БАТРАКО́Ў (Міхаіл Рыгоравіч) (5.8.1922, в. Радуга Веткаўскага р-на Гомельскай вобласці — 16.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Майкопскае бранятанк. вучылішча (1943). У Вял.Айч. вайну з 1941 удзельнік баёў на Паўн. Каўказе, Кубані, Беларусі, у Літве, Усх. Прусіі. У ходзе баёў у Прыбалтыцы ў 1944 танк. рота пад камандаваннем ст. лейт. Батракова прарвала абарону ворага на правым беразе Нёмана каля Каўнаса, адбіла 4 контратакі праціўніка, знішчыла 14 танкаў. Загінуў у баі на тэр.Усх. Прусіі. У в. Радуга яму пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕА́РН (Béarn),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,8 тыс.км². Нас.каля 390 тыс.чал. (1990), значную частку складаюць баскі. Гал. горад — По. На Пд — адгор’і Зах. Пірэнеяў, на Пн — перадгорныя ўзгорыстыя раўніны. Клімат умераны, вільготны. Здабыча прыроднага газу. Хім. і алюмініевы з-ды. Прамысл. цэнтр Баёна (авія- і машынабудаванне, тэкст. і абутковая прам-сць). На Пд — гарнапашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі), у перадгор’ях — пасевы пшаніцы і кукурузы, сады і вінаграднікі. Кліматычны, прыморскі і бальнеалагічны курорт Біярыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 750 м, найб.шыр. 460 м, найб.глыб. 5,1 м. Пл. вадазбору каля 1 км².
Схілы катлавіны разараныя, на У і ПнУ пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. У цэнтры невял. востраў. Зарастае да глыб. 4 м; у флоры рэдкі для Беларусі від — наяда марская. На ПдЗ злучана ручаём з воз. Ясна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1962. Аснова т-ва — пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць каля 3 млн. членаў (1995). Задачы т-ва: прапаганда ведаў аб прыродзе і яе ахове, далучэнне грамадзян да актыўнай дзейнасці па ахове прыроды, павелічэнні яе багаццяў, азеляненні нас. пунктаў, выхаванне экалагічнай свядомасці, беражлівых адносін і любві да прыроды і да роднага краю. Далучаецца да сусв. арг-цыі па ахове навакольнага асяроддзя «Грынпіс», супрацоўнічае з Беларускім «Фондам Сораса». Друкаваны орган — час.«Родная прырода».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІ (Beni),
рака ў Паўд. Амерыцы, у Балівіі, адзін з вытокаў р. Мадэйра (сістэма Амазонкі). Даўж.каля 1500 км, пл.бас. 850 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Кардыльеры-Рэаль (Цэнтр. Анды), перасякае высокія плато і хрыбты ў глыбокіх цяснінах з парогамі і вадаспадамі, у нізоўях па паўд.-зах. ускраіне Амазонскай нізіны ўтварае шмат меандраў. Буйны левы прыток Мадрэдэ-Дзьёс. Паводка са снеж. да мая. Сярэдні расход вады 6200 м³/с. Суднаходства ад. г. Рурэнабаке да вадаспадаў Эсперанса (29 км вышэй вусця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТАМ ((Bentham) Джордж) (22.9.1800, Сток, каляг. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),
англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.П.Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РШТАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Бярштанскае возера,
у Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Котра, за 36 км на ПнЗ ад г. Шчучын. Пл. 1,68 км², даўж. 3,36 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 17 м. Пл. вадазбору 43 км².
Схілы тэрасаваныя, разараныя, месцамі парэзаныя ярамі, частка пад хваёвым лесам. Берагі стромкія, паўд.-ўсх. спадзістыя. Дно сапрапелістае. З астравы агульнай пл. 0,09 га. Каля берагоў і на водмелях зарастае. Пратокай злучана з р. Котра, упадаюць р. Рудна і меліярац. канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́НЫ [ад бія... + ...ген(ы)],
біягенныя рэчывы, 1) рэчывы і хім. элементы, якія ўваходзяць у састаў усіх відаў арганізмаў і неабходныя для іх існавання. Важнейшыя: кісларод (каля 70% масы арганізмаў), вуглярод (18%), вадарод (10%), азот, кальцый, калій, фосфар, магній, сера, хлор, натрый. У клетках выконваюць структурную функцыю, ролю каталізатараў біяхім. рэакцый, рэгулююць асматычныя працэсы, з’яўляюцца складанымі часткамі буферных сістэм і рэгулятарамі пранікальнасці біял. мембран.
2) Рэчывы, якія арганізмы сінтэзуюць у ходзе жыццядзейнасці.
3) Рэчывы, што ўтварыліся ў выніку раскладання рэшткаў арганізмаў, але не зусім мінералізаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА (Bodensee),
у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж.каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНКО́ВІЧ (Ніна Несцераўна) (н. 18.11.1951, в. Хрыса Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спявачка (альт). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Брэсцкае муз. вучылішча (1973). З 1974 у квартэце «Купалінка» (з 1976 у складзе фалькл.-харэагр. ансамбля «Харошкі»), у 1987—96 у Бел. філармоніі. Манеры выканання спявачкі найб. блізкія бел.нар. песні лірычнага плана («Каля майго церама», «Павей, ветрык», «Шумяць вербы», «Зялёны гай», «Купалялё»). У складзе квартэта зрабіла шмат запісаў на радыё і грампласцінкі, у т. л. кампакт-дыск (Парыж, 1995).