КАЛАРАТУ́РА (італьян. coloratura літар. ўпрыгожванне ад лац. coloro фарбую, афарбоўваю),
хуткія, тэхнічна складаныя віртуозныя пасажы і мелізмы ў вак. партыі. Сустракаецца ў розных відах вак. музыкі. Найб. пашырана ў італьян. оперы 17—19 ст., асабліва ў арыях. Валоданне К. было абавязковае для спевакоў-кастратаў, высокіх жаночых галасоў, лірычных тэнараў, басоў-буф. Часта спевакі імправізавалі шматлікія К. ў дадатак да прадугледжаных кампазітарам, што ператварала К. ў самамэту і яна страчвала маст. значэнне. Як глыбока апраўданы і асэнсаваны маст. прыём К. ёсць у творах В.А.Моцарта, А.Скарлаці, Дж.Расіні, Л.Дэліба, Дж.Вердзі, М.Глінкі, М.Рымскага-Корсакава, у 20 ст. — А.Берга і інш. Тэхніка К. ўласціва творчасці бел. спявачак Л.Аляксеевай, Н.Гайды, М.Гулегінай, Н.Гусельнікавай, Л.Златавай, Л.Колас, Д.Кроз, Т.Кучынскай, Г.Лукомскай, Л.Лют, Т.Ніжнікавай, Т.Пастунінай, А.Шведавай, К.Ясінскай і інш.
т. 7, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТЭ́Й, Кіт, Кідэака,
старажытны горад Баспорскага царства, гарадзішча якога знаходзіцца на беразе Чорнага мора, за 40 км на Пд ад г. Керч (Крым). Існаваў у 5 ст. да н. э. — 5 ст. н. э. Гарадзішча пл. 4,5 га размешчана на высокім абрывістым беразе, з бакоў умацавана валам і ровам. У 4 ст. да н. э. горад быў абнесены каменнай сцяной таўшчынёй каля 2,5 м, у 1 ст. н. э. паралельна ёй пабудавана 2-я сцяна таўшчынёй да 3 м. У цэнтры гарадзішча раскопкамі выяўлены рэшткі культавай пабудовы, мармуровы сонечны гадзіннік, храмавы стол з надпісам 234 года, што паведамляе пра буд-ва храма. Этапы росквіту К. — 4—3 ст. да н. э. і 2—1-я пал. 3 ст. н. э. Насельніцтва займалася земляробствам і гандлем збожжа. У адрозненне ад большасці баспорскіх гарадоў у К. не было сваёй гавані.
А.В.Іоў.
т. 8, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАВЕ́ЦТВА,
бел. традыцыйнае рамяство па пашыве верхняга адзення з палатна, сукна, футра (пераважна аўчын). Вядома з даўніх часоў. З 16 ст. ў буйных гарадах існавалі кравецкія цэхі (у 1634 Магілёўскі цэх атрымаў каралеўскі прывілей), у маёнтках працавалі прыгонныя рамеснікі-краўцы, якія абшывалі гаспадароў і дворню. У 2-й пал. 19 ст. К. на Беларусі было пашырана ў форме адыходніцтва: краўцы-саматужнікі (звычайна сяляне) у свабодны ад земляробчай працы час (з восені да вясны) хадзілі па вёсках у межах сваёй воласці або павета і працавалі ў хаце заказчыка. Шылі суконныя світы, палатняныя насовы, аўчынныя кажухі і паўкажушкі. У мястэчках і гарадах краўцы стала займаліся К. і шылі на заказ. Часам яны наймалі работнікаў або вучняў. Заказ на пашыў адзення афармляўся з дапамогай спец. драўляных бірак з насечкамі, якія абазначалі колькасць аўчын і знак краўца. З развіццём фабрычнага пашыву адзення К. амаль знікла.
Н.І.Буракоўская.
т. 8, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІЦЫ́ЗМ,
кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл. Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.
В.М.Пешкаў.
т. 9, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНКА́СТЭР ((Lancaster) Джозеф) (25.11.1778, Лондан — 24.10.1838),
англійскі педагог, адзін са стваральнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Далучыўшыся да руху квакераў, адкрыў бясплатную школу (1798), дзе вучыў малодшых вучняў з дапамогай старэйшых і найб. падрыхтаваных. Свой вопыт «таннай школы» абагульніў і выклаў у кн. «Удасканаленне навучання...» (1803). Ідэю ўзаемнага навучання развіў у працы «Брытанская сістэма навучання» (1810). Сістэма Л., створаная незалежна ад Э.Бела, вызначалася дэталёвай рэгламентацыяй заняткаў, выкарыстаннем сістэмы заахвочвання і пакарання. У школы Л. прымаліся дзеці рознага веравызнання, а рэліг. навучанне, у адрозненне ад школ Бела, не было асноўным. Для падтрымкі школ у 1808 засн. Каралеўскае ланкастэрскае т-ва, якое садзейнічала іх пашырэнню ў Вялікабрытаніі і інш. краінах, у т. л. Расіі. З 1812 Л. імкнуўся ўкараніць сваю сістэму ў сярэднюю школу, аднак пацярпеў няўдачу (школы Л. былі раскрытыкаваны за механіцызм у навучанні і недастатковасць ведаў, якія яны давалі). У 1818 Л. выехаў у ЗША.
