сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў метакрылавай к-ты (метакрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2——C(CH3)(COOR)—]n; найважн. поліалкілметакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.).
Аморфныя шклопадобныя (R — алкіл з 1—3 атамамі вугляроду), эластычныя (2—14 атамамі) ці воскападобныя крышт.рэчывы. Маюць больш высокія т-ры шклавання і цвёрдасць, чым поліакрылаты з тым ж R (напр., т-ра шклавання поліметылакрылату 8 °C, поліметылметакрылату 105—110 oC). Раствараюцца ў складаных эфірах, у т. л. ва ўласных манамерах, хлараваных і араматычных вуглевадародах. Устойлівыя да ўздзеяння вады, разбаўленых раствораў кіслот і шчолачаў, святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць П., а таксама супалімеры метакрылатаў з метакрылавай к-той для вытв-сці безасколачнага шкла (гл.Шкло арганічнае), вырабу пратэзаў (хірургія, стаматалогія), як аснову лакаў і кляёў (гл.Акрылавыя клеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІПЕПТЫ́ДЫ,
арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл. таксама Пептыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІКА́ШЛЕВЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі, якія знімаюць кашаль шляхам прыгнечвання цэнтр. і (або) перыферычных звёнаў кашлевага рэфлексу. Адрозніваюць П.с. цэнтр. дзеяння (прыгнечваюць функцыю кашлевага цэнтра) і перыферычнага (памяншаюць паток аферэнтных імпульсаў у ц. н. с. з запалёных слізістых абалонак дыхальных шляхоў). П.с. цэнтр. дзеяння падзяляюць на апіоідныя (наркатычныя) і неапіоідныя (ненаркатычныя). Апіоідныя П.с. — алкалоіды опіуму ці сінт. аналагі марфіну (кадэін, этылмарфін) — валодаюць таксама актыўнасцю анальгетыкаў, зніжаюць адчувальнасць дыхальнага цэнтра, павышаюць тонус бронхаў і інш. (пры працяглым ужыванні наркатычныя П.с. выклікаюць лек. залежнасць). Да ненаркатычных П.с. цэнтр. дзеяння адносяць глаўцын і акселадзін; да П.с. перыферычнага дзеяння — лібексін. Процікашлевай актыўнасцю валодаюць таксама рэчывы, якія аказваюць слабае анестэзійнае ўздзеянне на слізістыя абалонкі (ментол, фалімінт). П.с. ўжываюць пры сухім кашлі, пры кашлі з макротай П.с. проціпаказаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛО́,
электрамагнітнае выпрамяненне, якое ўспрымаецца чалавечым вокам, з даўжынямі хваль λ ад -400 нм (фіялетавае) да -750 нм (чырвонае). Часта ў паняцце С. ўключаюць таксама эл.-магн. хвалі ультрафіялетавага (λ -400 гм) і інфрачырвонага (λ > 750 нм) дыяпазонаў. Скорасць распаўсюджвання С. ў вакууме каля 300 тыс.км/с (гл.Скорасць святла).
Паводле ўяўленняў квантавай механікі, С. мае дваістую (карпускулярна-хвалевую) прыроду, уласцівую мікрааб’ектам. Пры дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла і інш. з’явах, звязаных з распаўсюджваннем С., выяўляюцца яго хвалевыя ўласцівасці. Карпускулярнай (фатоннай) прыродай С. тлумачацца фотаэфект, фоталюмінесцэнцыя і інш. з’явы, абумоўленыя яго ўзаемадзеяннем з рэчывам. С. аказвае на рэчывы розныя ўздзеянні: мех. (ціск святла), хім. (фотахімічныя рэакцыі) эл. (напр., фотаэфект), цеплавое і інш.Гл. таксама Паглынанне святла, Пераламленне святла, Рассеянне святла, Рэфракцыя святла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБРА́ ГАЛАГЕНІ́ДЫ,
неарганічныя хім. злучэнні серабра з галагенамі. Найб. пашыраны фтарыд AgF, хларыд (у прыродзе мінерал хлораргірыт) AgCl, брамід (бромаргірыт) AgBr, ёдыд (ёдаргірыт) AgJ.
