сістэма мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ва ўмовах функцыянавання крэдытных грошай для падтрымання грашовай масы з мэтай забеспячэння стабільнасці нац. валюты. Права грашова-крэдытнага рэгулявання надаецца дзяржавай, як правіла, цэнтр. банку краіны.
У Рэспубліцы Беларусь грашова-крэдытнае рэгуляванне даручана Нац. банку, які мае выключнае права выпуску ў абарачэнне грашовых знакаў і рэгулявання безнаяўнай эмісіі грошай. Нац. банк рэгулюе грашовую масу ў абарачэнні шляхам устанаўлення для банкаў абавязковых эканам. нарматываў; змянення працэнтных ставак па крэдытах; змянення аб’ёму крэдытаў, што даюцца банкамі; куплі і продажу каштоўных папер і замежнай валюты; рэфінансавання банкаў; правядзення аперацый з дзярж. каштоўнымі паперамі на адкрытым рынку. Для банкаў устанаўліваюцца наступныя эканам. нарматывы: мінімальны памер статутнага фонду; гранічныя суадносіны паміж памерам уласных сродкаў і сумай яго актываў; паказчыкі ліквіднасці балансу; памер абавязковых рэзерваў, што размяшчаюцца ў Нац. банку; максімальная рызыка на аднаго пазычальніка; абмежаванне валютнай і курсавой рызыкі. Устанаўліваецца афіц. курс бел. рубля ў адносінах да інш. валют. Ужываюцца таксамаадм. метады, якія абмяжоўваюць даванне крэдыту, выкарыстанне грошай для плацяжоў (мэтавыя ўстаноўкі, ліміты, нормы, санкцыі і да т.п.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп (60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.А.Волкаў), рабочых мясакамбіната (В.Д.Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.П.Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.Н.Багатыроў, С.П.Панасюк, Г.І.Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв. Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА,
прыдворны аркестр раннекласічнага складу падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў 1765—80. Належала да найбольшых і найлепшых па прафес. узроўні калектываў падобнага роду ў ВКЛ, славілася і за яго межамі, у т. л. ў Мангейме (Германія); у 1780 была ангажыравана ў Нац.т-р у Варшаве. Суправаджала паказы Гродзенскага т-ра Тызенгаўза, касцельныя службы, іграла на балях, розных урачыстасцях і інш. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, муз.-сцэн. творы, сімфоніі, быт. музыку (танцы, дывертысменты, серэнады). Удзельнічала ў выкананні оперы А.Грэтры «Магніфік» («Велікапышны»), камедыі П.Бамаршэ «Севільскі цырульнік», «Сялянскага балета» і «Балета пекараў». Выконвала сімфоніі І.Гайдна, а таксама музыку, створаную ў прыдворным асяроддзі Тызенгаўза. У капэле былі замежныя і мясц. музыканты, у т. л. прыгонныя, якія атрымлівалі адукацыю ў Гродзенскай музычна-тэатральнай школе Тызенгаўза або пры дварах у Нясвіжы, Слоніме. У час росквіту капэлы ў 1777—79 у ёй было 30 капэлістаў і 7 «хлопцаў з капэлы». З адстаўкай Тызенгаўза капэла распалася.
Літ.:
Żórawska-Witkowska A. Kapeła Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОНД (франц. sonde),
1) у медыцыне — інструмент для даследавання (лячэння) пустацелых органаў, каналаў, ран і інш. Дазваляе вызначыць глыбіню і шырыню поласці, наяўнасць іншародных цел, змесціва органа, уводзіць дыягнастычныя і лекавыя сродкі і інш. 2) У метэаралогіі — шар з прыладамі для рэгістрацыі метэаралагічных даных верхніх слаёў атмасферы. Атрыманая інфармацыя перадаецца, напр., па радыё (радыёзонд) і рэгіструецца ў пункце выпуску З.) У ваеннай тэхніцы — металічны стрыжань (шчуп), які служыць, напр., для пошуку мін, снарадаў, авіябомбаў і інш. боепрыпасаў, якія знаходзяцца ў зямлі.
4) У электратэхніцы — металічны электрод для вывучэння (разам з электрометрам) размеркавання патэнцыялу ў эл. ланцугу.
5) У горнай справе — сукупнасць электродаў для вымярэння ў свідравіне эл. праводнасці горных парод. Дазваляе атрымліваць звесткі аб пародах, якія перасякала свідравіна, без падымання ўзораў на паверхню.
6) У рыбалоўстве — суднавая апаратура для кантролю параметраў рыбалоўнага трала і падводных абставін у час тралення. Служыць таксама для навядзення трала на скопішча рыбы, вызначэння ступені напаўнення яго рыбай і інш. 7) У акустыцы — прылада для вымярэння гукавога ціску ў зададзеным пункце гукавога поля. Уяўляе сабой вузкі акустычны хвалявод, злучаны з прыёмнікам гуку, напр. мікрафонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗОНД»,
серыя савецкіх касмічных апаратаў для вывучэння касм. прасторы і адпрацоўкі тэхнікі міжпланетных палётаў, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1964—70 запушчана 8 «З.». «З.-1», «З.-2», «З.-3» па канструкцыі падобныя на аўтаматычныя міжпланетныя станцыі «Венера-2», «Марс-1». «З.-2» выкарыстоўваўся для выпрабавання электраракетных плазменных рухавікоў, «З.-3» — для аблёту Месяца і фатаграфавання яго адваротнага боку. Запускам «З.-5» і «З.-6» упершыню вырашана праблема вяртання на Зямлю касм. апарата, які ўваходзіць у атмасферу Зямлі з 2-й касм. скорасцю. «З.-3» — «З.-8» мелі спускальны апарат і вярталіся на Зямлю. Апошняя ступень ракеты-носьбіта з касм. апаратам выводзілася на прамежкавую геацэнтрычную арбіту, з якой стартавала да Месяца. Пасля аблёту Месяца касм. апарат вяртаўся да Зямлі з 2-й касм. скорасцю, тармазіўся, спускальны апарат аддзяляўся і рабіў пасадку ў зададзеным раёне. Разліковая працягласць аўтаномнага палёту 7—8 сут. Навук. даследаванні: фатаграфаванне Зямлі і Месяца; даследаванне радыяцыйнага стану на трасе палёту і ў калямесяцовай прасторы; біял. эксперыменты і інш.