т. 9, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МЕНСКАЯ ШКО́ЛА-КАМУ́НА,
доследна-паказальная прац. школа ў в. Лемень Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Існавала ў 1920—24. Засн. бел. педагогамі М.М.Лепяшынскім і М.І.Кернажыцкім. Працягвала традыцыі Ліцвінавіцкай школы-камуны. Выкладаліся рус. мова і л-ра, франц. мова, гісторыя, грамадазнаўства, палітэканомія, фізіка, хімія, прыродазнаўства, псіхалогія, логіка, гігіена, фіз. культура. У школе спалучалася навучанне з прадукцыйнай с.-г. працай. Прац. навыкі набываліся ў працэсе самаабслугоўвання. Школа мела гаспадарку і майстэрні (сталярная, слясарная, шавецкая, пераплётная і інш.), дзе працавалі навучэнцы, а таксама метэаралагічную станцыю. Было развіта вучнёўскае самакіраванне. Дзейнічалі камісіі: прац., гігіенічная, культ.-масавая, харч., гаспадарчая. Працавалі гурткі — літ., драм., маст. самадзейнасці, с.-г., спартыўныя. Школа выпусціла каля 150 чал. Сярод яе выхаванцаў акад. АН Беларусі П.Ф.Ракіцкі, чл.-кар. АН Беларусі І.В.Гутараў, кампазітар І.І.Любан і інш.
Літ.:
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993. С. 46—54.
т. 9, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),
вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс. г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 10, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1880—1917. Засн. 1.7.1880 на ахвяраванні жыхароў горада. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне і дапамогі з казны. Спачатку мела 2 класы, пазней пераўтворана ў 7-класнае. Пры 7-м класе было механіка-тэхн. аддз., якое 1.7.1891 рэарганізавана ў аддзяленне для падрыхтоўкі выхаванцаў да паступлення ў спецыялізаваныя ВНУ Рас. імперыі (пераважна ў тэхнал. ін-ты). 5-ы і 6-ы класы мелі асн. і камерцыйнае аддзяленні. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, польск., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, прыродазнаўства, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, музыка, спевы, гімнастыка. Пры вучылішчы існавалі б-ка, лабараторыя, фіз., мех., прыродазнаўча-гіст. і інш. кабінеты. У 1883 вучылася 67, у 1907—264, у 1911—268, у 1915—304 юнакі. Сярод выхаванцаў вучылішча нар. артыст СССР Б.В.Платонаў.
Літ.:
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
А.Ф.Самусік.
т. 10, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ НАВУЧЭ́НЦАМ.
Засн. ў 1875 у Мінску для аказання матэрыяльнай дапамогі выхаванцам навуч. устаноў горада з мэтай падтрымкі выпускнікоў гімназій, вучылішчаў і студэнтаў ВНУ. Кіравалася статутам; калегіяльны орган — агульны сход, які выбіраў праўленне, апошняе — старшыню, сакратара і казначэя. Старшынёй т-ва працяглы час быў І.І.Самойла. Сярод ганаровых чл. т-ва быў мастак І.К.Айвазоўскі. У 1900 у т-ве было 275 чл. Сродкі т-ва складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, працэнтаў з капіталу і прыбыткаў ад дабрачынных мерапрыемстваў і латарэй. Прадстаўнікі т-ва збіралі ахвяраванні па прыватных дамах, праводзілі вечарыны на карысць студэнтаў. Сродкі ад іх складалі фонд дапамогі (4—5 тыс. руб. за год), якая ішла на аднаразовыя субсідыі, плату за навучанне і падручнікі. Дапамогай т-ва карысталіся пераважна навучэнцы мінскіх мужчынскай і жаночай гімназій, рэальнага вучылішча і гарадскога 4-класнага вучылішча. Да 1907 т-ва спыніла сваё існаванне.
т. 10, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1586—1773 у Нясвіжы як сярэдняя навучальная ўстанова. Засн. М.К.Радзівілам Сіроткам, які падараваў калегіуму маёнтак Ліпск з 6 вёскамі. У 1584—93 пабудаваны корпус Н.е.к. і пры ім Нясвіжскі касцёл езуітаў. Нясвіжскія езуіты стварылі свае місіі ў Капылі, Крывошыне, Ліпску, Мікалаеве і інш. У 1586 у Н.е.к. адкрыты класы граматыкі, потым — паэтыкі, рыторыкі і інш. Пры калегіуме дзейнічалі: з 1610 муз. бурса, з 1620 канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, з 1627 аптэка, з 1750 Нясвіжская друкарня Радзівілаў. У пач. 17 ст. ў калегіуме было каля 300 вучняў. Яго б-ка ў 1773 налічвала каля 15 тыс. тамоў. Са скасаваннем ордэна езуітаў (1773) калегіум пераўтвораны ў свецкую школу, касцёл — у парафіяльны. Інш. будынкі не захаваліся.
Літ.:
Paszenda J. Kościół Bożego Ciała (pojezuicki) w Nieświeżu // Kwartalnik architektury i urbanistyki. 1976. T. 21, z. 3.
т. 11, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)