Крышт. рэчывы; AgCl бясколерны, астатнія С.г. жоўтага колеру. Практычна нерастваральныя ў вадзе (за выключэннем AgF). Раствараюцца ў водным аміяку з утварэннем комплексных аміякатаў. Святлоадчувальныя; пад уздзеяннем святла раскладаюцца з вылучэннем метал. серабра. Атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з галагенамі або з канцэнтраванымі растворамі галагенавадародных кіслот, нерастваральныя — абменным узаемадзеяннем серабра нітрату з адпаведнымі растваральнымі галагенідамі. Хларыд, брамід і ёдыд выкарыстоўваюць для вытв-сці святлоадчувальных матэрыялаў (папера фатаграфічная, плёнка кіна- і фатаграфічная); хларыд як дэтэктар касм. выпрамяненняў, для вырабу элементаў аптычнай часткі інфрачырв. спектрометраў; брамід як каталізатар у арган. сінтэзе; ёдыд пры гальванічным серабрэнні, як крыніцу цэнтраў крышталізацыі вады ў воблаках пры барацьбе з градам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАТЭРАПІ́Я,
лячэнне прэпаратамі, атрыманымі з залоз унутранай сакрэцыі або інш. органаў і тканак жывёл. Часцей мае замяшчальны характар — уводзяцца рэчывы, якіх не хапае ў арганізме хворага і якія выпрацоўваюцца або назапашваюцца ў адпаведных органах. Да арганатэрапіі належыць і перасадка органаў (касцявы мозг, ныркі, печань, сэрца), калі яны не выконваюць сваіх функцый (гл.Трансплантацыя). Да арганапрэпаратаў адносяцца прэпараты гіпофіза (пітуітрын, пралактын, АКТГ), шчытападобнай залозы (тырэаідзін), парашчытападобных залозаў (паратгармон), падстраўнікавай залозы (інсулін, ліпакаін), кары паднырачнікаў (картызон), вілачкавай залозы (тымазін), жаночых (фалікулін, сінестрол, прагестэрон) і мужчынскіх (метыландрастэндыёл) палавых органаў. Прэпараты ўводзяцца ўнутрымышачна або ўнутрывенна. Выцяжка з селязёнкі (спленін) стымулюе імунітэт. Пры нізкай страўнікавай сакрэцыі ў хворых на гастрыт, пры язвавай хваробе як замяшчальны выкарыстоўваюць страўнікавы сок сабак, свіней (натуральны сок, сугаст). У гематалагічнай практыцы выкарыстоўваецца натуральная кроў, плазма крыві, суспензія эрытрацытаў, трамбацытаў. Яны выконваюць замяшчальную функцыю і стымулююць імунітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),
шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв. — кастрычніку.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́ТЫ,
1) солі борных кіслот: метаборнай (HBO2), ортаборнай (H3BO3) і нявылучаных у свабодным стане паліборных (H3m−2nBmO3m−n). Вядома каля 100 прыродных баратаў у выглядзе борных рудаў (буракс, ашарыт і інш.). Бараты складаюцца з боракіслародных груповак (колькасць атамаў бору ў іх вагаецца ад 1 да 9), якія ўтвараюць больш складаныя структуры. Бараты — бясколерныя аморфныя ці крышт.рэчывы. Бываюць гідратаваныя і бязводныя. Бязводныя маюць tпл 500—2000 °C, хімічна больш устойлівыя. У вадзе раствараюцца толькі бараты шчолачных металаў і амонію, астатнія — у гліцэрыне. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, палівы, керамікі, эмаляў, вогнетрывалых пакрыццяў і флюсаў, пры фарбаванні, як пігменты, антысептыкі, фунгіцыды.
2) Эфіры ортаборнай кіслаты [(RO)3B], дзе R — алкіл, арыл і інш. Выкарыстоўваюць як антыаксіданты, каталізатары, у сінтэзе арган. злучэнняў бору і фарбавальнікаў, як фунгіцыды, антысептыкі, дабаўкі ў маторнае паліва, змазвальнае масла, палімеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАЦЭНО́З (ад бія... + геа... + цэноз),
узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган.рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАКРЫ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ (ад грэч. apokrinō аддзяляю),
залозы, у якіх пры ўтварэнні і выдзяленні сакрэту адрываюцца верхавінкавыя часткі залозістых клетак. Утвараюцца з эпітэліяльных зачаткаў, з якіх узнікаюць тлушчавыя залозы і валасы. У большасці млекакормячых размешчаны ў абваласелай скуры і некаторых інш. месцах. У чалавека і вышэйшых лакалізаваны ў падпахавых упадзінах, вонкавым слыхавым канале, каля грудных саскоў, лабка, ануса, палавых органаў; разам з узбуйненымі тлушчавымі залозамі ўтвараюць пахучыя залозы. Спецыялізаваныя апакрынныя залозы — малочныя залозы. Канчатковае развіццё і пачатак сакраторнай дзейнасці апакрынных залоз у чалавека супадаюць з палавым выспяваннем. Існуе цесная сувязь паміж апакрыннымі залозамі і перыядамі палавога развіцця (менструацыя, цяжарнасць, клімактэрый); фізіялагічная дзейнасць згасае ў старэчы перыяд. Сакрэт апакрынных залоз мае рэчывы, што абумоўліваюць пах, спецыфічны роду, віду, індывідууму. У жывёл з’яўляецца сродкам абароны, пошуку, пазначэння тэрыторыі, прываблівання асобін процілеглага полу, а таксама ідэнтыфікацыі асобін.