ВАЕ́ННАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,

тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення ваенных дзеянняў на сушы, моры і ў паветры; асн. частка ваеннай навукі. Уключае стратэгію ваенную, аператыўнае майстэрства, тактыку. Стратэгія ўключае тэорыю і практыку падрыхтоўкі ўзбр. сіл да ваен. дзеянняў, планаванне і вядзенне вайны, стратэг. аперацый, выкарыстанне відаў узбр. сіл і кіраванне імі. Яна абумоўлена палітыкай дзяржавы і падпарадкавана ёй. Аператыўнае майстэрства вырашае пытанні падрыхтоўкі і правядзення аперацый. Тактыка — гэта тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою, яго сутнасць і характар, спосабы арг-цыі і вядзення розных яго відаў: наступлення, абароны, сустрэчнага бою. У залежнасці ад відаў узбр. сіл вылучаюць ваеннае майстэрства сухап. войск, ракетных войскаў ППА, ВПС і ВМС. Ваеннае майстэрства некалькіх родаў войск, якія ўваходзяць у некалькі відаў узбр. сіл, аб’ядноўваюць агульным паняццем, напр., ваенна-інж. майстэрства.

Ваеннае майстэрства зарадзілася разам з узнікненнем войнаў і армій, развівалася ў залежнасці ад узроўню вытв-сці, эканомікі і характару грамадскага ладу. На яго ўплываюць таксама асаблівасці гіст. развіцця краіны, геагр. ўмовы, нац. традыцыі і інш. фактары. Важнымі этапамі развіцця ваеннага майстэрства былі войны, асабліва 1-я і 2-я сусветныя.

Ваеннае майстэрства ў сучасных умовах развіваецца ў кірунку павелічэння ролі стратэгіі, якая пры наяўнасці ядзерных сіл можа ўплываць на ход і вынік вайны. У аператыўным майстэрстве асн. ўвага аддаецца распрацоўцы эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі і ажыццяўлення сумесных аперацый і баявых дзеянняў усіх відаў узбр. сіл. У тактыцы распрацоўваюцца спосабы вядзення агульнавайск. бою з максімальным выкарыстаннем новых сродкаў узбр. барацьбы. У ваен. тэорыі многіх краін Ваеннае майстэрства складаецца са стратэгіі і тактыкі; тэрмін «аператыўнае майстэрства» замяняюць тэрмінамі «вялікая тактыка» або «малая стратэгія».

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,

першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),

рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл. Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл. Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.

На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;

Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;

Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),

1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж. усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).

2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАЛО́ГІЯ (ад лексіка + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы, яе лексіку. Мае сваю праблематыку (суадносіны слова і значэння, значэння і паняцця, лексічнага і граматычнага ў слове, вызначэнне месца слова сярод інш. адзінак мовы, выяўленне будовы лексіка-семантычнай сістэмы мовы і інш.) і свае метады вывучэння лексікі (дыстрыбуцыйны, кампанентны, кантэкстуальны, логіка-паняційны і інш.).

Л. цесна звязана з лексікаграфіяй, граматкай, стылістыкай і культурай мовы. У залежнасці ад ахопу і характару вывучаемай лексікі, сутнасці праблем і спецыфікі метадаў, што выкарыстоўваюцца, Л. падзяляецца на шматлікія разгалінаванні.

Агульная Л. вывучае праблемы слоўнікавага складу розных моў; прыватная, ці нацыянальная (бел., рус., ням. і г.д.), — лексіку канкрэтнай мовы; апісальная, ці сінхранічная, — лексіку мовы на пэўным этапе яе развіцця (найчасцей на сучасным); гістарычная, ці дыяхранічная, разглядае лексіку мовы ў працэсе яе развіцця, выяўляе яе гіст. пласты, паходжанне, змяненне семантычнай структуры, фанетыка-марфал. будовы; этымалагічная высвятляе паходжанне асобных слоў; супастаўляльная, ці параўнальная, аналізуе лексіку 2 і больш моў адначасова; функцыянальная апісвае розныя групы слоў з улікам іх функцый у маўленні; нарматыўная вызначае агульнаўжывальную лексіку літ. мовы і нормы яе выкарыстання ў маўленні і г.д.

