адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЕ ЖЫЦЦЁ»,
штотыднёвая газета. Выдавалася Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй з 3.3 да 21.5.1923 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Я.Лагіновіч. Адлюстроўвала паліт. настроі сялян і радыкальнай інтэлігенцыі Зах. Беларусі. Пад рубрыкамі «Палітычныя падзеі», «З газет», «Весткі з сейму» з рэв.-дэмакр. пазіцый асвятляла міжнар. жыццё, паліт. становішча ў Польшчы, барацьбу ў парламенце прадстаўнікоў левых сіл, змяшчала выступленні дэпутатаў, іх паліт. заявы. Друкавала матэрыялы аб праявах сац. і нац. ўціску працоўных Зах. Беларусі, асвятляла культ. жыццё ў Зах. і Сав. Беларусі. З артыкуламі пра задачы вызв. барацьбы выступалі Лагіновіч (псеўд. Лаўрыновіч), Л.Родзевіч (псеўд. Р.Юргілевіч). Серыю артыкулаў «Беларускі пасольскі клуб у польскім сейме», «Што такое «Wyzwolenie» з беларускага пункту гледжання» апубл. У.Самойла (псеўд. Суліма). Пра стан асветы ў Зах. Беларусі пісаў С.Рак-Міхайлоўскі (псеўд. Баўтручонак). Змяшчала літ. творы У.Жылкі (паэма «Уяўленне», вершы), Родзевіча (драм. абразкі, лірыка), І.Канчэўскага (псеўд. Ганна Галубянка), Ф.Чарнышэвіча і інш., артыкулы Р.Зямкевіча пра развіццё бел. л-ры. Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Пасля забароны выходзіла газ. «Наша жыццё» (з 27.5 да 25.6.1923, выйшла 6 нумароў). 6.7.1923 выпушчана аднадзёнка «Наша новае жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,
закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.
Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.М.Ляўданскі, Дз.І.Даўгяла, М.В.Доўнар-Запольскі, М.В.Мялешка, А.А.Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы станстараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.Х.Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.
Літ.:
Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.Мн., 1926;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЧу тэхніцы,
збудаванне (устаноўка, агрэгат, прылада), у якім у выніку гарэння паліва (часам інш.хім. рэакцый) або пераўтварэння эл. энергіі вылучаецца цяпло. Паводле крыніц цяпла адрозніваюць полымныя печы і электрычныя печы, а таксама П. са спец. відамі нагрэву: плазменна-дугавыя печы, электронна-прамянёвыя печы, аптычныя, у т. л. геліяпечы, і інш.; паводле галіны выкарыстання — прамысловыя і бытавыя.
Прамысловыя П. прызначаны для: награвання матэрыялаў або вырабаў (награвальныя печы), надання матэрыялам новых мех. уласцівасцей (тэрмічныя печы), апрацоўкі мінер. сыравіны (абпальвальныя печы), пераводу матэрыялаў, што апрацоўваюцца, у вадкі стан (плавільныя печы, у т. л.ватэржакетныя печы), выплаўкі сталі і цвёрдых металаў (мартэнаўскія печы, двухваннавыя П.), расплаўлення чорных і каляровых металаў у ліцейнай вытв-сці (вагранкі, адбівальныя печы), раскладання і ўзгонкі матэрыялаў (коксавыя печы), сушкі матэрыялаў (сушыльныя печы), варкі шкла і інш. Паводле метадаў перасоўвання матэрыялаў, што апрацоўваюцца, канструкцыйных і інш. адзнак П. падзяляюцца на: вярчальныя печы, камерныя печы, канвеерныя печы; вакуумныя печы, высокачастотныя печы, дугавыя печы, індукцыйныя печы; вежавыя, карусельныя, каўпаковыя, кальцавыя, метадычныя, нізкатэмпературныя, прахадныя, працяжныя, тыгельныя, шахтавыя, штурхальныя, з шагаючым подам і інш.Бытавыя П. падзяляюцца на ацяпляльныя (гл.Печ, Пячное ацяпленне), хлебапякарныя, кандытарскія, вяндлярныя (гл.Вяндлярня, Вэнджанне) і інш. Набылі пашырэнне мікрахвалевыя печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ ЦЕЛ,
стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).
На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл.Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт. пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.
Л.І.Болсун.
Да арт.Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; — сіла цяжару; — выштурхная сіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў апрацоўкі сыравіны, матэрыялаў і вырабаў патокамі плазмы. Працэсы П.т. грунтуюцца на фіз., хім. і змешаным механізмах уздзеяння кампанентаў плазмы на апрацаваны матэрыял; выконваюцца пры нармальным (атмасферным) ці павышаным ціску, а таксама ў вакууме.
