МУ́ХА ПАКАЁВАЯ (Musca domestica),

насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляецца падвід М.п. паўночная (M.d.domestica). Адзін з найб. пастаянных насельнікаў жылых і гасп. памяшканняў Пераносчык узбуджальнікаў кішачных інфекцый, поліяміэліту, яец гельмінтаў і інш.

Даўж. да 9 мм. Цела шэрае, укрыта валаскамі. У самца брушка чорнае з жаўтаватымі плямамі па баках. Лічынкі даўж. да 10 мм, жаўтавата-белыя, усёедныя, развіваюцца ў гнаі, кухонных адкідах і інш. Дарослыя кормяцца разнастайнымі цвёрдымі і вадкімі рэчывамі расл. і жывёльнага паходжання. Адкладвае да 150 яец за 1 раз, дае да 10 пакаленняў за год. Жыццёвы цыкл 10—45 сут.

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РА ПАКАРА́ННЯ ў крымінальным праве,

пакаранне пэўнага віду і памеру, якое назначана асуджанаму на падставе санкцыі канкрэтнай нормы крымін. закона, па якой кваліфікавана ўчыненае злачынства. КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае М.п.: арышт, пазбаўленне волі, папраўчыя работы без пазбаўлення волі, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, штраф, звальненне з пасады, грамадскае ганьбаванне. За некаторыя асабліва цяжкія злачынствы як выключная М.п. дапускаецца пакаранне смерцю (расстрэл). За асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца таксама пажыццёвае зняволенне. Да ваеннаслужачых тэрміновай службы можа таксама выкарыстоўвацца як М.п. накіраванне ў дысцыплінарны батальён. Да асуджаных могуць ужывацца таксама дадатковыя М.п.: канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне воінскага або спец. звання.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.​Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЯД ПАЎРАСПА́ДУ,

прамежак часу, за які колькасць радыеактыўных ядзер у сярэднім памяншаецца ў 2 разы; адна з асн. характарыстык радыеактыўных ізатопаў. Пры наяўнасці N0 радыеактыўных ядзер у момант часу t = 0 іх колькасць памяншаецца ў часе паводле закону N = N0ε​−λt, дзе λ — пастаянная распаду, τ = 1/λ — сярэдні час жыцця радыеактыўных ядзер. П.п. (T1/2) разлічваецца па формуле T1/2 = τln2 = (1η2)/λ. Для розных радыеактыўных ядзер П.п. вагаецца ад доляў секунды (для малаўстойлівых ізатопаў менш за 1 мкс) да 10​9—10​10 гадоў (гл. Радыеактыўныя элементы). Вядомы радыенукліды з П.п. 10​15—10​21 гадоў (напр., кадмій-113, волава-124, тэлур-130).

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДАТАВА́ННЕ,

устанаўленне ўзросту археалагічнага помніка. Выкарыстоўваюць 2 сістэмы археалагічнага датавання — адносную і абсалютную храналогію. Пры адноснай храналогіі вызначаецца, якая з 2 рэчаў, культур або які з 2 культурных гарызонтаў, пластоў больш старажытны. Стратыграфічныя назіранні за шэрагам помнікаў даюць магчымасць стварыць храналагічную шкалу для старажытнасцяў — вызначыць парадак іх змянення з цягам часу. Абсалютная храналогія — устанаўленне ўзросту помніка ў звычайных вымярэннях нашага летазлічэння. Яна магчымая пры наяўнасці рэчаў з надпісамі, датамі, прозвішчамі асоб, упамінаннем вядомых гіст. падзей і інш. Датаванне помнікаў дапісьмовых эпох праводзіцца з дапамогай метадаў прыродазнаўчых навук. Археалагічны помнік можа датавацца: па геал. пласце; па гадавых пластах драўніны, знойдзенай на помніку (дэндрахраналагічны метад); па ступені назапашвання фтору або знікнення бялку-калагену ў выкапнёвых касцях стараж. жывёл. Шырока выкарыстоўваюць радыевугляродны, палеа- і геамагнітны, тэрмалюмінесцэнтны і інш. аналізы.

т. 1, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМАПУ́ТРА, Брамапутра,

рака ў Кітаі, Індыі, Бангладэш. Даўж. 2900 км, пл. басейна 935 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах Гімалаяў, цячэ на У па паўд. ч. Тыбецкага нагор’я (назвы Мацанг, Цангпо), прабіваецца па цясніне Дыханг праз Усх. Гімалаі (наз. Дыханг), потым цячэ на З і ПдЗ па Бенгальскай раўніне, паварочвае на Пд і ўпадае ў Бенгальскі заліў, дзе ўтварае з Гангам і Мегхнай агульную дэльту (больш за 80 тыс. км²). Найб. Значныя прытокі: злева — Нау, Чорта-Цангпо, Рага-Цангпо, Джычу, Джамда, Лухіт, Капілі, справа — Ньянгчу, Субансіры, Каменг, Манас, Ціста. Пад’ёмы ўзроўню дасягаюць 10—12 м. Сярэдні расход вады 12 тыс. м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ад цясніны Дыханг (1290 км), на Тыбецкім нагор’і — на асобных участках. На Брахмапутры гарады Шыгадзе (Кітай), Дыбругарх, Тэзпур, Дхубуры, Гувахаты (Індыя).

