;
Семенкова Т.Г. Экономические взгляды П.Л.Лаврова. М., 1980;
Антонов В.Ф. Революционное творчество П.Л.Лаврова. Саратов, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬДЗІС (Адам Восіпавіч) (н. 7.8.1932, в. Расолы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.літ.-знавец, крытык, празаік, публіцыст. Д-рфілал.н. (1987), праф. (1990). Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у друку, з 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1991 у Нац.навук.-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны (у 1991—98 дырэктар). Друкуецца з 1954. Даследуе гісторыюбел. культуры і л-ры 17—19 ст., бел.-польскія і бел.-літоўскія літ. ўзаемасувязі. Адзін з аўтараў кніг «Садружнасць літаратур» (1968), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Шляхі вялі праз Беларусь» (1980, з В.Грыцкевічам), «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988, з А.Лапінскене). Складальнік зб-каў «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.Міцкевіча (1969) і «Творы» Я.Дылы (1981). Падрыхтаваў для выдання рукапіс перакладу Б.Тарашкевіча на бел. мову паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1981). Аўтар гіст. аповесці «Восень пасярод вясны» (1984). З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Бел. фонду культуры, з 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў, з 1996 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнар.АН Еўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95) і час. «Кантакты і дыялогі» (з 1996). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Творчае пабрацімства. Мн., 1966;
Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.Мн., 1972;
Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Астравеччына, край дарагі... Мн., 1977;
На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982;
3 літаратуразнаўчых вандраванняў. Мн., 1987;
Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988;
Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн.,1990;