Дазваляе змяняць форму, памеры, структуру апрацаванага вырабу, стан яго паверхні. Уключае плазменнае нанясенне на паверхню цвёрдых цел тонкіх плёнак металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і інш. матэрыялаў, змены фіз. або хім. уласцівасцей, а таксама выдаленне (траўленне) плёнак і прыпаверхневых слаёў. У тэхналогіі электроннага машынабудавання найб. пашыраны плазменныя працэсы, якія ажыццяўляюцца ў вакууме, што забяспечвае найменшыя забруджванні матэрыялаў і вырабаў, добрую ўзнаўляльнасць вынікаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах П.т. распачаты ў 1950-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН; вядуцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш. Распрацаваны метады і створана апаратура для электрадугавога сінтэзу і перапрацоўкі розных матэрыялаў, у т. л. для утылізацыі ядахімікатаў, плазменныя прылады для атрымання ахоўных і дэкар. слаёў на паверхні буд. матэрыялаў, плазменнага нанясення на вырабы алмазападобных пакрыццяў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б Існавала з сак. 1925 замест Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі ў сувязі з утварэннем у КПЗБсэцэсіі і неабходнасцю яе ліквідацыі. У розны час Прадстаўніцтва ўзначальвалі А.С.Славінскі
(Качароўскі),
С.Т.Мілер, М.А.Блінчыкаў, А.У.Канчэўскі, Г.М.Дуа, Ю.Брун, Р.Д.Вольф, С.А.Мергэнс, Е.І.Шоламаў, І.Ф.Сяменікаў. Працавала пад кіраўніцтвам Прадстаўніцтва КПП пры Выканкоме Камінтэрна ў Маскве і фактычна лічылася яго філіялам у Мінску. Рэгулярна інфармавала кіруючыя органы КП(б)Б пра дзейнасць і мерапрыемствы ЦККПЗБ, станрэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, вяло перапіску па паліт. і арганізац. пытаннях з Бюро і Краявым сакратарыятам ЦККПЗБ, якія знаходзіліся ў падполлі, дапамагала ім рыхтаваць кадры для падп.парт. работы, выдаваць парт. л-ру, займалася справамі паліт. эмігрантаў і асоб, што прыбылі нелегальна з Зах. Беларусі, рыхтавала з’езды КПЗБ і КСМЗБ, кіравала Мінскай школай КПЗБ, часткай Цэнтр. рэдакцыі КПЗБ, якая выдавала л-ру для Зах. Беларусі, Камісіяй па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР і Зах. сектарам Гістпарта. Функцыянавала да лета 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1951,
дагавор з Японіяй пасля 2-й сусв. вайны. Падпісаны 8 вер. на міжнар. мірнай канферэнцыі (праходзіла 4—8.9.1951; склікана ЗША і Вялікабрытаніяй) у г.Сан-Францыска (ЗША) прадстаўнікамі 49 з 52 дзяржаў-удзельніц. Не падпісалі дагавор СССР (дэлегацыю ўзначальваў А.А.Грамыка), Польшча і Чэхаславакія, прадстаўнікі Кіт.Нар. Рэспублікі і Тайваня не былі запрошаны, Індыя і Бірма адмовіліся ад удзелу ў канферэнцыі. Падрыхтаваны ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі на працягу лют. 1946—жн. 1951. Складаўся з 7 раздзелаў (27 артыкулаў). Спыніў стан вайны паміж Японіяй і ўдзельнікамі дагавора. Японія прызнавала незалежнасць Карэі і рашэнні Савета Бяспекі ААН пра былыя падмандатныя яп.тэр., адмаўлялася ад прэтэнзій на Курыльскія а-вы, Паўд. Сахалін, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао, Спратлі і Парасельскія. Дэклараваў спыненне амер.акупац. рэжыму ў Японіі, але амер. войскі заставаліся ў краіне на няпэўны тэрмін. 8 вер. ў Сан-Францыска дзярж. сакратар ЗША Д.Ачэсан і прэм’ер-міністр Японіі Ёсіда Сігэру падпісалі таксама двухбаковы «дагавор бяспекі» (гл. ў арт.Амерыкана-японскія дагаворы 1951, 1960). Абодва дагаворы набылі сілу 28.4.1952. С.-ф.м.д. 1951 не вырашыў праблему тэр. размежавання паміж Японіяй і СССР і пытанні нармалізацыі адносін Японіі з Кіт.Нар. Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ТАРЫў квантавай механіцы, матэматычныя аперацыі, якія выконваюцца над хвалевай функцыяй, што апісвае стан сістэмы. Служаць для супастаўлення з зададзенай хвалевай функцыяй (вектарам стану) ψ інш. функцыі
, дзе — аператар, якому адпавядае фіз. велічыня L. Напр., аператар множання , дзе — аператар каардынаты; дыферэнцавання
, дзе — аператар праекцыі імпульсу на вось х. Над аператарам можна выконваць алг. дзеянні, напр., здабытак азначае, што , калі і . Яўны выгляд аператара вызначаецца ўласцівасцямі пераўтварэнняў той сіметрыі, з якой звязана матэм. фармулёўка адпаведнага закону захавання (гл.Нётэр тэарэма). Уласцівасці аператара вызначаюцца ўраўненнем ; яго рашэнні ψn (уласныя функцыі) апісваюць квантавыя станы, у якіх фіз. велічыня L прымае значэнні Ln(уласныя значэнні аператара). Набор такіх значэнняў (спектр) выяўляе ўсе значэнні фіз. велічыні L, якія можна вызначыць эксперыментальна, бывае неперарыўным (напр., аператар каардынат, імпульсу), дыскрэтным (аператар праекцыі моманту імпульсу на каардынатную вось) і змешаным (аператар энергіі ў залежнасці ад характару сіл, што дзейнічаюць у сістэме; дыскрэтныя ўласныя значэнні аператара наз. ўзроўнямі энергіі). У квантавай механіцы карыстаюцца пераважна лінейнымі аператарамі і эрмітавымі аператарамі.