ВЯРКУ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вяркуда,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 17 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,8 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 12 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 9,1 км². Схілы катлавіны выш. 25—30 м, пераважна пад лесам, на У 5—7 м, разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія, забалочаныя. Падводная частка катлавіны складаецца з 2 плёсаў. Прыбярэжная зона пясчаная, глыбакаводная, выслана глеямі. Паласа расліннасці шыр. да 140 м. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ злучана ручаём з Павульскім возерам.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАГУ́БЦА чырвонапузырнік

(Celastrus),

род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і 1 форма. Д. круглалісты (C. orbiculata) рэкамендаваны для зялёнага буд-ва.

Дрэвавыя густагалінастыя ліяны з доўгімі цыліндрычнымі парасткамі. Лісце простае, эліпсападобнае, бліскучае, цёмна-зялёнае, увосень ярка-жоўтае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, зеленаватыя, у пазушных мяцёлках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна. Выкарыстоўваюць для верт. азелянення. Нельга высаджваць каля дрэў і кустоў (парасткі Д. сціскаюць ствол і расліна-апора гіне, адсюль назва роду).

Г.​У.​Вынаеў.

Дрэвагубца круглалісты.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙВІС (Davis) Уільям Морыс (12.2.1850, г. Філадэльфія, ЗША — 5.2.1934),

амерыканскі геолаг і географ. Скончыў Гарвардскі ун-т (1870) і працаваў у ім з 1876. Праф. (1890). Заснавальнік Асацыяцыі амер. географаў (1904) і прэзідэнт Амерыканскага геал. т-ва (1911), ганаровы чл. многіх геал. і геагр. т-ваў (у т. л. Рускага геагр. т-ва). У 1890—1915 працаваў у Геал. службе ЗША, вёў даследчую работу ў розных раёнах ЗША, у краінах Паўд. Амерыкі і Зах. Еўропы. У 1903 пабываў у пустынных раёнах Туркестана. У 1890-х г. распрацаваў вучэнне аб геагр. цыклах (тэорыя развіцця рэльефу зямной паверхні). Стварыў школу геамарфолагаў. Увёў новы тып адлюстравання рэльефу — блок-дыяграмы, мадэлі.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ-ЛОНГ (De Long) Джордж Вашынгтон (22.8.1844, Нью-Йорк — 30.10.1881),

амерыканскі палярны даследчык. Скончыў марскую Акадэмію ЗША (1865). Першае плаванне здзейсніў у Бафінаў зал. (1873). У 1879 узначаліў экспедыцыю на яхце «Жанета», мэтай якой было дасягненне Паўн. полюса і пошукі экспедыцыі Н.​А.​Нордэншэльда. На ПнУ ад в-ва Геральд яхта ўмерзла ў ільды; у час дрэйфу адкрыты а-вы Жанеты і Генрыеты. Пасля гібелі яхты ў чэрв. 1881 экіпаж дрэйфаваў на льдзіне, адкрыў в-аў Бенета. Д.-Л. з часткай спадарожнікаў, калі вызваліўся ад дрэйфу, дасягнуў вусця р. Лена, дзе загінуў ад голаду. Імем Д.-Л. названа група астравоў ва Усх.-Сіб. моры.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАЎ Канстанцін Мікалаевіч (23.2.1859, Масква — 26.7.1895),

рускі антраполаг, археолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). Чл. Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це (1882), Парыжскага і Італьянскага антрапал. т-ваў. Склаў першую ў Расіі інструкцыю па антрапал. і антрапаметрычных даследаваннях. У час экспедыцыі ў Мінскую і Віцебскую губ. (1886) сабраў матэрыял для асн. працы па антрапаметрыі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў (поўнасцю не выдадзена).

Тв.:

Отчет по экспедиции в Белоруссию летом 1886 г. // Изв. имп. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. 1887. Т. 51, вып. 1;

Заметки по кефалометрии белорусов сравнительно с велико- и малорусами // Там жа. 1890. Т. 68.

Л.​В.​Аляксееў.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНАХІ́МІЯ палімераў,

раздзел хіміі высокамалекулярных злучэнняў, у якім даследуюцца хім. ператварэнні, што адбываюцца ў выніку паглынання сістэмай мех. энергіі.

Хім. ператварэнні, ініцыіраваныя ці паскораныя мех. уздзеяннем, наз. механахімічнымі рэакцыямі. Механахім. рэакцыі (пераважна мех. дэструкцыя палімераў) ідуць пры перапрацоўцы палімерных матэрыялаў на вальцах, у экструдэрах, змешвальніках, пры ўздзеянні на палімеры ультрагуку, пры эксплуатацыі вырабаў ва ўмовах статычных і дынамічных мех. нагрузак, пры розных відах мех. апрацоўкі і інш. М. вырашае шматлікія практычныя праблемы мадыфікацыі палімераў, удасканальвання тэхналогіі вытв-сці і мех. апрацоўкі палімерных матэрыялаў, заўчаснага выхаду са строю механізмаў і асобных дэталей, якія працуюць ва ўмовах інтэнсіўных мех. нагрузак.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».

Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнік прамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.​Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял. Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц. т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РШЫНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,12 км², даўж. 580 м, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 21,7 м, даўж. берагавой лініі 1,6 км Пл. вадазбору 0,4 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 15—17 м (на ПдУ да 5 м), сугліністыя і супясчаныя, пад лесам і хмызняком, на ПдУ разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Дно да глыб. 3—3,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Празрыстасць 3,1 м. Эўтрофнае. Зарастае. Паласа прыбярэжнай расліннасці шыр. 10—15 м.

т. 11, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ-СІЛЬВА́НСКІ Мікалай Паўлавіч (13.2.1869, г. Кранштат Ленінградскай вобл., Расія — 30.9.1908),

расійскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1892). З 1899 працаваў у Дзярж. архіве Мін-ва замежных спраў. З 1905 выкладаў рус. гісторыю і гісторыю рус. права (з 1907 праф.) у навучальных установах Пецярбурга. Абгрунтаваў аднатыпнасць рас. феад. перыяду з зах.-еўрап. феадалізмам («Феадалізм у Старажытнай Русі», 1907; «Феадалізм ва ўдзельнай Русі», выд. ў 1910). Даследаваў гісторыю рэформ Пятра I, вызваленчы рух, грамадскую думку 18—19 ст.

Тв.:

Феодализм в России. М., 1988.

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 623—635.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКІ́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1860,

дагаворы, навязаныя Кітаю ў выніку яго паражэння ў англа-франка-кітайскай вайне 1856—60 і падпісаныя ў Пекіне. 1) Англа-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 24 кастр. У дадатак да Цяньцзіньскіх дагавораў 1858 Кітай абавязваўся выплаціць Вялікабрытаніі 8 млн. лян кантрыбуцыі, адкрыць для яе гандлю г. Цяньцзінь, даць брыт. падданым права вербаваць кітайцаў для працы па-за межамі краіны, уступіць Вялікабрытаніі ч. п-ва Цзюлун (Каўлун).

2) Франка-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 25 кастр. Паводле яе Францыя атрымала тыя ж правы ў Кітаі і такую ж кантрыбуцыю, што і Вялікабрытанія; франц. місіянеры атрымалі права набываць зямлю для сваіх місій ва ўсіх правінцыях Кітая.

т. 12, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)