ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ў мовазнаўстве,

узаемадзеянне моўных сістэм ва ўмовах двухмоўя (шматмоўя). Выяўляецца ў выкарыстанні элементаў адной мовы пры маўленні на другой і прыводзіць да парушэння літ. норм суіснуючых моў у працэсе маўлення. Узровень І. залежыць ад ступені валодання мовамі білінгвам, ад умення адрозніваць факты розных моў. На Беларусі І. — з’ява пашыраная, узаеманакіраваная і закранае ўсе ўзроўні бел. і рус. моў: фанетыку, акцэнтуацыю, марфалогію, лексіку, сінтаксіс. Блізкароднасны характар бел. і рус. моў, масавасць двухмоўя абумоўліваюць шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на той ці інш. мове, якія, аднак, мала ўплываюць на працэс разумення выказванняў. У сітуацыі бел.-рус. двухмоўя праблема І. набывае характар культуры бел. і рус. моў.

А.​А.​Лукашанец.

т. 7, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕВАНЕ́Ц (Аляксандр Васілевіч) (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.​Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.​Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.​Някрасава (1981), апрацоўкі бел. нар. песень.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ШНЕР (Міхаіл Яўхімавіч) (1900, Кіеў — ліп. 1942),

бел. кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). У 1918—31 канцэртмайстар-піяніст у канцэртных арг-цыях і т-рах Кіева, Масквы, Свярдлоўска. У 1933—38 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Аўтар першага нац. балета «Салавей», у муз. драматургіі якога вял. ролю адыгрывае нар. танец (паст. 1939, Мінск, Адэса). Сярод інш. твораў: кантата «Тапелец» на сл. А.​Пушкіна, Сімф. танцы, смыковы квартэт (усе 1937); Варыяцыі на бел. тэму для фп.; хары «Мы любоўю Радзімы багатыя», «Чырвонаармейская»; рамансы на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Пушкіна, М.​Лермантава, апрацоўкі бел. і яўр. нар. песень.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́ЦЫН (Міхаіл Аркадзевіч) (Майсей Айзікавіч; н. 2.7.1920, г. Віцебск),

бел. музыкант, дырыжор, педагог. Засл. работнік культуры Беларусі (1972). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951). З 1946 артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі, ў 1948—63 — секстэта домраў Бел. радыё і тэлебачання. У 1963—92 выкладаў у Мінскім пед. ін-це імя М.​Горкага. Кіраўнік аркестраў, у т. л. нар. аркестра нар. інструментаў БДУ (1953—80). Аўтар аранжыровак для аркестра нар. інструментаў твораў муз. класікі і бел. кампазітараў (у т. л. галоп, вальс і танец з оперы «Калючая ружа» Ю.​Семянякі, «Палеская сюіта» Я.​Глебава, «Святочная уверцюра» А.​Багатырова, «Мой родны кут» І.​Лучанка, «Кадрыля» Я.​Цікоцкага, «Полька» М.​Чуркіна і інш.).

З.​А.​Танклеўскі.

т. 9, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЭ́ВІЧ (Фларыян Данатавіч) (1890, в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.7.1941),

бел. педагог, грамадскі дзеяч. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1910). Настаўнічаў у Дзвінскім пав. Віцебскай губ. Збіраў бел. песенны і муз. фальклор, займаўся музыкай, дасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Якім Парэчка). З 1917 удзельнічаў у арганізацыі школьнага навучання на радзіме. Выступаў за адкрыццё бел. школ у Зах. Беларусі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі, удзельнічаў у стварэнні новай сістэмы нар. адукацыі, у Друі ўзначальваў курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў бел. школ, працаваў настаўнікам у в. Малая Кавалеўшчына Міёрскага р-на. У пачатку ням.-фаш. акупацыі Беларусі арыштаваны гітлераўцамі і пасля катаванняў расстраляны.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІН (Мікалай Дзмітрыевіч) (15.2.1907, с. Арэфіна Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 3.3.1996),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і насенняводства. Д-р с.-г. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1967), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Бел. с.-г. ін-т (1935). З 1949 дырэктар Бел. дзярж. селекцыйнай станцыі. З 1956 у Бел. НДІ земляробства (заг. аддзела, у 1961—78 нам. дырэктара), адначасова ў 1971—78 кіраўнік Зах. селекцыйнага цэнтра па збожжавых культурах. Навук. працы па селекцыі збожжавых культур. Аўтар і сааўтар многіх сартоў азімага жыта, яравых пшаніцы і ячменю, грэчкі, чырв. канюшыны.

Тв.:

Селекция и семеноводство зерновых культур в Белоруссии // Достижения отечественной селекции. М., 1967;

Азімае жыта. Мн., 1969.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІПЕ́НКА (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 19.5.1936, в. Нежыхаў Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. этнолаг. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р гіст. н. (1993), праф. (1995). Засл. дз. культ. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1961). Працаваў настаўнікам. З 1967 у БДУ (з 1977 дацэнт). З 1991 заг. аддзела этнаграфіі, з 1995 этналогіі, з 1994 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе пытанні гісторыі бел. этналогіі і фалькларыстыкі, бел. этнагенезу, сямейнага побыту, вясельных звычаяў і абрадаў бел. сялянства, нар. рэлігійных вераванняў. Адзін з аўтараў кніг «Гістарычнае краязнаўства Беларусі» (1980), «Народная педагогіка беларусаў» (1996), «Беларусы» (1998), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000).

М.Ф.Піліпенка.

Тв.:

Этнография Белоруссии. Мн., 1981;

Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З БЕЛАРУ́СКАГА ПРАВАСЛА́ЎНАГА ДУХАВЕ́НСТВА (СБПД),

арганізацыя нацыянальна арыентаванай часткі бел. правасл. святароў Віленскай і Гродзенскай губ., якія знаходзіліся ў эвакуацыі. Створаны напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У СБПД уваходзілі протаіерэі І.​У.​Карчынскі, С.​І.​Кульчыцкі, святары Л.​С.​Паеўскі, Рапнін, Усякоўскі і інш. Саюз далучыўся да бел. нац. руху з цэнтрам у Маскве. Летам 1917 правёў з’езд правасл. святароў-беларусаў, на якім прынята рэзалюцыя ў нац. духу. Члены саюза супрацоўнічалі з арг-цыяй бел. каталіцкага духавенства «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць» (пазней — Беларуская хрысціянская дэмакратыя), імкнуліся да беларусізацыі царк. жыцця, праводзілі пропаведзі на бел. мове. Спыніў дзейнасць у пач. 1918. Актыўныя члены СБПД былі арыштаваны.

А.​І.​Валахановіч.

т. 14, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАБА́НАЎ (Юрый Анатолевіч) (н. 2.2.1963, г. Віцебск),

бел. спартсмен (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту (1984). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1987). Чэмпіён свету 1985 у складзе каманды СССР, неаднаразовы чэмпіён СССР, пераможца міжнар. спаборніцтваў.

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)