Бел. Л. зарадзілася ў пач. 20 ст. Актуальным пытанням Л. прысвечаны працы бел. мовазнаўцаў А.​Я.​Баханькова, А.​М.​Булыкі, А.​І.​Жураўскага, М.​І.​Крукоўскага, А.​Я.​Супруна, Л.​М.​Шакуна, П.​П.​Шубы і інш.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ (Дзмітрый Рыгоравіч) (каля 1735, Кіеў ? — 16.4.1822),

расійскі і ўкраінскі жывапісец; найбуйнейшы майстар рус. параднага партрэта 18 ст. З 1769 акадэмік, з 1776 саветнік Пецярбургскай АМ; у 1771—88 кіраваў партрэтным класам. Вучыўся ў бацькі, укр. гравёра Р.​Лявіцкага (Лявіцкага-Носа) і А.​Антропава (1752—55 і з 1758). Магчыма, разам з бацькам удзельнічаў у размалёўцы Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Каля 1758 пераехаў у Пецярбург. У 1762 афармляў каранацыйныя ўрачыстасці ў Маскве. У ранніх творах спалучаў агульную ўрачыстасць позняга барока з рысамі натуральнасці і штодзённасці, імкнуўся да раскрыцця характару, дакладнасці і матэрыяльнасці выявы. Работам уласцівы эфектнасць кампазіцый, інтэнсіўнасць і танальнае адзінства колеравых адценняў, выразнасць поз і жэстаў: партрэты А.​Какорынава (1769—70), П.​Дзямідава (1773), серыя парадных партрэтаў выхаванак Смольнага ін-та («Смалянкі», каля 1773—76). Інтымныя партрэты адзначаны паглыбленасцю і разнастайнасцю індывідуальных характарыстык, стрыманасцю маст. сродкаў (Д.​Дзідро, 1773—74; М.​Дзякавай, 1778; святара, магчыма, бацькі, 1779 і інш.). 3 пач. 1780-х г. пад уплывам класіцызму тонкая нюансіроўка змянілася лакальным колерам, манера пісьма стала больш гладкай: «Урсула Мнішак» (1782), «Кацярына П» (1783) і інш. З 2-й пал. 1780-х г. яго работы страцілі ранейшую цэласнасць і гарманічнасць, характарнасць вобразаў. Некаторыя творы вызначаюцца яркай выразнасцю маст. сродкаў («Невядомы са сфінксам», 1790-я г.). Пасля 1800 з-за хваробы вачэй амаль не працаваў.

Літ.:

Молева Н.М. Д.​Г.​Левицкий. М., 1980;

Яблонская Т.В. Левицкий. М., 1985;

Д.​Г.​Левицкий, 1735—1822: Сб. науч. тр. Л., 1987.

І.​Л.​Чэбан.

Дз.Лявіцкі. Партрэт П.​А.​Дзямідава. 1773.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст. ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл. драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.​Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.​Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.​Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.​Пінігіна паводле бел. нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.​Галубка і Л.​Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.​Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.​Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.​Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.​Янчанкі, а таксама бел. нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).

А.​В.​Скорабагатчанка.

Т.Р.Мархель.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЧУ́К (Георгій Васілевіч) (н. 1.1.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1977). З 1970 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980—82 заг. літ. часткі, рэдактар-кансультант Т-ра-студыі кінаакцёра, з 1996 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1966. Дылогія «Крык на хутары» (1981), «Прызнанне ў забойстве» (1985) пра падзеі ў б. Зах. Беларусі. Раманы «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон», «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (абодва 1990) на маральна-этычную праблематыку. У кнізе навел «Хаос» (1997) роздум пра хаос і гармонію, дзень сённяшні і Вечнасць, прызначэнне чалавека. Даследаванне бел. нац. характару ў аповесці «Паляшук» (1987), рамане «Без ангелаў» (1993). Аўтар рамана «Год дэманаў» (1995), камедый «Люцікі-кветачкі» (паст. 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (паст. 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анета, Анфіса» (абедзве паст. 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве паст. 1990), «Варвара і яе блудны муж» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1998), аднаактовых п’ес, апавяданняў, сцэнарыяў тэле- («Вясковы эрудзіт», 1985; «Запрашэнне», 1988) і кіна- («Кветкі правінцыі», 1994) фільмаў, дакумент. фільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (1990, у сааўт.) і інш. Творам М. ўласцівы псіхалагізм, філасафічнасць, спавядальнасць, дынамізм дзеяння. Піша для дзяцей: кн. казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1987), п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла» (паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі, 1979), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1984), «Чужое багацце» (паст. 1999) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Крык на хутары;

Кветкі правінцыі. Мн., 1998;

Вясёлыя, бедныя, багатыя: Камедыі. Мн., 1998.

А.​В.​Спрынчан.

Г.В.Марчук.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРЫ́ТЫ,

малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл. Метэоры).

У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн. км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.

Літ.:

Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;

Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ. М., 1971;

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)