лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш.слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ХВАРО́БА,
прафесійная хвароба, якая развіваецца пры сістэматычным працяглым уздзеянні вібрацыі. Асн. клінічныя выявы — змены ў перыферычнай сасудзістай сістэме, касцёва-сустаўным і нервова-мышачным апараце. Пры мясц. уздзеянні вібрацыі (напр., на рукі) адзначаецца боль у кісцях (часцей ноччу), пабяленне пальцаў на холадзе, аняменне і зябкасць рук, болі ў паясніцы і ў вобласці сэрца, паніжэнне адчувальнасці ў руках (часам і ў нагах). Пры агульным уздзеянні вібрацыі выяўляюцца слабасць, хуткая стамляльнасць, галаўны боль, дрэнны сон, раздражняльнасць, парушэнні, звязаныя з дзейнасцю мозга і вестыбулярнага апарату. Лячэнне: вітаміны, фізіятэрапеўтычнае і курортнае, лячэбная гімнастыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННЫ СУД,
суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж.звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл.Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЫ (ад лац. votum ахвяра, прынашэнне па абяцанні),
ахвяравальныя рэчы рэліг. ўжытку. Іх прыносілі ў касцёл як падзяку за выздараўленне ці з надзеяй на выздараўленне, як засцярогу ад няшчасця; развешвалі вакол цудатворных абразоў. Вотамі маглі быць малыя прадметы ў форме сэрца, рукі, нагі, вока або ў выглядзе жывёлы, птушкі і г.д.Часам воты аздаблялі залачэннем, гравіроўкай, чаканкай. На Беларусі многія воты з’яўляюцца творамі мастацтва мясц. чаканнага майстэрства 18—19 ст. Разнастайныя калекцыі іх знаходзяцца ў касцёлах фарным у Гродне, Троіцкім у Ружанах (Пружанскі р-н), францысканскім у Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЗЕЛу раслін,
звычайна патоўшчаная частка восі парастка, на якой утвараюцца лісце, пупышкі і (часам) прыдатачныя карані. Фарміруецца на конусе нарастання пры закладанні зачатка ліста. Анатамічная будова вузла залежыць ад тыпу лістаразмяшчэння, ад колькасці пучкоў ліставога следу і колькасці лакун. Адрозніваюць адна-, трох і шматлакунныя вузлы. Будова вузла — важная таксанамічная прыкмета. Участак паміж двума суседнімі вузламі — міжвузелле. У залежнасці ад збліжанасці вузлоў адрозніваюць парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Збліжаныя падземныя сцябловыя вузлы злакаў, на якіх утвараюцца падземныя і надземныя бакавыя парасткі, а таксама прыдатачныя карані, называюцца вузламі кушчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»
(«Gazeta Grodzieńska»),
першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 × 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІ,
1) бел. традыцыйная страва, вядомая і інш.слав. народам. На Беларусі наз. таксама палюхі. Рабілі з грэцкай, жытняй, пшанічнай, ячнай мукі. Цеста крута замешвалі, качалі галушкі рознай велічыні або ў адну качулку і рэзалі на кавалкі. Галушкі варылі, потым заскварвалі салам, залівалі малаком, часам падсмажвалі ў сале. Галушкі з юшкаю гатавалі як рэдкую страву. Вядомы па ўсёй Беларусі. На Палессі галушкі варылі на памінкі і елі з сытою, цёртым макам.
2) Пшанічная булачка. Існаваў звычай пячы на саракі 40 галушак. Цяпер сустракаецца спарадычна на Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ДНЯ, гарадня́,
тып абарончага збудавання: прамавугольны зруб з бярвён ці брусоў, запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. У абарончым дойлідстве на Беларусі гародня вядомы з 12 ст. (Навагрудак), найб. пашыраны ў 15—16 ст. (Полацк, Орша, Радашковічы, Кобрын, Стрэшын). Шэраг гародняў, пастаўленых шчыльна адна да адной тарцамі, утваралі абарончыя сцены замкаў і гар. умацаванняў. Мелі байніцы, наверсе — галерэі з абламамі. Часам выкарыстоўваліся пад гасп. памяшканні, каморы для вязняў (Брэст). Вонкавая сцяна магла быць шматпластавой — да пяці бярвён (Полацкі Верхні замак, 16 ст.). З 17 ст. саступілі месца тарасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г.вытв-сць.
2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.
3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДА́ЦЫЯ (лац. gradatio ад gradus ступень),
стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.Караткевіча:
Ты — наш сцяг, што нікому,
нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.