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРС у эканоміцы,

фактычны (у адрозненне ад намінальнага) кошт, па якім на фондавых біржах ажыццяўляюцца здзелкі па куплі-продажы каштоўных папер. К. аблігацый — кошт, па якім прадаюцца і купляюцца аблігацыі дзярж. пазык. Намінальны кошт аблігацый вызначаецца пры іх выпуску. Ён уключаецца ў дзярж. доўг і выплачваецца трымальнікам аблігацый у момант пагашэння. Для продажу аблігацый банкам дзяржава вызначае эмісійны (гл. Эмісія) кошт, які звычайна ніжэйшы за намінальны. Рыначны курс (кошт) аблігацый вызначаецца шляхам каціроўкі на рынку крэдытных капіталаў і друкуецца ў біржавых бюлетэнях. К. акцый — прадажны кошт акцый. Вызначаецца на фондавай біржы. Ва ўмовах свабоднага рынку ён не з’яўляецца пастаяннай велічынёй, а залежыць ад попыту і прапановы на дадзены від акцый. У перыяды крызісаў К.а. падаюць, у перыяды эканам. уздымаў павышаюцца. Гл. таксама Валютны курс.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Іван Пятровіч) (9.9.1811—15.7.1901),

расійскі дзярж. дзеяч, асветнік. У 1864—68 папячыцель Віленскай навуч. акругі. Заснаваў у Вільні Паўн.-Зах. аддзяленне Рус. геагр. т-ва. Кіраваў дзейнасцю Віленскай археагр. камісіі, па яго ініцыятыве камісія выдала 4 тамы Археагр. зборніка дакументаў і Тураўскае евангелле, у якіх шмат звестак па гісторыі Беларусі і Літвы 15—19 ст. Вял. ролю адводзіў выхаванню дзяцей у сельскіх школах, гімназіях і інш. навуч. установах. Пад яго рэдакцыяй апублікаваны 3 тамы матэрыялаў па гісторыі асветы ў Расіі (1893—98).

Тв.:

К истории Виленского учебного округа за 1863—1868 гг.: Памяти графа М.​Н.​Муравьева. СПб., 1898;

Воспоминания о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западном крае. СПб., 1900;

Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Вилен. учеб. округа преимущественно в муравьевскую эпоху. СПб., 1901.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ САБО́РНАЯ ПЛО́ШЧА,

горадабудаўнічы ансамбль канца 18—1-й пал. 19 ст. ў Магілёве (цяпер плошча перад гасцініцай «Дняпро» па вул. Першамайскай). Створана паводле праекта арх. М.​Львова і В.​Стасава. Плошча ў плане мела форму эліпса. Кампазіцыйным цэнтрам яе быў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, па баках яго знаходзіліся 1-павярховыя флігелі з вежамі-ратондамі, злучаныя з саборам мураванай сцяной з металічнымі ажурнымі кратамі. Насупраць сабора ў 1780 пабудавана манум. брама з 2 невял. флігелямі па баках (звязаны з брамай такой жа агароджай). У 1820—30-я г. ансамбль плошчы завершаны будынкам манежа, за ім разбіты гар. сквер (паводле праекта Стасава). Плошча атрымала замкнёную кампазіцыю і стала гал. кампазіцыйным цэнтрам горада. Ансамбль плошчы не захаваўся.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўская Саборная плошча. З акварэлі 18 ст.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАМЕРЫ́ДЫ (Glomeridae),

сямейства двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў зонах умеранага клімату. Трапляюцца ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах у глебе, лясным подсціле, трухлявых дрэвах, пад імхом. Найб. вядомыя: гламерыс шасціпалосы (Glomeris hexasticha), G. stellifera, G. ornata. На Беларусі 1 від — гламерыс звязаны (Glomeris connexa); трапляецца ў паўд. і зах. ч., занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 25 мм, цела кароткае і шырокае, укрытае 12 шчыткамі з 17—19 парамі ног. Здольны пры небяспецы скручвацца ў шар. Раздзельнаполыя. Яйцы (па 1—2) адкладваюць у трэшчыны кары дрэў або глебы. Развіццё працягваецца больш за 3 гады, за гэты час адбываецца 9 лінек, якія бываюць і ў дарослым стане. Жывуць 6—7 гадоў. Кормяцца апалым лісцем, гнілой драўнінай, аленевым памётам. Карысныя, абагачаюць глебу гумусам.

Да арт. Гламерыды. Гламерысы: 1 — звязаны; 2 — стэліфера, 3 — арната; 4 — шасціпалосы.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)