Да арт. «Зонд». Схема палёту касмічнага апарата «Зонд-6».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл.таксамаЗямельны фонд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ЎСКІ (Васіль Васілевіч) (4.7.1881, г. Хмяльніцкі, Украіна — 5.8.1962),
расійскі філосаф, псіхолаг, багаслоў. Вучыўся на прыродазнаўча-матэм. і гісторыка-філал. ф-тах Кіеўскага ун-та. Праф. псіхалогіі Кіеўскага ун-та (з 1915). У 1919 эмігрыраваў за мяжу. Праф. Свята-Сергіеўскага правасл. багаслоўскага ін-та ў Парыжы (з 1926), старшыня Рус. студэнцкага хрысц. руху. У 1942 прыняў сан свяшчэнніка. Гал. праблемы яго філас. даследаванняў звязаны з хрысц. касмалогіяй, сутнасцю рэліг. вопыту і інтуіцыі. Чалавечая душа, паводле З., мае іерархічную структуру; найвышэйшым элементам яе з’яўляецца сэрца, існаванне пачуцця, праз якое ўстанаўліваецца духоўная сувязь чалавека з Богам і боскімі асновамі свету. Аўтар фундаментальнага даследавання па гісторыі філасофіі ў Расіі («Гісторыя рускай філасофіі», т. 1—2, 1948—50). Займаўся таксама праблемамі педагогікі і псіхалогіі («Псіхалогія дзяцінства», 1924). Яго публіцыстычныя артыкулы сабраны ў кн. «Наша эпоха» (1952).
Тв.:
Социальное воспитание, его задачи и пути. М., 1918;
Проблемы воспитания в свете христианской антропологии. Париж, 1934;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРО́ГЛІФ (ад грэч. hieros свяшчэнны + glyphē тое, што выразана),
пісьмовы знак у некаторых відах ідэаграфічнага пісьма, які мае выгляд якога-н. аб’екта (чалавека, жывёлы, прадмета). Служыць для абазначэння асобных слоў і паняццяў, часам І. можа быць і фанетычным сімвалам (абазначаць склады і асобныя гукі). І. выкарыстоўваліся ў егіп. пісьме з 4-га тыс. да н.э. Вядома каля 5 тыс.егіп. І., аднак у кожную эпоху ўжывалася каля 700—800 знакаў.
Сярод егіп. І. адрозніваліся аднакансанантныя (абазначалі зычныя гукі егіп. мовы), двух-, трохкансанантныя (для фанет. перадачы марфем), ідэаграмы (для абазначэння цэлых слоў), дэтэрмінатывы (дапаможныя ідэаграфічныя знакі для ўдакладнення значэння слоў).
І. называюць таксама знакі стараж. (2-е тыс. да н.э.) і сучаснага кітайскага пісьма, выяўл. разнавіднасці хецкага пісьма (2—1-е тыс. да н.э.), японскага пісьма і інш.
Літ.:
Шампольон Ж.Ф. О египетском иероглифическом алфавите: Пер. с фр. [М.], 1950;
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. 2 изд. М., 1965;
Павленко Н.А. История письма 2 изд. Мн., 1987.
Да арт.Іерогліф. Іерагліфічны надпіс на сцяне грабніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
прыстасаванне для электраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.
І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш. Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.
У.М.Сацута.
Асноўныя тыпы ізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗБО́РНІКІ СВЯТАСЛА́ВА 1073 і 1076, зборнікі Кіеўскай Русі, найб. раннія помнікі стараж.-рус. пісьменства.
Ізборнік 1073 створаны ў Кіеве для князя Святаслава Яраславіча. З’яўляецца спісам зборніка, перакладзенага з грэч. мовы на стараслав. ў 9 ст. для балг. цара Сімяона. Уключае творы «Ад апостальскіх статутаў», «Слова Іаана пра верачытныя кнігі», «Багаслоўца ад славес». Уключаны і свецкі трактат візант. пісьменніка 9 ст. Георгія Хіравоска «Пра вобразы» — першы ў стараж.-рус. л-ры дапаможнік па паэтыцы, а таксама артыкулы па логіцы, граматыцы, прытчы, загадкі. Упрыгожаны застаўкамі, мініяцюрамі. Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Ізборнік 1076 складзены на падставе рукапісаў княжацкай б-кі. У ім змешчаны «словы», «павучанні», «наказы», этычныя выслоўі, «Стасловец» канстанцінопальскага патрыярха Генадзія, свецкія тэксты («Наказ багатым», «Пра жонак злосных і добрых»), творы, напісаныя ў Кіеўскай Русі, настаўленне пра карысць ведаў, кніг. Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Изборник Святослава 1073 г.М., 1983;
Изборник 1076 г.М., 1965.
Літ.:
Изборник Святослава 1073 г.: Сб. ст.М., 1977;
Сапунов Б.В. Книга в России в XI—XIII вв. Л., 1978.